Іосіф Ігнатавіч Мазуркевіч

Іосіф (Язэп) Ігнатавіч Мазуркевіч (19 лістапада 1887, урочышча Падкрыжыкі, Уздзенская воласць, Ігуменскі павет, Мінская губерня, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць — 4 лістапада 1937, Віцебск, НКУС; псеўданім: Я. Цікавы) — беларускі педагог, празаік і публіцыст.

Іосіф Ігнатавіч Мазуркевіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 19 лістапада 1887(1887-11-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 лістапада 1937(1937-11-04) (49 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці педагог, празаік, публіцыст
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне правіць

Паходзіў з роду вольных беззямельных хлебапашцаў Мінскай губерні, праваслаўнага веравызнання, якія займаліся арэндай зямлі ў паноў-землеўласнікаў і былі прылічаны да ліку мінскіх мяшчан. Дзед Ігнат Аляксандравіч Мазуркевіч у 1860-1880-я гг. служыў лясным наглядчыкам у маёнтку Целякова Ігуменскага павета, уласнасці памешчыка Канстанціна Гартынга. Бацька Ігнат Ігнатавіч Мазуркевіч (1864—1899) таксама служыў у мясцовай лясной стражы.

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 19 лістапада 1887 г. у сям'і мінскіх мяшчан Ігната Ігнатавіча і Юзэфы Фёдараўны Мазуркевічаў ва ўрочышчы Падкрыжыкі маёнтка Целякова. Хрысцілі хлопчыка праз 10 дзён у Свята-Пакроўскай царкве вёскі Целякова (цяпер — в. Уздзенскага раёна Мінскай вобл.). Меў малодшых сясцёр Эмілію і Анастасію (памерлі ў дзяцінстве), брата Антона. Пасля смерці бацькі Язэп быў аддадзены на вучобу ў Багушэвіцкую настаўніцкую школу, дзе вучыўся за кошт мецэнацкай стыпендыі канцлера Філіпава. У 1904 г. пачаў настаўнічаць у школе граматы на Ігуменшчыне, а з 1906 г. атрымаўшы экстэрнам званне настаўніка пачатковай школы да 1915 г. працаваў у Навагрудскім павеце. У 1915—1918 гг. быў загадчыкам Бежанскай франтавой перасоўнай школы № 5 каля Баранавіч. У час нямецкай акупацыі Беларусі (1918—1919 гг.) настаўнічаў у Камышынскім павеце Саратаўскай губерні. У час польскай акупацыі Беларусі працаваў у прыватнай школе ў в. Лысіца пры станцыі Замір'е ў Наваградскім ваяводстве, дзе прымаў удзел у падпольным і партызанскім руху. У 1921 г. быў арыштаваны польскай дэфензівай і зняволены ў Баранавіцкай турме. 1 сакавіка гэтага ж года ўцёк з турмы, пасля чаго настаўнічаў на Случчыне.

Напачатку 20-х гг. Мазуркевіч актыўна ўключыўся ў працэс адраджэння беларускай літаратурнай традыцыі. У 1924 г. скончыў Вышэйшыя курсы беларусазнаўства ў Мінску і працаваў у Віцебску, займаючы пасады выкладчыка савецка-партыйнай школы ІІ ступені, вячэрняга рабфака, супрацоўніка краязнаўчага музея, настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў школе. У гэты час Мазуркевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю: з'яўляўся адным з арганізатараў, кіраўніком і актыўным удзельнікам Віцебскай філіі літаратурнага аб'яднання «Маладняк». Быў дэлегатам I-га ўсебеларускага з'зда «Маладняка» (1925), уваходзіў у склад Цэнтральнага Бюро «Маладняка».

Удзельнік І-га з'езда (1928) і сябра Бел АПП. Быў кіраўніком Віцебскай філіі, уваходзіў у склад праўлення БелАПП.

Дэлегат І-га Ўсесаюзнага з'езда пралетарскіх пісьменнікаў (Масква, 1928).

17 верасня 1937 быў беспадстаўна арыштаваны і 20 кастрычніка 1937 асобай нарадай пры НКУС СССР як член «Польскай арганізацыі вайсковай» прыгавораны да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыя маёмасці. Расстраляны 4 лістапада 1937 у Віцебску.

На момант арышту з'яўляўся настаўнікам СШ № 1 Віцебска, быў жанаты, меў дзіця.

Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 16 ліпеня 1957.

Літаратурная і грамадская дзейнасць правіць

У сваёй біяграфіі Мазуркевіч згадвае, што ўпершыню пазнаёміўся з беларускім пісьменствам у 1905 г., а з 1922 г. пачаў пісаць карэспандэнцыі па-беларуску. У «маладнякоўскай» анкеце называў яшчэ больш раннюю дату пачатку пісьменніцкай дзейнасці — 1921 г.

З 1923 г. Мазуркевіч пачаў займацца мастацкай прозай і да 1925 г. напісаў дзве п'есы («Камсамолка Галя» і «Лятучка»), апавяданне «Здзекі», прысвечаныя падзеям грамадзянскай вайны. З 1924 г. друкаваўся ў часопісах «Полымя», «Маладняк», альманахах «Пачатак», «Світанне», «Рытмы будавання» (у апошнім з п'есай «За калгас»), рэспубліканскіх і абласных газетах. Выступаў з апавяданнямі, п'есамі, нарысамі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, дзе адлюстроўваў падзеі грамадзянскай вайны, сацыялістычнага будаўніцтва на Беларусі. Яго творы атрымалі крытычны водгук ад Максіма Гарэцкага за схематызм і недахоп мастацкасці.

Мазуркевіч больш прыцягальны менавіта не як аўтар, а як крытык і літаратуразнавец, чалавек шырокага кругагляду і адзін з арганізатараў літаратурнага руху на Віцебшчыне. Пры яго ўдзеле падрыхтаваны і выдадзены альманахі «Пачатак» (1926) і «Світанне» (1927), да якіх ён напісаў прадмовы і ўдзельнічаў у іх як празаік. Аглядны артыкул «Літаратурны рух на Віцебшчыне» прадставіў яго дасведчаным краязнаўцам і філолагам-беларусістам. Артыкул складаецца з трох частак, кожная з якіх прысвечана пэўнаму этапу з гісторыі літаратуры на Віцебшчыне. Першы перыяд (канец ХІХ ст. — кастр. 1917 г.) аналізуе творчасць Я. Журбы, М. Анцава, Я. Акунёва, М. Разэнкампа; другі перыяд (кастр. 1917—1924 гг.) Мазуркевіч характарызуе надзвычайна бедным на тыя мастацкія творы, што адасабляюць мясцовае жыццё Віцебшчыны ў гэты час; трэці перыяд (1924—1928 гг.) асвятляецца аўтарам як час шырокага развіцця і росту папулярнасці беларускай мастацкай літаратуры, у раздзеле таксама разглядаецца літаратурная і краязнаўчая дзейнасць Віцебскай філіі «Маладняка» ў гэты перыяд. Аб грунтоўнасці публікацыі кажа наяўнасць пасля кожнага раздзела спісаў выкарыстаных аўтарам крыніц (усяго 30 найменняў выданняў).

Ацэнкі правіць

Творчыя дасягненні Мазуркевіча не атрымалі асаблівага прызнання ні пры яго жыцці ні цяпер. Аднак сваёй выкладчыцкай дзейнасцю ён спрыяў узгадаванню цэлага пакалення беларускамоўных пісьменнікаў 20-х гг. ХХ ст.

Бібліяграфія правіць

  • Мазуркевіч Я. Літаратурны рух на Віцебшчыне // Маладняк. 1929. № 4, с.93-98.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 511
  • Язэп Мазуркевіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. Т. 4. С. 159
  • Лаўшук С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пач.30-х гг.). Мн., 1984.
  • Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991: Энцыклапедычны даведнік. Т.3. Кн. 2. Лабадаеў — Яцына. — Мінск, 2005.

Спасылкі правіць