Царква на стрэлцы Ніжняга замка

Царква на стрэлцы Ніжняга замка — колішні праваслаўны храм XII ст. у Полацку на ўскраіне Ніжняга замка. Стрэлка, на якой стаяў храм сёння выдаецца ў паўночным кірунку ў бок Палаты, але да змены русла ракі ўтварала адно цэлае з гарадзішчам. Полацкае гарадзішча прыкладна ў XII ст. становіцца гарадскімі могілкамі, таму царква, верагодна, існавала пры манастыры каля гарадскіх могілак[1].

Славутасць
Царква на стрэлцы Ніжняга замка
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне

Царква на стрэлцы Ніжняга замка ўяўляла сабой першы вядомы на Русі храм, дзе выкарыстаны складаныя планы галерэй з пашырэннем на вуглах. Багата аздобленыя фрэскавым роспісам усыпальні і шыферны саркафаг сведчаць пра прызначэнне храма як пахавальні полацкіх князёў[1].

Гісторыя

правіць

Храмы-пахавальні на Ніжнім замку і ў Ефрасіннеўскім манастыры будавала адна арцель, але храм-пахавальня Ефрасіннеўскага манастыра быў пабудаваны першым. Падчас раскопак было высветлена, што да перабудовы мураванай царквы на яе месцы існавала драўляная. Мураваная царква неаднаразова рамантавалася, аб чым сведчыць культурны пласт каля храма. Час разбурэння царквы вызначаны знаходкай дынарыя Аляксандра Ягелончыка (1501—1506 гг.) у культурным пласце, які перакрывае царкву[1].

Архітэктура

правіць

Помнік уяўляў сабой чатырохслупавую аднаапсідную царкву шырынёй 14,1 м і даўжынёй (без апсіды) каля 14,5 м. Таўшчыня сцен ад 1,1 — 1,12 да 1,9 м, муроўка «са схаваным радам». З паўночнага боку храма выяўлены невялікі фрагмент падмуркавай галерэі. Падмуркі зроблены з каменю, пакладзенага без рошчыны. Галерэя мела шырыню 2 м, каля заходніх вуглоў храма яна пашыралася, падобна галерэі храма-пахавальні Ефрасіннеўскага манастыра. Сцены галерэі былі значна больш тонкімі ў параўнанні са сценамі храма, усяго каля 0,75 м. П. А. Рапапорт прапанаваў графічную рэканструкцыю храма. Адметнасцю царквы з’яўляецца наяўнасць капліц каля ўсходняй лапаткі паўночнай сцяны[1].

Аднаапсіднасць вылучае полацкія храмы-пахавальні сярод усіх помнікаў усходнеславянскага дойлідства, бо падобныя такія прыёмы будаўніцтва на Русі дагэтуль не сустракаліся. Новаўвядзенні, на думку П. А. Рапапорта, могуць тлумачыцца тым, што полацкія князі падчас вяртання са ссылкі ў Візантыю маглі прывезці з сабой новага дойліда, які развіў некаторыя мясцовыя традыцыі і ўключыў у іх новыя архітэктурныя прыёмы, напрыклад, шырока распаўсюджаную ў Візантыі муроўку сцен «са схаваным радам». Не выключана, што візантыйскі дойлід быў запрошаны ў Полацк да высылкі князей, г.зн. да 1130 г., што вельмі верагодна, калі ўлічыць даўнія сувязі Полацка з Візантыяй[1].

Інтэр’ер

правіць

Падчас раскопак былі выяўлены некаторыя элементы пачатковай ўнутранай аздобы царквы — пліткі падлогі, пакрытыя палівай жоўтага, зялёнага ці чырвона-карычневага колераў, і кавалкі тынкоўкі з фрэскавым роспісам, які паходзіць з ніжняй часткі храма і зроблены ў разнастайнай тэхніцы: чырвона-карычневыя палоскі, «змейкі» арнаменту, «напырск» пад мармур, белы раслінны арнамент на карычневым фоне. Знойдзена некалькі фрагментаў амфар ад галаснікоў.

Таксама быў знойдзены кавалак пліты саркафага, прывезенага з Валыні для вельмі знатнага чалавека, з чырвонага пірафінітавага сланца таўшчынёй ад 6 см з рэшткамі дэкаратыўнай разьбы. Рэшткі пахаванняў выяўлены на знешнім баку падмурка галерэі. Захаваліся сляды драўляных трун разам з мужчынскімі і жаночымі пахаваннямі, гэта значыць, царква не была манастырскай.

Даследванне

правіць

Знойдзены магільны склеп і рэшткі багата аздобленага саркафага, што сведчыць аб знатнасці пахаванага ў ёй чалавека. На думку П. А. Рапапорта, гэтая царква з’яўлялася княжацкай усыпальняй.

М. К. Каргер зафіксаваў наяўнасць развалу плінфы, аднак сам храм так і не быў адкрыты. У 1976 г. Г. В. Штыхавым быў выяўлены фрагмент старажытнага падмурка ў раёне дамоў № 22 і 23 па вул. Горкага. У 1977 г. П. А. Рапапортам зроблены раскоп. Большая частка помніка занятая гаспадарчымі пабудовамі, садам і агародам.

Зноскі

  1. а б в г д Д. У. ДУК. ГІСТОРЫЯ ПОЛАЦКА: ПА МАТЭРЫЯЛАХ АРХЕАЛАГІЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ