Сын вялікага князя Усевалада Ольгавіча. У 1140 годзе пасланы бацькам княжыць у Ноўгарад, аднак там яго не прынялі. Каля 1142 года бацька пасадзіў яго ў Тураве, але неўзабаве туды з Пераяслава пераведзены Вячаслаў Уладзіміравіч, а Святаслаў Усеваладавіч атрымаў Уладзімір-Валынскі. У 1146 годзе па загадзе вялікага князя Ізяслава Мсціславіча Святаслаў Усеваладавіч і Расціслаў Мсціславіч выгналі Вячаслава Уладзіміравіча з Турава. Пасля смерці Ізяслава Мсціславіча (1154) Святаслаў Усевалдавіч пільнаваў Кіеў, пакуль туды не прыйшоў княжыць Расціслаў Мсціславіч. За такую паслугу атрымаў ад яго Тураў і Пінск, аднак праз год іх страціў. У 1162 годзе удзельнічаў разам з іншымі князямі ў паходзе на Слуцк супраць Уладзіміра Мсціславіча. У 1164 годзе захапіў Чарнігаўскае княства, а свайго сына Алега паслаў у Гомель. У 1176—1194 гадах вялікі князь кіеўскі. У 1180 годзе з наўгародскім войскам удзельнічаў у вялікім кааліцыйным паходзе на Друцк, спаліў там астрог. 3 1143 года жанаты з Марыяй, дачкой полацкага князя Васількі Святаславіча.