Полацка-Лепельская бітва

Баі беларускіх партызан супраць карнай экспедыцыі нямецка-фашысцкіх войск

Полацка-Лепельская бітва (Абарона Полацка-Лепельскай партызансккай зоны) — баі партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай зоны супраць карнай экспедыцыі нямецкіх войск у красавіку-маі 1944 года.

Полацка-Лепельская бітва
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна
Дата 1944
Месца Полацка-Лепельская партызанская зона
Праціўнікі
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік партызанскія брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны Трэці рэйх Нямецкія акупацыйныя войскі і іх саюзнікі
Камандуючыя
Уладзімір Елісеевіч Лабанок Курт фон Готберг,
Георг Ганс Райнгард
Сілы бакоў
17 500 чалавек каля 60 000 чалавек

Перадумовы правіць

Увосень 1942 года ў выніку баявых дзеянняў партызанскіх брыгад ад нямецка-фашысцкіх акупантаў вызвалена значная тэрыторыя, утворана найбольшая на Беларусі Полацка-Лепельская партызанская зона, якую з восені 1943 года абараняла 16 партызанскіх брыгад. З снежня 1943 года кіраўніцтва і кааардынацыю іх дзеянняў ажыццяўляла аператыўная група ЦК КП(б)Б і БШПР. У штаб групы (размяшчаўся ў Ушачах) уваходзілі У. Е. Лабанок (кіраўнік), А. І. Бруханаў (да лютага 1944), А. Ф. Бардадын, І. І. Зіненка, Дз. А. Фралоў. Аператыўная група мела сталую сувязь з 1-м Прыбалтыйскім фронтам праз прадстаўніка БШПР сакратара ЦК КП(б)Б І. І. Рыжыкава і з партызанскімі злучэннямі суседніх зон. У канцы снежня 1943 года фронт наблізіўся да паўночных граніц зоны. Праціўнік вырашыў адцясніць партызан ад дарогі ВіцебскПолацкПараф’янава, якая звязвала 3-ю нямецкую танкавую армію з тылам. У снежні 1943 — лютым 1944 гітлераўцы 5 разоў спрабавалі прарваць абарону, але партызаны адбілі атакі, разграмілі больш за 30 гарнізонаў праціўніка. Не дасягнуўшы поспеху нямецкія акупанты арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень». Праціўнік сабраў сілы каля 60 000 чалавек, у тым ліку 12 палкоў СС і паліцыі, часці авіяпалявой, 5 пяхотных, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танкавы полк, брыгаду Камінскага, якія мелі 137 танкаў, 235 гармат, каля 70 самалётаў, 2 бронепаязды, і згрупаваў сілы на 7 участках вакол зоны. Карнай аперацыяй кіравалі групенфюрэр войск СС генеральны камісар акругі «Беларусь» Курт фон Готберг і камандуючы 3-й танкавай арміяй генерал-палкоўнік Георг Ганс Райнгард. Партызаны ў зоне мелі 17 500 чалавек, 21 гармату, 143 мінамёты, 151 процітанкавае ружжо, 721 кулямёт, 1544 аўтаматы, 9344 вінтоўкі, збудавалі 287 км абарончых рубяжоў з сістэмай акопаў, дзотаў, мінных палёў, знішчылі на падыходах масты, завалілі, перакапалі і замініравалі аб’езды і дарогі, паставілі надоўбні.

Бітва правіць

11 красавіка карнікі пачалі наступленне. Асабліва цяжкія баі пачаліся з 18 красавіка. У бой каля вёскі Казімірова 23 красавіка супраць брыгады «Аляксея» гітлераўцы кінулі каля 1000 чалавек пяхоты, 4 танкі, 2 самалёты. Пасля 6 гадзін бою, калі ворага падтрымалі 50 бамбардзіроўшчыкаў, партызаны пакінулі пазіцыі. Авіяцыя 1-га Прыбалтыйскага фронту зрабіла 354 вылеты, бамбіла скопішчы нямецкіх войск, пераправіла партызанам больш за 250 тон грузаў, вывезла каля 1 500 параненых і бальных. Часці 1-га Прыбалтыйскага фронту баямі мясцовага значэння адцягвалі войскі карнікаў. 27 красавіка гітлераўцы звузілі кола акружэння да 20 км вакол Ушач. Камандаванне зоны пасля ўзгаднення з ЦК КП(б)Б, БШПР і камандаваннем 1-га Прыбалтыйскага фронту 30 красавіка загадала партызанскім брыгадам ісці на прарыў. 5 мая Смаленскі партызанскі полк, партызанскія брыгады імя ВЛКСМ, 16-я Смаленская, 1-я Антыфашысцкая, імя Варашылава і іншыя прарвалі варожае акружэнне ў напрамку вёсак ПаперынаДвор Пліна і вывелі з блакады каля 15 000 мясцовых жыхароў. У выніку 25 дзён баёў партызаны знясілілі варожую групоўку, прычыніўшы ёй вялікія страты: забіта 8 300 салдат і афіцэраў, 12 900 паранена, знішчана і падбіта 59 танкаў, 116 аўтамашын, 7 бронемашын, 22 гарматы, 2 самалёты. У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі Героі Савецкага Саюза А. Ф. Данукалаў і П. М. Раманаў, камбрыгі Дз. Ц. Караленка, У. У. Гіль-Радыёнаў, камісары брыгад М. Г. Жыжаў, І. Ф. Каранеўскі, У. С. Свірыд.

Памяць правіць

Паблізу Ушач у памяць аб бітве створаны мемарыяльны комплекс «Прарыў».

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Лабанок, У. Е. Полацка-Лепельская бітва 1944 // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 500-503. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.