Хажо́ва[1] (трансліт.: Chažova, руск.: Хожово) — аграгарадок у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр Хажоўскага сельсавета.

Аграгарадок
Хажова
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1773
Паштовыя індэксы
222334
Аўтамабільны код
5
Хажова на карце Беларусі ±
Хажова (Беларусь)
Хажова
Хажова (Мінская вобласць)
Хажова

Геаграфія правіць

Знаходзіцца за 10 км на поўдзень ад горада Маладзечна, за 88 км ад Мінска, на аўтадарозе Маладзечна — Ракаў.

Гісторыя правіць

Упамінаецца ў XV стагоддзі як сяло, вялікакняжацкае ўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1434 годзе вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч «дае і даруе на вечныя часы сяло Хожава Судзімонтавічу». У 1489 годзе ўладальнік Хожава канцлер літоўскі Алехна Судзімонтавіч пабудаваў касцёл Святога Антонія Падуанскага. У 1543 годзе віленскі біскуп Павел Гальшанскі пабудаваў на месцы былога новы касцёл. У другой палове XVI стагоддзя ўладанне караля Жыгімонта Аўгуста, які ў 1544 годзе сумесна са сваёй маці каралевай Бонай свае «дзедзізнае Хотава» аддаў у дзяржанне віленскаму біскупу, пасля яго смерці перайшло да караля. У 1575 годзе сяло (25 валок зямлі), цэнтр воласці Ашмянскага павета, шляхецкая ўласнасць, у склад якой уваходзілі двор і пушча. У 1593 годзе ўласнасць Мікалая Крыштафа Радзівіла, ваяводы троцкага. З 1600 года дзейнічала царква Святога Юрыя.

У 1622 годзе настаяцель Лебедзеўскага касцёла пабудаваў новы касцёл, які быў разбураны ў час Паўночнай вайны ў 1709—1710 гадах. У 1676 годзе ўласнасць пана Мікалая Астроўскага. У канцы XVII стагоддзя згадваецца як уласнасць Шаблоўскіх[2].

У 1733 годзе ксёндз Байцоўскі пабудаваў драўляны касцёл (закрыты ў 1868 годзе). У 1741 годзе маёмасць паноў Кораневых. У 1773 годзе мястэчка ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства, уласнасць Тадэвуша Агінскага, які пабудаваў на свае сродкі Георгіеўскую царкву.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, у Ашмянскім павеце. У 1800 годзе мястэчка ва ўладанні Храптовічаў, у Вілейскім павеце. У 1861 годзе мястэчка ў Маладзечанскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Меўся касцёл, які ў 1868 годзе асвяцілі ў праваслаўную Георгіеўскую царкву. У 1897 годзе сяло, 6 двароў, 44 жыхары, царква, царкоўна-прыходскае вучылішча, штучная лаўка, кузня, карчма. За чвэрць вярсты ад сяла размяшчалася аднайменная вёска, 78 двароў, 422 жыхары, хлебазапасны магазін, маёнтак Хелхоўскага, 936 жыхароў. У 1904 годзе сяло, 44 жыхары, 90 дзесяцін зямлі, цэнтр сялянскага таварыства, у склад якога ўваходзілі некалькі вёсак. У вёсцы 493 жыхары, якім належала 773 дзесяцін зямлі. Маёнтак належаў памешчыку Хелхоўскаму, які меў тут 435 дзесяцін зямлі. У сяле размяшчалася казённая вінная лаўка.

Савецкая ўлада абвешчана ў лістападзе 1917 года. З лютага да снежня 1918 года вёска акупіравана войскамі Германіі. 25 сакавіка 1918 года тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Са снежня 1918 года адноўлена савецкая ўлада, з 1 студзеня 1919 года тэрыторыя ў складзе БССР, 5 лютага ў вёсцы адбыўся мітынг, на якім сяляне пастанавілі «ўсімі сіламі падтрымліваць савецкую ўладу»; з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны з ліпеня 1919 года да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года занята польскімі войскамі.

З 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, у Маладзечанскай гміне Вілейскага павета, з 1926 года Віленскага ваяводства, у вёсцы 96 двароў, 511 жыхароў, у фальварку 6 двароў, 58 жыхароў, з 1927 года ў Маладзечанскім павеце.

З 1939 года ў БССР, з 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета Маладзечанскага раёна Вілейскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана нацыстамі, якія расстралялі 18 жыхароў, спалілі 4 двары. Загінулі 74 землякі. З 20 верасня 1944 года ў Маладзечанскай вобласці, 11 верасня 1959 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Цюрлеўскага сельсавета. З 20 студзеня 1960 года ў Мінскай вобласці. З 10 чэрвеня 1965 года зноў цэнтр Хажоўскага сельсавета.

Насельніцтва правіць

  • 1800 год — 293 жыхары, 52 двары
  • 1941 год — 456 жыхароў, 102 двары.
  • 2010 год — 577 жыхароў, 236 гаспадарак.

Інфраструктура правіць

У 2011 годзе ў вёсцы размешчаны аддзяленне сувязі, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, З магазіны.

Славутасці правіць

  • Касцёл 1733 г. (страчаны)
  • Царква Александра Неўскага
  • Помнік загінулым землякам. У 1965 годзе ў скверы на ўшанаванне памяці землякоў, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, пастаўлены абеліск.
  • У цэнтры вёскі ў 1977 годзе ў памяць аб мітынгу сялян, што адбыўся 5 лютага 1919 года, устаноўлены гранітны валун, на якім змешчаны тэкст пастановы.

Заўвагі правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Хо́жава
  2. НГАБ, ф. 1817, воп. 1, спр. 81, с. 38

Літаратура правіць

Спасылкі правіць