Чэрвен (старажытны горад)
Чэрвен, Чэрвень — летапісны горад (град) у Валынскай зямлі, цэнтр так званых Чэрвенскіх гарадоў. Размяшчаўся каля вусця Сінюхі, на левым беразе ракі Гучвы (басейн Заходняга Буга). Сёння — гарадзішча каля сяла Чэрамна Цішавецкай гміны Люблінскага ваяводства Польшчы.
Гісторыя
правіцьУпершыню згадваецца ў Аповесці мінулых часоў пад 981 годам, калі Уладзімір Святаславіч захапіў яго ў «ляхаў» (у летапісе назва горада мае толькі форму «Червенъ»). У 1018 годзе, пасля смерці Уладзіміра Чэрвенскія гарады былі вернуты Святаполкам польскаму князю Баляславу Храбраму за дапамогу ў вяртанні Кіева. У 1031 годзе Яраслаў Мудры і Мсціслаў Храбры атрымалі Чэрвенскія гарады ад палякаў у абмен на дапамогу ў далучэнні Мазовіі. У XII ст. Чэрвен быў добра ўмацаваным горадам, які граў вялікую ролю ў сутыкненнях «русі» з «ляхамі». Уваходзіў у склад Валынскага княства. У ходзе барацьбы за ўладу ў Галіцка-Валынскай дзяржаве па смерці Рамана Мсціславіча на кароткі час захоплены польскім князем Лешкам Белым, але затым вернуты Данілам Раманавічам. У 1240-я гады Чэрвен быў спустошаны манголамі, пасля чаго прыйшоў у заняпад. У апошні раз згадваецца пад 1289 годам.
Археалогія
правіцьЧэрвен атаясамляюць з комплексам археалагічных помнікаў (да якога адносіцца гарадзішча Вялікае Замчыска) каля сяла Чэрамна Тамашоўскага павета Люблінскага ваяводства Польшчы. Першыя раскопкі ў 1940 годзе ажыццявіў украінскі археолаг Леўка Чыкаленка. У 1952, 1976—1979, 1985, 1997, 2010—2011 гады даследаванні праводзіліся польскімі археолагамі.
Пасяленчы комплекс Чэрвена (плошча каля 40 га) складаецца з дзядзінца (155⨯119 м) з валамі вышынёю да 6 м, вакольнага горада (падгароддзя) з рэшткамі валоў, адкрытых селішчаў, могільнікаў. Агульная ўмацаваная плошча Чэрвена дасягае 4 га. Асобныя часткі паселішча злучаліся ва ўмовах забалочанай мясцовасці драўлянымі памостамі і грэблямі.
Культурны слой на дзядзінцы і вакольным горадзе дасягае 2—2,5 м і датуецца Х—ХІІІ стст. У ім выяўлены рэшткі жылых і гаспадарчых пабудоў, печы і агмяні, ва ўсходняй частцы дзядзінца даследаваны могільнік і зафіксаваны сляды мураванага храма. Найбольш багата прадстаўлены матэрыялы ХІІ—ХІІІ стст. — перыяду росквіту горада.
У апошнія гады метадам дэтэктарнага зандавання праведзена дэтальная планіграфічная фіксацыя на плошчы 10 га ў межах дзядзінца і вакольнага горада. Выяўлена каля 2,5 тысяч прадметаў, у тым ліку больш 400 так званых дарагічынскіх пломб (гл. таксама Дарагічын), 20 свінцовых пячатак, якія звязваюць з валынскімі і кіеўскімі князямі (Давыдам Ігаравічам, Яраславам Святаполчычам, Рурыкам Расціславічам і інш.), энкалпіёны (складныя крыжы, у якія змяшчалі часткі мошчаў), абразкі, рамесныя прылады, прадметы побыту, зброю і іншае.
Сярод найцікавейшых знаходак на дзядзінцы — два скарбы ўпрыгожанняў (срэбныя з пазалотай бранзалеты-наручы, колты, завушніцы, пярсцёнкі і інш.), якія належалі жанчынам з княжацка-баярскага асяроддзя.
Літаратура
правіць- Вортман Д. Я., Петегирич В. М. Червен // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — Київ : Наукова думка, 2013. — Т. 10 : Т — Я. — С. 490. — 784 с.
- Ісаєвич Я. Територія і населення «Червенських градів» (X—XIII ст.) // Український історико-географічний збірник. — Київ, 1971. — Вип. 1.
- Ісаєвич Я. До питання про західний кордон Київської Русі // Історичні джерела та їх використання. — Київ, 1971. — Вип. 6.