Рафал Чарвякоўскі
Рафа́л Ю́заф Чарвяко́ўскі (1743, Пінск, цяпер Брэсцкая вобласць, Беларусь — 1816, Кракаў, цяпер Польшча) — беларускі хірург-навуковец. Доктар медыцыны. Аўтар 12 тамоў па хірургіі[1]. Вынаходнік некалькіх хірургічных прылад і спосабаў умяшання[2].
Рафал Чарвякоўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 24 кастрычніка 1743 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 5 ліпеня 1816 (72 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | хірург, урач, анатам, акушэр |
Навуковая сфера | хірургія |
Месца працы | Галоўная каронная школа (Кракаў, з 1779-га) |
Навуковая ступень | доктар медыцыны[d] |
Альма-матар | |
Вядомыя вучні | Францішак Касцецкі[d] |
Вядомы як | бацька польскай хірургіі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьУ 1762 годзе 18-гадовым юнаком скончыў у Пінску школу манаскага ордэна піяраў, у які ўступіў. У 1765 годзе скончыў тамсама піярскае вучылішча[2]. У 1771 годзе паступіў у Рымскі ўніверсітэт (Папская дзяржава), дзе 16 сакавіка 1776 года атрымаў ступеню доктара медыцыны. Пражываў у Рыме пры падтрымцы доктара філасофіі Гуга Калантая родам з Валынскага ваяводства, які быў сябрам Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай. У 1777 годзе рымскі Папа Пій VI вызваліў Рафала Чарвякоўскага на яго ўласную просьбу ад духоўнага звання, бо тое было несумяшчальным з лячэннем жанчын. Праходзіў лекарскую практыку ў шпіталях сталіцаў 6 дзяржаў Заходняй Еўропы: Неапалю (Неапалітанскае каралеўства), Фларэнцыі (Вялікае герцагства Тасканскае), Турына (Сардзінскае каралеўства), Вены (Вялікае княства Аўстрыя), Парыжу (каралеўства Францыя) і Берліну (каралеўства Прусія). 5 кастрычніка 1779 года накіраваўся з Пінска ў Кракаў (Польскае каралеўства) выкладаць медыцыну ў Галоўнай кароннай школе[1]. У 1780 годзе атрымаў званне прафесара. Заснаваў кафедру анатоміі, хірургіі і акушэрства і стаў іх першым выкладчыкам у Кракаве. Таксама стварыў першы ў Кракаве анатамічны тэатр. У 1785 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў яго залатым медалём і прызначыў прыдворным урачом. Рафал Чарвякоўскі зрабіў першае ў Кракаве ўскрыццё трупа чалавека і праводзіў сшыванне ранаў жывата і кішак, трэпанацыю чэрапа і трахеатамію[2]. Падчас паўстання Касцюшкі 1794 года быў галоўным урачом лазарэта пры саборы святога Пятра ў Кракаве (Рэч Паспалітая)[1]. У 1796 годзе выдаў «Практычную хірургію». У 1816 годзе апублікаваў «Падрыхтоўку да хірургічнай дапамогі». У 1816—1817 гадах выйшаў яго 6-томнік «Агляд хірургічных інструментаў». Агулам выдаў 12 тамоў даследаванняў па хірургіі. Вынайшаў некалькі хірургічных прылад і спосабаў умяшання. Падрыхтаваў звыш 200 вучняў[2].
Зноскі
- ↑ а б в Даты, падзеі, людзі // Звязда : газета. — 24 кастрычніка 2013. — № 201 (27566). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ↑ а б в г Вучоны-медык, асветнік Рафал Юзаф Чарвякоўскі // Палеская праўда : газета. — Пінск: 16 снежня 2018. Архівавана з першакрыніцы 22 верасня 2020.