Станіслаў Касцялкоўскі

Станіслаў Касцялкоўскі (нар . 24 кастрычніка 1881 у Гродне, памёр 2 верасня 1960 г. у Пітсфард-Холе каля Нортгемптана) — польскі гісторык, даследчык гісторыі Літвы, прафесар Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя[2][3].

Станіслаў Касцялкоўскі
Род дзейнасці гісторык, выкладчык універсітэта, школьны настаўнік
Дата нараджэння 24 кастрычніка 1881(1881-10-24)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 верасня 1960(1960-09-02)[1] (78 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Месца працы
Член у
Узнагароды і прэміі
камандор ордэна Адраджэння Польшчы сярэбраныя Акадэмічныя лаўры
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Сям'я правіць

Нарадзіўся ў Гродне, у доме № 5 па вуліцы Дамініканскай (тады Саборнай). Яго бацька, Юзаф Касцялкоўскі, нашчадак разгалінаванага роду Касцялкоўскіх, альбо Зындрам-Касцялкоўскіх, з вількамірскай шляхты. Атрымаў адукацыю лекара і працаваў у Кейданах. Пад час паўстання 1863-64 гг. быў начальнікам Панявежскага павета. Удзельнічаў у паходзе Зыгмунта Серакоўскага. Пазней быў камісарам Ковенскага ваяводства. Пасля паразы пад Біржамі быў схоплены царскімі ўладамі і зняволены ў Вільні, пазней сасланы ў Омск. Як чалавек актыўны і шляхетны, Юзаф Касцялкоўскі на выгнанні займаўся лекарскай справай і дабрачыннасцю сярод выгнанцаў. Для інвалідаў, няздольных да працы, ён заклаў прытулак. Паводле рапарта мясцовага жандара, ён займаўся нелегальнай дзейнасцю, стаў на чале омскай арганізацыі, якая рыхтавала разам з іншымі асяродкамі выгнанцаў агульнае паўстанне ў Сібіры. Пасля першай амністыі пераехаў у Пензенскую губерню, а потым у Апочна Радамскай губерні. Напрыканцы жыцця прыехаў у Гродна і тут памёр 7 студзеня 1895 года.

Жонкай Юзафа Касцялкоўскага была Людвіка Эйсымантоўна (сястра другой жонкі Якуба Гейштара) з вельмі разгалінаванага ў Літве роду Эйсмантаў[4].

Адукацыя правіць

Скончыў Гродзенскую гімназію ў 1900 годзе з залатым медалём, хаця ледзь нe быў выключаны з апошняга класа з-за выкладчыка гісторыі Яўстаха Арлоўскага, які данёс дырэктару, што выпускнік у кнігарні размаўляе на забароненай польскай мове. На рубяжы стагоддзяў у Гродне дзейнічаў самаадукацыйны гурток. Яго сходы адбываліся ў доме Фердынанда Матушэўскага, тут жа існавала канспіратыўная бібліятэка. Да гуртка ў розныя часы належалі Францішак Гадлеўскі, Казімір Гедройць, Станіслаў Касцялкоўскі[4].

З 1900 вывучаў польскую гісторыю і літаратуру, год у Імператарскім Варшаўскім універсітэце, а потым у Ягелонскім універсітэце. У 1905 абараніў доктарскую дысертацыю пад назвай Палітычная роля Антонія Тызенгаўза (пад кіраўніцтвам прафесара У. Закшэўскага). Затым ён адправіўся ў Рым у якасці стыпендыята Акадэміі ўменняў .

Праца настаўнікам у Вільні правіць

У 1906 пасяліўся ў Вільні, працаваў настаўнікам польскай мовы ў расійскіх урадавых гімназіях. У 1915, падчас нямецкай акупацыі, стаў сябрам тайнага Адукацыйнага камітэту, пачаўшы арганізацыю польскай адукацыі, як сярэдняй, так і вышэйшай. Па яго ініцыятыве ў верасні 1915 пачалі дзейнічаць дзве сярэднія школы: мужчынская, пазней Гімназія ім. Зыгмунта Аўгуста і жаночая гімназія, пазней названая ў гонар пісьменніцы Элізы Ажэшка, з якой сябравала сям'я Касцялкоўскіх. Станіслаў Касцялкоўскі пэўны час кіраваў абедзвюма школамі, выкладаў у іх гісторыю і польскую літаратуру.

Праца ў Таварыстве сяброў навук правіць

Галоўнай жа арганізацыяй, якой ён аддаваў усе свае сілы і здольнасці ад пачатку яе ўтварэння ў 1907 да 1941 года было Віленскае таварыства сяброў навук. Гэтая інстытуцыя ў першай палове ХХ стагоддзя адыгрывала найважнейшую ролю (пасля Віленскага універсітэта) у галіне арганізацыі навукі, выдавецкай справе, збіранні бібліятэчна-музейных фондаў. Віленскае Таварыства сяброў навукі выдала (з 1907 па 1939 год) некалькі дзесяткаў тамоў даследчых прац («Рочнікі», «Атэнэўм Віленьске», «Матэрыялы і працы»), сабрала бібліятэку каля 140 000 тамоў, у якой знаходзіліся бясцэнныя кніжныя скарбы, рукапісы; ім былі створаны музеі (прыроды і археалогіі), а таксама галерэя прыгожага мастацтва (карцін і скульптур) . Без перабольшвання можна сказаць, што ўся гэтая праца праводзілася па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Касцялкоўскага. Увайшоў ва ўправу Таварыства адразу ў 1907 г. Пасля смерці прафесара Марыяна Здзяхоўскага (1861—1939) стаў яго фармальным старшынёй[4].

Праца ў Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя правіць

Адначасова ён удзельнічаў у рабоце арганізацыйнага камітэта Віленскага ўніверсітэта і ў 1919 г. увайшоў у склад часовага сената гэтага ўніверсітэта. У 1921 г. ён заняў пасаду намесніка прафесара УСБ, а 27 сакавіка 1923 г. стаў надзвычайным прафесарам. У адроджаным Універсітэце імя Стэфана Баторыя ўзначальваў кафедру гісторыі Польшчы. У 1935 г. стаў прафесарам. За час вучобы ва ўніверсітэце займаў розныя пасады, у т.л намесніка дэкана гуманітарнага факультэта. Навуковыя інтарэсы былі сканцэнтраваны перш за ўсё на гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Вакол Касцялкоўскага збіралася вялікая група патэнцыйна здольных даследчыкаў. Можна сказаць, што ён стварыў сваю школу вучняў, характэрнай рысай якой была дасканалая метадычная падрыхтоўка, уменне працаваць з архіўнымі крыніцамі, дакладнасць у факталогіі і абгрунтаванасць высноў. Самымі выдатнымі вучнямі прафесара Касцялкоўскага былі Генрык Лаўмянскі і Леанід Жытковіч. Ён спрыяў выданню іх магістарскіх прац у выдавецтвах Таварыства сяброў навук[4].

Ён быў своеасаблівым выкладчыкам-настаўнікам, натхняльнікам студэнтаў гуманітарнага накірунку. Пад яго кіраўніцтвам былі напісаны такія працы па гісторыі ВКЛ як “Літоўская шляхта і пытанні збора правоў Анджэя Замойскага на старонках пасольскіх інструкцый 1776, 1778, 1780 i 1782 гадоў” Крыстыны Адольхавай, “Антоні Глябовіч – забыты біёграф Вітаўта” Марты Бурбянкі, і яе ж праца “Войтаўскі ўряд у Вільне. Паўстанне, прысвячэнне і прызначэнне войтаў…” (прызнаная навуковым кіраўніком лепшай працай) , “Партыя Тызенгаўзаў на літоўскіх сейміках” Ганны Каленкевіч-Міровіч. Падымалася праблематыка татарскай меншасці Лук’янам Краўцом, даследаванне праваслаўнай царквы Аляксеям Дзяругай. І напісаная Ежы Ордам доктарская праца “Пінск. Пачаткі, тапаграфія і кароткая гісторыя да XVII ст.”. Пры ўдзеле студэнтаў С. Касцялкоўскага была падрыхтавана “Памятная кніга Гістарычнага кола слухачоў Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя[5].

Умеў наладжваць кантакты і сяброўства са сваімі шматлікімі вучнямі. Вакол яго ўтварылася своеасаблівая сям’я (сваіх дзяцей у яго не было), члены якой любілі прафесара як бацьку. А для яго не былі вызначальнымі паходжанне альбо веравызнанне вучня (напрыклад, Л. Жытковіч быў праваслаўным беларусам са Смаргоні). Яго былыя вучні адзначалі духоўную гармонію, спакойны і ўраўнаважаны характар свайго Настаўніка, вернасць маральным прынцыпам[4].

Пасля агрэсіі Трэцяга Рэйху і СССР на Польшчу і перадачы СССР Літве акупаванай пасля агрэсіі супраць Польшчы Вільні і ліквідацыі літоўскімі ўладамі 15 снежня 1939 г. Універсітэта Стэфана Баторыя, не пераставаў працаваць, праводзячы ў сябе дома сакрэтныя заняткі са студэнтамі ў 1940-1941 гг.

Пасля анексіі Літвы СССР (3 жніўня 1940 г.) у чэрвені 1941 г. быў арыштаваны ў будынку Таварыства сяброў навукі НКВД і вывезены ў лагер сістэмы ГУЛАГ на паўночным Урале.

Эміграцыйны перыяд правіць

Вызвалены пасля пачатку нямецка-савецкай вайны і пагаднення Сікорскага-Майскага ў студзені 1942 г., эвакуіраваўся разам з арміяй Андэрса ў Іран. Колішні калега па Віленскім універсітэце прафесар Віктар Сукеніцкі заклаў у Тэгеране Таварыства іранскіх даследаванняў. Касцялкоўскі стаў старшынём гэтай інстытуцыі. Акрамя яго, тут працавалі прафесары УСБ Чэслаў Чарноўскі і Станіслаў Свяневіч. Віленскія прафесары выдавалі «Іранскія даследаванні», арганізавалі курсы ведаў аб Іране для палякаў, чыталі шматлікія лекцыі.

У 1945 г. пераехаў у Бейрут. Тут Таварыства іранскіх даследаванняў ператвараецца ў Польскі інстытут даследаванняў Блізкага Усходу. У Бейруце па ініцыятыве Касцялкоўскага паўстае вышэйшая навучальная ўстанова Паланістычная Школа. У гэты перыяд жыцця натхнёны прыкладам свайго папярэдніка на ніве даследавання Блізкага Усходу, земляка (родам з Падароску Ваўкавыскага павета), ксяндза-езуіта М. Рыла, прафесар напісаў працу, прысвечаную выдатнаму місіянеру, «Айцец Максімільян Рыла», а таксама «Палякі ў Сірыі і Ліване ў гістарычнай перспектыве». Пад час свайго побыту на Блізкім Усходзе Касцялкоўскі праводзіў краязнаўчыя і этнаграфічныя даследаванні, аб якіх таксама выдаў некалькі навуковых прац[4].

У 1950 годзе ён з'ехаў у Англію, пасяліўшыся ў Пітсфард-Холе каля Нортгемптана. Тут ён адразу ўключыўся ў дзейнасць Акадэмічнай супольнасці Універсітэта Стэфана Баторыя, якая ўзнікла ў Лондане ў 1947 г. Касцялкоўскі становіцца яе старшынёй. Свае шматлікія працы ён выдае ў часопісе Супольнасці пад назвай «Alma Mater Vilnensis». Так, у 1956 г. выйшлі «Візантыя і Рым у культуры сярэднявечнай Еўропы», «Душа Усходу», «Персяполь – восьмы цуд свету». Дарэчы, увесь чацвёрты том «Alma Mater Vilnensis» быў прысвечаны 75-годдзю С. Касцялкоўскага і складаўся выключна з твораў юбіляра.

Апошнія гады свайго жыцця Касцялкоўскі быў прафесарам Польскага універсітэта на чужыне (Лондан). Яго нават выбралі рэктарам гэтай установы, але па стане здароўя вучоны не змог прыняць ганаровай прапановы. Тады ж выйшаў яго падручнік для пачынаючых гісторыкаў «Гісторыка. Уступ да гістарычных даследаванняў». Прынцыповае значэнне мела рэцэнзія вучонага на том «Гісторыі Польшчы», які быў выдадзены ў ПНР.

Да апошняга дня свайго жыцця прафесар С. Касцялкоўскі пісаў навуковыя працы, супрацоўнічаў з парыжскай «Культурай» і «Тэкамі Гістарычнымі» (орган Польскага гістарычнага таварыства на чужыне), чытаў лекцыі ў Польскім навуковым таварыстве і іншых інстытуцыях[4].

Памёр 2 верасня 1960 года.

Праца пра Антонія Тызенгаўза правіць

За тры гады да таго, як малады Касцялкоўскі паступіў у Ягелонскі універсітэт, выйшла знакамітая праца Тадэвуша Корзана (1839–1918) аб гісторыі Польшчы ў часы Станіслава Аўгуста (1897). Тады Станіслаў Касцялкоўскі і вырашыў напісаць працу аб гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў часы Станіслава Аўгуста. Руплівая праца працягвалася больш за 30 год. Ён збіраў матэрыялы па ўсіх магчымых архівах у краіне і за мяжой. За гэты час надрукаваў некалькі манаграфічных прац на дадзеную тэму («Даследаванні аб каралеўскіх эканоміях ў Літве», «Корпус кадэтаў у Нясвіжы», «З гісторыі Скарбовай Камісіі Літоўскай», «Жыццяпіс Антонія Тызенгаўза»), у выданнях Таварыства сяброў навук і інш. Вучні прафесара з Універсітэта Стэфана Баторыя таксама напісалі некалькі магістэрскіх і навуковых прац на блізкія тэмы. Галоўны опус Касцялкоўскага разросся да больш тысячы старонак і нарэшце быў здадзены ў друк у Вільні ў 1939 годзе, перад самай вайной. На шчасце, пад час вайны машынапіс не загінуў. Выратаваў яго Леанід Жытковіч. Касцялкоўскі шмат гадоў ён быў перакананы, што справа ягонага жыцця – манаграфія аб Антоніі Тызенгаўзе – загінула беззваротна, але радасць была бязмежная, калі ён атрымаў яе каля 1958 г. Непасрэдна перад смерцю аўтара выдаць ягоную працу бралася парыжская «Культура» (выхад двух вялікіх тамоў быў запланаваны на 1961 год). Аднак аграмадная праца ўбачыла свет толькі ў 1970–1971 гг. у Лондане пад назвай «Антоні Тызенгаўз, падскарбі надворны літоўскі. Даследаванні па гісторыі Літвы на пачатку панавання Станіслава Аўгуста (1765–1780)»[4].

 
Станіслаў Касцялкоўскі

Ордэны і ўзнагароды правіць

Зноскі

  1. а б Stanisław Kościałkowski // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 1999. – Т. 8. – С. 166.
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск, 1997. – Т. 4. – С. 146.
  4. а б в г д е ё ж Семянчук Альбіна. Жыццёвы шлях Станіслава Касцялкоўскага - прафесара Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя // Ян Булгак і культура заходнебеларускага рэгіёну ў канцы ХІХ ст. і да Другой сусветнай вайны. Архівавана 3 снежня 2022. Зборнік навуковых артыкулаў. - Гродна: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2009. - С. 83-90.
  5. Любы Андрэй. Традыцыі вывучэння Вялікага Княства Літоўскага ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя і гістарыяграфія другой паловы ХХ ст. // Традиции университета: от Франциска Скорины до современности: сб. материалов Междунар. науч. конф., Минск, 26–27 окт. 2017 г. / редкол. : С. Н. Ходин [и др.]. – Минск : Изд. центр БГУ, 2017. – С. 153-154.
  6. M.P. z 1928 r. nr 260, poz. 630 „za zasługi, na polu pracy narodowo-społecznej i oświatowej”.
  7. http://jbc.bj.uj.edu.pl/dlibra/plain-content?id=39775. {{cite journal}}: Шаблон цытавання journal патрабуе |journal= (даведка); Адсутнічае або пусты |title= (даведка)