Свіла 1 (археалагічны помнік)

Свіла 1 — археалагічны помнік культуры доўгіх курганоў[1] каля вёскі Свіла 1 Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Беларусі.

Гарадзішча правіць

Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад вёскі, на высокім узгорку левага берага безназоўнай рэчкі-пратокі, якая злучае невялікае возера з возера Пліса. Пляцоўка авальная, даўжынёй 100 м, узвышаецца над поймай на 18—20 м. Умацавана з кальцавымі валамі і 2 равамі. Унутраны вал (вышыня каля 1,3 м, шырыня ў ніжняй частцы каля 10 м) насыпаны па краі пляцоўкі, другі (вышыня 2—2,5 м, шырыня каля 10 м) — на схіле ўзгорка на 5 м ніжэй унутранага вала, трэці (знешні, вышыня 8—10 м) — уздоўж асновы ўзгорка. Равы размешчаны паміж валамі, іх глыбіня 1,5—2 м, шырыня 10—15 м. Пляцоўка і схілы ўзгорка зараслі лесам і хмызняком.

Выявіў у 1893 годзе Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1965 годзе Г. В. Штыхаў, у 1972 годзе М. А. Ткачоў, даследаваў у 1974 годзе А. Р. Мітрафанаў. Раскапана 168 м² плошчы. Культурны пласт 0,3—0,4 м. На мацерыку выяўлены 2 грунтавыя пахаванні з пахавальным абрадам трупаспалення. У адным знойдзены абломкі гаршчкоў, 2 скроневыя кольцы і наканечнік утулачнай стралы з 2 шыпамі. Недалёка ад пахаванняў — гаспадарчая яма, запоўненая чорнай зямлёй, у якой было многа абпаленага зерня жыта. На дне ямы ляжалі рэшткі 2 гаршчкоў і адзін цэлы, у ім таксама было зерне жыта. У яме знойдзены наканечнік тронкавай стралы, абломкі гаршкоў і гліняныя прасліцы. Гарадзішча датуецца IX ст. н. э. Верагодна, яно належала крывічам, з’яўлялася апорным пунктам пры асваенні новых зямель.

Курганны могільнік правіць

Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад вёскі. 60 насыпаў вышынёй 0,8-2 м, дыяметрам 6—10 м. Выявіў у 1893 годзе Г. В. Штыхаў, абследавалі ў 1972 годзе М. А. Ткачоў, у 1981 годзе Л. У. Дучыц. Раскопкі не праводзіліся.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Археалагічныя помнікі // Гісторыя Залескага краю / Р. Шарыпкін. — Глыбокае : Вольнае Глыбокае, 2002. — С. 8—13.
  • Глыбоцкі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 224—239.
  • Шадыра В. І. Свіла-1 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 257. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  • Свіла-1 // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 651—652. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі правіць