Свята-Ушэсцеўская царква (Забычанне)

праваслаўны храм у в. Забычанне Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі

Свята-Ушэсцеўская царква — праваслаўны храм у в. Забычанне Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчана ў цэнтры вёскі, на плошчы.

Праваслаўны храм
Свята-Ушэсцеўская царква
53°25′40,60″ пн. ш. 31°52′29,10″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Забычанне
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская і Мсціслаўская
Благачынне Клімавіцкае
Архітэктурны стыль эклектыка
Архітэктар Зімберг
Заснавальнік Аркадзь Астанкевіч
Дата заснавання пачатак XVII ст.
Будаўніцтва 18931897 гады
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Першая драўляная царква ў імя апосталаў Пятра і Паўла згадваецца ў 1511 годзе. У пачатку XVII стагоддзя мясцовы шляхціч збудаваў у Забычанні новую драўляную царкву Святога Духа. Калі ў ёй перастала хапаць месца, было вырашана ўзвесці каменны храм[1].

Будоўля пачалася ў 1893 годзе і вялася за кошт сродкаў памешчыка Аркадзя Астанкевіча і тутэйшых жыхароў нямецкім архітэктарам Зімбергам, запрошаным з Пецярбурга. Будаўнікамі былі запрошаныя спецыялісты з Магілёўскай губерні. Абразы для храма пісаліся афонскімі майстрамі на кіпарысавых дошках, пакрытых разьбой, аконныя рашоткі каваліся ў Пецярбургу і дастаўляліся ў Забычанне абозамі. У 1897 годзе да дня Ушэсця Гасподняга будаўніцтва царквы скончылася. Аднак, зрабіць роспіс інтэр’еру да рэвалюцыі не паспелі[2].

У савецкія часы храм дзейнічаў да 1932 года, калі быў рэпрэсаваны святар Віктар Барташэвіч. З храма былі скінуты крыжы і званы, спалены абразы і царкоўныя рэчы. Будынак перадалі калгасу, які ўладкаваў у ім зернесховішча. Падчас Другой сусветнай вайны царква значна пацярпела: калі ішоў бой за вызваленне вёскі, на званіцы схаваліся 3 нямецкія снайперы[2].

У пасляваенны час пабудова выкарыстоўвалася для захоўвання гною, заняпала і стаяла без даха. У 1990-я гады пачаліся працы па аднаўленні храма, і 23 верасня 2018 года адрэстаўрваная царква была паўторна асвечана ў гонар Ушэсця Гасподняга[3].

Настаяцель царквы — айцец Міхаіл Салабуцін, па сумяшчальніцтве святар храма ў Фёдараўцы[1].

Архітэктура

правіць
 
Выгляд храма да рэстаўрацыі, 2010 г.

Помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю і неаготыкі. Чатырохчасткавая падоўжна-восевая кампазіцыя будынка складаецца з прытвора, трапезнай, малітоўнай залы і пяціграннай апсіды. Вертыкальнымі дамінантамі з’яўляюцца васьмігранныя шатровыя барабаны надбудаванай над прытворам званіцы і цэнтральнага кубападобнага аб’ёму.

Фасады крапаваны вуглавымі трохчвэртнымі калонкамі, зубчастымі фрызамі, аркатурнымі паясамі, прарэзаны падвойнымі арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах. Вокны падвойныя, з паўцыркульнымі завяршэннямі. Асаблівасцю пластычнага вырашэння будынка з’яўляюцца шчытавыя завяршэнні сцен аб’ёмаў і барабанаў, абрысы якіх паўтараюць шматсхільны дах. У якасці гідраізаляцыі была выкарыстана бярозавая кара[4].

Унутры ў малітоўную залу адкрываецца светлавы барабан з самкнутым скляпеннем, абапёрты праз парусы на шырокія аркі прыдзелаў, апсіды і прытвора; апсіда перакрыта конхай. Арыгінальнае дэкаратыўнае ўбранне не захавалася. Ад першапачаковых рэліквій захаваўся драўляны вынасны запрастольны крыж, пакрыты разьбой, які сёстры Федарыставы, пеўчыя храма, паспелі схаваць, калі зачынялі царкву.

Вышыня будынка — 23–25 м, таўшчыня вонкавых сценаў — да 2 м. Для гідраізаляцыі ў падмурку пакладзены пласт бяросты[1].

Першапачаткова храм быў абнесены мураванай агароджай, у левым вуглу якой знаходзілася вартоўня[1].

Зноскі

  1. а б в г Л. Смолякова.. Второе рождение Забычанского храма (+ фото, + видео) (руск.). Касцюковічы: Голас Касцюкоўшчыны (29 мая 2017). Праверана 24.06.2020.
  2. а б Вярнуць храм да жыцця . Звязда (11 лістапада 2014). Праверана 19.07.2019.
  3. В Костюковичском районе освятили восстановленный храм (руск.). Могилёвская епархия Белорусской Православной Церкви (23 верасня 2018). Праверана 19.07.2019.
  4. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — с. 217

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць