Францішак Савіч
Францішак Андрэевіч Савіч (1815[1], в. Вяляцічы, Пінскі павет, Мінская губерня — 1845, мястэчка Янушпаль[2][3], Валынская губерня) — беларускі публіцыст, удзельнік вызваленчага руху. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі, папярэднік Кастуся Каліноўскага[4].
Францішак Савіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 1815 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1845 ці 1846 |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | публіцыст, паэт |
Мова твораў | Заходнепалеская мова |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў вёсцы Вяляцічы каля Пінска ў сям’і ўніяцкага святара. Рана страціў бацьку. Вучыўся паспяхова, у апошнія гады адначасова з вучобай працаваў хатнім настаўнікам. 9 чэрвеня 1833 года атрымаў за № 91 пахвальнае пасведчанне аб сканчэнні Пінскага павятовага вучылішча. Сёлета ж паступіў у Віленскую медыка-хірургічную акадэмію на казённы кошт. На станаўленне грамадзянскіх поглядаў Ф. Савіча моцны ўплыў аказаў наглядчык Пінскай павятовай вучылішча Францішак Махніцкі[5].
Дэмакратычнае таварыства
правіцьУ акадэміі збліжаецца з украінцам Янам Загорскім. Паступова вакол іх гуртуецца кола аднадумцаў і ў 1836 г. сумесна з сябрамі Ф. Савіч арганізоўвае таемнае студэнцкае «Дэмакратычнае таварыства» (першапачатковая назва — «Крыж і Евангелле»[3]), якое аб’ядноўвала некалькі сот чалавек. Члены таварыства лічылі сябе прадаўжальнікамі справы філаматаў і філарэтаў[6].
Ф. Савіч быў абраны за сакратара і скарбніка. Неўзабаве напісаў для таварыства статут пад назвай «Прынцыпы дэмакратызму» і адозву-праклямацыю «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам». Задачамі таварыства Статут абвяшчаў барацьбу з беззаконнем, аказанне дапамогі абяздоленым, уздзеянне на моладзь з мэтай выхавання сумленных і справядлівых грамадзян[3]. Ф. Савіч адзначаў:
Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека!.. Сцеражыцеся, браты, пастак. Уводзяць нас у марнатраўства, называючы яго старадаўняй польскай вялікадушнасцю, насаджаюць п'янства і бяздзейнасць пад імем гасціннасці... Хочуць нас падкупіць золатам, кладучы на вагі яго дабрачыннасці, свабоду, асабістую годнасць, хто ж можа з спакойным сэрцам браць шчадроты жыцця за такую дарагую плату... Прыстасоўваючы нас да рабства, дазваляюць і загадваюць нам быць дэспатамі[7] |
Пра ідэі вызвалення роднага края сведчыць і тэкст Савічавае ўлёткі «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам, або Якое наша становішча і што ў цяперашні час трэба рабіць людзям дабрадумным»:
Будзем загартоўваць дух, працаваць да канца жыцця! Хто ведае, дзе і як суджана нам памерці? Магчыма, не адзін з нас сканае пад рукою ката! Але няхай і смерць яго будзе працягам барацьбы за свабоду! I з вышыні шыбеніцы, як з высокага трона, павінен заклікаць: паўстаньце, народы! Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека![3] |
У гэтым часе Ф. Савіч клапоціцца аб колькасным пашырэнні таварыства: перапісвае шматлікія праклямацыі, разважанні і супрэчкі замежных аўтараў, чытае і прапагандуе вызваленчыя ідэі на таменых сходах. Член Ф. Савіча па акадэміі Мацвей Лавіцкі адзначаў, што «ў гэты час ён ужо быў другім Занам»[8]. Паступова «Дэмакратычнае таварыства» набывае выразную палітычную накіраванасць. Свае аддзяленні арганізацыя мела ў розных гарадох, у тым ліку і ў Пінску. Таварыства стала шматлікай і ўмела заканспіраванай рэвалюцыйнай арганізацыяй: прыём новых прыхільнікаў адбываўся выключна па рэкамендацыі, радавыя ўдзельнікі тайнага таварыства не ведала ўсіх членаў, для перапіскі карысталіся «сімпатычным» чарнілам, прыняты былі ўмоўныя псеўданімы і назвы: Савіч — Адам, Загорскі — Яцэк, арганізацыйнае ядро таварыства — Клевань, Вільня — матка, Ашмяны — піўная, Мінская губерня — стадола, Віленская губерня — халупа і інш[9].
Улетку 1837 Ф. Савіч пазнаёміўся з польскім барацьбітом і ўдзельнікам паўстання 1830—1831 гадоў Шыманам Канарскім. Сустрэча канспіратараў адбылася ў маёнтку Лысава (цяпер Маневіцкі раён Валынскай вобласці)[4]. Неўзабавае віленскае «Дэмакратычнае таварыства» ўступіла ў «Садружнасць польскага народа» ў якасці яго радыкальнага крыла пад назвай «Маладая Польшча».
Увесну 1838 Ф. Савіч спрабаваў арганізаваць уласную друкарню. Каб знайсці чалавека, на імя якога можна было выпісаць з Жэневы друкарскую машыну, у маі 1838 у Вільню прыехаў і Шыман Канарскі, аднак тут на яго след натрапіла паліцыя. З дапамогай Ф. Савіча, Ш. Канарскі тайком выехаў з Вільні, але 27 мая 1838 быў затрыманы паліцыяй па дарозе на Ашмяны, на паштовай станцыі Крыжоўка[10].
Ссылка
правіць1 чэрвеня 1838 быў арыштаваны і Ф. Савіч за ўдзел у незаконнай арганізацыі. У зняволенні напісаў на польскай мове «Споведзь». Даследчыкі лічаць, што ў ёй адчуваецца моцны ўплыў «Кнігі народа польскага і польскага пілігрымства» Адама Міцкевіча[11]. Следства цягнулася больша восем месяцаў. Утрымліваўся ў Віленскім базыльянскім кляштары. Сучаснікі сведчаць, што за ўвесь час следства Ф. Савіч атрымаў 12 тысяч бізуноў, часта сядзеў у карцары[10]. Допыты вёў старышня следчай камісіі князь Трубяцкі, улюбёнымі словамі якога былі: «Врешь, поросёнок!». Ф. Савіч падрабязна апісаў катаванні ў часе зняволення:
Трубяцкі ў часе допыту рабіўся шалёным і раз'юшаным, тузаў за валасы, біў па твары кулаком, валіў на зямлю, біў і таптаў нагамі, пакуль вязень не абліваўся крывёю. |
У лютым 1839 следства было скончана. 14 лютага 1839 высланы на Каўказ у салдаты без выслугі.
Разам з іншымі арыштантамі пешшу адпраўлены ў Стаўрапаль праз Чарнігаў, дзе захварэў. Там вывучаў горскія мовы, зблізіўся з палонным горцам Алі, якія даў яму рэкамендацыйныя лісты ў Тыфліс. Па выздараўленні канваяваны ў Апшэронскі пяхотны полк у Кізляры, затым у Дэрбент і нарэшце ў Тыфліс. Тут беспаспяхова спрабаваў уцячы. У маі 1840 знаходзіўся ў крэпасці Жыранчы на Каспійскім моры, дзе выконваў таксама і абавязкі лекара. Затым ізноў вярнуўся ў Кізляр. Тут адзін з армянскіх купцоў параіў яму ўцячы за мяжу праз таганрог і даў адрас брата. 22 красавіка 1841 інсцэніраваў самагубства (пакінуў на беразе р. Церак адпаведную запіску і вопратку)[2]. Спачатку дабраўся да Таганрога, але затым накіраваўся на Украіну, каб адтуль трапіць у Румынію. У Балтах (Адэская губерня) захварэў і быў арыштаваны памежнай вартай. Два гады пад чужым імем прасядзеў у турме Ціраспаль. У 1843 адпраўлены санітарам у Чарнігаўскі батальён унутранай варты. З дапамогай фельчара, якому аказаў паслугі сваімі медыцынскімі ведамі, увесну 1844 зноў уцёк, дабраўся да Кіева, адтуль накіраваў у Бярдычаў, аднак па дарозе вывіхнуў нагу і вымушаны быў пад імем доктара Гельгега затрымацца ў мястэчку Янушпаль на Жытоміршчыне. Адкрыў у мястэчку лекарскую практыку і праславіўся як надзвычай умелы лекар. У 1845 заслужыў поўны давер мясцовых уладаў і атрымаў замежны пашпарт. Аднак у часе эпідэміі халеры, выконваючы медыцынскія абавязкі, захварэў. Перад смерцю паспеў напісаць успаміны, якія разам са «Споведдзю» перадаў паэту А. Грозе. Гэтыя творы пазней апублікаваў Э. Геленіюш (Іваноўскі).
Пахаваны ў в. Астрожак Баранаўскага раёна Жытомірскай вобласці (Украіна). Магіла не захавалася[12].
Постаць
правіцьЧлен Ф. Савіча Мацвей Лавіцкі ўспамінаў асаблівыя рысы характару свайго паплечніка:
Па складзе думак быў ён вядомы з добрага боку, пры гэтым валодаў шчаслівым дарам не толькі падабацца, але і здабываць павагу кожнага, і таму знаёмыя міжволі адкрываліся перад ім... Быў ён таксама актыўным, стараўся схіліць да свайго складу думак і пераканаць у сваіх поглядах[13]. |
Творчасць
правіцьТворчая спадчына Ф. Савіча невялікая: гэта яго працы, напісаныя для «Дэмакратычнага таварыства»: «Прынцыпы дэмакратызму», «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам», «Споведзь», мемуары і верш «Там блізко Пиньска, на шыроком полю…»[14]. Мемуары ахопліваюць дзяцінства і юнацтва, віленскі перыяд і службу на Каўказе.
Найбольшая літаратурная актыўнасць Ф. Савіча прыпадае на час вучобы ў Вільні. Сам паэт прызнаваўся, што ў час навучання ў акадэміі крыху займаўся літаратурай, пісаў прозу і вершы, нават меркаваў, што было сярод напісанага нешта і таленавітае[11].
Польскія гісторыкі (Б. Ліманоўскі, А. Гілер і іншыя) сведчаць, што беларускія вершы Ф. Савіча распаўсюджваліся рукапісамі па Беларусі і Украіне[15], многія з іх сталі папулярнымі на Піншчыне, дзе яны бытавалі сярод сялянства, перадаваліся вусна і спяваліся як народныя[16]. Э. Паўловіч успамінае, што ён верш Савіча «Там блізко Піньска…» чытаў сваім сябрам, і гэты твор зрабіў на іх моцнае ўражанне:
Калі скончыў той поўным мужнай сілы і прастаты верш, адным пачуццём прыяцелі паднялі тост у гонар Савіча: «За дружбу і сяброўства!»[17] |
Творы Ф. Савіча былі апублікаваны ў наступных выданнях:
- Pamiktnik… // Heleniusz E. Wspomnienia lat minionych. — T. 2. — Krakyw, 1876.
- Tam blizko Pinska // Pawіowicz E. Wspomnienia z nad Wilji i Niemna. — 3 wyd. — Lwуw, 1895.
- Дзе ж тое шчасце падзелася?.. // Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. — Мн., 1971.
Ушанаванне памяці
правіцьУ роднай вёсцы паэта яму пастаўлены драўляны помнік. У гонар Францішка Савіча названая адна з вуліц Пінска[18]. Польская пісьменніца Вераніка Трапачынская-Огаркова ўпамінае імя Францішка Савіча ў сваім рамане «Лясныя долы»[16].
Крыніцы
правіць- ↑ Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 281. — 414 с.
- ↑ а б Савіч Францішак Андрэевіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ↑ а б в г Вацлаў Паспаліты. У палоне свайго жыцця(недаступная спасылка). MyPinsk.com (7 снежня 2011). Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2008. Праверана 29 мая 2014.
- ↑ а б Кісялёў, Г. В. Савіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Пестрак — Сяўрук / Б 43 Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 217—220. — 480 с. ISBN 5-85700-168-4
- ↑ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 60. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
- ↑ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 61. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
- ↑ Лойка А. А. Францішак Савіч // Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд У 2 ч. Ч. 1. — Мн.: Выш. шк., 1977. — С. 84.
- ↑ Александровіч, С. Францішак Савіч // Старонкі братняй дружбы. — Мн., 1960. — С. 160.
- ↑ Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 283. — 414 с.
- ↑ а б Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 286. — 414 с.
- ↑ а б Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 62. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
- ↑ Раманаў — Станкевіч – Белліт (14 ліпеня 2023). Праверана 14 чэрвеня 2024.
- ↑ Александровіч, С. Францішак Савіч // Старонкі братняй дружбы. — Мн., 1960. — С. 159.
- ↑ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 63. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
- ↑ Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 294. — 414 с.
- ↑ а б Трапачынская-Огаркова, В. Беларускі паэт — друг польскага рэволюцыянера // ЛіМ. — Мн.: 1956. — № 31 сакавіка. — С. 4.
- ↑ E. Pawłowicz. Wspomnienia z nad Wilji i Niemna. — Lwow, 1882. — С. 96.
- ↑ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 69. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
Літаратура
правіць- Саламевіч І. У. Савіч Франц Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 72—73. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Са́віч Франц Андрэевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 641. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
правіць- События в истории Пинского края Архівавана 5 студзеня 2011..
- Франц Савич (1815—1845) Там блізько Пінска Архівавана 5 ліпеня 2011.
- Мікола Хаўстовіч. Лекцыі па гісторыі беларускае літаратуры / Публіцыстыка 30-40 гг. XIX ст. Аляксандр Рыпінскі, Франц Савіч, Ігнат Храпавіцкі.
- Маракоў Л. У. Савіч Францішак Андрэевіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн.:, 2003. ISBN 985-6374-04-9