Свята-Троіцкая царква (Саматэвічы)
Свя́та-Тро́іцкая царква́ — мураваны праваслаўны храм у вёсцы Саматэвічах Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.
Праваслаўны храм | |
Свята-Троіцкая царква | |
---|---|
53°13′06,90″ пн. ш. 31°50′06,70″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Саматэвічы |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Магілёўская і Мсціслаўская |
Архітэктурны стыль | рэтраспектыўна-рускі |
Заснавальнік | Дзмітрый Галынскі |
Будаўніцтва | 1835—1842 гады |
Стан | руіны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПершыя ўзгадкі пра праваслаўны храм у Саматэвічах, які пабудаваў памешчык Галынскі, адносяцца да 1668 года. У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў мястэчку ўжо дзейнічала драўляная царква, якая згарэла ў 1834 годзе. Тагачасны ўладальнік паселішча Іван Галынскі ў памяць аб памерлай жонцы Анастасіі на наступны год распачаў будаўніцтва новага мураванага храма ў вёсцы і запрасіў для гэтага дойлідаў з Санкт-Пецярбурга.
Цэгла для пабудовы выраблялася на мясцовай цагельні па старажытным рэцэпце: у раствор дадавалі курыныя яйкі і потым, апаліўшы, узважвалі на шалях і апускалі на 10 дзён у ваду. Па заканчэнні гэтага тэрміну кожную цагліну зноў узважвалі, і калі яна не дадавала вагі, ішла на будоўлю царквы. Згодна з паданнем, пляцоўка для будаўніцтва была абрана на тым месцы, куды занесла ветрам крыжы ў час пажару, калі згарэла першая царква.
Пецярбургскія дойліды скончылі ўзвядзенне храма да ўзроўню купалоў, а завяршэннем будоўлі займаўся запрошаны з Масквы архітэктар. За працу яму было насыпана золата столькі, колькі змясціў яго капялюш[1]
Дабудаваная царква была асвячона ў 1842 годзе ў гонар Святой Тройцы з прыбудоўкамі Святых прарока Ільі і мучаніцы Анастасіі. Пасля заканчэння будоўлі ў царкоўны склеп быў перанесены прах памерлай жонкі Івана Галынскага. У 1864 годзе пры царкве было заснавана народнае вучылішча.
За савецкім часам Свята-Троіцкая царква была зачынена і ператворана ў зернесховішча, а праз некаторы час стала выкарыстоўвацца як лядоўня, дзе хавалі тушы забітых калгасных жывёл. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска была адселена, храм апынуўся закінутым. У 2008 годзе ў будынку адбыўся пажар, які знішчыў унутраныя драўляныя канструкцыі[2].
Архітэктура
правіцьРазмешчаны на колішняй галоўнай плошчы мястэчка. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Адносіцца да тыпу крыжова-купальных храмаў з паўкруглай апсідай і прамавугольным прытворам. Кубападобны аб’ём завершаны 5 цыбулепадобнымі купаламі на цыліндрычных барабанах. Цэнтры бакавых фасадаў вылучаны рызалітамі з вуглавымі гранёнымі пілонамі. Паўцыркульныя арачныя аконныя праёмы размешчаны ў верхняй частцы сцен, упрыгожаны пластычнымі ліштвамі з кілепадобнымі сандрыкамі, пілястрамі, кілепадобнымі арачкамі і прафіляванымі падваконнікамі. Высокі цокаль вылучаны арнаментальным рабрыстым поясам і крапаваны філёнгамі[3].
У асноўную прастору вядуць тры ўваходы, над якімі чыгуннымі літарамі былі выкладзены надпісы. На адным з іх змешчаны наступны тэкст: «В память в Бозь почившей матери от Благодарныхъ 23 марта 1842 год…»[2].
У інтэр’еры 4 магутныя слупы, злучаныя падпружнымі аркамі, падтрымліваюць высокі светлавы барабан купала. Сем бакавых квадратных у плане, вылучаных аркамі частак малітоўнай залы перакрыты цыліндрычнымі з распалубкамі і крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам на двух драўляных іанічных калонах размешчаны хоры, якія адкрываюцца ў залу арачнымі прасветамі.
Зноскі
- ↑ Рэлігійнае жыццё ў краі Касцюковіцкага раёна (недаступная спасылка). Магілёўская абласная бібліятэка. Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2017. Праверана 26.07.2019.
- ↑ а б Маілёўская вобласць. Касцюковіцкі раён. Новыя Саматэвічы . Падарожжы дылетанта. Праверана 26.07.2019.
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 220—221
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
правіць- Свята-Троіцкая царква (Саматэвічы) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Троіцкая царква (Саматэвічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)