Даўжыня цела 13—16 см, размах крылаў 27—37 см. У афарбоўцы пераважае шэры колер. Апярэнне спіны стракатае, брушка белае. Над вокам белае брыво. У палёце паясніца і сярэдзіна хваста цёмныя, але бакавыя рулявыя пёры белыя. Узлятае рэзка ўгару падобна да бакаса. Ногі кароткія, зялёна-жоўтыя. Голас высокі, вібрыруючы.
Арэал: Шатландыя, Скандынавія, крайні паўночны ўсход Еўропы, поўнач Сібіры да Чукоткі. Насяляе пераважна арктычную тундру, таксама трапляецца ў Субарктыцы і нават у зоне тайгі. Часта жыве на астравах і фіёрдах, дэльтах, каля рэк і ручаёў. У фіёрдах і гарах даходзіць да 250—1200 м.
Пералётны від. Месца зімовак: Заходняя і Паўднёвая Еўропа (міжземнаморскі басейн), Месапатамія, Паўднёва-Усходняя і Усходняя Азія (Індыя, Індакітай, Філіпіны, Японія, Тайвань), Аравійскі паўвостраў, Паўночная і Цэнтральная Афрыка. Пад час пералётаў і на зімоўцы засяляе марскія ўзбярэжжы (звычайна адкрытыя — пясчаныя або глеевыя, эстуарыі) і берагі вялікіх кантынентальных вадаёмаў, менш або больш зарослыя балоты і нават арашаемыя ландшафты.
У гнездавы перыяд трымаецца невялікімі чародамі. Гняздо ладзіць пад прыкрыццем травяністай расліннасці або на адкрытым месцы, часта ў купіне, пад кустамі вярбы або карлікавай бярозы, паміж камянямі і ў да т.п. сухіх месцах, непадалёк ад вады, у ямцы. Высцілка з лісця, асакі або траў. Часам гняздо без высцілкі.
Яек звычайна 4 (часам 2—3), грушападобныя з вострым вузейшым канцом, зеленавата-гліністыя або шаравата-зеленаватыя, з глыбокімі жоўта-палевымі, карычнева-папялістымі або блакітна-папялістымі і карычнева-аліўкавымі ці карычневымі паверхневымі плямамі.
Корміцца пераважна дробнымі воднымі беспазваночнымі.