Свята-Пакроўская царква (Чыжэвічы)
Свята-Пакроўская царква́ — праваслаўны храм у Чыжэвічах (Салігорскі раён). Помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння.
Славутасць | |
Свята-Пакроўская царква | |
---|---|
52°48′08,30″ пн. ш. 27°32′26,86″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Чыжэвічы |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Мінская і Слуцкая епархія |
Тып будынка | царква |
Дата заснавання | 1795 |
Будаўніцтва | 1795—1808 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000536 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя і будаўніцтва храма
правіцьДа 1795 года ў вёсцы Чыжэвічы царквы не было ўвогуле, мясцовасць адносілася да прыходу вёскі Іздрашава Салігорскага раёна, дзе з даўніх часоў існавала праваслаўная Пакроўская царква, але ў 1678 годзе саксонскія войскі спалілі гэту царкву. У 1795 годзе, па загадзе імператрыцы Кацярыны II, у вёсцы Чыжэвічы была пабудавана Свята-Пакроўская царква. У 1807 годзе царква згарэла, але хутка была адноўлена сіламі парафіян і ў 1808 годзе зноў адкрыта. На працягу ўсяго XIX стагоддзя будынак неаднаразова рамантаваўся. Прыход царквы быў досыць шырокі, у яго ўваходзіла 7 бліжэйшых паселішчаў: Чыжэвічы, Мяцявічы, Кулакі, Іздрашава, Дубеі, Заброцкія і Стомагілы, што агулам складала каля 2000 вернікаў[1].
У 1861 годзе, ужо ў часы праўлення Аляксандра II, у час паўсюднай адмены прыгоннага права, была ўзведзена званіца з 12 званамі. Вышыня званіцы — 27 метраў. З прыростам колькасці вернікаў у 1885 годзе храм зведаў яшчэ адну перабудову. Аднак праз некаторы час паўстала пытанне новага будаўніцтва і ў 1911 годзе быў праведзены чарговы рамонт.
У 1913 настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы стаў Іаан Панкратовіч, ён быў апошнім настаяцелем перад закрыццём храма ў 1934 годзе савецкімі ўладамі. Іканастас XIX стагоддзя быў спалены на цэнтральнай плошчы перад храмам. Таемна ад уладаў, протаіерэй Іаан працягваў несці сваю службу, а таксама заклікаў сваіх вернікаў выказваць цвёрдую нязгоду з дзеяннямі ўладаў і падпісацца за аднаўленне набажэнстваў, за што быў арыштаваны. У кастрычніку 1934 года протаіерэй Іаан быў расстраляны ў горадзе Слуцку.
Да 1942 года будынак царквы выкарыстоўваўся савецкімі ўладамі ў якасці збожжасховішча, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны, па просьбе прыхаджан, камендант Слуцка дазволіў зноў адкрыць храм, і ў ім пачалі праводзіцца ранейшыя набажэнствы. Пасля заканчэння вайны, у 1945 годзе, у Свята-Пакроўскі храм былі дастаўлены званы і астатняе начынне са Старобінскай Свята-Мікольскай царквы. У 1986 намаганнямі прыхаджан і протаіерэя Мікалая храм быў значна рэстаўраваны. У 1988 рэканструкцыю праводзіў інстытут «Белспецпраектрэстаўрацыя». Узначальвалі рэканструкцыю архітэктары А. Кандратаў і М. Лук'янчык. 7 кастрычніка 1990 года ўпершыню за ўвесь час існавання храма яго наведаў кіраўнік Беларускай Праваслаўнай царквы ўладыка Філарэт. З 1992 па 1995 год на тэрыторыі двара храма вялося будаўніцтва хрысцільнага храма ў гонар Іаана Прадцечы, таксама быў пабудаваны адміністрацыйны будынак, які выкарыстоўваецца ў якасці бібліятэкі і для заняткаў нядзельнай школы. Будынак храма з'яўляецца помнікам драўлянага дойлідства рэспубліканскага значэння і ўваходзіць у лік самых старажытных драўляных храмаў на тэрыторыі Беларусі[2].
Архітэктура храма
правіцьСвята-Пакроўскі храм уяўляе сабой тыповую пабудову XIX стагоддзя. Гэта будынак з яруснай структурай, ёсць бакавыя прыбудовы з дадатковымі ўваходамі. Усе прыбудовы пакрытыя двухсхільным дахам. Да пяціграннай алтарнай часткі прылягае рызніца, а ўваходная частка аформлена бабінцом, з простым навесам у выглядзе трохвугольнага франтонa на нешырокіх калонах. Вышыня будынка — 19 метраў, шырыня — 9 метраў, даўжыня — 30 метраў. Падмурак бетонны, падлогі дашчаныя. Верхнія ярусы званіцы васьмігранныя. Сцены галоўнага аб'ёму зальнай часткі будынка скончаны шатрамі і купаламі, звонку сцены абабітыя гарызантальнай шалёўкай. Вялікія аконныя праёмы прамавугольныя з карнізамі, знаходзяцца пад столлю па ўсім перыметры. Усходняя частка будынка — алтар, які ад цэнтральнай часткі адасоблены радамі абразоў — іканастасам. У цэнтры алтара знаходзіцца пасад, справа — дзяканнік, злева — ахвярнік. Архітэктурная кампазіцыя будынка народнага дойлідства з рысамі класіцызму і рэтраспектыўна-рускага стылю. Столь мае плоскую паверхню, але ў яе цэнтральнай частцы чацвярык другога яруса пераходзіць у васьмярык пры дапамозе ветразя, традыцыйнага элемента купальнай канструкцыі, менавіта ён забяспечвае плаўны пераход ад квадратнай падкупальнай часткі да непасрэдна купалу і яго барабану. Над уваходамі знаходзяцца хоры, а на ўзроўні другога яруса былі пабудаваныя адкрытыя балконы для музыкантаў і спевакоў. Першапачаткова гэтыя балконы прызначаліся для заможных і вышэйшых слаёў грамадства, для папячыцеляў храма, якія ахвяравалі грошы на яго ўтрыманне.
Храм у вайне 1812 года
правіцьГісторыя Свята-Пакроўскага храма цесна звязана з падзеямі вайны 1812 года. «На месцы гэтым зімой 1812 партызаны-апалчэнцы, якія базаваліся пры Пакроўскім храме пад камандаваннем князя Вітгенштэйна і памешчыка Корсака, паланілі атрад французскіх драгунаў пад камандаваннем Мішэля Дзюпона». Гэтыя словы выбітыя на памятным камяні, што ўсталяваны недалёка ад храма. 12 снежня 2010 года на тэрыторыі храмавага комплексу ваенна-патрыятычныя клубы горада Мінска і горада Барысава паказалі рэканструкцыю батальнай сцэны 1812 года.
Нядзельная школа
правіцьЗаняткі ў нядзельнай школе пры Свята-Пакроўскім храме праводзяцца па нядзелях на працягу ўсяго навучальнага года, курс навучання — 5 гадоў. Нядзельная школа налічвае каля 200 выхаванцаў розных узростаў, пачынаючы з 7 гадоў. Для тых, хто жадае працягнуць навучанне па заканчэнні нядзельнай школы, існуе маладзёжная група. Кіруе школай протаіерэй Дзімітрый Васільеў, які навучае як вучняў, так і настаўнікаў. У даступнай для дзяцей форме настаўнікі нядзельнай школы апавядаюць пра Бога, пра нормы хрысціянскай маралі, даюць дзецям веды па пытаннях этыкі, маралі, духоўнасці[3].
Галерэя
правіць-
Панарамны фотаздымак
-
Фрагмент
-
Фрагмент фасада
-
Шыльда ля ўваходу ў царкву
-
Памятны камень з шыльдай каля Свята - Пакроўскага храма
Зноскі
Літаратура
правіць- Свята-Пакроўская царква, Чыжэвічы // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн., 2001. — С. 228.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
- Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік". Мінск, 1993 год. ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры. Мінская вобласць. Кніга 2, стр. 158, пункт № 2439, 1990 год.
Спасылкі
правіцьСвята-Пакроўская царква (Чыжэвічы) на Вікісховішчы |
- Свята-Пакроўская царква (Чыжэвічы) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Пакроўская царква (Чыжэвічы) на сайце Radzima.org
- Свята-Пакроўская царква (Чыжэвічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Пакроўская царква (Чыжэвічы) на сайце «Архіварта»