Аднагадовая водная свабоднаплаваючая разнаспоравая папараць без каранёў, з ніткападобным, пакрытым мяккімі валаскамі сцяблом даўжынёй да 10 см. Лісце сабрана па 3 у кальчакі: два лісты супраціўныя, плывучыя, светла-зялёныя, эліпсападобныя, суцэльнакрайнія, з белаватымі паветранымі пузыркамі па ўсёй паверхні; трэці — падводны, бураваты, рассечаны на ніткападобныя долі, апушаны, нагадвае карані. Каля асновы падводнага ліста ўтвараюцца шарападобныя апушаныя спаракарпіі (сорусы) з мікра- і макраспарангіямі, пакрытыя тонкай скурыстай абалонкай.
Трапагенна-барэальны еўразійскі рэліктавы від. Пашырэнне: заходнія, цэнтральныя і ўсходнія раёны Усходняй Еўропы, Каўказ, Сярэдняя Азія, поўдзень Заходняй Сібіры, Далёкі Усход, поўнач Афрыкі, Паўночная Амерыка. У Беларусі знаходзіцца на паўночнай мяжы арэала. Месцы росту: высокаэўтрофныя стаячыя і павольна цякучыя воды поймавых і лясных азёр, старыц, рачных заток глыбінёй 30—70 см.
Расце звычайна невялікімі групамі, часам утварае значныя зараснікі.
Размнажэнне споравае і вегетатыўнае (асобнымі галінкамі). Спараносіць у жніўні-верасні. Спелыя споры апускаюцца на дно і перазімоўваюць, вясной усплываюць і прарастаюць. Споры могуць пераносіцца вадаплаўнымі птушкамі далёка за межы паўночнага арэала, але сальвінія ўтрымліваецца там звычайна 1—2 вегетацыйныя перыяды. У паўночных раёнах нярэдка пераходзіць выключна на вегетацыйнае размнажэнне. Функцыі каранёў выконвае падводнае лісце.