Рагнеда Вікенцьеўна Аляхновіч

Рагнеда Вікенцьеўна (Вінцэнтаўна) Аляхновіч (дзявочае прозвішча Грышкевіч; 9 жніўня 1931, г. Вільня — 13 студзеня 2013) — беларускі педагог, грамадская дзяячка, спецыяліст у галіне выкладання беларускай літаратуры ў школе. Аўтар вучэбных і метадычных дапаможнікаў.

Рагнеда Вікенцьеўна Аляхновіч
Дата нараджэння 9 жніўня 1931(1931-08-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 13 студзеня 2013(2013-01-13) (81 год)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Вінцэнт Антонавіч Жук-Грышкевіч
Маці Ксенія Грышкевіч[d]
Род дзейнасці педагог, грамадская дзяячка, філолаг
Месца працы
Альма-матар
Член у
Узнагароды

Біяграфія правіць

Нарадзілася 9 жніўня 1931 года ў Вільні ў сям’і беларускага дзеяча Вінцэнта Жук-Грышкевіча і Ксеніі Лапіцкай. Бацька ў канцы верасня 1939 года быў арыштаваны савецкімі ўладамі, зняволены ў лагерах. Рагнеда ў той час была на вакацыях у сваякоў на Дзісеншчыне, на пачатку верасня туды прыехала і мама. Дадому, у Вільню, вярнуліся, калі там ужо гаспадарылі літоўцы. Навучанне ва ўніверсітэце, дзе маці вучылася на пятым курсе агранамічнага факультэта, перавялі на літоўскую мову. Давялося ехаць ва Украіну, дзе яна скончыла агранамічны факультэт Львоўскай політэхнікі. Працавала аграномам на Львоўшчыне[1].

  Там нас і заспела «Айчынная» вайна. Вядома, скрушныя часы лягчэй перабываць сярод родных. Мама паходзіла з вёсачкі Засценкі каля Іжы (Вілейшчына). Таму, набыўшы з дапамогай Украінскай самапомачы патрэбныя дакументы, мы накіраваліся — дзе падводай, а дзе і цягніком — у Вілейку[1].  

У 1942 г. бацька як польскі грамадзянін быў вызвалены, ваяваў у арміі генерала У. Андэрса. Маці, якая нічога не ведала пра лёс мужа, вырашыла пры набліжэнні Чырвонай Арміі ўцякаць. Ад’язджалі, як успамінала Рагнеда, ці не апошнім цягніком — на адкрытай платформе. Але дабраліся толькі да Вільні, бо Рагнеда захварэла на ангіну. Пакуль яна хварэла, маці праводзіла ў эміграцыю свайго роднага брата, святара Мікалая Лапіцкага з сям’ёй, стрыечнага брата Івана Касяка. На Захадзе пасля вайны таксама застанецца бацька, што выратуе яму жыццё[1].

У Вільні маці з дачкой перажылі савецкія ды нямецкія бамбардзіроўкі, хаваліся з іншымі людзьмі ў сутарэннях. Яны вярнуліся ў Вілейку, дзе прытуліліся ў старой лазні, бо дом, у якім раней мелі пакой, згарэў. Ксенія Грышкевіч пайшла працаваць у Абласны зямельны аддзел, але ўжо ў жніўні 1944 года яе з працы прывялі двое вайскоўцаў, якія ўчынілі ператрус і забралі жанчыну[1].

Рагнеду забралі да сябе сваякі з Вілейшчыны. Для навучання дзяўчынкі знялі для яе кватэру ў Вілейцы, падвозілі харчы. Рагнеда з раніцы яна хадзіла на ўрокі, а пасля заняткаў — з перадачай для маці — да турэмных муроў. Маці загіне ў вілейскай турме, паводле афіцыйнай інфармацыі, ад тыфу, але магчыма, што ад катаванняў[1].

Яшчэ ў трынаццаць гадоў Рагнеда Грышкевіч захапілася паэзіяй. Да 10 класа ў яе назбіраўся цэлы сшытак з вершамі і паэмай пра казацкае паўстанне на Беларусі. Школьніца не мела з кім параіцца наконт сваёй творчасці і таму вырашыла звярнуцца адразу да Якуба Коласа, які ўнёс свае праўкі[1].

У 1948 паступіла на беларускае аддзяленне філфака БДУ. У 1951 годзе выключылі з 3 курса ўніверсітэта, як дачку рэпрэсаваных «за ўтойванне фактаў з біяграфіі». У біяграфічным апавяданні «Воўк прагне крыві» Вячаслаў Адамчык успамінаў выпадак з выключэннем Рагнеды як «маё першае, найбольш балючае адчуванне непарушнага, абвеянага пакорным страхам, сталінскага рэжыму, які неспатолена прагнуў чалавечай крыві»[1]. Скончыць ВНУ змагла толькі завочна ў 1954 годзе[2], пасля смерці Сталіна.

З 15 жніўня 1952 па 7 верасня 1954 года працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе вёскі Моўчадзь Гарадзішчанскага раёна. 3 16 верасня 1954 года працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 23 г. Мінска. 10 снежня 1954 года пераведзена працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў школу працоўнай моладзі № 15, 20 верасня 1954 пераведзена працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 43[2].

3 1 жніўня 1967 года была метадыстам Гарадскога інстытута ўдасканальвання настаўнікаў па беларускай мове і літаратуры. З 15 жніўня 1970 па 3 студзеня 1972 года працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 19. 3 3 студзеня 1972 года навуковы супрацоўнік НДІ педагогікі МА БССР. 1 кастрычніка 1987 года выйшла на пенсію[2].

Памерла 13 студзеня 2013 года ад цяжкай невылечнай хваробы[2].

Грамадская дзейнасць правіць

Вяла актыўную грамадскую работу. 3 30 студзеня 1993 сябра БНФ «Адраджэньне», таксама была сябрам Усебеларускага Міжнароднага Фонду Святой Ефрасінні Полацкай, узначальвала ТБШ Фрунзенскага раёна, была сябрам Канцылярыі ТБШ, Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»[2].

Навуковая дзейнасць правіць

Аўтар падручнікаў («Родная літаратура». 6 клас. 1990 г. і інш.), метадычных дапаможнікаў («Янка Брыль у школе» і інш.), метадычных распрацовак, чытала лекцыі настаўнікам[2].

Узнагароды правіць

Узнагароджана Ганаровымі граматамі, значком «Выдатнік народнай асветы»[2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Савецкая дачка прэзідэнта БНР. 09.10.2010 // Наша Ніва
  2. а б в г д е ё Памяці Рагнеды Аляхновіч . Наша слова № 5 (1104) (30 студзеня 2013). Праверана 13 чэрвеня 2023.