Фракійская мова
Фракі́йская мова — адна з моў індаеўрапейскай сям'і моў, у старажытныя часы распаўсюджаная на поўдні Усходняй Еўропы ў гістарычным рэгіёне Фракія, які ахопліваў сучасныя Балгарыю, Паўночную Македонію, еўрапейскую частку Турцыі, а таксама паўднёвы ўсход сучаснае Румыніі (Дабруджа) і некаторыя часткі Грэцыі і Сербіі; была распаўсюджана сярод гістарычнага этнасу фракійцаў. Раннім Сярэднявеччам датуецца смерць мовы.
Фракійская мова | |
---|---|
Краіны | Фракіі (суч. Балгарыя, Паўночная Македонія, еўрапейская частка Турцыі, паўднёвы ўсход Румыніі, пэўныя рэгіёны Грэцыі і Сербіі) |
Рэгіёны | Усходняя Еўропа |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Моўныя коды | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-3 | txh |
IETF | txh |
Glottolog | thra1250 |
Даведзены індаеўрапейскі характар мовы, аднак не ўсталяваная яе дакладная класіфікацыя сярод індаеўрапейскіх моў. Як і іншыя падобныя старажытныя мовы Балканскага паўвостраву, фракійская мова часта аб'ядноўваецца пад паняццям палеабалканскія мовы, які не з'яўляецца генетычным аб'яднаннем і ўключае толькі шэраг некласіфікаваных індаеўрапейскіх моў рэгіёна.
Мова вядомая толькі дзякуючы досыць абмежаванаму корпусу пісьмовых помнікаў, які ўключае ў сябе серыю глосаў у старажытнагрэчаскіх крыніцах і некалькі надзвычай кароткіх надпісаў. Граматыка мовы дагэтуль не рэканструяваная, часам да фракійскай мовы адносяць словы няяснай этымалогіі балгарскай і румынскай моў.
Гісторыя
правіцьФракійцы згадваюцца ўжо ў часы Гамера як саюзнікі траянцаў, пазней сведчанні Герадота згадвалі фракійцаў як другі паводле колькасці народ пасля індыйцаў. У V ст. да н.э. фракійцам удалося стварыць уласную дзяржаву, якая, аднак ужо ў наступным стагоддзі была заваявана македонцамі. Пачынаючы з II ст. да н.э. Фракію пачынаюць паступова заваёўваць рымляне.
Прыкладна не пазней за V ст. н.э. большасць фракійцаў зведала раманізацыю або элінізацыю (моўную асіміляцыю з пераходам на лаціну або грэчаскую мовы). Іншыя звесткі падаюць поўнае выцясненне фракійскай мовы на перыяд VI ст. н.э., што адбывалася дыялектамі славян, якія на той час перасяліліся ў Фракію. У якасці доказу на карысць асіміляцыі фракійцаў славянамі, а не ранейшымі грэкамі, разглядаецца тое, што назва балгарскага Плоўдзіву ўзыходзіць да фракійскага Pulpuldeva, а не да старажытнагрэчаскага Φιλιππούπολις[1]. Некаторыя лінгвісты таксама дапускаюць мажлівасць існавання фракійскага субстрату ў румынскай мове.
Класіфікацыя
правіцьНа цяперашні час агульнапрызнаным з'яўляецца індаеўрапейскі характар фракійскай мовы, аднак не ўсталяванае яе дакладнае месца сярод іншых моў гэтай сям'і.
Адной з найбольш распаўсюджаных гіпотэзаў класіфікацыі фракійскай мовы адносна іншых індаеўрапейскіх з'яўляецца гіпотэза аб утварэнні асобнай галіны з фракійскай і дакійскай моў (апошняя была ў асноўным распаўсюджаная да раманізацыі сучаснае Румыніі і Малдовы на тэрыторыі гэтых сучасных краін). Раней таксама ставіліся спробы па выяўленні асаблівых сувязяў між фракійскай мовай і іншай індаеўрапейскай мовай няяснай класіфікацыі — фрыгійскай, аднак на цяперашні час гіпотэза аб фрака-фрыгійскіх сувязях у асноўным адхіленая[2]. Існуюць таксама гіпотэзы аб паходжанні фракійскай мовы як даччыннай мовы адносна дакійскай.
Прадстаўленыя таксама гіпотэзы аб фрака-ілірыйскіх сувязях і гіпотэзы, паводле якіх фракійская мова з'яўлялася асобнай галіной у складзе індаеўрапейскай сям'і моў (для параўнання, падобная класіфікацыя прынятая для албанскай і армянскай моў). Высоўваюцца гіпотэзы, паводле якіх мяркуецца пра паходжанне Албанскай мовы з ілірыйскай мовы з фракійскім уплывам або непасрэдна з фракійскай. На думку балгарскага лінгвіста У. Георгіева, дакійская, фракійская і Албанская мова ўтвараюць уласную галіну ў складзе індаеўрапейскіх моў[3].
Тым не менш, у сувязі з вельмі маленькай ступенню пісьмовай фіксацыі дакійскай, ілірыйскай і фрыгійскай моў дадзеныя гіпотэзы з'яўляюцца малаабгрунтаванымі[4][5]. Іншыя пункты гледжання адмаўляюць гэтыя гіпотэзы паводле іншых крытэраў: так, гіпотэза фрака-ілірыйскіх сувязяў крытыкуецца ў сувязі з мажлівым узаемным уплывам дзвюх моў[6].
Пастулююцца сувязі меркаванае фрака-дакійскай галіны з Албанскай, старажытнагрэчаскай або балтыйскімі[7] мовамі. Прапаноўваліся гіпатэтычныя сувязі фракійскай мовы з іншай палеабалканскай мовай, пеанійскай, што, аднак, таксама з'яўляецца сумніўным праз слабую зафіксаванасць апошняй.
Румынскім лінгвістам С. Алцяну была высунутая гіпотэза, паводле якой дакійская і фракійская мова першапачаткова з'яўляліся «кентумнымі» мовамі, пасля чаго абедзве мовы зазналі сатэмізацыю[8].
На падставе пэўных паралеляў у тапаніміцы высоўвалася гіпотэза аб збліжэнні з фракійскай мовай балтыйскіх моў, на карысць чаго выступаў, у прыватнасці, Э. Палямэ[9]. Гіпотэзы цесных генетычных сувязяў між балтыйскімі мовамі і фракійскай, ілірыйскай і шэрагам іншых моў Балканаў прытрымліваўся савецкі даследчык балтыйскіх моў У. Тапароў[10].
Даследаванне
правіцьНа цяперашні час у распараджэнні даследчыкаў знаходзіцца мала сведчанняў фракійскай мовы, асноўныя захаваныя пісьмовыя помнікі мовы ўяўляюць сабою кароткія фразы з некалькіх словаў, дэшыфроўка якіх не можа быць цалкам дакладнай. Некаторыя з гэтых сведчанняў могуць адлюстроўваць уласныя імёны або магічныя формулы[11]. Фракійская мова запісвалася грэчаскім алфавітам, вядомыя лацінскія надпісы пазнейшых перыядаў[12]. Першыя помнікі фракійскай мовы ўзыходзяць да V ст. да н.э., існуе 80-90 глосаў у Гесыхіюса і Фоцыя, з якіх каля 30 лічацца дакладна фракійскімі[5][13].
Захаваныя лексемы фракійскай мовы сведчаць на карысць прыналежнасці фракійскай мовы да індаеўрапейскай сям'і моў, пры гэтым у іх складзе фракійская належала да г.зв. «сатэмных» моў — моў, у якіх праіндаеўрапейскія палатальныя зычныя далі рэфлексы ў выглядзе свісцячых (да сатэмных індаеўрапейскіх моў адносяцца, напрыклад, славянскія мовы). Акрамя вышэйзгаданых сведчанняў, звесткі пра фракійскую мову адшукваюцца дзякуючы асабістым імёнам, тапонімам (у тым ліку аронімам і гідронімам), назвам раслін, імёнам божастваў і невялікім корпусам лексемаў, якія прыводзіліся ў старажытнагрэчаскіх тэкстах як спецыфічна фракійскія[14]. Шэраг іншых лексемаў прасочваецца ў старажытнагрэчаскіх тэкстах, дзе гэтыя лексемы не памянёныя ў якасці фракійскіх, або праз мясцовыя тапонімы і ўласныя імёны. Ніжэй прыведзеныя некаторыя ўзоры фракійскіх лексемаў, атрыманыя праз уласныя імёны, або знойдзеныя непасрэдна з улікам кагнатаў (роднасных словаў аднаго паходжання) іншых індаеўрапейскіх моў і пералікам субстратных словаў сучасных моў рэгіёна. Некаторыя з гэтых лексемаў могуць мець неіндаеўрапейскае паходжанне.
Зафіксаваная форма | Пераклад | Этымалогія | Кагнаты | |
---|---|---|---|---|
alopekis | крышка, вечка | |||
asa | бесійская назва падбелу | |||
aspios, esvas, asbe-, | конь | PIE *h₁éḱwos | санскр.: áśva- (тое ж), авест. aspa, (тое ж), ас.: jäfs, пруск. aswinan «кабылінае малако», літ.: ašvíenis «жарабец», дыял. ešvà «кабыла». | |
bolinthos | бык | PIE *bʰel-, «набухаць» | англ.: bull «бык», алб.: buall, тое ж (дыскусійна) | |
bria | мястэчка | PIE *wriyeh₂ або *gʷer- «моцны» | мікенск. rijo «мыс», балг.: рид, тое ж, тах. А. ri, тах. B rīye «мястэчка»; грэч. barus «моцны». | |
bríloun | цырульнік | PIE *bʰrī-l- | ст.-слав. briti «галіць», стар.-ірл. brissim «разбураю», лац.: friare «церці, крышыць», альб. brej, brêj «грызьці», санскр. bhrīn.anti «шкодзяць», лет. briauna «вастрыё [нажа]». | |
bríza | пшаніца, жыта | 1) PIE *wrīǵʰ- або *breǵʰ- | баўг. brica (назва гатунку зерневай расліны), санскр. vrīhis «рыс», нарв.: brok (назва віду травы). | |
brynchos | назва музычнага інструменту | PIE *bʰrm-kos | стар.-грэч.: phórmynx (у эалійскім дыялекце); ст.-ням. brumme «дуда»[15], баўг. brămči «звон», рум.: broancă «струнны інструмент», лет. braukyti «шчыпаць [струны інструменту]»|- | |
brytos, bryton, brutos, bryttion | ячменевае піва | PIE *bʰrūto- | анг. broth «пахлёбка»; сяр.-верх.-ням. briu, альб. bruz «сіні, блакітны», brumë «цеста», вал.: brwd «бровар», лац. defrutum «звараны», стар.-грэчаск. apéphrysen «бурліць», санскр. bhurati «дрыжыць». | |
deiza, disza, diza, dizos | умацаванае паселішча | PIE *dʰeigʰ- «мясіць гліну» | стар.-грэчаск. teichos «сцяна», авест. daeza (тое ж), анг. dough «цеста». | |
dinupula, *sinupyla (рэканструяваная форма) | дзікі гарбуз | лет. šúnobuolas (тое ж), альб. thënukël «кізіл», баўг. dinja «дыня», польск.: dynia «гарбуз». | ||
embades | боты | альб. mbath (тое ж), ст.-верх.-ням. ambahte «староста». | ||
génton | мяса | PIE *gʷʰento- «біць, рэзаць» | лац. fendere «біць, штурхаць», стар.-англ.: gūth «баявы», альб. gjuaj «пераследваць, паляваць», вал. gwannu «закалоць», стар.-грэчаск. theínein «біць, забіваць», арм.: ganem «б'ю», санскр. hánti «б'е, забівае», hatyá (тое ж), гецк. kuenzi «б'е», ст.-слав. žętva «ураджай, жніво, ужынак», žęteljĭ «жнец». | |
germe | «цёплы» | PIE *gʷʰer-, тое ж | стар.-грэчаск. thermos (тое ж), лац. formus (тое ж), хіндзі: gharam «цёплы, гарачы», перс.: gærm «цёплы», пруск. gorme «цеплыня», альб. zjarm, zjerm (мн. л., дыял.), zjermë, zjarme «агонь», лет. garmėti «акунуцца, апусціцца». | |
kalamindar | платан | |||
kemos | назва віду фруктовага дрэва | |||
ktistai (мн. л.) | людзі ва ўстрыманні, манахі | |||
manteia | шаўкавіца (дыскусійна) | ілірыйск. mantía, альб. mandë (гескі дыялект), альб. mën, man «ягада, шаўкавіца». | ||
mendruta | мёзская назва бурака або чамярыцы чорнай | |||
mezēnai (а таксама атрыманае mezēna) | «вершнік, конь» адпаведна | альб. mëz «жарабя», рум. mânz (тое ж), месапск. Menzana. | ||
para, pera, peron | мястэчка | санскр. pura «горада, горад», альб. pjerr «згінаць, схіляць», пруск. pera «сукупнасць», peroni «грамада», лет. pilis «замак». | ||
rhomphaia | дзіда, меч (пазнейшае) | альб. rrufë, rrufeja «пярун, маланка, бліскавіца», баўг. roféja, rufija (дыял., тое ж), лац. rumpere «разбіваць, ірваць», ст.-анг. reofan (тое ж). | ||
sica | назва кароткай колючай зброі, таксама згадваецца як ілірыйская лексема | PIE *sek- «рэзаць» | альб. thikë (тое ж, ранейшая рэканструяваная форма — *sica), лац. secula «серп», ст.-анг. sagu «піла», арм. şiş «кінжал, шампур», польск. siekać «сячы», лет. seikėti «мерыць». | |
skálmē | нож, меч | PIE *skolmeh₂ | ст.-сканд. skalm «нож, кароткі меч», альб. shkallmë «меч, нож». | |
skárke | манета | PIE *skerg- «звінець, бражджаць» | ст.-сканд. skark «шум», санскр. Sanskrit kharjati «рыпець», лет. skarda «волава». | |
spinos | від камянёў | альб. finjë (< пр.-альб. *spinā) «мыльная пена» | ||
titha | з выразу Diana Germetitha «Дыяна цеплагрудая» | грудзі (некаторыя этымалогіі) | стар.-грэчаск. titthos (тое ж), лац. *titia (тое ж), альб. thitha «саскі», баўг. tsitsa (тое ж), рум. ţâţă (тое ж) | |
torelle | плач | альб. torrë «глупы» (гескі дыялект) | ||
zalmós, zelmis | скура | PIE *ḱelm-, *ḱolm- | ням.: helm «шлем», альб. thelmë «ануча, павязка», лет. šálmas, пруск salmis «шлем», ст.-слав. šlĕmъ (тое ж), санскр. śárman «вечка, крышка» | |
zeira, zira | назва віду вопраткі | |||
zelas | віно | PIE *ǵʰēlo- | ст.-макед. kalithos (тое ж), санскр. hālā (назва віду алкагольнага напою), альб. dhallë «кіслае малако», стар.-грэчаск. khális «віно», бел.: зелле, руск.: зелье (тое ж) | |
zetraía | гаршчок | PIE *ǵʰeutr- | стар.-грэчаск. khútra «міска» | |
zibythides | арыстакратыя | лет. žibut «светлы», баўг. šibam «біць, хвастаць», альб. thupër, геск.thupën «палка». |
Іншай важнай крыніцай фракійскіх лексемаў лічацца археалагічныя сведчанні апісанняў г.зв. фракійскага вершніка — персанажа фракійскага эпасу, якія адшукваюцца па ўсёй Фракіі. На падставе існых дадзеных, а таксама кагнатаў іншых індаеўрапейскіх моў, мяркуецца, што ў фракійскай мове значэнне «конь», хутчэй за ўсё, перадавалася словам mezēna (< PIE *mend-); акрамя таго, большасць даследчыкаў фракійскай мовы прыходзяць да высновы аб існаванні ў мове сінанімічных формаў aspios, esvas, asb-, якія ўзыходзяць да PIE *ekwo і, зыходзячы з адпаведнасці свісцячага фракійскага праіндаеўрапейскай палатальнай, сведчаць на карысць існавання ў гэтай мове сатэмізацыі — гэтыя формы атрыманыя праз старажытныя пісьмовыя сведчанні Outaspios і Utaspios, якія, імаверна, з'яўляліся часткай тэкстаў адпаведнае тэматыкі. На падставе праіндаеўрапейскага *ud- і некаторых іншых фракійскіх элементаў фармант Ut- трактуецца са значэннем «наверх, дагары»[16]. У сваю чаргу, значэнне іншых лексемаў можа хістацца (напрыклад, дыскусійнае значэнне выразу Germetitha) або не з'яўляцца кагнатамі іншым індаеўрапейскім мовам нягледзячы на зненшяе падабенства лексемы.
Сярод захаваных урыўкаў тэкстаў або фразаў у распараджэнні сучасных лінгвістаў знаходзіцца толькі чатыры надпісы, якія могуць быць ідэнтыфікаваныя як фракійскія. Адным з узораў гэтага выразу з'яўляецца выраз, адчаканены на залатым кольцы грэчаскім алфавітам, кальцо было знойдзенае ў Балгарыі ў 1912 годзе і было вырабленае меркавана ў V ст. да н.э. У лацінскай транслітарацыі надпіс мае выгляд rolisteneas/nerenea/tiltean/ēsko/ara/zea/domean/tilezupta/miē/era/zēlta, балгарскім даследчыкам Дзімітрам Дэчавым ён быў дэшыфраваны як «Я Ролістэнеас, сын Нерэнеаса; Тылезыпта, жанчына з Аразіі, пахавала мяне». Пазней Х. Спірыдэсам падзел словаў у сказе быў аспрэчаны: на яго думку, парадак словаў складаўся паводле бустрафедону (старажытнагрэчаскі спосаб запісу, калі парадак запісу слова чаргуецца ў залежнасці ад цотнасці: напрыклад, першы радок злева направа, другі — наадварот) і, такім чынам, прадстаўляў сабою выраз ΡΟΛΙΣ / ΤΕΝΕΑΣΝ / ΛΙΤΑ / ΕΝΕΠΕ / ΤΕΑΝΗΣ / ΚΟΑΜ / ΟΔΑΕΖ / ΑΡΕΑΝ / ΤΙΑ / ΕΖΥΕΗΙ / ΜΑΤΕΡΑ / ΖΗΛΤΑ, які трактуецца як «Места людзей з Тэа, накіраваных да Арэі, вышэйшай жрыцы Кабейры, якая прывяла нас да Тэа, дзе мы сталі насельнікамі горада віна».
Другі надпіс быў знойдзены ў 1965 годзе паблізу вёскі Кёлмен (паўднёвы ўсход Балгарыі) і датуецца VI ст. да н.э. Надпіс складаецца з 56 сімвалаў грэчаскага алфавіта і верагодна з'яўляецца надпісам з надмагілья. Надпіс транслітаруецца як ebar. zesasn ēnetesa igek. a / nblabaēgn / nuasnletednuedneindakatr. s.
Іншы надпіс быў знойдзены ў Дуванлі (цэнтральная Балгарыя), гэты надпіс таксама адчаканены на кольцы і ўзыходзіць да V ст. да н.э. Надпіс адчаканены вакол выявы вершніка, пры гэтым з усяго 21 сімвалу дакладнай ідэнтыфікацыі паддаюцца толькі шаснаццаць. Надпіс мае выгляд ēuziē…..dele / mezēnai і трактуецца як «Вершнік Эўзі абараняе».
Сведчанні захаваных фракійскіх пісьмовых помнікаў адлюстроўваюць поўнае захаванне ў фракійскай мове праіндаеўрапейскіх *i, *e, *a, *u, *ī, *ē, *ā, *ō, *ū і пераход праіндаеўрапейскіх *o, *ə ў a[17].
Зноскі
- ↑ J. P. Mallory, Douglas Q. Adams. Encyclopedia of Indo-European culture. — London: Fitzroy Dearborn Publishers, 1997. — С. 575-576. — ISBN 9781884964985.
- ↑ C. Brixhe. Ancient languages of Asia Minor. — Cambridge University Press, 2008. — С. 3ff.
- ↑ Vladimir Gheorghiev. Raporturile dintre limbile dacă, tracă şi frigiană. — Studii Clasice. — 1960. — Т. II. — С. 39-58.
- ↑ Bičovský J. Vademecum starými indoeuvropskými jazyky. — Praha: Nakladatelství Univerzity Karlovy, 2009. — С. 248. — ISBN 978-80-7308-287-1.
- ↑ а б Fortson B. Indo-European language and culture. An Introduction. — Padstow: Blackwell Publishing, 2004. — С. 404.
- ↑ Hemp, Georgiev, et al.
- ↑ Holst (2009):66.
- ↑ Olteanu S. The TDM Palatal. Архівавана з першакрыніцы 15 красавіка 2009.
- ↑ Polomé, Edgar Charles. 1 // Balkan Languages (Illyrian, Thracian and Daco-Moesian). — Cambridge Ancient History. — 1982. — Т. III.
- ↑ Топоров В. Н. Балтийские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М., 1990. — С. 64.
- ↑ Olteanu et al.
- ↑ Bičovský J. Vademecum starými indoeuvropskými jazyky. — Praha: Nakladatelství Univerzity Karlovy, 2009. — С. 249. — ISBN 978-80-7308-287-1.
- ↑ J. P. Mallory, Douglas Q. Adams. Encyclopedia of Indo-European culture. — London: Fitzroy Dearborn Publishers, 1997. — С. 576. — ISBN 9781884964985.
- ↑ Duridanov, Ivan. The Language of the Thracians.
- ↑ Hermann Fischer, Adelbert von Keller, Wilhelm Pfleiderer. Schwäbisches Wörterbuch. — H. Laupp, 1994.
- ↑ Georgiev, Olteanu et al.
- ↑ Дуриданов И. Езикът на траките. — София: Наука и изкуство, 1976. — С. 24.
Літаратура
правіць- Crossland, R. A.; Boardman, John. 3 // Linguistic problems of the Balkan area in the late prehistoric and early Classical period. — The Cambridge Ancient History. — Cambridge University Press, 1982. — Т. 1. — ISBN 978-0-521-22496-3.
- I. I. Russu. Limba Traco-Dacilor. — Bucharest, 1967-1969.
- J. H. Holst. Armenische Studien. — Wiesbaden, 2009.
- Paul Kretschmer. Glotta // Zeitschrift für griechische und lateinische Sprache. — 1915. — № 7.
- Polomé, Edgar Charles. 1 // Balkan Languages (Illyrian, Thracian and Daco-Moesian). — Cambridge Ancient History. — 1982. — Т. III.
- V. I. Georgiev. Introduction to the History of the Indo-European Languages. — Sofia, 1981.
- V. I. Georgiev. The Genesis of the Balkan Peoples // The Slavonic and East European Review. — 1966. — В. 44. — № 103.
Спасылкі
правіць- Збор публікацый пра фракійскую мову Архівавана 13 лістапада 2007. (англ.), Sorin Olteanu's Thraco-Daco-Moesian Languages Project (TDML)
- Збор фракійскіх лексемаў з кагнатамі іншых індаеўрапейскіх моў (англ.), wordgumbo