Стрэ́лкі звычайныя[3][4] (Capsella bursa-pastoris) — від аднагадовых ці двухгадовыхкветкавых раслін роду Стрэлкі (Capsella) сямейства капуставыя (Brassicaceae). На тэрыторыі Беларусі з’яўляецца заносным відам, але распаўсюдзіўся па ўсёй тэрыторыі.
Травяністая расліна вышынёй 5—50 см. Сцябло простае або галінастае, знізу апушанае. Ніжняе лісце ў разетцы, чаранковае, падоўжана-ланцэтнае, звычайна перыста-раздзельнае, з трохвугольнымі зубцамі ці долямі; сцябловае — сядзячае, сцяблоабдымнае, суцэльнае, выемчата-зубчастае. Кветкі дробныя, правільныя, 4-членныя, у гронках; пялёсткі белыя або ружаватыя, звужаны каля асновы ў ногцік і чаргуюцца з чашалісцікамі; тычынак 6, 2 з іх кароткія. Ветра- ці насякомаапыляльныя. Плод — адваротнатрохвугольны стручочак.
Растуць на пустках, як пустазелле на палях, у садах, каля дарог. Аднагадовыя ці двухгадовыя расліны (разеткі часам зімуюць). Цвітуць у красавіку-кастрычніку.
Лекавая, кармавая, ядомая расліна. Настой і экстракт травы — кроваспыняльны, жаўцягонны і гіпатанзіўны сродак. Дазволены дзяржаўнай фармакапеяй Беларусі да медычнага выкарыстання. У афіцыйнай медыцыне выкарыстоўваюць траву Bursae pastoris herba. У народнай медыцыне ўжываецца разнастайна як мачагоннае, кроваспыняльнае, ранагаючае; пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, сэрца, нырак, печані, любых унутраных крывацёках, ліхаманцы.
Лісце стрэлак багатае вітамінам С, караціну ўтрымлівае больш, чым морква; мае прыемны рэзкі смак і падыходзіць у ежу ў свежым, сухім і апрацаваным выглядзе.