О́рдэн Куту́зава — савецкая ўзнагарода, заснаваная ў час Вялікай Айчыннай вайны, названая ў гонар Міхаіла Кутузава. Ордэн захаваны ва ўзнагароднай сістэме Расійскай Федэрацыі.

Ордэн Кутузава
I ступені
Выява ордэнскай планкі Апісанне ўзнагароды
II ступені
Выява ордэнскай планкі другой ступені ўзнагароды Выява другой ступені ўзнагароды
III ступені
Выява ордэнскай планкі трэцяй ступені ўзнагароды Выява трэцяй ступені ўзнагароды
Краіна  СССР
Тып ордэн
Каму ўручаецца камандзіры Чырвонай Арміі і армій саюзнікаў СССР
Падставы ўзнагароджання выбітныя поспехі ў справе кіравання войскамі
Дата заснавання 29 ліпеня 1942
Статус не ўручаецца
Статыстыка ўзнагароджанняў
Першае 28 студзеня 1943
Колькасць 7329
I ступень: 675,
II ступень: 3326,
III ступень: 3328
Чарговасць узнагарод
Старэйшая I ступень: Ордэн Ушакова I ступені, II ступень: Ордэн Ушакова II ступені, III ступень: Ордэн Суворава III ступені
Малодшая I ступень: Ордэн Нахімава I ступені, II ступень: Ордэн Нахімава II ступені, III ступень: Ордэн Багдана Хмяльніцкага III ступені
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Ордэн Кутузава — другі пасля ордэна Суворава па парадку заснавання і старшынства «палкаводчы» ордэн. Гэта — адзіны савецкі ордэн, розныя ступені якога засноўвалі ў розны час. Указам Прэзідыума ВС СССР ад 8.02.1943 аб заснаванні ваеннага ордэна — ордэна Кутузава III ступені і аб дапаўненні статута ордэна Суворава была заснавана III ступень ордэна Кутузава, што прывяло яго ў адпаведнасць з ордэнам Суворава па пасадам узнагараджаемых. У адрозненне ад ордэна Суворава, ордэн Кутузава меў больш «абарончы» і «штабны» характар, што адбівалася ў яго Статуце. Знамянальна, што заснаваны ён быў указам ад 29 ліпеня 1942 года, на наступны дзень пасля падпісання знакамітага загаду Сталіна № 227 ад 28 ліпеня 1942 г., вядомага ў войсках як загад «Ні кроку назад!».

Рашэнне аб заснаванні палкаводчых ордэнаў Суворава, Кутузава і Аляксандра Неўскага было прынята ў пачатку чэрвеня 1942 года. Распрацоўкай эскізаў новых ордэнаў займаўся Тэхнічны камітэт Галоўнага Інтэндантскага ўпраўлення Чырвонай Арміі. У конкурсе на стварэнне праекта ордэнаў прымалі ўдзел мастак-архітэктар Галоўнага Інтэндантскага ўпраўлення І. С. Цялятнікаў, мастакі С. І. Дзмітрыеў, М. І. Маскалёў, А. І. Кузняцоў, М. А. Карэтнікаў, архітэктары Л. У. Руднеў, І. У. Жалтоўскі, П. І. Скокан, мастак МХАТа І. Я. Грэміслаўскі. У выніку 13 ліпеня 1943 года прыёмнай камісіяй быў зацверджаны праект мастака М. І. Маскалёва, будучага стваральніка праектаў ордэна Багдана Хмяльніцкага і ордэна Славы, а таксама медалёў за вызваленне гарадоў.

Першымі кавалерамі ордэна Кутузава I ступені Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 28 студзеня 1943 года сталі 17 военачальнікаў. Ордэны атрымалі камандуючы Закаўказскім фронтам генерал арміі І. У. Цюленеў (за вызваленне Паўночнага Каўказа) і камандуючы Калінінскім фронтам генерал-палкоўнік М. А. Пуркаеў (за вызваленне Вялікіх Лук); намеснік камандуючага Паўднёвым фронтам генерал-лейтэнант Г. Ф. Захараў і начальнік штаба Данскога фронту генерал-лейтэнант М. С. Малінін; камандуючыя арміямі генерал-лейтэнанты І. В. Галанін, К. М. Галіцкі (генерал-маёр), М. С. Грамадзін, М. П. Духанаў (генерал-маёр), А. С. Жадаў, Д. А. Жураўлёў (генерал-лейтэнант артылерыі), К. А. Карацееў (генерал-маёр), П. Л. Раманенка, У. З. Раманоўскі, М. І. Труфанаў (генерал-маёр), І. І. Фядзюнінскі, Ф. М. Харытонаў, В. А. Хаменка (генерал-маёр). Амаль усе ўдастоіліся ўзнагарод за правядзенне аперацый у раёне Сталінграда. Знак № 1 ордэна Кутузава I ступені атрымаў камандуючы 24-й арміяй Данскога фронту генерал-лейтэнант І. У. Галанін за баі пад Сталінградам. Пазней Галанін стаў кавалерам двух ордэнаў Кутузава I ступені.

Некаторыя савецкія военачальнікі былі ўдастоены ўзнагароджання ордэнам Кутузава I ступені двойчы і нават тройчы. Трыма ордэнамі Кутузава I ступені былі ўзнагароджаны пяць чалавек: Маршал Савецкага Саюза В. Д. Сакалоўскі (ён жа быў кавалерам трох ордэнаў Суворава I ступені), генерал-палкоўнік К. А. Карацееў, генерал-палкоўнік Ц. Ф. Штыкоў, генерал-палкоўнік авіяцыі А. В. Нікіцін, генерал-лейтэнант А. В. Уладзімірскі (ён жа быў кавалерам ордэна Кутузава II ступені). Двума ордэнамі Кутузава I ступені ўзнагароджаны Маршалы Савецкага Саюза А. А. Грэчка, М. В. Захараў, І. С. Конеў, К. С. Маскаленка, генералы арміі Д. Д. Лялюшэнка, М. С. Малінін, Папоў М. М., Калпакчы У. Я., Фядзюнінскі І. І., генерал-палкоўнікі І. В. Галанін, М. С. Грамадзін, А. С. Жалтоў і іншыя.

Ордэнам Кутузава I ступені былі ўзнагароджаны і афіцэры, не меўшыя генеральскіх званняў, сярод іх падпалкоўнік А. В. Ванякін (самы малады кавалер ордэна першай ступені), а таксама палкоўнікі Д. С. Вайсбанд і В. І. Волкаў.

Адзіным адміралам, удастоеных ордэна Кутузава I ступені, стаў С. Г. Гаршкоў.

Даволі рэдка мелі выпадкі ўзнагароджання двума ордэнамі Кутузава II ступені, сярод такіх узнагароджаных: генерал-лейтэнанты М. М. Олешаў, І. Л. Туркель і Б. А. Пігарэвіч, генерал-маёры М. М. Смірноў, І. Л. Фёдараў, В. М. Шацілаў, палкоўнікі Ю. М. Беркаль[1], С. Ф. Бузылёў[1] , І. І. Іваноў[1] , Ф. М. Федарэнка[1] і іншыя.

Хоць па свайму статуту ордэнам Кутузава маглі ўзнагароджвацца толькі камандзіры розных воінскіх падраздзяленняў за дасягненне буйных поспехаў пры правядзенні баявой аперацыі, вядома мноства выпадкаў узнагароджання гэтым ордэнам за пэўны ўклад у павышэнне абараназдольнасці Чырвонай Арміі. Ордэна Кутузава I ступені ўдастоіліся некаторыя работнікі Наркамата шляхоў зносін, Наркамата авіяцыйнай, танкавай і мінамётнай прамысловасці, кіруючыя работнікі шэрагу аблвыканкамаў. Сярод узнагароджаных вышэйшай ступенню ордэна — дырэктар Кузнецкага металургічнага камбіната Р. В. Бялан, галоўны канструктар танкавага завода А. С. Ермалаеў, начальнік Закаўказскай чыгункі Р. С. Кікнадзэ, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама В. К. Меркуль і некаторыя іншыя, асабліва цывільныя дзеячы. На завяршальным этапе вайны ордэнамі Кутузава была ўзнагароджана вялікая група кіруючых работнікаў наркамата боепрыпасаў. Наркам Б. Л. Ваннікаў быў узнагароджаны ордэнам Кутузава I ступені (а таксама ордэнам Суворава I ступені). Намеснік наркама П. М. Гарамыкін быў узнагароджаны ордэнамі Кутузава I і II ступені. Супрацоўнікі наркамата К. С. Гамаў, Г. І. Іваноўскі, М. В. Мартынаў, П. Н. Піголкін, Г. І. Сінягубаў і В. А. Махнеў былі ўзнагароджаны ордэнамі Кутузава II ступені. Знакаміты канструктар стралковай ўзбраення С. Г. Сіманаў (процітанкавая стрэльба ПТСС, СКС) сярод мноства іншых ордэнаў быў узнагароджаны ордэнам Кутузава II ступені. Таксама і двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, знакаміты канструктар А. Э. Нудэльман быў узнагароджаны ордэнамі Кутузава I і II ступені разам з іншымі ордэнамі. А вось стваральнік авіяцыйнага буйнакалібернага кулямёта УБ М. Я. Бярэзін атрымаў ордэн Кутузава I ступені (таксама узнагароджаны ордэнам Суворава II ступені).

Кавалерамі ордэна Кутузава I ступені сталі больш за 20 супрацоўнікаў НКУС і контрразведкі. Для прыкладу можна назваць начальніка ГУКР «Смерш» камісара дзяржбяспекі 2-га рангу Абакумава, начальніка ўпраўлення контрразведкі 1-га Беларускага фронту генерал-лейтэнанта Вадзіса, намесніка Наркама ўнутраных спраў СССР генерал-маёра Сафраз’яна.

Больш за 100 афіцэраў замежных армій былі ўзнагароджаны ордэнам Кутузава розных ступеняў. Толькі першай ступенню ордэна былі адзначаны каля 20 ваеначальнікаў дружалюбных армій. Для прыкладу можна назваць генерала арміі А. Брэдлі (ЗША), адмірала Г Х’юіта (ЗША), генерала Крырара (Канада), галоўнага маршала авіяцыі Лі-Мэлары (Вялікабрытанія), генерал-лейтэнанта Дапчэвіча (Югаславія), генерал-маёра Стойчава (Балгарыя), брыгаднага генерала Бочака (Чэхаславакія). За дапамогу Савецкай Арміі ў разгроме японскіх мілітарыстаў летам 1945 года і ўмелае кіраўніцтва баявымі аперацыямі мангольскай арміі, намеснік галоўнакамандуючага мангольскай народнай арміяй, начальнік палітупраўлення мангольскай арміі Ю. Цэдэнбал быў удастоены ордэна Кутузава I ступені (галоўнакамандуючы, маршал Х. Чойбалсан быў узнагароджаны ордэнам Суворава I ступені).

За выдатную ваенную дзейнасць, спрыяўшую буйному поспеху англа-амерыканскіх войскаў у Паўночнай Афрыцы і ў Італіі, і за праяўленыя пры гэтым адвагу і мужнасць ордэнам Кутузава II ступені быў узнагароджаны амерыканскі генерал-лейтэнант Айра Ікер. Гэтым жа ўказам ордэна Кутузава III ступені былі ўдастоены яшчэ двое амерыканцаў — палкоўнік Фрэдэрык У. Кэстль і падпалкоўнік Вільям А. Дэрбі. Ордэн Кутузава III ступені атрымаў англійскі камодор Роберт Эвелін Мелхвіш.

Адным з чатырох злучэнняў, прымацаваўшым ордэн Кутузава I ступені да свайго сцяга, стала 1-я Гвардзейская Пралетарская Маскоўска-Мінская, ордэна Леніна, Чырвонасцяжная, ордэнаў Суворава і Кутузава I ступені мотастралковая дывізія. Гэта злучэнне — адно з самых тытулаваных у Чырвонай Арміі. Таксама гэтай узнагароды ўдастоіліся Кубанска-Баранавіцкая і Кубанска-Слуцкая казацкія кавалерыйскія дывізіі.

Узнагароджанне вайскаводніцкім ордэнам прамысловага прадпрыемства — выключная з’ява. Тым не менш, у 1945 годзе Чэлябінскі трактарны завод імя Леніна, а таксама Кузнецкі металургічны камбінат (чатыры разы ардэнаносны) былі ўзнагароджаны ордэнам Кутузава I ступені за значны ўклад танкабудаўнікоў і металургаў у разгром фашысцкай Германіі.

Па дадзеных Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны РФ на канец 2014 года узнагароджаным не ўручана 311 ордэнаў[2].

Статут ордэна правіць

Ордэнам Кутузава ўзнагароджваюцца камандзіры Чырвонай Арміі за добра распрацаваны і праведзены план аперацыі — франтавой, армейскай або асобнага злучэння, у выніку чаго суперніку нанесена цяжкае паражэнне, а нашы войскі захавалі сваю баяздольнасць.

Ордэн Кутузава складаецца з трох ступеняў: I, II, і III ступені. Вышэйшай ступенню ордэна з’яўляецца I ступень.

Узнагароджанне ордэнам Кутузава (за выключэннем III ступені) ажыццяўлялася толькі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Ордэнам Кутузава I ступені ўзнагароджваюцца камандуючыя франтамі і арміямі, іх намеснікі і начальнікі штабоў:

  • За добра распрацаваную і праведзеную франтавую або армейскую аперацыю, у выніку чаго дасягнута паражэнне ворага;
  • За добра распрацаваны і праведзены план вымушанага адыходу буйных злучэнняў, з арганізацыяй масіраваных контрудараў, нанясення ворагу цяжкіх страт і вываду сваіх войскаў на новыя рубяжы з малымі стратамі ў тэхніцы, жывой сіле і поўнай баявой гатоўнасці;
  • За ўмелую арганізацыю аперацыі буйных злучэнняў па барацьбе з праўзыходзячымі сіламі праціўніка, вымотванне яго войскаў, знішчэнне жывой сілы і тэхнікі і захаванне сваіх войскаў у пастаяннай гатоўнасці да рашучага наступу.

Ордэнам Кутузава II ступені ўзнагароджваюцца камандзіры карпусоў, дывізій, брыгад і начальнікі штабоў:

  • За выключную ўпартасць у супрацьдзеянні наступу праўзыходзячых сіл ворага, утрыманне займаных пазіцый, з выкарыстаннем умела арганізаванай сістэмы агню, мясцовасці, контрудараў жывой сілы, танкаў, авіяцыі, з наступным пераходам у рашучае і паспяховае наступленне;
  • За добра арганізаванае кіраванне і стварэнне, у цяжкай абстаноўцы бою, перавагі сіл на вырашальным участку і дасягнутае добрым узаемадзеяннем жорсткае паражэнне праціўніка;
  • За ўмелае правядзенне бою ў асяроддзі з праўзыходзячымі сіламі праціўніка і арганізацыю прарыву з вывадам сваіх войскаў з акружэння ў поўнай боегатоўнасці;
  • За арганізацыю ўмелых дзеянняў сваіх часцей, якія забяспечылі паспяховую барацьбу з праўзыходзячымі танкавымі або паветранымі сіламі праціўніка, нанеслі яму вялікія страты і вымусілі яго да адступлення.

Ордэнам Кутузава III ступені ўзнагароджваюцца камандзіры палкоў, батальёнаў, рот і начальнікі штабоў палкоў:

  • За ініцыятыву, праяўленую ў правядзенні даручанага бою і нанясенне ворагу буйной паразы ў выніку раптоўнага і адважнага нападу;
  • За захоп з малымі стратамі для сваіх войскаў буйнога вузла супраціўлення праціўніка, умелае замацаванне заваяваных пазіцый і рашучае адлюстраванне контратак праціўніка;
  • За арганізацыю ўмелага пераследу адступаючага праціўніка і разгром яго жывой сілы і тэхнікі, за хуткую ліквідацыю блакіраваных груп праціўніка;
  • За смелы выхад на камунікацыі праціўніка і разгром яго тылавых гарнізонаў і баз;
  • За ўмелую распрацоўку плана бою, забяспечыўшага дакладнае ўзаемадзеянне ўсіх родаў зброі і паспяховы яго вынік.

Ордэн Кутузава носіцца на правым баку грудзей. Ордэн Кутузава I ступені размяшчаецца пасля ордэна Ушакова I ступені, ордэн Кутузава II ступені размяшчаецца пасля ордэна Ушакова ІІ ступені, ордэн Кутузава III ступені пасля ордэна Суворава III ступені.

Апісанне ордэна правіць

 
Марка СССР, 1944 г

Ордэн Кутузава I ступені вырабляецца з золата і ўяўляе сабой малюнак выпуклай пяціканцовай зоркі, паверхня якой выканана ў выглядзе разбежных прамянёў. Сярэдзіна зоркі ўяўляе сабой круг, пакрыты белай эмаллю з залатым лаўра-дубовым вянком па акружнасці, перавітым унізе чырвонай эмалевай стужкай. У цэнтры круга залатая рэльефная выява Кутузава на фоне срэбнай крамлёўскай вежы, увянчаны пяціканцовай зорачкай, пакрытай рубінава-чырвонай эмаллю. Вакол малюнка Кутузава, на белай эмалевай стужцы, надпіс «МІХАІЛ КУТУЗАЎ». Абадкі, стужкі і надпіс залатыя. Прамежкі паміж канцамі залатой зоркі пакрытыя пяццю пучкамі срэбных прамянёў, якія выходзяць з-пад белай эмалевай стужкі. Прамяні выкананы з срэбра[3].

Залатога ўтрымання ў ордэне першай ступені — 19,976±0.76 г, срэбнага — 18,952±0.734 г. Агульная вага ордэна — 42,0±1,8 г

Другая і трэцяя ступень ордэна выкананы цалкам з срэбра. Знак ордэна Кутузава II ступені вырабляецца з срэбра, без вянка па крузе. Малюнак Кутузава, надпіс «МІХАІЛ КУТУЗАЎ» і ніжняя сярэбраныя пяціканцовая зорка, аксідзіраваныя.

Срэбнага ўтрымання ў ордэне другой ступені — 36,161±1.391 г. Агульная вага ордэна — 37,3±1,7 г.

Знак ордэна Кутузава III ступені не мае эмалі ў цэнтральным крузе і на зорачцы, вянчае крамлёўскую вежу. Малюнак Кутузава, стужка, што аточвае круг, і надпіс на стужцы аксідзіраваныя.

Срэбнага ўтрымання ў ордэне трэцяй ступені — 24,189±1.369 г. Агульная вага ордэна — 26,2±1,5 г.

Памер ордэна I і II ступені паміж канцом зоркі і супрацьлеглым яму канцом пучка прамянёў — 50 мм. Памер ордэна III ступені — 44 мм.

На адваротным баку знак мае наразны штыфт з гайкай для прымацавання ордэна да адзежы.

Стужка да ордэна шаўковая муаравая цёмна-сіняга колеру, з падоўжнымі палоскамі аранжавага колеру:

  • для I ступені — з адной паласой пасярэдзіне стужкі, шырынёй 5 мм;
  • для II ступені — з двума палоскамі па краях стужкі, шырынёй 3 мм кожная;
  • для III ступені — з трыма палоскамі — адной пасярэдзіне і двума па краях стужкі, шырынёй 2 мм кожная.

Шырыня стужкі — 24 мм.

Шматразовыя кавалеры ордэна Кутузава правіць

Кавалеры чатырох ордэнаў правіць

Кавалеры трох ордэнаў правіць

Ордэн у Расійскай Федэрацыі правіць

Ордэн быў захаваны ў сістэме узнагарод Расійскай Федэрацыі Пастановай Вярхоўнага Савета Расійскай Федэрацыі ад 20 сакавіка 1992 года № 2557-I, аднак як ўзнагарода Расійскай Федэрацыі не меў статута і афіцыйнага апісання да 2010 года.

Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 7 верасня 2010 года № 1099 «Аб мерах па ўдасканаленню дзяржаўнай узнагароднай сістэмы Расійскай Федэрацыі» заснаваны статут і апісанне ордэна.

Зноскі

  1. а б в г Коллектив авторов. Великая Отечественная: Комдивы. Военный биографический словарь / В. П. Горемыкин. — М.: Кучково поле, 2014. — Т. 2. — С. 424, 444, 569, 882. — 1000 экз. — ISBN 978-5-9950-0341-0.
  2. Российская газета — неделя. 2014. № 44. С. 30.
  3. Орден Кутузова: описание, статут, награждённые

Спасылкі правіць