Стратэг

(Пасля перасылкі з Стратыг)

Стратэг (грэч. στρατηγός — ваявода, военачальнік, вайскавод, ад στρατός — войска і ἄγω — весці, вяду) — у старажытнагрэчаскіх гарадах-дзяржавах галоўнакамандуючы войскам з паўнамоцтвамі распараджацца фінансамі і чыніць суд у даручаным яму войску, а таксама будаваць знешнія адносіны ў межах, неабходных для дасягнення задач, пастаўленых перад даручаным яму войскам.

Бюст невядомага грэчаскага стратэга.

Стратэгамі таксама называліся ў Эліністычным Егіпце прызначаныя царамі Пталамеямі прадстаўнікі грэка-македонскай адміністрацыі ў абласцях краіны — номах.

Гісторыя

правіць

Пасада стратэга была паўсюднай: так, мы маем звесткі пра існаванне яе ў іанійскіх гарадах Малой Азіі (у канцы VI стагоддзя), у Аргасе, дзе было 5 стратэгаў, у Сіракузах, Беотыі, і гэтак далей; акрамя таго, згадваюцца стратэгі як кіраўнікі саюзаў (аркадскага, акарнанскага, эпірскага, ахейскага, эталійскага, фесалійскага і іншых).

У Афінах стратэгія была вышэйшай дзяржаўнай пасадай дзякуючы магчымасці ўплываць на заканадаўства і праву займаць пасаду некалькі разоў запар (напрыклад, Перыкл быў стратэгам запар 15 гадоў[1], Факіён — 45 раз на працягу жыцця). З часу Клісфенава заканадаўства стратэгаў было, па колькасці філаў, дзесяць, і гэта колькасць утрымлівалася, пакуль існавала калегія (да 52 ці 42 г. да н.э.). Акрамя звычайнай кваліфікацыі, якая прад'яўлялася да ўсіх афінскіх магістратаў, стратэг павінен быў мець уласнасць у Атыцы (пры Драканце — не менш за 100 мін) і законных сыноў ва ўзросце не маладзей за 10 гадоў.

У стратэгі выбіраліся звычайна асобы старэйшыя за 40 гадоў. Пры Клісфене стратэгі выбіраліся па філах, з кожнай па адным; у IV стагоддзі выбар стратэга адбываўся на народным сходзе. У дзень уступлення на пасаду стратэгі прыносілі прысягу; пасля складання паўнамоцтваў яны давалі справаздачу; акрамя таго, у кожную прытанію рабілася паверкавае галасаванне (грэч. έπιχειροτονία) для службовай рэвізіі. Калі адносна каго-небудзь галасаванне давала дрэнны вынік, справа разглядалася ў народным судзе і супамерна віне прызначалася пакаранне; у выпадку апраўдання такі стратэг ізноў займаў на сваю пасаду.

Усяго важней было права стратэга склікаць народны сход (лац.: ius cum populo agendi), якое па прапанове стратэга зацвярджала каштарыс ваеннага ведамства і вырашала шматлікія пытанні знешняй палітыкі (заключэнняў дагавораў, абвяшчэнне вайны і іншае). Апроч заканадаўчых функцый, стратэгі мелі шырокае кола адміністрацыйных абавязкаў ваеннага, судовага і фінансавага характару. Яны праводзілі набор войска з грамадзян і саюзнікаў, былі выканаўцамі дагавораў, клапаціліся пра выкананне клятваў і рэлігійных фармальнасцей пры заключэнні дагавораў, распараджаліся каштарыснымі сумамі, надзвычайнымі паступленнямі (са здабычы, штрафаў і выплаты за канваяванне падчас вайны камерцыйных суднаў), адказвалі за пастаўку хлеба ў Афіны, прызначалі трыерархаў, вялі працэсы, звязаныя з размеркаваннем трыерычнай павіннасці, мелі вярхоўны нагляд за дзейнасцю сімарый і разбіралі спрэчныя справы аб збіранні прамога падатку на ваенныя патрэбы.

Апроч кіраўніцтва згаданымі працэсамі, стратэгі мелі крымінальную юрысдыкцыю ў ваенных справах (па абвінавачванні ва неўдзеле ў паходзе, дэзертырстве, баязлівасці) і права накладаць пакаранні, уключаючы смяротнае пакаранне (за здраду), а таксама ўзнагароджваць; па прадстаўленні стратэгаў праходзілі за кошт дзяржавы пахаванні асоб, якія загінулі на поле бітвы. Як размяркоўваліся гэтыя функцыі паміж членамі калегіі, з дакладнасцю сказаць цяжка. Паводле Арыстоцеля («Афінская палітыя»), адзін са стратэгаў (верагодна — вышэйшы) абіраўся да гоплітаў, адзін для аховы краіны, два для Пірэя, адзін для сімарый; астатнія пяць пасылаліся ў паход, калі таго патрабавалі акалічнасці.

Згадваюцца яшчэ стратэгі для падрыхтовак да вайны, для наёмных войскаў, для флоту. Знешнімі знакамі адрознення стратэгаў былі халаміда і вянок. Яны мелі ганаровае месца ў тэатры, удзельнічалі ў працэсіі на Панафінейскім свяце, мелі казённы стол у στρατηγήϊον і харчаванне; за асобыя адрозненні стратэгі ўзнагароджваліся статуямі. У выпадках асабліва важных і падчас небяспечных войнаў стратэгі атрымлівалі яшчэ большыя паўнамоцтвы і маглі дзейнічаць самастойна, без папярэдняга рашэння і згоды савета і народнага сходу (грэч. στρατηγον αύτοκράτορες).

Стратэгі ў Эліністычным Егіпце

правіць

У Егіпце пры Пталамеях стратэгі былі намеснікамі номаў і знаходзіліся пад начальствам эпістратэгаў трох акруг Егіпта (Фіваіды, Гептанаміды і Дэльты).

Да сярэдзіны III ст. да н.э. да іх перайшлі паўнамоцтвы вярхоўнай улады ў номе ад ранейшых аканомаў — намархаў. Намархі сталі паступова саступаць уладу прызначаным у номы стратэгам. Гэтыя пасады былі ўведзены Пталамеем I (кіраваў 323—283 гг. да н.э.), як следства заваявання Егіпта грэка-македанянамі. Стратэг быў ваенна-адміністрацыйнай апорай Пталамеяў і забяспечваў неабходны для ўрада парадак і звычайнае функцыянаванне номавых ведамстваў. Пталамей II (кіраваў 285—246 гг. да н.э.) канчаткова размеркаваў адміністрацыйныя функцыі, номавыя чыноўнікі цяпер фармальна падпарадкоўваліся цару, а рэальна — прызначанаму прадстаўніку цара — стратэгу, да якога пераходзіць ваенна-палітычная ўлада ў номе. Намарх становіцца кіраўніком царскімі ўладаннямі, фактычна яго паўнамоцтвы зводзяцца да функцый чыноўніка па сельскагаспадарчым ведамстве.[2]

Стратэгі ў Візантыі

правіць

У Візантыйскай імперыі VII — X стагоддзяў «стратыг» — намеснік і галоўнакамандуючы фемы (гэта значыць ваенна-адміністрацыйнай акругі), які валодае ўсёй поўнасцю грамадзянскай і ваеннай улады. У візантыйскай табелі аб рангах X стагоддзя стратыг фемы адносіцца да асоб 1-га класа, ступені і чыну. Аднак з XI стагоддзя стратыгі страчваюць уладу і ператвараюцца ў начальнікаў гарадскіх і прыгонных гарнізонаў, а з XII стагоддзя пасада наогул знікае.

Сучаснае выкарыстанне

правіць

У сучасным свеце гэтым паняццем называюць чалавека, адказнага за стратэгічныя рашэнні.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Старажытная Грэцыя. Афінская дэмакратыя пры Перыкле Архівавана 25 лютага 2014.
  2. Д. В. Кузнецов. «Эллинистический Египет: основные тенденции развития в конце IV — второй трети I вв. до н. э.» с. 81-82.

Літаратура

правіць
  • Gilbert, «Beiträge zur innern Geschichte Atticas im Zeitalter des Peloponnesischen Krieges» (стр. 1—72, Лпц., 1877)
  • Beloch, «Die Attische Politik seit Pericles» (Anhang I, стр. 265—330, Лпц., 1884)
  • Droys en, «Bomerkungen ü ber die Attischen Strategen», в «Hermes» (IX, Б., 1875)
  • Fickelscherer, «Das Kriegswesen der Alten» (Лпц., 1888)
  • Fischer, «Quaestionum de praetoribus Atticis Saec. V et VI Specimen» (Кёнігсберг, 1881)
  • Hauvette-Besnault, «Les stratèges Atheniens» (Пар., 1885)
  • Swoboda, «Die politische Stellung der attischen Strategen» в «Rhein. Mus.» (XLV, 1890)
  • Wilamowitz-Möllendorff, «Aristoteles und Athen» (Б., 1893).
  • Стратэ́г // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 201. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).

Спасылкі

правіць
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).