Расонска-Асвейская партызанская зона

Расонска-Асвейская партызанская зона — тэрыторыя на поўначы Віцебскай вобласці, якую ў Вялікую Айчынную вайну кантралявалі партызаны.

Гісторыя правіць

У маі 1942 года партызанскія фарміраванні разграмілі паліцэйскія ўчасткі і валасныя ўправы на тэрыторыі 10 сельсаветаў Расонскага раёна, да кастрычніка вызвалілі тэрыторыю Расонскага, Асвейскага, частку Дрысенскага і Полацкага раёнаў, у тым ліку райцэнтры Расоны, Асвею і мястэчка Клясціцы. У канцы 1942 года партызаны ўтрымлівалі каля 1,8 тысячы км², вясной 1943 — 5 тысяч км². Вызваленная тэрыторыя стала часткай партызанскага краю, створанага беларускімі, латышскімі і рускімі партызанамі на стыку БССР, Латвіі і РСФСР (10 тысяч км², больш за 100 тысяч чалавек). Да снежня 1943 года зону абаранялі партызанскія фарміраванні Расонскага, Асвейскага, Дрысенскага раёнаў, у тым ліку брыгады Расонская імя Сталіна, Асвейская імя Фрунзэ, 1-я Дрысенская, імя Ракасоўскага, партызанскія брыгады Калінінскай вобласці РСФСР, Латвіі; некаторы час на тэрыторыі зоны знаходзіліся брыгады «За Савецкую Беларусь», 3-я і 4-я Беларускія, імя С. М. Кароткіна, 1-я і 3-я Калінінскія, латышскі атрад (потым брыгада) В. П. Самсона. Дзейнасць партызан накіроўвалі ЦК КП(б)Б, Паўночна-Заходняя аператыўная група ЦК КП(б)Б, БШПР, мясцовыя партыйныя органы. На тэрыторыі зоны базіраваліся Дрысенскі, Асвейскі, Расонскі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, была адноўлена савецкая ўлада, працавалі хлебапякарні, млыны, прамысловыя майстэрні. Выдаваліся раённыя газеты. Падтрымлівалася двухбаковая радыёсувязь з савецкім тылам, дзейнічалі партызанскія аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі, на якія партызанам самалёты з Вялікай зямлі дастаўлялі зброю, медыцынскія сродкі, соль і іншае, адвозілі з зоны параненых, жанчын і дзяцей. Партызаны пастаянна праводзілі дыверсіі на шашэйных, грунтавых і чыгуначных дарогах, аперацыі па па разгроме варожых гарнізонаў. У час рэйкавай вайны знішчылі больш за 4 тысячы рэек, уносілі дэзарганізацыю ў перамяшчэнні ваенных сіл гітлераўцаў. Карнікі неаднаразова спрабавалі ліквідаваць партызанскую зону, часта праводзілі карныя аперацыі, у тым ліку № 12, 13, 14, «Пантэра», «Заяц-бяляк», «Зімовае чараўніцтва», «Генрых». За час баявых дзеянняў былі спалены поўнасцю разам з усім насельніцтвам ці з большасцю жыхароў каля 100 вёсак (не аднавіліся пасля вайны). У снежні 1943 года карнікі пачалі буйную аперацыю «Ота», у выніку якой стварыўся так званы расонскі «кацёл». У канцы снежня партызанам удалося прарваць кальцо блакады і выйсці ў размяшчэнне часцей Чырвонай Арміі. У выніку наступлення савецкіх войск значная частка зоны апынулася ў прыфрантавой паласе і са студзеня 1944 года дзеянні партызан на яе тэррыторыі насілі ў асноўным разведвальна-дыверсійны характар.

Памяць правіць

У памяць баявых дзеянняў партызанскіх фарміраванняў і абароны зоны насыпаны курганы каля вёсак Прошкі і Маторына Верхнядзвінскага, Марачкова Расонскага раёнаў, пастаўлены помнікі ў Расонах, вёсках Дзёрнавічы, Новы Лад Верхнядзвінскага, Канюхова, Межна, Роўнае Поле, Сялоўшчына Расонскага раёнаў.

Гл. таксама правіць

Зноскі

Літаратура правіць