Язэп Паўлавіч Урбановіч
Язэ́п Па́ўлавіч Урбано́віч (21 сакавіка (3 красавіка) 1907, Шэйпічы, цяпер Пружанскі раён — 20 ліпеня 1944, Варанілавічы, Пружанскі раён; Псеўданімы: Максім) — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў савецкага падполля і партызанскага руху ў Брэсцкай вобласці ў Другую сусветную вайну. Стрыечны брат Міхася Забэйды-Суміцкага.
Язэп Паўлавіч Урбановіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 21 сакавіка (3 красавіка) 1907 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 ліпеня 1944 (37 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання |
|
Альма-матар | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | СССР |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і званні |
Біяграфія
правіцьУ час Першай сусветнай вайны сям’я была эвакуіравана ў Сімбірскую губерню. Старэйшы брат Іван узначаліў там партызанскі атрад падчас Грамадзянскай вайны, Язэп (Юзік) Урбановіч стаў там сувязным.
Пасля сканчэння вайны вяртаецца ў Шэйпічы. У 1923 годзе закладае моладзевую суполку «Удар». У 1924 годзе паступае ў Віленскую беларускую гімназію. Удзельнічае ў драматычным і танцавальным гуртках, ездзіць з пастаноўкамі па Заходняй Беларусі. Удзельнічае ў арганізацыі дэманстрацый, вывешвае ўлёткі. Сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) з 1928 года. 1 верасня 1928 года з нагоды Міжнароднага юнацкага дня з камсамольцамі Віленскай гімназіі па ўсім горадзе раскідвае ўлёткі і далучаецца да дэманстрацыі моладзі на вуліцы Святой Ганны. Паводле данясення з Віленскай ваяводскай управы пра таемны камсамольскі сход:
Яго распачаў Урбановіч Язэп і заклікаў прысутных да арганізацыі, падкрэсліваючы, што школьная моладзь, якая належыць да СКМ (Саюз камуністычнай моладзі), мусіць адыгрываць галоўную ролю ў беларускім жыцці і павінна змагацца за адрыў усходніх ваяводстваў Польшчы і далучэння іх да савецкай Расіі.[1]
19 снежня 1928 года ў ліку 17 вучняў быў выключаны з гімназіі. Пасля гэтага вяртаецца ў Шэйпічы, быў прызваны ў польскае войска і накіраваны ў 76-ы пяхотны полк, але хутка быў дэмабілізаваны праз хваробу (сухоты).
У 1929 годзе вучыцца ў партыйнай школе ў Менску (БССР). 3 1930 года сакратар Баранавіцкага і Брэсцкага акруговых камітэтаў КПЗБ. Пасля вывешвання чырвоных сцягоў на вуліцах Брэста 1 мая 1930 года быў арыштаваны. 21 кастрычніка асуджаны да 6 гадоў турэмнага зняволення. Спачатку адбываў пакаранне ў Сядлецкай турме ў камеры-адзіночцы, пасля галадоўкі пераведзены ў агульную камеру. Пераведзены ў катаржную турму «Вронкі», дзе стан яго здароўя пагоршыўся, і дзякуючы намаганням адваката 14 ліпеня 1934 быў вызвалены «як безнадзейна хворы». Пасля лячэння ў санаторыі пад Варшавай пры спробе пераходу мяжы з СССР быў затрыманы і зняволены ў віленскай турме Лукішкі. У 1936 годзе вызвалены паводле амністыі. Уладкаваўся качагарам на фабрыцы «Сідаль». Быў адным з арганізатараў Беларускага культурнага таварыства ў Варшаве.
У выніку Заходняга паходу Чырвонай Арміі Заходняя Беларусь далучаная да БССР. З 1939 года старшыня выканкама Ружанскага пассавета.
У Другую сусветную вайну са жніўня 1941 года ў тыле нямецкіх войскаў: адзін з арганізатараў раённых антыфашысцкіх арганізацый, сакратар Ружанскага раённага антыфашысцкага камітэта. З 1942 года сакратар Брэсцкага міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі». У жніўні 1942 атрад савецкіх партызан пад яго кіраўніцтвам разграміў гарнізон у Косаве. У чэрвені—ліпені 1943 года камандзір партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі (дзейнічала на тэрыторыі Бярозаўскага, Косаўскага, Пружанскага, Ружанскага і Слонімскага раёнаў). Са снежня 1943 і па ліпень 1944 года выпускаў газету «За Радзіму», усяго было выдадзена 48 нумароў.
Смерць
правіцьЗагінуў 20 ліпеня 1944 года, паводле афіцыйнай версіі «пры выкананні службовых абавязкаў».
Існуе таксама версія брата Васіля Сёмухі Яўгена, які быў сведкам гібелі Урбановіча. Пасля адыходу немцаў у вёску Варанілавічы 10 ліпеня прыйшлі бандыты (паводле некаторых звестак, гэта былі партызаны[2]), якія заняліся рабаўніцтвам: забіралі скаціну, дамашні скарб, рабавалі царкву. Праз некалькі гадзін у вёсцы з’явіўся Урбановіч з невялікай групай суправаджэння, які запатрабаваў спыніць гвалт. За гэта ён быў застрэлены памочнікам камандзіра аддзелу рабаўнікоў. Пазней абодва былі пакараныя: Л. (мясцовыя жыхары дагэтуль так называюць кіраўніка бандытаў) павешаны, а ягоны памочнік расстраляны[3].
Даследчык Сяргей Кнырэвіч адшукаў дакументы (НАРБ, ф. 1401, воп. 1, спр. 2, арк. 78-79), якія пацвярджаюць версію Яўгена Сёмухі. Рабаўнікамі аказаліся байцы кавалерыйскага эскадрона 2-й партызанскай брыгады на чале з Рыгорам Гульковым і яго ардынарцам Уладзімірам Гурманам.
Гурман на ветлівы зварот да яго Урбановіча паставіў на баявы ўзвод аўтамат і пацэліў на яго, але не стрэліў, а пайшоў да Урбановіча і нанёс яму два ўдары кулаком па галаве, пасля чаго таксама падышоў Гулькоў і проста ва ўпор стрэліў з пісталета ў галаву Урбановіча, які адразу ж упаў з каня і быў забіты на месцы. Такім чынам, ад рукі злачынцаў загінуў Урбановіч Язэп Паўлавіч.
Пасля забойства партызаны брыгады імя Панамарэнкі абяззброілі марадзёраў, Гулькова павесілі, а Гурмана расстралялі.
Пахаваны ва ўрочышчы Гута-Міхалін, за 13 км ад вёскі Верашкі Івацэвіцкага раёна на брацкіх могілках савецкіх партызан і савецкіх воінаў.
Ушанаванне памяці
правіцьІмя Урбановіча носяць вуліцы ў Косаве, Пружанах, Ружанах і Варанілавічах.
У 1967 годзе на будынку Ружанскага выканкама пасялковага Савета ўстаноўлена мемарыяльная дошка[4]. 15 снежня 1968 года ў скверы па вуліцы Савецкай ў Ружанах яму ўрачыста адкрыты помнік (скульптар Аркадзь Сурскі)[4].
Зноскі
- ↑ Герасімчык Васіль. Ад рук бандытаў ці партызанаў: як загінуў Язэп Урбановіч // Arche. 2021.#3. С. 9-13.
- ↑ Яшчэ адна партызанская загадка: як загінуў Язэп Урбановіч? . Наша Ніва (3 красавіка 2012). Праверана 6 жніўня 2018.
- ↑ Пейган, М., Сінкевіч, М. Гаркавы подых вайны / Мікалай Пейган, Мікалай Сінкевіч // Раённыя будні. — 2012. — № 52 (9498). — 11 ліпеня. — С. 5.
- ↑ а б Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская область / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора, БелСЭ. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 417, [4] с. — С. 368, 370—371. — (Свод памятников истории и культуры народов СССР). — ISBN 5-85700-017-3.
Літаратура
правіць- Урбановіч Іосіф Паўлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 588. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
Спасылкі
правіць- Урбановіч Іосіф Паўлавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»