Абраз Маці Божай Фашчаўскай

Абраз Маці Божай Фашчаўскай — абраз Багародзіцы, вядомы з першай паловый XVII ст., які каталікамі з усходу сучаснай Беларусі лічыўся цудадзейным. Ікона знаходзілася ў галоўным алтары касцёла Адведзін Найсвяцейшай Дзевай Марыяй Святой Альжбеты ў вёсцы Фашчаўка сучаснага Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Прыкладна да сярэдзіны XVII ст. Фашчаўка называлася Чарніца, таму абраз быў вядомы як Чарніцкі. Адносіцца да іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя. Ёсць звесткі, што абраз шанаваўся таксама праваслаўнымі вернікамі. Арыгінал страчаны, як мяркуецца, у 1937 годзе.

Абраз Маці Божай Фашчаўскай
выява
фота не пазней 1911 г.
Дата з'яўлення: першая палова XVII ст.
Іконаграфічны тып: Адзігітрыя

Гісторыя правіць

5 лістапада 1611 года кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза для заснавання калегіюма езуітаў і школ у Оршы дараваў пляц у горадзе і 200 валок зямлі з падданымі ў Магілёўскай эканоміі. У наступным, 1612 годзе, прадстаўнікі караля і віленскага біскупа разам з адміністрацыяй Магілёўскай эканоміі вылучылі з каралеўскіх уладанняў і перадалі ва ўласнасць аршанскіх езуітаў вёскі Чарніца (цяпер Фашчаўка), Княжычка (цяпер Княжыцы), Крывель, Чамаданы (цяпер Старыя Чамаданы) і Чална (цяпер Саськаўка)[1].

Першая вядомыя згадка ў літаратуры пра прысутнасць каталікоў у Чарніцы звязаная з шанаваннем абраза Маці Божай, які лічыўся цудадзейным. Вядомы ў свой час пісьменнік, палеміст і гісторык кс. Альберт (Войцех) Віюк-Каяловіч SJ (1609—1677) сабраў у 1650 годзе ў адной са сваіх прац па гісторыі хрысціянства ў Вялікім Княстве Літоўскім звесткі пра шэраг цудадзейных абразоў, сярод якіх аўтар называе ікону Багародзіцы з Чарніцы — вёскі Аршанскага калегіюма езуітаў[2][3]:

Ласкі, якія Божая Веліч даруе тым, хто звяртаецца па абарону да Найсвяцейшай Панны перад яе абразам, які знаходзіцца ў капліцы гэтай вёскі, зрабілі гэта месца знакамітым: так што сюды сыходзяцца ў вялікай колькасці не толькі прававерныя (каталікі), але і схізматыкі (праваслаўныя) з бліжэйшых месцаў і адчуваюць асаблівыя звышнатуральныя ласкі

У «Марыйным атласе» баварскага езуіта кс. Вільгельма Гумпенберга SJ (ням.: Wilhelm Gumppenberg, 1609—1675), надрукаваным у 1672 годзе, таксама ёсць звесткі пра цудадзейны абраз Багародзіцы, які знаходзіўся ў вёсцы, што належала Аршанскаму калегіюму езуітаў, хаця назва вёскі не падаецца[4][5]:

Да заснавання Аршанскага калегіюма Таварыства Ісуса, у год Хрыстовы 1612, наш служка касцёла намаляваў гэты абраз Багародзіцы для галоўнага алтара храма. Але калі ў наступныя гады ў алтары былі размешчаныя больш каштоўныя абразы, гэты абраз у суседнюю вёску, у маёнтак, што належыць калегіюму, быў перанесены. Ён стаў цудадзейным у 1630 годзе, калі шляхецкі хлопчык, які меў скалечаныя ногі з самага ўлоння мацеры, паклікаўшы каля гэтага абраза Панну, адужэў і ўстаў на ногі. Найбольш павялічыліся гэтыя ласкі з 1638 года і прыбыццё сюды нават схізматыкаў (праваслаўных) зрабіла месца знакамітым. Так мне паведаміў ксёндз Альберт Каяловіч, рэктар Віленскага калегіюма Таварыства Ісуса, які дадаў, што цуды настолькі вялікія шматлікія, што ён сам, калі з прычыны вайны будзе магчыма, хутка і ход усёй гэтай гісторыі, і самі цуды, ужо правераныя, а не паводле чутак, абвесціць. Гэтых звестак, аднак, я не атрымаў.

Хаця гэтае выданне пабачыла свет у 1672 годзе, але звесткі кс. Гумпенберг пачаў збіраць значна раней. У 1652 годзе ён прасіў усіх еўрапейскіх правінцыялаў ордэна езуітаў, каб у кожнай правінцыі быў прызначаны чалавек, які падрыхтуе і вышле яму матэрыялы пра цудадзейныя абразы. Просьбы пра дастаўленне інфармацыі былі накіраваныя таксама ўсім рэктарам езуіцкіх калегіюмаў у Еўропе[6]. Як вынікае з самой цытаты, інфарматарам кс. Гумпенберга ў гэтым выпадку быў кс. Альберт (Войцех) Віюк-Каяловіч SJ (1609—1677). Даследчык гісторыі фашчаўскага касцёла А. В. Красоўскі звяртае ўвагу на тое, што кс. Віюк-Каяловіч у прыведзеным урыўку названы рэктарам Віленскага калегіюма езутаў, а гэтую пасаду ён займаў у 1653—1655 гадах[a], а таксама на тую акалічнасць, што ў тэксце гаворыцца пра звязаныя з вайной перашкоды, у той час як у чэрвені 1654 года акурат пачалася вайна Расійскага Царства з Рэччу Паспалітай (1654—1667)[4]. На гэтай падставе даследчык адносіць перапіску паміж кс. Віюком-Каяловічам і кс. Гумпенбергам, як і апублікаваныя ў выніку гэтай перапіскі звесткі, прыкладна да перыяду паміж 1654 і 1655 гадамі[4]. Таксама А. В. Красоўскі адзначае, што паколькі кс. Віюк-Каяловіч ва ўласнай кнізе падобнай тэматыкі, якая выйшла з друку ўсяго на некалькі гадоў раней за пачатак перапіскі з кс. Гумпенбергам, не ўзгадвае іншыя цудадзейныя абразы ва ўласнасці Аршанскага калегіюма езуітаў, акрамя Багародзіцы з Чарніцы, то і ў тэксце кс. Гумпенберга ідзецца пра тую ж ікону[4].

У 1768 годзе была надрукаваная праца па гісторыі Літоўскай правінцыі езуітаў, дзе аўтар кс. Станіслаў Растоўскі SJ (1711—1784) са спасылкаю на рукапісную «Гісторыю аршанскага калегіюма» (лац.: Historia Collegii Orsensis) расказвае пра містычны эпізод у 1643 годзе, звязаны з абразам Багародзіцы ў Чарніцы[7]:

У Аршанскім павеце Белай Русі ў ліпені гэтага года [1643] быў каменны град. На абшары ў дваццаць міль з неба сышла такая жахлівая навальніца, што паўсюль пазносіла стрэхі і пастухоў на пашах са статкамі пабіла. Вялікае спусташэнне адбылося ў гарадах, лясах і вёсках. Калі навальніца адступіла, то там, дзе хмары разышліся і заззяла яркае сонца, убачылі дзіўную і поўную жаху рэч: у асобных снежных зацвярдзелых на марозе камяках, памерам з лімон, знаходзіліся вострыя камяні, у многіх — касцяныя выявы нейкіх галоў, нібыта нябёсамі зробленыя. Калі пра гэта даведаліся, большасць людзей ахапіў жах, такім жудасным быў гэты камнепад. Кожны баяўся за сябе: звяртаўся ў святыні па сродкі ратунку. Акрамя таго, адбыўся яшчэ адзін цуд: вёска аршанскага калегіума Чарніца — месца, вядомае праз абраз Бласлаўлёнай Панны Марыі і ласкі — нягледзячы на згубу, што панавала навокал, засталося зусім некранутым, калі там маліўся народ. Расказваюць, што камяні, якія былі ў [снежных] камяках, пабіўшы некаторых, прынеслі ім смерць. Кажуць, некалькі камянёў доўга захоўваліся ў архіве нашага аршанскага дома (калегіюма). Услед за каменным градам пачаліся хваробы, але памерлі ўсяго некалькі каталікоў, хоць у горадзе гінулі юдэі і схізматыкі (праваслаўныя).

Сам аўтар у зносцы да гэтага фрагмента адзначыў, што пра каменны град напісаў нехта недасведчаны (лац.: profanus)[7].

У выдадзеным у 1702 годзе атласе нямецкага географа-езуіта Генрыха Шэрара SJ (ням.: Heinrich Scherer, 1628—1704), адзін з тамоў якога аўтар цалкам прысвяціў цудадзейным абразам і статуям Маці Божай, Фашчаўка пазначана сярод тых месцаў ВКЛ, дзе знаходзіліся цудадзейныя выявы Панны Марыі[8]. На гэтай жа старонцы ў скарочаным варыянце Шэрар перадрукаваў звесткі пра цудадзейны абраз ва ўласнасці Аршанскага калегіюма езуітаў з «Марыйнана атласа» кс. Гумпенберга 1672 года[8]. А. В. Красоўскі лічыць, што аўтар проста не ведаў, што аршанскім езуітам належаў толькі адзін цудадзейны абраз Багародзіцы, а за Чарніцай да таго часу ўжо замацавлася назва Фашчаўка[4].

У XVIII ст. абраз знаходзіўся ў фашчаўскім касцёле і лічыўся цудадзейным, пра што сведчаць згадкі ў архіўных крыніцах. Так у 1713 годзе Рэгіна Кулакоўская — удава настаяцеля царквы св. Мікалая ў мястэчку Дуброўна Аршанскага павета пратапопа Кандрата Палікарповіча — у сваім тастаменце загадвала дзецям зрабіць ахвяру на хвалу Панны Марыі Фашчаўскай[9]:

Гарантую тым жа тастамэнтам маім, што з тых уладанняў маіх Кулакоўшчыны і Кавалеўшчыны на касцёл фарны 250 злотых, паводле рашэння яшчэ нябожчыка бацькі дабрадзея майго, павінны дзеці мае выплаціць, каб лямпа праз век жыцця чалавечага не згасаючы [гарэла] перад абразом Найсвяцейшай Панны Маці Божай Фашчаўскай, цудамі слыннай, за што Веліч Сына Свайго за душы нашыя прасіць будзе

Апісанне правіць

Апісанні ці выявы Багародзіцы Фашчаўскай раней XIX ст. на бягучы момант невядомыя.

Самае даўняе і найбольш падрабязнае з апісанняў абраза было знойдзена ў пратаколе генеральнай візітацыі фашчаўскага касцёла пад датаю 6 верасня 1805 года[10]:

  Першы — галоўны [алтар], у якім [знаходзіцца] слынны цудамі абраз Найсвяцейшай Панны з часткова вызалачанаю срэбнаю шатаю, з дзвюма каронамі і шчодра вызалачаным жазлом, з рамамі і некалькімі складанымі срэбнымі часткамі на іх. Каля абраза з абодвух бакоў у медных, пакрытых срэбрам шатах — два херубімы, якія трымаюць рамы абраза. Над алтаром, у той жа самай што і абраз нішы, [знаходзіцца] цудоўна ўпрыгожаная вялікая карона ў шчодра вызалачаным покрыве, якое спускаецца, нібы намёт, з абодвух бакоў. Вышэй — вялікі абраз Святой Тройцы, над якім манаграма імя Марыі разбярскай працы ў вызалачаных прамянях, якая завяршае зверху алтар  

У падаўчым інвентары фашчаўскага касцёла пад датаю 15 чэрвеня 1828 года абраз Панны Марыі таксама называецца цудадзейным, але яго апісанне не адрозніваецца ад папярэдняга — новыя звесткі толькі пра шату на абразе[11]:

  Шата Найсвяцейшай Панны ў меншай частцы срэбная, чацвёртай пробы, а ў большай частцы медная. Зняць гэтую шату, каб узважыць яе ці аддзяліць медзь, немагчыма  

Тут маецца на ўвазе лотавая проба, а гэта значыць, што матэрыял шаты меў толькі ¼ частку срэбра.

 
Абраз Маці Божай Фашчаўскай з кнігі езуіта кс. А. Фрыдрыха (1911)

Змены ў размяшчэнні абраза ў касцёле і яго аздабленні на працягу XIX ст. не зафіксаваныя. У інвентары касцёла пад датаю 13 мая 1903 года апісанне адрозніваецца ад папярэдніх толькі дэталямі[11]:

  Між калонамі ў нішы над алтаром – цудадзейны абраз Найсвяцейшай Багародзіцы з дзвюма каронамі і дзвюма фігуркамі анёлаў. Абраз Багародзіцы пакрыты шатаю, якая ў большай частцы [з] чырвонай медзі пасярэбраная, а ў меншай срэбная. На абразе павешаны залаты крыж без пробы, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. Памянёны абраз засланяецца іншым абразом, выяваю Найсвяцейшай Панны Марыі. Над абразам Маці Божай — абраз Сэрца Езуса, а ўверсе — абраз Св. Тройцы, ператлелы ад пажару  

У падаўчым інвентары пад датаю 10 ліпеня 1899 года яшчэ не адзначалася, што шанаваны абраз засланяўся іншай іконай Панны Марыі. Магчыма, канструкцыю, якая дазваляла хаваць абраз, зрабілі паміж 1899 і 1903 гадамі, калі адміністратарам касцёла быў кс. Павел Карповіч (1900–1902) ці кс. Тамаш Чайкоўскі (1902–1903)[11].

Адзіная вядомая выява Багародзіцы Фашчаўскай захавалася дзякуючы фатаздымку пачатку ХХ ст. У 1990-х гадах у фашчаўскай парафіі быў знойдзены невялікі аркушык памерам 8х12,5 см, на адным баку якога — фатаграфічная выява Панны Марыі Фашчаўскай (арыгінальны подпіс польск.: Obraz Najświętszej Panny Maryi Faszczowskiej), а на адваротным — ананімны польскамоўны гімн «Песня пра Найсвяцейшую Панну Марыю Фашчаўскую» (польск.: Pieśń o Najświętszej Pannie Marji Faszczowskiej)[11]. Год на аркушыку не пазначаны, але ідэнтычную выяву[12] апублікаваў у 1911 годзе ў манаграфіі пра цудадзейныя марыйныя абразы езуіт кс. Алаізі Фрыдрых SJ (польск.: Alojzy Fridrich, 1850–1927), што дае падставы датаваць здымак пачаткам ХХ ст. Аўтар адзначаў, што частку звестак ён атрымаў ад фашчаўскага плябана кс. Антонія Мацулевіча, які ўзначальваў парафію ў 1909—1911 гадах, а таксама ад прыватных асоб. Магчыма, такія аркушыкі з Багародзіцай Фашчаўскай друкавалі для прафіян ці пілігрымаў, і адзін экзэмпляр кс. Мацулевіч даслаў кс. Фрыдрыху. Трэба заўважыць, што сам кс. Фрыдрых не мог наведаць Фашчаўку, бо ў той час езуітам было забаронена законам прыязджаць у Расійскую імперыю[13].

У той жа публікацыі кс. Фрыдрых падае апісанне абраза[11][14]:

Як даўней, так і цяпер ласкамі слаўны абраз Марыі месціцца ў галоўным алтары. Найсвяцейшая Маці, паказаная больш як у палову роста, трымае на левай руцэ Боскае сваё Дзіця, а ў правай — жазло. Абраз аздоблены срэбным адзеннем і такімі ж каронамі. Акрамя таго, над абразом месціцца вялікая срэбная карона. На шыі Найсвяцейшай Панны знаходзіцца багата ўпрыгожаны срэбны крыж з часцінкамі Святой Зямлі.

Іншыя фотаздымкі ці выявы Фашчаўскай Багародзіцы на сённяшні дзень невядомыя, але нават у тым выглядзе, у якім паказаны абраз на маленькім аркушыку, ніхто з нашых сучаснікаў Багародзіцу Фашчаўскую не бачыў, бо ў 1912 годзе касцёл абрабавалі і сярод іншай маёмасці скралі аздобу з абраза[11].

Іканаграфічны тып правіць

Арыгінал іконы страчаны ў 1937 годзе[15] і захаваўся ўсяго адзін фатаздымак пасрэднай якасці пачатку ХХ стагоддзя, на якім большая частка абраза схаваная пад шатаю, што робіць немагчымым дэталёвы мастацтвазнаўчы аналіз твора. Выява Багародзіцы на гэтым здымку належыць да іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя: Панна Марыя трымае Хрыста на левай руцэ, у правай — жазло, пальцы правай рукі Ісуса складзены ў бласлаўляльным жэсце, а ў левай ён трымае Евангелле.

Беларуская спецыялістка па іканаграфіі, гісторык мастацтва Г. А. Флікоп-Світа адзначае, што прадстаўленая на адзіным вядомым фотаздымку іконы пакаленная выява Багародзіцы сустракаецца даволі рэдка, акрамя таго на большасці абразоў падобнай іканаграфіі Хрыстос трымае ў руках сферу, а не кнігу, але ўвесь твор вельмі характэрны для іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя, ніякіх нечаканых рыс няма, ракурсы персанажаў традыцыйныя — маці павернутая да дзіцяціці (а яно — да яе) у тры чвэрці. Спецыялістка адзначае, што сярод тых выяў, якія захаваліся да цяперашняга часу, абразы такой іканаграфіі невядомыя, адшукаць іншыя прыклады гэтага іканаграфічнага зводу не ўдалося[16].

Польскі даследчык культу Багародзіцы кс. Канстанты Марыя Жукевіч OFM (польск.: Konstanty Maria Żukiewicz, 1874—1948) у 1921 годзе без абгрунтавання свайго меркавання аднёс фашчаўскі абраз да шэрагу копій Маці Божай Снежнай — галоўнага багародзічнага абраза Рыма, які захоўваецца ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ[17]. Хаця іканаграфічны звод Багародзіцы Снежнай на працягу XVII-XVIII стагоддзяў карыстаўся на беларускіх землях вялікай папулярнасцю, з якой мог параўнацца хіба што абраз Маці Божай Чэнстахоўскай[18], аднак падабенства Панны Марыі Фашчаўскай і Панны Марыі Снежнай вынікае з прыналежнасці да агульнага іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя, а рысы, уласцівыя іканаграфічнаму зводу Багародзіцы Снежнай, не прасочваюцца ў фашчаўскім абразе[13]. Беларускі мастацтвазнавец, спецыяліст па культавым мастацтве эпохі барока А.А. Ярашэвіч (1940—2016) адзначаў, што ў XVIII стагоддзі мастакі «нізавога» ўзроўню барока смела дэфармавалі візантыйскую іканаграфію Багародзіцы Снежнай, але нават у самых перайначаных спісах іконы ад прататыпа захоўваўся характэрны жэст рук Багародзіцы, у якіх яна трымае хустачку[19]. Гэтай рысы фашчаўскі абраз не мае.

У сучаснай публікацыі польскіх гісторыкаў-езуітаў Людвіка Гжэбеня (польск.: Ludwik Grzebień, 1939—2020) і Анджэя Паўла Беся (польск.: Andrzej Paweł Bieś) фашчаўскі абраз называецца копіяй іконы Багародзіцы Снежнай з Дэрпта, якая пазней, магчыма, была перанесена езуітамі ў касцёл латгальскага сяла Ўжвалда[lv][20]. Аўтары не даюць спасылак на крыніцы інфармацыі і ніяк не тлумачаць той факт, што толькі выява Панны Марыі Фашчаўскай — адзіная ва ўсёй кнізе — не адпавядае іканаграфічнаму зводу Маці Божай Снежнай.

Шанаванне абраза правіць

Падрабязных звестак пра шанаванне фашчаўскага абраза Панны Марыі ў ХІХ ст. пакуль не знойдзена, але асобныя эпізоды сведчаць, што ў народным уяўленні абраз па-ранейшаму лічыўся цудадзейным[13].

3 студзеня 1842 года фашчаўскія парафіяне напісалі ліст у Магілёўскую рыма-каталіцкую духоўную кансісторыю з просьбаю пакінуць у Фашчаўцы кс. Віктара Варпуцянскага OFM — манаха ордэну бернардынаў, які ўзяўся за аднаўленне занядбанага за дваццаць гадоў пасля выгнання езуітаў касцёла і плябаніі. Ліст напісаны ад імя ўсіх сялян-гаспадароў былога езуіцкага маёнтка, а за непісьменных падпісаўся валасны пісар Міхал сын Каэтана Давідовіч. У тэксце звароту парафіяне выказвалі надзею, што дзякуючы руплівай працы кс. Варпуцянскага вернуцца і цуды Маці Божай[13].

Ускосна пра шанаванне Багародзіцы Фашчаўскай сведчыць колькасць вотаў каля абраза, якая павялічвалася на працягу ХІХ ст. У 1805 годзе каля галоўнага алтара і ў іншых месцах вісела 26 срэбных вотаў і два срэбныя рублі. Колькасць срэбных вотаў рознай пробы ў 1828 годзе складала ўжо 82 адзінкі, агульная вага якіх дасягала 2,5 кілаграма. У 1911 годзе срэбных вотаў рознай формы, велічыні і пробы налічвалася 109[21].

Паводле сабраных кс. Фрыдрыхам звестак, у пачатку ХХ ст. у касцёле была 131 вота і месціліся гэтыя ахвяры ў дзвюх драўляных шафках каля галоўнага алтара. На фігурцы 1807 года, якая была зроблена ў форме хворага чалавека, што ляжыць на ложку, быў надпіс па-польску польск.: P. Jelern. Вота 1819 года мела надпіс па-руску: «За здароўе слугі Пятра». Срэбная таблічка, ахвяраваная некалькімі асобамі, мела вершаваную гравіроўку па-лацінску са зваротам да Багародзіцы. Аўтар перадае змест надпіса ў перакладзе на польскую мову[22]:

Месцяцца тут дары, месціцца стогн чалавечы,

О, Ласкавая Панна, май нас у сваёй апецы.

Большая часта фігурак не мела дат і надпісаў[23].

Гімн у гонар Багародзіцы Фашчаўскай правіць

На адваротным баку зноўдзенага ў 1990-х гадах аркушыка з фатаграфічнай выявай Маці Божай Фашчаўскай быў надрукаваны ананімны польскамоўны гімн «Песня пра Найсвяцейшую Панну Марыю Фашчаўскую». Гэты спеў да цяперашняга часу з некаторымі адхіленнямі ад арыгіналу выконваецца ў фашчаўскай парафіі[24].

Pieśń o Najświętszej Pannie Marji
Faszczowskiej.

O nadziejo nas strapionych,
Zewsząd nędzą uciśnionych,

Panno w Faszczowskim obrazie,
Ratuj że nas w ciężkim razie!

My Twej łaski doznajemy
Pod Twą pieczą wszak żyjemy;

Tyś łaskawie, miłosierna,
Twoja dobroć wciąż niezmierna.

A gdy grzechy niebacznymi,
Twego Syna gniew wzniecimy,

Wstrzymaj nam rozgniewanego,
Przemień Go w miłosiernego!

Niech powietrze nie grasuje,
Niechaj powódź ustępuje;

Głodu, ognia dekret srogi
Odwróć — i wojenne trwogi.

Крыніцы правіць

Літаратурныя крыніцы правіць

Анлайн-крыніцы правіць

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

  • Ludwik Grzebień SJ Kojałowicz Wijuk Wojciech // Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564-1995. — Wydz. Filozoficzny TJ, Kraków, 1996.