Спаса-Праабражэнская царква (Дзікушкі)

Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўная царква ў в. Дзікушкі Лідскага раёна.

Славутасць
Спаса-Праабражэнская царква
Дзікушкі царква.JPG
53°37′52,85″ пн. ш. 25°02′32,52″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Вёска Дзікушкі Гродзенская вобласць
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Лідская епархія
Дата пабудовы 1840 год
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

ГісторыяПравіць

Лічыцца, што ў 1442 г. прыход у Дзікушках ужо існаваў. Газета «Литовские епархиальные ведомости» пісала, што Скуміны пабудавалі тут царкву ў 1598 г.. Аднак паводле адных дакументаў Дзікушская царква фундацыі Скумінаў-Тышкевічаў, паводле іншых — фундацыя Мялешкаў. Магчыма справа ў тым, што гэта была ўжо другая драўляная царква на гэтым месцы — першую фундавалі Скуміны-Тышкевічы, а другую — Мялешкі[1].

З актаў візітаў бачна, што пры канцы XVIII ст. царква была «драўляная, на падмурку, добра пабудаваная, з склепам, гонтай крытая, з па-мастацку зробленымі крыжамі, з дзвюмя вежамі на якіх жалезныя пазалочаныя крыжы, пасярэдзіне фацыята з жалезным пазалочаным крыжам, па баках два бляшаныя вазоны, па сярэдзіне купал з жалезным пазалочаным крыжам, на гэтым крыжы чатыры меншыя пазалочаныя крыжы. Усе гэтыя крыжы з бляшанымі падстаўкамі-ножкамі. Могілкі агароджаны плотам з старой парушанай званіцай на слупах, саломай крытай, з трыма званамі і сігнатуркай …. Хоры ўпрыгожаны балясамі і гзымсамі. Столь з дошкі, падлога з цэглы. Лаўкі з абодвух бакоў сталярнай работы, з правага боку сакрысціі, дзверы на жалезных завесах з унутраным замком. Два вялікія акны з белага шкла, апраўленага ў дрэва. Прастол з шуфлядамі, дзе знаходзяцца царкоўныя рэчы. Амбон пафарбаваны, сніцарскай работы, пры амбоне, перад вялікім алтаром, пафарбаваныя балясіны стрыжнямі жалезнымі падпёртыя, з дзверцамі на падвойных жалезных завесах з пакрывалам гарусавым чырвоным, пры якіх спавядальня сталярнай работы. … Царква мае восем калон …»[1].

Мелася капліца «пры плябаніі старая, гонтай крытая, з малым купалам і крыжам жалезным. Уваход у яе праз бабінец, падвойныя дзверы на завесах жалезных з зашчапкамі, прабоямі і замком унутраным …». Ранейшая капліца была ў вёсцы Макары. Па класіфікацыі беларускага гісторыка Д. Лісейчыкава, плябань адносілася да багатых, бо акрамя вялікай колькасці пабудоў (нават свой бровар і лазня) мела ажно 7 прыгонных сямей, якія адпрацоўвалі паншчыну: мужчыны 3 дні ў тыдзень, а жанчыны — 2 дні ўзімку і 4 падчас уборкі ўраджаю[1].

У першай палове XIX ст. драўляная царква прыйшла ў заняпад. У 1825 годзе святар Баброўскі, канонік Брэсцкага капітула паведамляў: «Дзікушская царква з-за сваёй старасці пагражае разваліцца, а таму лепей было б яе апячатаць», і таму было вырашана «звярнуцца да яснавяльможнага пана калятара ці да ўладальніка маёнтка, на зямлі якога знаходзіцца царква, каб замест старой … пачаў мураваць у Дзікушках новую царкву»[1].

Пасля скасавання уніі ў Дзікушскі прыход Літоўскай епархіі, на месца, дзе раней працаваў святар Канеўскі, будучы мітрапаліт Іосіф Сямашка ўладкаваў свайго бацьку, таксама Іосіфа Сямашку, які страціў месца святара ў Кіеўскай губерні. Пасля таго, як Сямашка-бацька прыняў праваслаўе, ён быў высвечаны ў 1840 г. у Жыровічах на званне саборнага протаіерэя і ўзнагароджаны залатым наперсным крыжам. Сямашка-бацька разам з жонкай пераехаў на Лідчыну, у Дзікушках яны пражылі 15 гадоў. Сын-мітрапаліт наведваў іх адзін-два разы ў год[1].

Мураваная Праабражэнская царква, пра неабходнасць якой пісалася яшчэ ў 1825 г., была пабудавана мясцовым абшарнікам Рафаілам Грабоўскім як уніяцкая і асвечана ў 1840 г. Гэтая царква, адразу пасля заканчэння будаўнічых работ, часова была пакрытая саломай. 26 красавіка 1842 г. загарэлася карчма, размешчаная каля царквы. Пажар хутка перакінуўся на саламяны дах храма, у якім якраз ішло набажэнства. Усе драўляныя часткі царквы згарэлі, выратавалі толькі царкоўнае начынне. На ўзнаўленне і ўпрыгожанне Дзікушскай царквы настаяцель Сямашка зрабіў значныя ахвяраванні. Ён набыў 130 пудоў ліставога жалеза і пабудаваў новы бляшаны дах, збудаваў мураваную званіцу і мураваную агароджу вакол царквы. Акрамя таго, быў уладкаваны іканастас, на двух ярусах якога стаялі абразы апосталаў, прарокаў, Спаса, Тайнай вячэры, а абраз Бога Айца быў прымацаваны да столі над прастолам[1].

Ад Скуміных-Тышкевічаў у прытворы царквы яшчэ ў ХІХ ст., у раме, знаходзілася перанесеная са старой драўлянай царквы, пабітая мармуровая пліта памерам 3х1,5 аршыны (1 аршын = 0,711 м) і таўшчынёй у 0,5 аршына. На гэтай пліце меўся стараславянскі надпіс, тэст якога яшчэ ў XIX ст. занатаваў мясцовы настаўнік[1]. У цэнтры верхняй часткі пліты, вырабленай з чорнага мармуру, мелася выява чэрапа і перакрыжаваных касцей, па кутах пліты выявы гербаў «Корчак» і «Корсак». Надмагілле багата аздобленае раслінным арнаментам і ў цэлым выканана на вельмі высокім мастацкім узроўні. Менавіта пра гэтае надмагіле пісаў Яўстах Тышкевіч у кнізе «Надмагіллі сям’і Тышкевічаў». Да нашага часу захавалася толькі ніжняя частка надмагілля, якая захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску[1]. Надпіс на надмагіллі, па сутнасці, прадстаўляе разгорнутую біяграфію нябожчыцы з апісаннем рыс яе характару[2]:

 
Прамалёўка надмагілля Марыны Тышкевіч з кнігі Яўстаха Тышкевіча
  Түт лежит в том гробѣ положона Мари
на Мартиновна Ме(леш)ковича Скүмїноваѧ Тишкеви(чо)ваѧ.
Невѣста побожностю і үчтивостю вшелѧкою часү житѧ сво
его навѣтъ всѣм людем в том панствѣ В(еликом) К(нястве) Лѣт(овском) знаемаѧ, цнот вшелӕ
ких хрестиӕнских взор ї ѡбраз видомыи днеи добрых благословенства Божѣго
полна. Пошедши замүж з домү родичов своих ү году ді (14) ѡт нароженѧ своего, жи
ла ү малженском ст(ане …) мв (42) годы, по смеръти мүжа своего үдовою
годов л҃в҃ (32) үчтіво (…) с(в)оего проваденѧ до сконанѧ своего ѡ дрү
гом малженствѣ не мы(с)лечи, ѡставивши п(особ)ѣ всего потомства своего дүш
болшѣ ѡсмі деті, в старости (…) не толко матка матком, але
бабкам ї прабабкам маткою бү(ла, до)ждавши пращүрат, то ест чет
вертого поколенѧ своего ѡгледавъши, в рокү п҃и҃ (88) ѡт нароженѧ своего
дүшү свою в рүкі Творцы своемү ѡтдала ї до ѳалы его светое з сего св
ѣта преставіласѧ ү выменю ѡтчином малжонка (своего?), на кото
ром ѡт него ѡставлена была, в Дикүшкахъ ро(кү …)
Бож(ого) нарож(енѧ) ҂а҃ф҃ч҃и҃ (1598) м(еся)ца їюлѧ к҃и҃ (28) днѧ ү воторок годины д҃ (4) і в том
 

.

Яшчэ ў канцы ХІХ ст. у царкоўнай рызніцы захоўвалася рукапіснае з кінаварру Евангелле. Дата напісання ў самім рукапісе не ўказана, але на срэбнай дошчачцы вокладкі пастаўлены 1587 г[1].

АрхітэктураПравіць

Помнік архітэктуры ампіру. Вырашана прамавугольным у плане аб’ёмам пад 2-схільным дахам з карнізам на дэнтыкулах. Фасад аформлены 2-калонным порцікам у руставаных антах дарычнага ордэра. Над трохвугольным франтонам узнята цыбулепадобная галоўка. Бакавыя плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Побач сярод бутавай агароджы пастаўлена мураваная 4-гранная шатровая званіца з арачнымі прасветамі.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць