Шампе́н — карэнныя насельнікі ўнутраных раёнаў вострава Вялікі Нікабар. Агульная колькасць (2004 г.) — 331 чал.[1]

Шампен
(калай, кеет)
Фота 1886 г.
Агульная колькасць 331 (2004 г.)
Рэгіёны пражывання Індыя
Мова калай, кеет
Рэлігія культ продкаў, анімізм
Блізкія этнічныя групы кхмеры, нікабарцы

Шампен не з’яўляюцца ў поўным сэнсе адзіным народам, падзелены на 10 родава-тэрытарыяльных груп. Яны размаўляюць на 2 розных мовах калай (заходнія групы) і кеет (усходнія групы). Гэтыя назвы часам выкарыстоўваюцца для самапазначэння. Галоўнае адрозненне шампен ад нікабарцаў у знешнім абліччы — яны маюць меншы рост, больш цёмную скуру і кудлатыя валасы. Акрамя таго, яны меней залежаць ад узбярэжжа, аддаюць перавагу жыццю ў лесе, амаль не займаюцца сельскай гаспадаркай[2]. У адрозненне ад нікабарцаў, яны імкнуцца захаваць традыцыйны лад жыцця і не прымаюць хрысціянства.

Паходжанне правіць

Праблема паходжання шампен доўгі час заставалася найбольш спрэчнай тэмай і падставай для розных навуковых спекуляцый. Хаця еўрапейцы пачалі даследаванне Нікабарскіх астравоў у XVIII ст., звесткі аб тубыльцах Вялікага Нікабара з’явіліся толькі ў 1831 г., а першы кантакт паміж шампен і дацкай экспедыцыяй адбыўся ў 1846 г. Сама назва «шампен» (англ.: Shompen) — скажэнне нікабарскага слова шамхап, якое ў першасным сэнсе значыла «жыхар лесу».

Нягледзячы на тое, што ў XX ст. было даказана, што мовы шампен маюць адзінае паходжанне з нікабарскімі і адносяцца да мон-кхмерскай групы моў, іх знешняе аблічча і больш прымітыўны лад жыцця дазвалялі даследчыкам казаць пра тое, што шампен і нікабарцы маюць рознае паходжанне. Лічылася, што продкі шампен асімілявалі папярэдняе аўстралоіднае насельніцтва, блізкае да карэнных жыхароў суседніх Андаманаў.

Аднак у выніку генетычных даследаванняў пасля новай дыскусіі было паказана, што шампен шчыльна звязаны па паходжанню з нікабарцамі[3]. Яны маглі каланізаваць Нікабарскія астравы прыкладна ў адзін перыяд. Аднак продкі нікабарцаў засялілі паўночныя астравы, адкуль, паводле іх міфаў, прасунуліся на поўдзень і ў XIX ст. займалі заходні бераг Вялікага Нікабара. Продкі шампен адаптаваліся да жыцця сярод лясоў буйнога вострава. Яны нападалі на нікабарскія вёскі, адзін на другога, але таксама мелі з імі абмен і сваяцкія сувязі[4]. Колькасць шампен ніколі не была вялікай і не перавышала некалькі сотняў чалавек. Генетыкамі было выяўлена, што ў мінулым мелі месца частыя інцэстуальныя сувязі[5].

Традыцыйная культура правіць

Шампен вядомы земляробства і жывёлагадоўля. Яны апрацоўваюць зямлю прымітыўнымі палкамі-капалкамі, завостранымі з дапамогай агню. Вырошчваюць клубневыя культуры, какосы, садавіну. Трымаюць сабак і свінняў. Вялікую ролю адыгрываюць збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства.

Хаціны будуюць на дрэвах або па́лях. Хатняе начынне робіцца з трыснягу і бамбуку. Упрыгожванні робяць з бамбуку і ракавін, праколваюць розныя часткі цела. У мінулым была папулярна дэфармацыя чарапоў немаўлят з дапамогай дошак. Узброены драўлянымі дзідамі з жалезнымі навершамі і нажамі, якія выменьваюць у нікабарцаў і індыйцаў.

Нягледзячы на тое, што шампен захоўваюць традыцыйны лад жыцця, сярод іх таксама адбываюцца значныя змены. Некаторыя групы стала гандлююць з нікабарцамі і перасяленцамі з Індыі.

Рэлігійныя вераванні — анімізм і культ продкаў.

Зноскі