Ча́га (саманазва Wachaga) — народ на поўначы Танзаніі і поўдні Кеніі. Насяляе пераважна мясцовасць вакол гары Кіліманджара. Агульная колькасць (2014 г.) — каля 907 тыс. чал. [1]

Чага
(Wachaga )
Агульная колькасць 907 000 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання  Танзанія — 889 000

 Кенія — 17 500
 Руанда — 16 тыс.

Мова чага
Рэлігія культ продкаў, анімізм, хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групы меру, камба

Гісторыя правіць

Продкі чага перасяліліся ў перадгор’і Кіліманджара прыкладна ў XI ст. з поўначы. Лінгвістамі вылучана сувязь мовы чага з мовай камба. У XIX ст. пачаліся сталыя кантакты чага з еўрапейцамі. Каланіяльныя заваяванні прывялі да руху на поўнач Танзаніі качавых народаў, у тым ліку масаяў, якія рабілі напады на чага. У гэтай сувязі чага падтрымлівалі ваенны і эканамічны саюз з меру. У канцы XIX ст. землі чага былі падзелены паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй. Большая частка ўвайшла ў склад германскай калоніі Танганьіка. У наш час большасць чага жывуць на тэрыторыі незалежнай дзяржавы Танзанія.

Культура правіць

Найважнейшым традыцыйным заняткам чага здаўна з’яўлялася земляробства. Жывёлагадоўля, збіральніцтва, рамёствы, паляванне, здабыча мёду мелі толькі дадатковае значэнне. У мінулым вырошчвалі пераважна проса, бананы і клубневыя культуры. У наш час найбольш распаўсюджаная харчовая культура — кукуруза. Вырошчваюць для ўнутранага спажывання і на продаж гародніну, тытунь, бабовыя, займаюцца пчалярствам і г. д. Землі вакол Кіліманджара прыцягваюць мноства турыстаў, што садзейнічае ўкараненню грашовых адносін і паступоваму знікненню традыцыйнай культуры, але ў той жа час станоўча ўплывае на развіццё гаспадаркі, адраджэнню рамяства і распаўсюджванню адукацыі.

Галоўны тып паселішча — вёска. У старыя часы меру будавалі конусападобныя хаціны, якія крылі трыснягом. У другой палове XIX ст. распаўсюдзіліся каркасныя круглявыя пабудовы, але дахі працягвалі ладзіць у выглядзе конуса. Хаціны правадыроў сталі нагадваць дамы суахілі, з якімі падтрымлівалі гандлёвыя сувязі. У наш час пераважаюць пабудовы сучаснага тыпу. Традыцыйныя конусападобныя хаціны будуюць для прыцягнення турыстаў, або для гаспадарчых мэт.

Да сярэдзіны XX ст. чага рабілі вопратку з бычынай скуры. Але ў наш час пераважае сучаснае адзенне. Жанчыны апранаюць яркія баваўняныя сукенкі. Кухня чага ўвабрала ў сябе традыцыі суседніх народаў і еўрапейцаў, але найбольш распаўсюджаная ежа — смажаныя бананы і каша з кукурузы, у якую дадаюць бабовыя і часам мяса. Папулярныя напоі — піва, кава, кіпячонае малако.

Пераважаюць малыя нуклеарныя сем’і, хаця адносіны паміж нават далёкімі сваякамі маюць вельмі важнае значэнне. Распаўсюджаны сваяцкая і абшчынная ўзаемадапамога. Шлюбу папярэднічаюць доўгія перагаворы паміж сем’ямі жаніха і нявесты. Жаніх абавязваецца плаціць за нявесту выкуп, прычым можа рабіць гэта ўжо пасля вяселля на працягу ўсяго жыцця. Пасля вяселля ён з дапамогай вясковай абшчыны або сваякоў будуе хаціну. Жонка разам з дзецьмі жыве ў асобным больш прасторным памяшканні. Чага імкнуцца мець як мага больш дзяцей, бо тыя з’яўляюцца бясплатнай працоўнай сілай і прыцягваюцца да дагляду гаспадаркі з маленства, а таксама з-за ўпэўненасці, што дзеці — прадаўжальнікі сямейных культаў. Вялікая колькасць дачок гарантуе бацькам пашырэнне ўплыву сярод аднавяскоўцаў і атрыманне пажыццёвага выкупу ў выніку шлюбаў. Аднак нараджэнне сыноў вітаецца найбольш, бо толькі яны лічацца працягвальнікамі роду.

Фальклор чага багаты міфамі і сямейнымі паданнямі. Песні і танцы абавязкова суправаджаюць усе святы. Традыцыйныя музычныя інструменты — драўляныя флейты, барабаны, званы.

Мова правіць

Мова чага (кіча́га) належыць да групы моў банту. Падзяляецца на шэраг дыялектаў. Найбольшыя адрозненні мае дыялект кіруша той часткі чага, якія жывуць каля Арушы сярод меру. Пісьмовасць была складзена місіянерамі на аснове лацінкі, істотна не адрозніваецца ад пісьмовасці суахілі.

Рэлігія правіць

У аснове традыцыйнай рэлігіі чага знаходзіцца культ продкаў. Чага вераць у тое, што іх душы будуць існаваць, пакуль працягваецца род і маюцца нашчадкі. Захаванне сямейных паданняў спрыяла запісу гісторыі чага ў XX стагоддзі. Чага шанавалі сонца як бога і першапродка, а таксама шматлікіх духаў прыроды. Захаваліся абрады ініцыяцыі для мужчын і жанчын. Яны суправаджаюцца абразаннем скуры на навершы пеніса ў юнакоў і клітара — у дзяўчат.

У XIX стагоддзі многія чага прынялі іслам, што садзейнічала гуртаванню народа. Хаця мусульманскія святы лічацца сакральнымі і ў нашы дні, колькасць мусульман вельмі малая. Большасць вернікаў афіцыйна спавядае хрысціянства, пашыранае з канца XIX стагоддзя.

Зноскі

Спасылкі правіць