Беларускі народны фронт «Адраджэньне»

(Пасля перасылкі з БНФ «Адраджэньне»)

Беларускі народны фронт «Адраджэньне», БНФ — грамадска-палітычны рух за пераўтварэнне грамадства і адраджэнне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіццё культуры, за фактычную дзяржаўную незалежнасць Беларусі.

Беларускі народны фронт «Адраджэньне»
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Тып арганізацыі грамадская арганізацыя
Кіраўнік Зянон Пазняк
Заснаванне
Дата заснавання 24 чэрвеня 1989
Мітынг БНФ ва ўрочышчы Курапаты, 1989

Аргкамітэт Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэньне» быў створаны 19 кастрычніка 1988 па прапанове З. Пазняка. Устаноўчы з’езд адбыўся ў Вільні 24-25 чэрвеня 1989. БНФ актыўна ўдзельнічаў у выбарах народных дэпутатаў БССР (сакавік-красавік 1990). У Вярхоўным Савеце БССР была сфарміравана фракцыя БНФ. У 1993 створана партыя БНФ. Грамадскае аб’яднанне «Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне“» пры тым юрыдычна працягвала існаваць, было ліквідавана 10 лістапада 2021 года Вярхоўным судом Беларусі[1] ў час пагрому грамадскіх арганізацый.

Статут, мэты і задачы

правіць

Паводле Статута, БНФ аб’ядноўваў людзей незалежна ад іх сацыяльнага становішча, прафесійнай, нацыянальнай, партыйнай, рэлігійнай прыналежнасці. Метады палітычнай дзейнасці БНФ — удзел у выбарах, масавыя палітычныя акцыі, вывучэнне і аналіз становішча ў розных сферах жыцця Беларусі, распрацоўка праграм, канцэпцый, законапраектаў, культурна-асветная дзейнасць.

БНФ бачыў прычыну эканамічнага, палітычнага, культурнага, экалагічнага крызісаў у адсутнасці рэальнай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі і ў шматгадовым панаванні ў рэспубліцы камуністычнай улады. БНФ лічыў, што адраджэнне дэмакратычнага грамадства, стварэнне здаровай эканомікі, вяртанне да нацыянальна-культурных і маральных каштоўнасцяў магчыма толькі пры ліквідацыі таталітарнай сістэмы, пры нацыянальнай кансалідацыі. Паводле Праграмнай заявы БНФ (1991), толькі ў незалежнай Беларусі магчыма існаванне грамадства, заснаванага на свабодзе асобы і агульначалавечых каштоўнасцях.

Раўнацэннымі і ўзаемазвязанымі задачамі БНФ былі — аднаўленне грамадзянскай супольнасці і нацыянальна-культурнае адраджэнне. Галоўная мэта БНФ — свабодны чалавек у адроджанай незалежнай Беларусі.

Утварэнне БНФ

правіць
 
Зянон Пазняк, лідар БНФ (фота 2008 г.)

Арганізацыйны камітэт БНФ за перабудову «Адраджэньне» ўтвораны 19 кастрычніка 1988 г. па прапанове Зянона Пазьняка на ўстаноўчым сходзе Беларускага гісторыка-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі», заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Саюз кінематаграфістаў Беларусі, Саюз мастакоў Беларусі і рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва». На сходзе ў мінскім Доме кіно (цяпер Касцёл Святога Сымона і Святой Алены) прысутнічала каля 400 чал.— творчая, навуковыя і тэхнічная інтэлігенцыя, рабочыя, моладзь з аб’яднанняў «Талака» і «Тутэйшыя». У Аргкамітэт увайшлі Рыгор Барадулін, Алег Белавусаў, Васіль Быкаў, Алесь Бяляцкі, Анатоль Варава, Вінцук Вячорка, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, П. Дзмітрук, Юрый Дракахруст, Міхаіл Дубянецкі, Алесь Емяльянаў, Вячаслаў Жыбуль, Уладзімір Конан, Яўген Кулік, Мікола Купава, Адам Мальдзіс, Аляксей Марачкін, Валерый Маслюк, Зянон Пазьняк, Пімен Панчанка, Пятро Садоўскі, Алесь Суша, Сымон Свістуновіч, Кастусь Тарасаў, Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Генадзь Тумаш, Ігар Чарняўскі, Міхась Чарняўскі, Яўген Шунейка, Васіль Якавенка, пазней па рэкамендацыі апошняга кааптаваны А. Жураўлёў.

Аргкамітэт з’яўляўся калегіяльным органам. 11.11.1988 Аргкамітэт прыняў адозву «Да грамадзян Беларусі», у якой акрэсліў палітычную пазіцыю руху і заявіў, што БНФ «падтрымлівае распачатую лепшымі сіламі КПСС перабудову грамадства на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму», «выступае за дэмакратыю… супраць манаполіі ўлады бюракратычных сіл», «за рэальны суверэнітэт Беларусі, абвешчаны Канстытуцыямі БССР і СССР», «за падпарадкаванне эканомікі інтарэсам чалавека, за сацыяльную справядлівасць, за непарушнасць правоў чалавека, за прававую дзяржаву, за экалагічна чыстую Беларусь, за адраджэнне і дзяржаўнасць беларускай мовы». Аргкамітэт заклікаў ствараць групы падтрымкі БНФ і выдаў рэкамендацыі па іх стварэнні. Вызваленыя партыйныя, камсамольскія і прафсаюзныя кіраўнікі маглі быць толькі радавымі членамі груп падтрымкі.

Першым друкаваным выданнем Фронту стала распаўсюджанае самвыдавецкім чынам «Інфармацыйнае паведамленне» з гэтымі дакументамі. У снежні 1988 выйшаў № 1 "Навін Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне». 3 № 2 «Навіны БНФ» публікавалі "Матэрыялы да праекту Праграмы БНФ «Адраджэньне».

3 кастрычніка 1988 пачалі стварацца групы падтрымкі БНФ «Адраджэньне» на прадпрыемствах, ва ўстановах, па месцы жыхарства. Ядро БНФ склалі дзеячы нацыянальнай інтэлігенцыі, людзі нацыянальна-адраджэнскай і незалежніцкай арыентацыі, актывісты агульнадэмакратычнага, праваабарончага кірунку[2]. Важнай часткай Фронту стаў рух малазёжных нацыянальна-культурных і дэмакратычных арганізацый, які з 1987 ладзіў свае Вальныя Соймы і ў студзені 1989 аформіўся ў Канфедэрацыю беларускіх маладзёжных суполак (66 арганізацый). Канфедэрацыя ўвайшла ў БНФ як аддзел.

Фронт, як шырокі рух, у зваротах Аргкамітэта выступіў за кансалідацыю грамадства, за дыялог з уладамі, з ідэалагічнымі апанентамі. Аднак камуністычнае кіраўніцтва рэспублікі сустрэла ўзнікненне руху варожа і распачало барацьбу з ім. 30.10.1988 адбыўся гвалтоўны, з выкарыстаннем газаў, разгон арганізаванага Канфедэрацыяй беларускіх суполак мітынгу-рэквіему «Дзяды» ў Мінску, пасля чаго Аргкамітэт БНФ выступіў з заявай аб недаверы кіраўніцтву рэспублікі. У афіцыйных сродках масавай інфармацыі была разгорнута кампанія паклёпу на БНФ і яго дзеячаў, распачаліся ганенні на лідараў актывістаў БНФ. Аргкамітэт БНФ пакінулі некаторыя яго ўдзельнікі — члены КПСС.

19.2.1989 на стадыёне «Дынама» ў Мінску адбыўся першы ў БССР дазволены ўладамі апазіцыйны палітычны мітынг, арганізаваны БНФ. На мітынгу выступалі лідары Фронту, а таксама кандыдаты ў народныя дэпутаты СССР, якіх падтрымліваў БНФ. Перадвыбарчым лозунгам Фронту быў заклік «Заводы — рабочым, зямля — сялянам, улада — народу». Шэраг кандыдатаў, каго БНФ прапагандаваў і падтрымліваў на выбарах, сталі народнымі дэпутатамі СССР (А. Адамовіч і В. Быкаў — па спісах творчых саюзаў, С. Габрусеў, А. Дабравольскі, А. Жураўлёў, М. Ігнатовіч, С. Шушкевіч — ад выбарчых акруг).

Устаноўчы з’езд БНФ адбыўся 24—25.6.1989 у Вільні. На правядзенне яго ў Мінску Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР не даў згоды. У працы з’езда бралі ўдзел 399 дэлегатаў. З’езд прыняў Статут і Праграму руху.

Праграма складалася з раздзелаў: «Суверэнітэт», «Дэмакратыя. Правы чалавека», «Эканоміка», «Сацыяльная справядлівасць», «Ахова здароўя», «Экалогія», «Нацыянальнае пытанне», «Мова», «Культура», «Адукацыя і навука», «Рэлігія і грамадства», «Этыка і маральнасць». У раздзеле «Суверэнітэт» выкладзена патрабаванне дакладных юрыдычных гарантый права выхаду рэспублікі са складу СССР, вяршэнства законаў БССР на яе тэрыторыі, рэальнага суверэштэту рэспублікі як найважнейшай умовы выйсця з эканамічнага, экалагічнага, культурнага крызісу. Праграма выступала за адмену канстытуцыйнага замацавання кіраўнічай ролі КПСС, за шматпартыйнасць і юрыдычныя гарантыі для правоў і свабод асобы. Асноўнымі праграмнымі палажэннямі па эканоміцы былі: эканамічная самастойнасць рэспублікі, разнастайнасць і роўнасць форм уласнасці, інтэграцыя эканомікі Беларусі ў еўрапейскую эканамічную структуру. Праграма патрабавала надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы рэспублікі і выступала супраць агульнанароднага нацыянальна-рускага двухмоўя.

БНФ выступіў з прапановамі стварыць Таварыства беларускай мовы, міжнароднае беларускае таварыства. Былі прыняты ўхвалы: «Аб пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы» (у т.л. зварот да народаў СССР і краін-членаў ААН у сувязі з вынікамі Чарнобыля для Беларусі), «Аб палітычным плюралізме», «Аб праекце Канстытуцыі БССР», «Аб міжнацыянальных адносінах на Беларусі», «Аб свабодзе сумлення і беларускай мове ў рэлігійным жыцці на Беларусі», «Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы», «Пра дзяржаўнасць беларускай мовы», «Аб беларуска-літоўскіх дачыненнях».

З’езд выбраў Сойм БНФ. Старшынёй Сойму БНФ выбраны З. Пазьняк, яго намеснікамі Ю. Хадыка і М. Ткачоў. Дакументы на рэгістрацыю БНФ пададзены 12.7.1989, Статут БНФ зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі БССР 19.6.1991.

Дзейнасць БНФ

правіць

БНФ удзельнічаў у выбарах народных дэпутатаў БССР і дэпутатаў мясцовых Саветаў (сакавік—красавік 1990). У красавіку 1989 камісія падрыхтоўкі праграмных дакументаў БНФ распрацавала праекты законаў аб выбарах у Вярхоўны і мясцовы Саветы БССР. 13.7.1989 Сойм Фронту ўхваліў зварот да дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР з патрабаваннямі: прыняць дэмакратычныя выбарчыя законы; надаць публічнасць чарнобыльскаму пытанню, спыніць вытворчасць харчовай прадукцыі на заражаных тэрыторыях, абвясціць Беларусь бяз’ядзернай зонай; асудзіць сталінізм як антычалавечую з’яву і рэабілітаваць бязвінна пацярпелых ад таталітарнага рэжыму. БНФ узначальваў масавыя пратэсты і мітынгі супраць антыдэмакратычных праектаў законаў аб выбарах народных дэпутатаў БССР і мясцовых Саветаў, якія Вярхоўны Савет БССР разглядаў і прымаў у кастрычніку 1989. У выніку грамадскіх акцый некаторыя палажэнні законапраектаў (выбары ад грамадскіх арганізацый, акрамя аб’яднанняў інвалідаў і ветэранаў, правядзенне акруговых выбарчых сходаў для адбору кандыдатаў) не былі прынятыя. Фронт арганізоўваў вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР праз сходы па месцы жыхарства, сходы працоўных калектываў, пры дапамозе грамадскіх арганізацый, падтрымліваў дэмакратычна настроеных кандыдатаў. Выбарчая кампанія БНФ ішла пад лозунгамі «Галасую за Беларусь», «Беларусь, вяртайся ў Еўропу». У выбарчай платформе БНФ «Галасую за Беларусь!», прынятай 9.12.1989, упершыню сфармулявана патрабаванне поўнай незалежнасці Беларусі, заяўлялася, што БНФ «ідзе да выбараў з ідэямі палітычнага і эканамічнага плюралізму, культурнага адраджэння, з ідэямі дэмакратыі, свабоды і суверэнітэту Беларусі… БНФ адстойвае ідэі незалежнасці, рэальнага суверэнітэту Беларусі, бачыць у гэтым найважнейшую палітычную мэту, што стаіць перад грамадствам».

10 лютага 1990 года на Усебеларускім дэмакратычным форуме, скліканым у Мінску па ініцыятыве БНФ, быў утвораны перадвыбарчы Беларускі дэмакратычны блок (БДБ), у які, апрача БНФ, што не быў зарэгістраваны і таму не меў права вылучаць кандыдатаў, увайшлі афіцыйна зарэгістраваныя Таварыства беларускай мовы, Беларускі экалагічны саюз, творчыя саюзы, Саюз кааператараў Беларусі, Рабочы саюз Беларусі, Беларускі сялянскі саюз.

25 лютага 1990 на плошчы Леніна ў Мінску адбыўся шматтысячны выбарчы мітынг БНФ, які закончыўся паходам да будынка рэспубліканскага тэлебачання, кіраўніцтва якога па патрабаванні мітынгоўцаў прадаставіла прамы эфір лідарам Фронту. Аднак апарат КПБ кантраляваў выбарчыя камісіі і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Камуністычная партыя, адміністрацыйныя структуры вялі кампанію, скіраваную супраць кандыдатаў, якіх падтрымліваў БНФ. Кандыдаты БДБ вылучаліся ў 150 акругах з 310, з іх сталі дэпутатамі 60 чал.

24.3.1990 БНФ склікаў ІІ Усебеларускі дэмакратычны форум, дзе была створана «Дэмакратычная плынь» у Вярхоўным Савеце БССР з каардынатарамі В. Голубевым, А. Трусавым, Я. Цумаравым, С. Шушкевічам. 27.3.1990 створана дэпутацкая група «Дэмакратычная плынь» на платформе БДБ у Мінскім гарсавеце. Аднак не ўсе дэпутаты, чыё вылучэнне арганізоўваў і чыю выбарчую кампанію вёў БНФ, увайшлі ў дэмакратычныя і фронтаўскія дэпутацкія групы. У той жа час да БНФ далучыліся некаторыя іншыя дэпутаты. 3 14.5.1990 «Дэмакратычная плынь» у Вярхоўным Савеце БССР аформілася ў Дэмакратычны клуб з даволі размытай платформай. Сфарміраваліся апазіцыя БНФ (37 чал.) і фракцыя БНФ, куды на 1.10.1991 уваходзілі дэпутаты: М. Аксаміт, М. Алампіеў, С. Антончык, Л. Баршчэўскі, Ю. Беленькі, В. Галубовіч, I. Гермянчук, В. Голубеў, Г. Грушавы, У. Грыбанаў, Б. Гюнтар, Л. Дзейка, У. Заблоцкі, Л. Зданевіч, В. Какоўка, М. Крыжаноўскі, В. Малашка, М. Маркевіч, С. Навумчык, У. Новік, Я. Новікаў, З. Пазьняк, С. Папкоў, I. Пырх, П. Садоўскі, У. Станкевіч, Г. Сямдзянава, А. Трусаў. Каардынатары апазіцыі — Л. Баршчэўскі, В. Голубеў, С. Навумчык, сакратар апазіцыі — У. Новік. 27 ліпеня, пасля прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР З. Пазьняк зачытаў заяву, у якой казалася, што «ў Вярхоўным Савеце ў асобе большасьці дэпутатаў дамінуе сіла, не гатовая да выпрацоўкі і прыняцьця радыкальных праграмаў і законаў, якія даўно насьпелі ў грамадзтве. Усе спробы дэмакратычных дэпутатаў палепшыць становішча ні да чаго не прывялі. У сувязі з гэтым дэмакратычныя дэпутаты і дэпутацкая група Беларускага Народнага Фронту заяўляюць аб стварэньні дэпутацкай апазыцыі ў Вярхоўным Савеце».

У верасні 1990 Сойм БНФ пацвердзіў імкненне руху да адраджэння незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, выказаў занепакоенасць захопліваннем нерухомай маёмасці партакратыяй. Сойм падкрэсліў, што БНФ павінен узяць на сябе палітычную ініцыятыву ў ажыццяўленні дэкамунізацыі эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця рэспублікі, прымусовым адчужэнні на карысць мясцовай улады маёмасці КПСС — КПБ. Сойм заявіў, што беларускі шлях да незалежнасці ідзе праз прыняцце пакета адпаведных законаў, праз забарону дзейнасці ў Рэспубліцы талітарных сіл, якімі кіруюць з замежных асяродкаў; праз роспуск КДБ і вывад савецкага войска з Беларусі; праз няўдзел у саюзным дагаворы і заключэнне прамых пагадненняў з іншымі дзяржавамі. Сойм рэкамендаваў суполкам, радам Фронту ствараць апазіцыйныя фракцыі БНФ у саветах і надалей не браць на сябе адказнасці за антынародныя рашэнні, згуртавацца з забастовачнымі камітэтамі, спрыяць іх каардынацыі і вылучэнню імі палітычных патрабаванняў, каардынаваць дзейнасць з усімі палітычнымі сіламі, якія стаяць на грунце незалежнасці і дэкамунізацыі Беларусі, утвараць вайсковыя камісіі, разгарнуць асветную працу.

 
Мітынг 7 лістапада 1990 года, Мінск

БНФ правёў шмат акцый. Напрыклад, мітынг 7 лістапада 1990 года ў Мінску, у Брэсце і інш.

ІІ з’езд БНФ «Адраджэньне» адбыўся 23—24.3.1991 у Мінску. У палітычным спавешчанні, з якім выступіў З. Пазьняк, было падкрэслена, што савецкая імперыя вычарпала свае рэсурсы, і альтэрнатывы незалежнасці няма. Камуністычны рэжым не паддаецца рэфармаванню, таму рух за два гады прайшоў шлях ад спадзяванняў на супрацоўніцтва з «лепшымі сіламі КПСС» да прынцыповага антыкамунізму. Праца БНФ мусіць скіроўвацца на інтэграцыю грамадства рэспублікі, на адраджэнне нацыянальнай і грамадзянскай супольнасці. Базай для дэмакратыі з’яўляецца прыватная ўласнасць, культурны, свядомы і свабодны чалавек. З’езд прыняў Праграмную заяву «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне». 3 назвы руху скасаваныя словы «за перабудову». Падкрэслена, што праз здабыццё суверэнітэту рэспубліка зможа вярнуцца ў сям’ю еўрапейскіх народаў, аднавіць маральныя, культурныя і сацыяльныя каштоўнасці. Адроджаная нацыя сама распарадзіцца плёнам сваёй працы і знойдзе паратунак ад вынікаў Чарнобыля. Беларускі шлях да незалежнасці ідзе праз выкананне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і прыняцце адпаведных законаў, у т.л. аб грамадзянстве, аб стварэнні беларускіх вайсковых фарміраванняў, праз падрыхтоўку ўмоў для правядзення выбараў ва Усебеларускі Устаноўчы Сойм, які надалей вызначыць формы дзяржаўнага ўладкавання Беларусі. Палітычная свабода немагчымая без свабоды эканамічнай, таму неабходна вяртанне да прыватнай уласнасці пры недапушчэнні апаратнага варыянта прыватызацыі. Вызначана стаўленне да камуністычнай партыі як да злачыннай арганізацыі, падкрэслена, што члены кампартыі нясуць толькі палітычную і маральную адказнасць за злачынствы. Дэкларавана, што БНФ застаецца шырокім грамадска-палітычным рухам, а яго асноўная сацыяльная база — шырокія пласты беспартыйных і сяброў дэмакратычных партый. З’езд ухваліў Зварот да народа Беларусі ў сувязі з рэферэндумам аб будучыні СССР, дзе заявіў пра неправамернасць яго правядзення на тэрыторыі Беларусі і сцвердзіў, што апора БНФ — мільён жыхароў рэспублікі, якія адказалі на пытанне рэферэндуму «не».

З’езд унёс змены ў Статут. Кіраўнічы орган БНФ — Сойм — фарміраваўся з дзвюх частак, адна з якіх непасрэдна выбіраецца з’ездам, а другая складаецца з прадстаўнікоў партый і арганізацый, што ўваходзяць у рух як калектыўныя сябры, а таксама з прадстаўнікоў тэрытарыяльных арганізацый БНФ. Вызначаны статус сяброў і прыхільнікаў БНФ, для першых уведзена фіксаванае сяброўства. У БНФ арганізацыйна ўвайшлі Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ), Ліга жанчын Беларусі, Мінскі гарадскі бацькоўскі камітэт беларускамоўных класаў. Выбраны Сойм БНФ. Старшынёй БНФ выбраны З. Пазьняк, яго намеснікамі — В. Голубеў, У. Заблоцкі, Ю. Хадыка.

БНФ арганізоўваў чарнобыльскія і экалагічныя акцыі: мітынгі, зборы подпісаў, жалобныя набажэнствы ў Мінску, Гомелі, Наваполацку, Нароўлі, Ветцы і інш., экспедыцыі ў Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і іншыя раёны. 30.9.1989 у Мінску адбыліся шэсце і мітынг «Чарнобыльскі шлях». Арганізаваная БНФ Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях» (25—26.11.1989, Мінск) абнародавала інфармацыю пра вынікі чарнобыльскай катастрофы, прапанавала падыходы да іх мінімізацыі, выступіла супраць т.зв. «35-бэрнай канцэпцыі» бяспечнага пражывання на забруджаных тэрыторыях Міністэрства аховы здароўя СССР, падтрымала распрацаваную беларускімі вучонымі канцэпцыю адсялення, звярнулася да сусветнай супольнасці з заклікам аб дапамозе. Народны трыбунал, які адбыўся ў рамках Асамблеі, сцвердзіў віну кіраўніцтва СССР, БССР і іншых рэспублік у замоўчванні і скажэнні інфармацыі аб катастрофе, запатрабаваў следства і пакарання вінаватых. Народны трыбунал па разглядзе эфектыўнасці пераадолення вынікаў чарнобыльскай катастрофы прайшоў у Мінску 27.4.1991. Прадстаўнікі БНФ удзельнічалі ў слуханнях вынікаў грамадскага расследавання «Чарнобыльская катастрофа і правы чалавека» (Кіеў, 1991).

З красавіка 1989 дзейнічаў Камітэт БНФ «Дзеці Чарнобыля» (да 1991 старшыня Г. Грушавы, з 1991 каардынатары В. Буйвал, Г. Вашчанка, старшыня Камітэта БНФ «Дзеці Чарнобыля» ў Магілёве Н. Рослава), які ажыццяўляў гуманітарную дапамогу жыхарам пацярпелых раёнаў, каардынаваў дзейнасць замежных дабрачынных арганізацый, ажыццяўляў грамадскі кантроль за размеркаваннем ахвяраванняў, арганізоўваў аздараўленчы адпачынак дзяцей у чыстых зонах Беларусі і за яе межамі.

Красавіцкія забастоўкі ў Беларусі (1991) у Мінску, Салігорску, Оршы і іншых гарадах Беларусі сталі значнай палітычнай падзеяй. 5.7.1989 у Мінску на сходзе рабочых са сталічных груп падтрымкі БНФ была створана ініцыятыўная група Рабочага саюза Беларусі (РСБ), да 1991 аргкамітэт РСБ дзейнічаў на правах камісіі БНФ. Мясцовыя рады і суполкі БНФ удзельнічалі ў арганізацыі рабочага руху і забастовак у Гомелі і Салігорску (1989, 1990). Фронт удзельнічаў у наданні рабочым забастоўкам палітычнага характару. Многія актывісты БНФ сталі лідарамі рабочага руху (С. Антончык, Г. Мухін, Г. Быкаў у Мінску, I. Юргевіч у Салігорску). БНФ падтрымаў забастоўку і шэсце на Мінск салігорскіх шахцёраў (красавік 1992), якія дамагаліся падпісання генеральнага тарыфнага пагаднення з дзяржавай, і правёў мітынг у іх падтрымку на сталічнай плошчы Незалежнасці 16.4.1992.

3 першых гадзін спробы дзяржаўнага перавароту ў СССР 19—21 жніўня 1991 БНФ распачаў інфармаванне грамадства і арганізацыю пратэстаў. У заяве апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, у сумеснай заяве БНФ і дэмакратычных партый (19 жніўня 1991 года) падзеі былі кваліфікаваны як спроба путчу, антыканстытуцыйнага дзяржаўнага перавароту. У Мінску і іншых гарадах краіны штодня адбываліся ладжаныя БНФ мітынгі пратэсту. Выдадзены спецвыпуск газеты «Навіны БНФ», шматлікія лістоўкі.

22 жніўня 1991 года парламенцкая апазіцыя БНФ агучыла спецыяльную заяву, у якой канстатаваўся крах спробы камуністычна-вайсковага путчу ў СССР. У заяве таксама сцвярджалася, што Мікалай Дземянцей больш не мае маральнага права займаць пасаду Старшыні Вярхоўнага Савета. Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце выступіла таксама з патрабаваннем зняцця з пасад міністра юстыцыі, старшыні Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні і іншых дзяржаўных службоўцаў, што падтрымалі путч. У дні працы нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета (25—26.8.1991) на плошчы Леніна ў Мінску праходзіў кругласутачны мітынг, арганізаваны БНФ, дзе ствараліся дружыны нацыянальнай гвардыі. Сесія прыняла рашэнні аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі статуса канстытуцыйнага закону; аб дэпартызацыі; аб прыпыненні дзейнасці КПБ — КПСС. Дружыны БНФ, дэпутаты розных узроўняў — сябры БНФ бралі ўдзел у апячатванні ўстаноў камуністычнай партыі ў Мінску і іншых гарадах.

Пасля надання 25.8.1991 Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі канстытуцыйнага статуса Управа БНФ прыняла зварот «Да народу Беларусі», дзе было заяўлена: «Векавое змаганне пакаленняў нашых продкаў, барацьба Беларускага Народнага Фронту, усіх дэмакратычных сілаў нашае Бацькаўшчыны прывяла да перамогі. Беларусь — незалежная дзяржава!».

Сойм БНФ 7.9.1991 сцвердзіў, што гістарычная магчымасць Беларусі вярнуць сваю незалежнасць была ажыццёўлена дзякуючы ўсёй папярэдняй дзейнасці і слушнай тактыцы БНФ «Адраджэньне», і адзначыў, што незалежнасць і першыя парасткі дэмакратыі знаходзяцца пад унутранай і знешняй пагрозай. Сойм пацвердзіў адмоўнае стаўленне БНФ да заключэння Саюзнага дагавору, прапанаваў тэрміновыя захады для абароны інтарэсаў незалежнасці Беларусі, запатрабаваў распачынаць раздзяржаўленне, прыватызацыю, уводзіць нацыянальную валюту. Вярхоўны Савет павінен неадкладна прыняць закон аб выбарах на шматпартыйнай аснове, вызначыць дату правядзення выбараў і самараспусціцца. У звароце да былых камуністаў падкрэслівалася, што БНФ выступае за яднанне ўсіх грамадзян у адстойванні незалежнасці Беларусі.

У дні нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета (17—20.9.1991) на плошчы Незалежнасці ў Мінску адбываўся бесперапынны мітынг БНФ з патрабаваннямі: рашучай абароны незалежнасці рэспублікі, стварэння ўласных узброеных сіл і міністэрства абароны, прыняцця законаў аб грамадзянстве, абароне межаў і інш.; канчатковага спынення дзейнасці КПСС і нацыяналізацыі яе маёмасці (з выкарыстаннем на справы адукацыі, культуры, аховы здароўя); адстаўкі Савета Міністраў; прыняцця назвы дзяржавы Рэспубліка Беларусь, вяртання спрадвечных герба і сцяга, назвы Менск; новага дэмакратычнага Закону аб выбарах і прызначыць выбары сёлета. Сесія зацвердзіла назву краіны — Рэспубліка Беларусь, дзяржаўны герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг.

12—13.10.1991 БНФ правёў у Мінску навукова-практычную канферэнцыю «Незалежнасць і адраджэнне», якая сцвердзіла, што новая сітуацыя вымагае ўдакладнення і развіцця праграмных палажэнняў руху, аб’яднання намаганняў навукоўцаў, палітыкаў і практыкаў у распрацоўцы шляхоў і ажыццяўленні выхаду рэспублікі з крызісу. 13.12.1991 Сойм БНФ канстатаваў слушнасць прагнозаў фронту адносна палітычнай бесперспектыўнасці савецкай імперыі, вітаў фактычны канец існавання СССР і падкрэсліў, што Садружнасць Незалежных Дзяржаў — часовае ўтварэнне.

9.11.1991 Сойм БНФ прыняў Зварот да народа Беларусі, дзе было абвешчана, што калі да канца года Вярхоўны Савет не прыме заканадаўчых актаў, якія забяспечаць незалежнасць Беларусі і ажыццяўленне эканамічных рэформ, не адправіць у адстаўку ўрад, БНФ распачне падрыхтоўку да рэферэндуму, які павінен вырашыць пытанні датэрміновага роспуску Вярхоўнага Савета, прыняцця закону аб выбарах на шматпартыйнай аснове, распрацаванага апазіцыяй БНФ, і новых выбарах паводле гэтага закону. Да супрацоўніцтва ў справе рэферэндуму БНФ запрасіў дэмакратычныя сілы краіны. 11.1.1992 на пашыраным пасяджэнні Сойма БНФ была прынята Супольная заява кіраўніцтва Абяднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (АДПБ), БНФ, Беларускай сялянскай партыі (БСП), Беларускай хрысціянска-дэмакратычшй злучнасці (БХДЗ), Мінскага гарадскога страйкавага камітэта і Свабоднага прафсаюза Беларусі, якая абвясціла пра стварэнне супольнай ініцыятыўнай групы для правядзення рэферэндуму. У той жа дзень адбылася ўстаноўчая канферэнцыя ініцыятыўнай групы рэферэндуму, сфармулявана мэта рэферэндуму, старшынёй групы абраны сябра Сойма БНФ Уладзімір Анцулевіч.

У ходзе перамоў з Цэнтральнай выбарчай камісіяй было канчаткова сфармулявана пытанне, якое меркавалася вынесці на рэферэндум: «Ці лічыце Вы неабходным правядзенне ўвосень 1992 г. выбараў у вышэйшы орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь на падставе „Закону аб выбарах народных дэпутатаў Беларусі“, праект якога ўнесены апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце, і ў сувязі з гэтым датэрміновы роспуск цяперашняга Вярхоўнага Савета?». Да наступнай супольнай заявы «Рэферэндум — гэта мірны шлях выйсьця з крызісу» ад 8.2.1992 далучылася і Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (БСДГ). У падтрымку рэферэндуму прайшоў шэраг мітынгаў у Мінску і іншых гарадах краіны. 13.2.1992 фармулёўка пытання і ініцыятыўная група рэферэндуму ў складзе 1200 чал. былі зарэгістраваны, пачаўся збор подпісаў. 13 красавіка ініцыятыўная група перадала падпісныя лісты з 446601 подпісам Цэнтральнай камісіі па рэферэндуме, якая пасля іх праверкі 11.5.1992 прызнала ў сваім заключэнні законнасць і сапраўднасць пераважнай болыыасці сабраных подпісаў. Аднак Вярхоўны Савет 29.10.1992 насуперак высновам Цэнтральнай камісіі па рэферэндуме прыняў пастанову, якой забараніў правядзенне рэферэндуму.

Студзеньскі (1992) Сойм БНФ прыняў Заяву «Пра вайсковую палітыку Беларусі», дзе запатрабаваў неадкладнага прывядзення да прысягі на вернасць Беларусі ўсіх войск на яе тэрыторыі. 8.9.1992 у Мінску, Салігорску, Гродне і інш. была праведзена сімвалічная прысяга на вернасць Бацькаўшчыне, ладжаная БНФ і Беларускім згуртаваннем вайскоўцаў (БЗВ). 25.9.1992 Сойм БНФ «Адраджэньне» з прадстаўнікамі іншых партый і БЗВ правёў канферэнцыю «Беларускае войска: сучаснасць і будучыня». Ва ўхвале «Беларусі патрэбна надзейнае войска» ўдзельнікі ахарактарызавалі вайсковую палітыку ўлад як супярэчную інтарэсам Беларусі, асудзілі падпісанне 20.7.1992 вайсковых пагадненняў Беларусі з Расіяй, запатрабавалі рашучых дзеянняў супраць карупцыі вайсковай наменклатуры, асудзілі ганенні на патрыятычна настроеных афіцэраў з БЗВ.

БНФ ладзіў штогадовыя ўшанаванні Дня незалежнасці Беларусі 25 сакавіка, Дня памяці продкаў Дзяды, угодкі перамогі пад Грунвальдам і інш. БНФ удзельнічаў у працы Грамадзянскага форуму Беларусі, у іншых супольных акцыях і мерапрыемствах з БСДГ, АДПБ, НДПБ, БСП, БХДЗ, іншымі палітычнымі і грамадска-палітычнымі арганізацыямі дэмакратычнага кірунку.

У маі 1993 г. на III з’ездзе БНФ было вырашана стварыць адпаведную партыю, каб мець заканадаўчыя падставы для ўдзелу ў выбарах Вярхоўнага Савета Беларусі XIII склікання.

У снежні 1994 года дэпутат апазіцыі БНФ Сяргей Антончык выступіў з дакладам аб карупцыі ў бліжэйшым атачэнні новаабранага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Шэраг СМІ не змаглі надрукаваць гэты даклад і выйшлі з «белымі плямамі»[3].

Напярэдадні рэфэрэндуму 1995 года, які быў ініцыяваны прэзідэнтам А. Лукашэнкам і тычыўся пазбаўлення «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга статусу дзяржаўных сімваляў, а беларускай мовы — статусу адзінай дзяржаўнай мовы, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і права прэзідэнта распускаць парламент, дэпутаты апазіцыі БНФ абвясцілі галадоўку на знак пратэсту. Уначы з 11 на 12 красавіка яны былі гвалтоўна выдаленыя з будынку Вярхоўнага Савета.

V з’езд (ліпень 1995) тычыўся абрання новага кіраўніка БНФ. Перамог Зянон Пазняк, хоць на пасаду старшыні Сойму БНФ балатаваліся яшчэ два чалавекі, у тым ліку і Юрый Хадыка. На гэтым жа з’ездзе была ўхвалена праграма «Стратэгія абароны незалежнасці», у якой галоўнай задачай выступала стварэнне «шырокага, масавага радыкальнага нацыянальна-вызвольнага руху», які павінен быў выкарыстоўваць «канкрэтную тактыку дзеянняў, зыходзячы з сітуацыі». На VI з’ездзе БНФ у верасні 1999 галоўнае пытанне зноў палягала ў выбары кіраўніка. На гэты раз канкурэнтам Зянона Пазняка стаў Вінцук Вячорка. Абодва прэтэндэнты атрымалі амаль аднолькавую колькасць галасоў дэлегатаў. Кампрамісу дасягнуць не ўдалося, што прывяло неўзабаве да расколу БНФ і стварэння адпаведных партый (Партыя БНФ і Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ).

Міжнароднае супрацоўніцтва

правіць

Па-за межамі Рэспублікі Беларусь рады і суполкі БНФ дзейнічалі ў Вільні, Рызе, Маскве. БНФ меў прадстаўнікоў у Польшчы, ЗША і Канадзе. Фронт падтрымліваў кантакты і каардынаваў дзейнасць з асноўнымі асяродкамі беларускай эміграцыі на Захадзе і з беластоцкімі беларускімі згуртаваннямі (найперш з Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем). Адной з форм такой каардынацыі сталі сімпозіумы «Белавежа-90» (5—8.10. 1990) і «Белавежа-91» (27—29.9.1991) у в. Белавежа на Беласточчыне.

Прадстаўнікі Фронту бралі ўдзел у з’ездах і канферэнцыях Народных франтоў Эстоніі і Латвіі, літоўскага «Саюдзіса», Народнага руху Украіны. БНФ выступіў за адраджэнне ідэі Балта-Чарнаморскай супольнасці, у склад якой уваходзілі б Эстонія, Латвія, Летува, Беларусь, Украіна. 23— 24.11.1990 у Мінску адбылася скліканая БНФ міжнародная нарада дэлегацый дэпутацкіх груп з Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі. Дэлегацыі прынялі палітычную заяву, ухвалы аб эканамічным і гуманітарным супрацоўніцтве краін, прадстаўленых на нарадзе, аб стварэнні нацыянальных узброеных сіл у гэтых краінах. БНФ удзельнічаў у гадавых канферэнцыях Міжнароднай хельсінкскай федэрацыі, у міжнароднай канферэнцыях па правах чалавека, у працы Дэмакратычнага кангрэсу — каардынацыйнай нарады Дэмакратычных палітычных партый і рухаў рэспублік СССР (1990—91) і інш.

Рэгіянальныя структуры

правіць

Найбольш значныя мясцовыя Рады БНФ дзейнічалі ў Мінску, абласных гарадах, а таксама ў Пінску, Наваполацку, Івацэвічах, Салігорску, Слаўгарадзе, Маладзечне і інш.

Друкаваныя органы

правіць

Цэнтральны друкаваны орган — газета Навіны БНФ «Адраджэньне» (з 1988 да 1992 рэдактар А. Суша).

Перыядычныя выданні мясцовых радаў БНФ: «Абуджэньне», «Ратуша» (Магілёў), «Шлях» (Брэст — Баранавічы), «Атава» (Гомель), «Раніца» (Маладзечна), «Куцейна» (Орша), «Сумленьне» (Слуцк), «Івейская крыніца» (Іўе), «Прамень», «Пагоня» (Лепель), «Сьвіслач» (Мінск, Ленінскі р-н), «Грамада» (Мінск, Савецкі р-н), «Прамень» (Мінскі гадзіннікавы завод), «Наш голас» (Івацэвічы).

Дзейнасць БНФ шырока асвятлялі газеты «Свабода» (Мінск; да № 5—6, 1990 выдавалася як орган Выбарчай камісіі БНФ), «Беларус» (Нью-Ёрк), «Пагоня» (Гродна), «Выбар» (Віцебск), «Народная трыбуна» (Ліда).

2000-я гады

правіць

У 1999 годдзе назва была змененая на БНФ «Адраджэньне», пасля забароны ўжываць у назвах грамадскіх аб’яднанняў азначэнне «народны». Аб’яднанне структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, хоць склад кіраўніцтва палітычнай партыі і руху з’яўляецца ідэнтычным — абедзве арганізацыі ўзначальвае старшыня Рыгор Кастусёў, супадае і склад Сойму як кіруючага органу.

Паводле статуту, Грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэньне» — гэта дабраахвотнае аб’яднанне грамадзян у рух за рэалізацыю грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў. Мэтай руху ёсць пабудова дэмакратычнага грамадства і дэмакратычнай праўнай дзяржавы, адраджэнне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіццё культуры карэннай нацыянальнасці ды ўсіх нацыянальных супольнасцяў на Беларусі.

У 2021 годзе Вярхоўны суд Беларусі прыняў іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ГА БНФ «Адраджэньне»[4].

Зноскі

  1. Радыё Свабода Архівавана 12 лістапада 2021.
  2. В. Вячорка (1993)
  3. svaboda.org
  4. novychas.by

Літаратура

правіць
  • Праграмныя дакументы БНФ «Адраджэньне»: Зварот да грамадзян Беларусі, Праграма, Статут, Ухвалы (рэзалюцыі) Устаноўчага зьезду. — Мн., 1989.
  • Уліцёнак А. Іншадумцы. — Мн., 1991.
  • Пазьняк З. Сапраўднае аблічча. — Мн., 1992.
  • Палітычныя партыі і грамадска-палітычныя рухі Беларусі. — Мн., 1992 (Беларусістыка: Тэмат. зб.; № 17).
  • Беларусь на шляхах незалежнасці. — Мн., 1992 (Беларусістыка: Тэмат. зб.).
  • Палітычныя лідэры: дзяржаўныя структуры — партыі і рухі. — Мн., 1992 (Беларусістыка: Тэмат. зб.; № 20).
  • Вячорка В. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2..
  • Апазіцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ склікання: дакументы, факты, каментарыі / укладанне А. В. Кур’яновіча. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 800 с.
  • Яўменаў, Л. Ф., Дзмітрук, А. А. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» / Л. Ф. Яўменаў, А. А. Дзмітрук // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).. — С. 450—451.

Спасылкі

правіць