Нікабарцы
Нікаба́рцы — група малых народаў, карэнныя жыхары Нікабарскіх астравоў. Па лінгвістычнаму прынцыпу вылучаюць групы паўночных нікабарцаў (кар-нікабарцаў), якія складаюць у нашы дні большасць, а таксама цэнтральных і паўднёвых нікабарцаў. Да нікабарцаў часам таксама далучаюць шампен, абарыгенаў унутраных раёнаў вострава Вялікі Нікабар. Агульная колькасць — 43 тыс. чалавек.[1]
Нікабарцы | |
Нікабарцы з вострава Каморта, каля 1900 г.
| |
Агульная колькасць | 43000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя |
Мова | нікабарскія мовы |
Рэлігія | культ продкаў, анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | кхмеры, мунда |
Паходжанне і гісторыя
правіцьУжо ў XIX - пач. XX стст. даследчыкамі было выяўлена, што нікабарцы паходзяць з Паўднёва-Усходняй Азіі. Меркавалася, што яны сфарміраваліся ў выніку кантактаў аўстранезійцаў з найстаражытнейшымі насельнікамі Паўднёвай Азіі, блізкімі да карэнных жыхароў суседніх Андаманскіх астравоў.
Пазнейшыя даследаванні паказалі, што мовы нікабарцаў бліджэй да мон-кхмерскай і мундскай груп. Такім чынам, яны бліжэй да сучасных кхмераў і індыйскіх мунда, чым да інданезійцаў[2]. Праўда, трэба зазначыць, што нікабарскія мовы вылучыліся з мон-кхмерскіх вельмі даўно і развіваліся ізалявана, так што стварылі вельмі своеасаблівую галіну, якую часам прапаноўваюць вылучаць у якасці самастойнай. Генетычныя даследаванні абверглі думку, што перасяленцам з Паўднёва-Усходняй Азіі папярэднічалі больш старажытныя тубыльцы[3].
Такім чынам, продкі нікабарцаў і шампен трапілі на Нікабарскія астравы ў выніку адной або дзвюх міграцый, дакладны час якіх пакуль не вызначаны.
З пачатку н. э. яны кантактавалі з індыйскімі, аўстранезійскімі і кітайскімі гандлярамі, якія спыняліся на Нікабарскіх астравах падчас гандлёвых паездак паміж Індыяй і Зондскім архіпелагам. У 1754 г. на астравах высадзіліся датчане. У 1768 г. - місіянеры з Маравіі. У 1807 г. астравы трапілі пад кантроль Вялікабрытаніі. У 1869 г. былі ёю анексаваны. Да II Сусветнай вайны большасць нікабарцаў ужо прыняла хрысціянства. На астравах з’явіліся мігранты з Індыі.
У 1942 - 1945 гг. Нікабарскія астравы акупаваны Японіяй. У 1947 г. увайшлі ў склад Індыі.
Традыцыйная культура
правіцьПаўднёвыя і цэнтральныя нікабарцы займаліся сельскай гаспадаркай. Вырошчвалі какосавую пальму, клубняплоды, цукровы трыснёг, рыс, трымалі сабак і свінняў. Аднак мяса хатняй жывёлы ўжывалася вельмі рэдка. Статкі свінняў гарантавалі іх уладальнікам прэстыж сярод супляменнікаў, з’яўляліся часткай пасагу або выкупу за нявесту. Важную ролю мела рыбалоўства, таму большасць паселішчаў прымыкалі да берага.
З рамёстваў былі развіты будаўніцтва лодак і вытворчасць керамікі. Апошняй славіліся жыхары вострава Чаўра. Паколькі гліну на іх востраве не здабывалі, яе прывозілі з суседніх астравоў. Чаўра лічылася галоўным мясцовым гандлёвым і рэлігійным цэнтрам, таму на чаўрскіх тубыльцаў астатнія нікабарцы глядзелі як на найбольш паважаных астравіцян. Ужо ў пач. XX ст. на Чаўра мелася прыватнае права на зямлю, і правадыр вёскі не меў права адабраць яе ў пэўнай сям'і. На іншых астравах у прыватнай сямейнай маёмасці знаходзіліся толькі пладовыя дрэвы[4].
Вёскі нікабарцаў могуць умяшчаць да некалькіх дзясяткаў сем'яў. Жылыя хаціны круглявай формы будавалі з трыснягу і бамбуку на па́лях. У нашы дні пераважаюць чатырохвугольныя жылыя памяшканні. Наземныя збудаванні мелі чыста гаспадарчае прызначэнне. У вёсках узводзяцца таксама буйныя хаціны для агульных збораў.
Вопратка рабілася пераважна з птушынага пер'я і лісця. З-за прыхільнасці нікабарцаў да аголенасці старажытныя індыйцы называлі іх астравы "Голыя людзі". Разам з тым, мужчыны і жанчыны праколваюць розныя часткі цела для нашэння ўпрыгожанняў. У мінулым была папулярна дэфармацыя чарапоў немаўлят з дапамогай дошак.
Нуклеарныя сем'і аб’ядноўваюцца ў пашыраныя сем'і або роды па лініі бацькі. Зямля звычайна знаходзіцца ў маёмасці буйных аб’яднанняў. Прынята таксама аказваць дапамогу блізкім сваякам і суседзям[5].
На працягу года кожная абшчына арганізуе святы, прысвечаныя дням пахавання і нараджэння, духам лесу, дажджу і г. д.
Рэлігія
правіцьТрадыцыйная вера — анімізм. Нікабарцы лічаць, што ўсё навокал жывое. Гэта тычыцца не толькі жывёл, рыб, людзей, але і неадушаўлёных прадметаў, напрыклад лодак. Важную ролю да нашых дзён мае шанаванне духаў продкаў. Нікабарцы вырабляюць драўляныя статуі карэау, якія ўвасабляюць старшынь пашыранай сям'і і важных продкаў[6].
Найбольш выбітных супляменнікаў хавалі ў лодцы, якую спускалі ў акіян. Астатніх - у адкрытай магільне, дзе целы нябожчыкаў з’ядалі чарвякі і птушкі[5].
У XIX - першай палове ХХ стст. нікабарцы афіцыйна прынялі хрысціянства.
Зноскі
- ↑ Nicobarese of India
- ↑ West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. - New York, 2009. P.599
- ↑ Mitochondrial DNA variation in Nicobarese Islanders
- ↑ Народы Южной Азии. / Под ред. Н. Гусевой, А. Дьякова, М. Левина, Н. Чебоксарова. - М.: Из-во АН СССР, 1963. С. 662
- ↑ а б Nicobarese Tribe ,Indigenous tribe of Andaman and Nicobar Islands(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 сакавіка 2017. Праверана 28 лістапада 2012.
- ↑ The Nicobarese photo album Архівавана 18 сакавіка 2013.