Польская абарончая вайна (1939)
Польская абарончая вайна (польск.: wojna obronna Polski) або Польская кампанія (ням.: Polenfeldzug) — першая ваенная кампанія Другой сусветнай вайны, баявыя дзеянні ўзброеных сіл нацысцкай Германіі па акупацыі Польшчы з 1 верасня па 5-6 кастрычніка 1939 года.
Польская абарончая вайна 1939 | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна | |||
Дата | 1 верасня – 6 кастрычніка 1939 | ||
Месца | Польшча, Данцыг | ||
Вынік | Перамога Германіі, Славакіі і СССР. Пачатак Другой сусветнай вайны | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Напярэдадні кампаніі
правіць24 кастрычніка 1938 года міністр замежных спраў Трэцяга рэйху Іаахім фон Рыбентроп прадставіў польскаму амбасадару ў Берліне Юзафу Ліпскаму «патрабаванне» нямецкага ўраду аб перадачы Германіі ўсіх правоў на Гданьск і дазвол на пабудову экстэрытарыяльнай аўтастрады ў польскім «калідоры». Варшава праз свайго амбасадара адказала, што любая спроба ўключэння Гданьска ў склад Рэйху прывядзе да канфлікту. 15 снежня Рыбентроп зноў агучыў нямецкія патрабаванні. У адказ прэм’ер Вялікабрытаніі Нэвіл Чэмберлен у сакавіку 1939 года абвясціў брытанскія гарантыі Польшчы. 28 красавіка 1939 года Адольф Гітлер публічна запатрабаваў ад Польшчы пагадзіцца на будаўніцтва экстэрытарыяльнай аўтастрады да Гданьска і перадачы ўсіх правоў на гэты горад Рэйху. 5 мая падчас выступлення ў Сейме Міністр замежных спраў Польшчы Юзаф Бек адхіліў патрабаванні Трэцяга рэйху.
План нападу на Польшчу «Вайс» («Белы») быў распрацаваны германскім вярхоўным камандаваннем у красавіку 1939 года, зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» і меў на мэце раптоўным уварваннем сарваць мабілізацыю і сканцэнтраванне польскай арміі, канцэнтрычнымі ўдарамі з Сілезіі, Памераніі і Усходняй Прусіі разбіць яе галоўныя сілы, што знаходзіліся на захад ад рэк Вісла і Нараў.
Нямецкія сілы ўварвання пад агульным камандаваннем генерала Вальтэр фон Браўхіча налічвалі 54 (з рэзервамі 62) дывізіі, з іх 6 танкавых і 4 матарызаваных (усяго 1,6 млн чал.), каля 10 тыс. артылерыйскіх гармат і мінамётаў, 2,5-2,8 тыс. танкаў, 1,3 тыс. самалётаў, 18 баявых караблёў. Польшча мела каля 30 пяхотных дывізій, 16 брыгад (з іх 11 кавалерыйскіх і 2 бронематарызаваныя, разам каля 1 млн чал.), 4,3 тыс. гармат і мінамётаў, 870 танкаў і танкетак, каля 400 баяздольных самалётаў, 16 баявых караблёў.
Пачатак вайны
правіцьЗачэпкай, якую 1 верасня 1939 года Германія выкарыстала для нападу на Польшчу, паслужыла правакацыя ў прыгранічным нямецкім горадзе Гляйвіц (цяпер горад Глівіцы, Польшча), калі група службоўцаў СС інсцэніравала напад польскіх вайскоўцаў на мясцовую радыёстанцыю (аперацыя «Гімлер»).
У той жа дзень у Польшчы пачалася поўная мабілізацыя, у тым ліку ў Заходняй Беларусі (тут было мабілізавана каля 100 тыс. беларусаў).
Польскае камандаванне на чале з маршалам Э. Рыдз-Сміглым планавала весці абарончыя баі на захад ад Віслы з разлікам на хуткую дапамогу заходніх саюзнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі. 3 верасня гэтыя краіны абвясцілі вайну Германіі, але рашучых ваенных дзеянняў супраць яе не разгарнулі. Пад час баявых дзеянняў 1-8 верасня, якія пачаліся з абстрэлу паўвострава Вестэрплятэ (яго гарнізон на чале з маёрам Г.Сухарскім супраціўляўся да 7 верасня) нямецкія войскі прарвалі польскую абарону на рубяжах уздоўж мяжы і хутка наблізіліся да Варшавы. 7 верасня Рыдз-Сміглы са штабам эвакуіраваўся ў Брэсцкую крэпасць. 9-16 верасня нямецкія войскі акружылі польскія часці на ўсход ад Варшавы, ліквідавалі вынікі польскага контрудару паміж рэкамі Вісла і Бзура. 14 верасня немцы захапілі акружаную імі ваенна-марскую базу Гдыня (яе паўночны ўчастак Аксыўе капітуліраваў 18 верасня).
Паход савецкіх войскаў супраць Польшчы
правіцьНямецкае кіраўніцтва падштурхоўвала савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы, каб ускласці адказнасць за вайну і на СССР. Але Сталін, каб стварыць уражанне нейтралітэту, адцягваў выступленне. Толькі 17 верасня 1939 года, калі польская армія ў цэлым была разбіта, савецкі ўрад аддаў распараджэнне камандаванню Чырвонай Арміі перайсці граніцу і «ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі».
Завяршэнне заваявання Польшчы нямецкімі войскамі
правіцьУ ноч на 18 верасня польскі ўрад пакінуў краіну.
Нямецкія войскі завяршылі заваяванне Польшчы. 28 верасня капітуліравалі абаронцы Варшавы, 29 верасня — крэпасці Модлін, 2 кастрычніка — паўвострава Гэль. Пасля абарончых баёў 2-5 кастрычніка пад горадам Коцк 6 кастрычніка капітуліравала самастойная аператыўная група «Палессе» пад камандаваннем генерала Ф.Клееберга, у склад якой уваходзілі маракі польскай Пінскай флатыліі.
Вынікі кампаніі
правіцьКалі нямецкія і савецкія войскі занялі большую частку тэрыторыі Польшчы, Румынія адкрыла мяжу. Праз яе эмігравалі ўрад, камандаванне і частка польскіх вайскоўцаў.
У ходзе Польскай кампаніі Германія страціла каля 45 тыс. чал. забітымі і параненымі, каля 1 тыс. танкаў і бронемашын, 700 самалётаў і іншую тэхніку. Польшча страціла каля 200 тыс. чал. забітымі і параненымі, каля 700 тыс. палоннымі (з іх было 70 тыс. беларусаў).
Дэкрэтам Гітлера ад 7 кастрычніка 1939 года польская дзяржава аб’яўлялася ліквідаванай. Пазнаньскае, Паморскае, Сілезскае, Лодзьскае, частка Келецкага і Варшаўскага ваяводстваў былі аб’яўлены «нямецкімі землямі» і далучаны да Трэцяга Рэйха. На астатняй тэрыторыі было створана «генерал-губернатарства акупаваных польскіх тэрыторый»[1].
Акупацыя Польшчы не спыніла волю польскага народа да супраціўлення заваёўнікам.
Галерэя
правіць-
Баявыя дзеянні на момант 14 верасня - пачатак кастрычніка 1939 г.
-
Баявыя дзеянні на момант 1-7 верасня 1939 г.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Лебедева, Н. С. Польша между Германией и СССР // Война и политика, 1939—1941 / Рос. акад. наук, Ин-т всеобщей истории, Тель-Авивский ун-т, Центр каммингса по исслед. России и стран Восточной Европы; Отв. ред. А. О. Чубарьян, Г. Городецкий. — М.: , 2000. — 494, [1] с. — С. 81. — ISBN 5-02-008732-7.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Польская абарончая вайна (1939)