Смаргонскі агрэгатны завод
ААТ «Смаргонскі агрэгатны завод» — прамысловае прадпрыемства, размешчанае ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці Беларусі, вытворца тэхнікі для сельскай і камунальнай гаспадаркі. Уваходзіць у склад холдынгу «МТЗ-ХОЛДЫНГ». На прадпрыемстве працуе каля 1200 чалавек[2].
Смаргонскі агрэгатны завод | |
---|---|
Тып | бізнес |
Заснаванне | 1986 |
Краіна | |
Адрас | |
Матчына кампанія | Мінскі трактарны завод[1] |
Сайт | smorgon-tractor.by |
Гісторыя
правіцьРашэнне аб будаўніцтве ў Смаргоні філіяла Мінскага трактарнага завода было прынята ў маі 1982 года. Згодна з праектам быў запланаваны прамузел агульнай плошчай 385 гектараў (у тым ліку 230 гектараў вытворчых плошчаў) з колькасцю занятых звыш 7 тысяч чалавек. Філіял прызначаўся для выпуску складаных агрэгатаў, вузлоў і дадатковага абсталявання да трактароў МТЗ, а таксама тавараў народнага спажывання, інструмента, тэхнічнай аснасткі і нестандартнага абсталявання. Акрамя таго, частка вытворчых магутнасцяў была арыентавана на патрэбы ваенна-прамысловага комплексу[3].
У сувязі з будаўніцтвам завода горад Смаргонь быў выдзелены ў асобную адміністрацыйную адзінку абласнога падпарадкавання. Меркавалася, што да 2000 года яго насельніцтва вырасце да 100 тысяч чалавек. Будаўніцтва пачалося ў лютым 1985 года. Днём заснавання завода лічыцца 27 чэрвеня 1986, калі была арганізавана дырэкцыя будаванага філіяла. У 1987 годзе пачалося фарміраванне дапаможных цэхаў і ўчасткаў. Адначасова з будаўніцтвам вытворчых аб’ектаў выконвалася і шырокая сацыяльная праграма — на паўночным захадзе Смаргоні, побач з вёскай Карані, пачата будаўніцтва жылога мікрараёна для работнікаў завода.
Пасля распаду СССР спынілася фінансаванне будаўніцтва з саюзнага бюджэту, і ў 1993 годзе будаўніча-мантажныя работы былі практычна спыненыя. Да гэтага часу на прадпрыемстве працаваў 2171 чалавек, было ўведзена ў эксплуатацыю толькі 33% праектных плошчаў, спынена будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. Калектыў завода стаў скарачацца праз змяншэнне выпуску таварнай прадукцыі. Шмат у чым гэта было абумоўлена цяжкасцямі з закупкай матэрыялаў, запчастак і камплектуючых, выдаткамі на ўтрыманне кацельні, няскончанай устаноўкай абсталявання, незавершаным будаўніцтвам, вялізнымі плошчамі завадской тэрыторыі, за якія трэба было плаціць вялікія падаткі. Усе гэтыя прычыны ва ўмовах эканамічнага крызісу зрабілі немагчымым далейшае развіццё прадпрыемства ў былым кірунку.
У 1990-я смаргонскі філіял стаў для МТЗ дапаможным цэхам, куды была пераведзена вытворчасць шэрагу вузлоў і агрэгатаў, а таксама выпуск міні-трактароў і мотаблокаў. Акрамя таго, філіял вырабляў больш за 30 відаў дэталяў для аўтамабільнай і трактарнай тэхнікі. Завод прайшоў істотную мадэрнізацыю і рэарганізацыю, стаў самастойным прадпрыемствам, атрымаўшы ў 2000 годзе сваю цяперашнюю назву. Наменклатура вырабленай прадукцыі пашырылася за кошт асваення выпуску поўнага камплекта навяснога і прычапнога абсталявання да міні-тэхнікі, сельскагаспадарчага абсталявання да энерганасычаных трактароў МТЗ. Станам на 1 студзеня 2004 на заводзе працавала 1215 чалавек[4]. У 2008 створаны ўчастак зборкі садаводчых трактароў Беларус-921 і яго мадыфікацый[5].
На 2016 год Смаргонскі агрэгатны завод быў найбуйнейшым прадпрыемствам Смаргонскага раёна. На прадпрыемстве працавала 1102 работнікаў, займаемая плошча складала 79 га.
Прадукцыя
правіць- Нізкапрофільныя трактары Беларус-921 і мадыфікацыі, міні-трактара Беларус-132Н, Беларус-152 і мотаблокі Беларус-09Н.
- Камунальная тэхніка на шасі колавых трактароў па МТЗ (уборачная машына Беларус-82МК, уборачна-пагрузачная машына Беларус МУП-750).
- Навясныя агратэхнічныя і камунальныя прыстасаванні (культыватары, плугі, акучнікі, фрэзы, бараны, механізаваныя касілкі, граблі, шчоткі, бульдозерныя прыстасаванні, снегаачышчальнікі і інш.).
- Грузавыя прычэпы.
- Камплекты ўніфікаваных дэталяў і вузлоў для трактароў МТЗ.
Крыніцы
правіць- ↑ http://belarus-tractor.com/company/
- ↑ Лилия Новицкая. Перспектива нового «Белоруса» // Рэспубліка. — 16 января 2007. — № 249 (4186).
- ↑ Герман Москаленко. Как феникс из пепла // 7 дней. — 19 апреля 2007. — № 16. Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2011.
- ↑ З гісторыі прамысловых прадпрыемстваў // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Смаргонскага раёна : Рэд. кал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: БелЭн, 2004.
- ↑ Сморгонский агрегатный завод в 2009 году увеличит выпуск садовых тракторов до 1 тыс. штук // СБ - Беларусь Сегодня. — 6 сентября 2008. Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2011.
Спасылкі
правіць- Официальный сайт ОАО «Сморгонский агрегатный завод»
- Официальный сайт ОАО «Минский тракторный завод»
- Сайт РУП «Сморгонский агрегатный завод»
- Страница РУП «Сморгонский агрегатный завод» на сайте Сморгонского райисполкома
- Сайт конструкторского бюро РУП «Сморгонский агрегатный завод»
- Несостоявшийся гигант. Фотографии проекта «100 дорог».Архівавана 3 чэрвеня 2009.