Івянецкая кераміка

Івяне́цкая кера́міка — традыцыйныя вырабы гаспадарчага і дэкаратыўнага прызначэння ганчароў з мястэчка Івянец Валожынскага раёна. Промысел вядомы з XVI ст.

Выраблялі кухонны і сталовы посуд (тэракотавы, чорназадымлены і паліваны): гаршчкі, міскі, глякі, слоікі, талеркі; тэракотавую і паліваную кафлю з рэльефнымі расліннымі і зааморфнымі, геральдычнымі выявамі. Посуд аздаблялі штампаваным, гравіраваным або ляпным геаметрычным арнаментам, паліваныя вырабы — ангобнай размалёўкай (вадкім растворам тонка змолатай гліны іншага колеру) у выглядзе кропак, завіткоў і галінак.

Найбольшага развіцця івянецкая кераміка дасягнула ў канцы XIX — пачатку XX стст. Працавалі майстэрні па вытворчасці посуду і кафлі, значна пашырыўся асартымент вырабаў (чайнікі, маслёнкі, вазы, падсвечнікі ды інш.). Выраблялі пераважна паліваны посуд з ангобнай размалёўкай карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых ці хвалістых паяскоў, хваёвых лапак, іншых геаметрычных ці раслінных матываў. Была пашыраная вытворчасць паліванай манахромнай (жоўтай, карычневай, белай, зялёнай) кафлі з рэльефнымі выявамі кветак, раслінаў, адвольных кампазіцый у стылі «мадэрн». Выраблялі таксама карнізы для печак і цацкі.

У 1960 г. на базе ганчарнай арцелі створана фабрыка мастацкай керамікі і вышыўкі, якая ў 1979 г. увайшла ў аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Сучасныя вырабы вызначаюцца акруглымі мяккімі абрысамі, геаметрычным узорам — гарызантальнымі гладкімі і расчасанымі палосамі, які пакрывае выраб накшталт тканіны.

Калекцыі Івянецкай керамікі зберагаюцца ў многіх музеях Беларусі, а таксама — у Дзяржаўным музеі этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу.

Літаратура

правіць