Пётр Ільіч Лізюкоў
Пётр Ільіч Лізюкоў (руск.: Пётр Ильич Лизюков, 1909, Гомель, Расійская імперыя — 1945, Усходняя Прусія) — савецкі военачальнік, Герой Савецкага Саюза (1945), палкоўнік.
Пётр Ільіч Лізюкоў | |
---|---|
Дата нараджэння | 2 лютага 1909 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 30 студзеня 1945 (35 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Альма-матар | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | СССР |
Род войскаў | артылерыя |
Гады службы | 1929—1945 |
Званне |
|
Камандаваў | артылерыйскі дывізіён, знішчальна-супрацьтанкавы артылерыйскі полк, знішчальна-супрацьтанкавая артылерыйская брыгада |
Бітвы/войны | Вялікая Айчынная вайна |
Узнагароды і званні | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьПётр Ільіч Лізюкоў нарадзіўся ў 1909 годзе ў горадзе Гомелі ў сям’і сельскага настаўніка. Працаваў на Гомельскім радыёзаводзе. Родны брат Героя Савецкага Саюза Аляксандра Ільіча Лізюкова і камандзіра партызанскага атрада Яўгена Ільіча Лізюкова.
У міжваенны перыяд
правіцьУ Чырвонай Арміі з 1929 года. У 1931 годзе скончыў 1-ю Ленінградскую артылерыйскую школу.
У 1931—1936 камандаваў узводам у 37-м артылерыйскім палку, які размяшчаўся ў горадзе Клінцы Бранскай вобласці.
У 1936—1939 — камандзір батарэі, горад Курск.
Абіраўся дэпутатам Ленінскага раённага Савета горада Курска.
У 1940—1941 — камандзір артылерыйскага дывізіёна.
У гады Вялікай Айчыннай вайны
правіць22 чэрвеня 1941 года артылерыйскі полк, у якім служыў П. І. Лізюкоў, прыняў бой на рацэ Заходні Буг ля горада Сокаль. Пасля гібелі камандзіра палка начальнік штаба П. І. Лізюкоў прыняў камандаванне на сябе. Полк з баямі адступаў да Кіева. 17 ліпеня 1941 года прымаў удзел у контрнаступленне Чырвонай арміі на Дняпры, пасля чаго каля месяца яго частка выходзіла з акружэння.
У пачатку 1942 года маёр П. І. Лізюкоў прызначаны на пасаду камандзіра 651-га артылерыйскага палка 69-й лёгкаартылерыйскай брыгады, якая ваявала на Паўднёва-Заходнім фронце.
Удзельнік Сталінградскай бітвы.
Кіраваў фарміраваннем, а затым навучаннем 46-й знішчальна-супрацьтанкавай брыгады. У якасці камандзіра гэтай брыгады 1 мая 1944 года накіроўваецца на Ленінградскі фронт.
У чэрвені 1944 года брыгада ўдзельнічае ў вызваленні горада Выбарг.
У канцы лета — пачатку восені пасля заканчэння баявых дзеянняў з Фінляндыяй брыгада пад камандаваннем П. І. Лізюкова ў верасні-кастрычніку 1944 года ўдзельнічае ў вызваленні гарадоў Талін і Рыга.
46-я знішчальна-супрацьтанкавая артылерыйская брыгада ў складзе 11-й гвардзейскай арміі (3-ці Беларускі фронт) 29 студзеня 1945 года выйшла да заліва Фрышэс-Хаф (у цяперашні час Калінінградскі заліў), чым перарвала сувязь па сушы з усходне-прускай групоўкай.
30 студзеня 1945 года ў ваколіцах Хайдэ-Вальдбург (у цяперашні час пасёлак Прыбярэжны ў межах горада Калінінград) артылерыйская брыгада пад камандаваннем П. І. Лізюкова стрымлівала наступленне праціўніка. Спыняючы адступленне частак, ён арганізаваў абарону, сам лёг за буйнакаліберны кулямёт і адкрыў агонь па праціўніку. У гэтым баі палкоўнік П. І. Лізюкоў загінуў.
Абставіны гібелі
правіцьДля таго каб спыніць нямецкія танкі, у спешным парадку на дарогу Хайдэ-Вальдбург — Зеепотэн на паўднёвы ўсход ад маёнтка Вальдбург быў накіраваны апошні артылерыйскі рэзерв 11-й гвардзейскай арміі — 46-я знішчальна-супрацьтанкавая брыгада палкоўніка Пятра Ільіча Лізюкова, якая ў параўнанні з іншымі падраздзяленнямі была здольная папоўніць страты 26-й гвардзейскай стралковай дывізіі, што апынулася пад ударам.
30 студзеня 1945 года надвор’е ў ваколіцах Хайдэ-Вальдбурга (у цяперашні час пасёлак Прыбярэжны ў межах горада Калінінград) заставалася вельмі дрэнным, працягваўся моцны снежны буран. Каб паспець выйсці да ідучых на прарыў танкаў, байцам брыгады даводзілася літаральна цягнуць гарматы на руках, пераадольваючы гурбы. З нямецкага боку на гэтым накірунку ішло больш за 40 цяжкіх танкаў (Pz. V «Пантэра» і Pz. VI «Тыгр») са складу батальёнаў маёра Поля і маёра Бакі, якія ўваходзілі ў склад танкавага палка дывізіі «Вялікая Германія» (палкоўнік Бруна Каль), а таксама штурмавыя гарматы .
Савецкія артылерысты, з ходу заняўшы пазіцыі амаль на голай мясцовасці, падбілі адразу некалькі танкаў і самаходак праціўніка. Машыны спыніліся і, перагрупаваўшыся, зноў пайшлі ў наступ. Лізюкоў загадаў падпускаць іх бліжэй і расстрэльваць з блізкіх дыстанцый. Канцэнтраваны агонь танкавых гармат і самаходак наносіў брыгадзе (якая, хутчэй за ўсё, нават не паспела вырыць капанірчыкі для гармат) вялікія страты. У прыватнасці, у дзвюх батарэях былі забітыя ўсе афіцэры. Бязлітасны бой працягваўся да самага вечара 30 студзеня. Падпаленыя нямецкія танкі, самаходкі і бронетранспарцёры, нібы велізарныя паходні, гарэлі, асвятляючы ўсю акругу і дапамагаючы цэліцца артылерыстам. Прарвацца на гэтым участку ім не ўдавалася[1].
Тым не менш, нямецкія танкавыя атакі працягваліся. Бой на гэтым кірунку ўступіў у крытычную фазу. Знаходзячыся ў размяшчэнні штаба 26-й гвардзейскай стралковай дывізіі і ўбачыўшы пехацінцаў, якія адыходзілі з боку Хонігбаўма, П. І. Лізюкоў з аўтаматам у руках кінуўся насустрач байцам, спыніў іх і, арганізаваўшы абарону, сам лёг за кулямёт, адкрыўшы агонь па надыходзячай пяхоце ворага. Свайго шафёра і ад’ютанта на камандзірскім легкавым аўтамабілі камбрыг адправіў у тыл да іншых палкоў брыгады. Улічваючы вялікія страты ў афіцэрскім саставе брыгады (Лізюкоў знаходзіўся ў адной з батарэй 1309-га іптап), камбрыг, замест таго, каб вярнуцца на камандны пункт, устаў да адной з гармат, дзе быў забіты камандзір разліку. Разам з наводчыкам радавым С. Г. Каценка і камсоргам 1309-га іптап ст. лейтэнантам С. Петрапаўлаўскім ён пачаў весці агонь па танках. Гармаце Лізюкова ўдалося падбіць яшчэ адзін танк. Час ад часу камбрыг клаўся за кулямёт і спрабаваў адсекчы пяхоту праціўніка. Але, нягледзячы на агонь брыгады, нямецкая тэхніка паступова падыходзіла да агнявых пазіцый артылерыстаў. У выніку адзін з танкаў здолеў прарвацца да агнявых пазіцый і з блізкай дыстанцыі расстраляць гармату, каля якой знаходзіўся камбрыг.
Нямецкая тэхніка фактычна прарвала абарону 1309-га палка. Тым не менш, свабодна прайсці на гэтым кірунку не ўдавалася з-за адчайнага супраціўлення артылерыстаў. Танкавы полк «Вялікая Германія» на напрамку 1309-га іптап страціў не менш за 15 танкаў і самаходак (Pz. IV, Pz. V «Пантэра», StuG III), з ліку якіх было тры «Тыгры» і тры самаходкі-знішчальнікі танкаў «Jagdpanzer IV».
Толькі ў баі з двума артпалкамі 46-й брыгады П. І. Лізюкова і артылерыстамі 26-й дывізіі нямецкія танкавыя батальёны страцілі каля 30 машын (з іх беззваротна — некалькі Pz. VI «Тыгр»), гэта значыць, амаль трэць усяго танкавага палка «Вялікая Германія». Вынік гэтага дня быў не менш цяжкім для савецкіх войскаў. Немцы здолелі аднавіць сувязь з Кёнігсбергам, а савецкім часткам у ноч на 31 студзеня давялося канчаткова адступіць да Зеепотэна — на пазіцыі, якія яны займалі яшчэ раніцай 29 студзеня. 26-я гвардзейская стралковая дывізія страціла за адзін дзень забітымі, прапаўшымі без вестак і параненымі больш за 800 чалавек, а тыя байцы дывізіі, якія трапілі ў акружэнне, яшчэ на працягу сутак спрабавалі выйсці да лініі фронту. У выніку дывізію цалкам вывелі ў другі эшалон. З улікам страт вячэрніх і начных баёў 36-ы гвардзейскі корпус за дзень страціў больш за 1 тыс. чалавек.
Пазней камандзіру 46-й знішчальна-супрацьтанкавай брыгады палкоўніку Пятру Ільічу Лізюкову ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавіка 1945 года «за выключна ўмелае кіраванне часткамі брыгады, асабістую адвагу і геройства, у выніку чаго праціўніку нанесеныя вялікія страты», было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Узнагароды
правіць- Медаль «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза (19 красавіка 1945 г., пасмяротна);
- ордэн Леніна (19 красавіка 1945 г., пасмяротна);
- два ордэны Чырвонага Сцяга (6 лістапада 1942 г., ??);
- ордэн Кутузава II ступені;
- ордэн Айчыннай вайны I ступені (22 жніўня 1943 г.);
- ордэн Чырвонай Зоркі;
- ордэн «Знак Пашаны».
Памяць
правіць- Пахаваны ў пасёлку Ушакова Гур’еўскага раёна Калінінградскай вобласці[2].
- У Гомелі імем братоў Лізюковых названая вуліца.
- У беларуска-славянскай гімназіі № 36 (Гомель, вул. Братоў Лізюковых, 16) адкрыты музей братоў Лізюковых; на будынку гімназіі ўсталявана мемарыяльная дошка[3].
- У гонар П. І. Лізюкова названы рыбалавецкі траўлер Калінінградскай рыбалоўнай флатыліі.
- Імя Пятра Ільіча Лізюкова было навечна занесена ў спісы часткі.
- У 2019 годзе ў Гомелі на плошчы Перамогі ўсталяваны памятны знак у гонар братоў Лізюковых[4][5].
Зноскі
- ↑ Беспалов В. А. Бои южнее Кёнигсберга в районе пос. Хайде-Вальдбург — поместье Вальдбург в период с 29 января по 7 апреля 1945 года.
- ↑ Ушаково пос. Архівавана 15 ліпеня 2014.
- ↑ Жилин В. А. Герои-танкисты 1941—1942 гг. М.: Эксмо, Яуза. С. 576 (Герой Советского Союза). — 5000 экз.
- ↑ Исторический момент. В Гомеле установили памятный знак братьям Лизюковым.
- ↑ В Гомеле торжественно открыли памятник братьям Лизюковым Архівавана 3 ліпеня 2019.
Літаратура
правіць- Гомель. Энциклопедический справочник. — 1-е издание. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1991. — С. 286-287. — 527 с. — 15 000 экз.
Спасылкі
правіцьПётр Ільіч Лізюкоў на сайце «Героі краіны»