Забастоўка працаўнікоў мінскага метрапалітэна (1995)

Забастоўка працаўнікоў мінскага метрапалітэна — забастоўка, якая адбылася 17—21 жніўня 1995 года і спыніла рух метро ў Мінску на некалькі дзён. Гэта быў першы раз, калі ў Мінскім метрапалітэне быў спынены рух за яго ўжо амаль 10 гадоў працы на той момант.

Забастоўка працаўнікоў мінскага метрапалітэна (1995)
Дата 17—21 жніўня 1995 года
Месца Мінск, Беларусь
Прычыны Парушэнне калектыўнага дагавора, затрымка заробку
Вынік звальненне каля 56-58 супрацоўнікаў, арышт некаторых на некалькі сутак
Бакі канфлікту
Працаўнікі Мінскага метрапалітэна Кіраўніцтва Мінскага метрапалітэна
Ключавыя фігуры
Уладзімір Макарчук
Мікалай Канах
Сяргей Антончык
Уладзімір Набежка
Уладзімір Ярмошын
Аляксандр Лукашэнка
Сілы
Свабодны прафсаюз Беларусі
БНФ «Адраджэньне»
Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт
Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
АМАП
Міліцыя
Лік удзельнікаў
Каля 150 чалавек

Перадумовы правіць

Сітуацыя ў Мінскім метрапалітэне абвастрылася ўвесну 1995 года, калі начальнік гарадскога метро Уладзімір Набежка сваім прыказам скасаваў 10-адсоткавыя надбаўкі за бяспечную і безаварыйную працу і паменшыў памер прэмій. Тым самым ён парушыў калектыўны дагавор, заключаны паміж працадаўцам і прафсаюзамі (на метрапалітэне суіснавалі два прафсаюзы: афіцыйны і Свабодны прафсаюз Беларусі. Але, калі была парушаная дамова, яны пачалі дзейнічаць сумесна).

Спробы прафсаюзаў правесці перамовы з начальнікам метро вынікаў не далі. Прафсаюзы таксама звярталіся ў органы ўлады, пракуратуру і суд, але гэта нічога не дала, што падштурхоўвала да рашэння пачаць забастоўку.

Напярэдадні 17 жніўня забастоўку аб’явіла частка кіроўцаў тралейбуснага дэпо № 1, якое абслугоўвала цэнтральную транспартную артэрыю горада — праспект Скарыны. Працаўнікі метро, сабраўшыся на сходзе ўночы з 16 на 17 жніўня, вырашылі іх падтрымаць і не прыступаць да працы. Актыўны ўдзел у забастоўцы бралі члены Свабоднага прафсаюза Беларусі.

Патрабаванні правіць

Зранку працаўнікі высунулі свае патрабаванні:

  1. адстаўка кіраўніцтва метро,
  2. прытрымліванне калектыўнага дагавора,
  3. своечасовая выплата заплаты.

Спачатку бастаўнікі высунулі патрабаванні прытрымлівання калектыўнга дагавора ў частцы выплаты кампенсацый памерам 1 % за кожны дзень пратэрмінаванага заробку, заключэння тарыфнага пагаднення і скасавання дагавора з начальнікам метро. Надалей патрабаванні змяніліся. Паводле словаў Уладзіміра Макарчука, патрабаванне выплаты пратэрмінаванана заробку было знятае пасля таго, як бастаўнікам было заяўлена, што ім выплацяць заробак коштам пенсіянераў і медыкаў. Тады на першы план выйшла патрабаванне адстаўкі начальніка метрапалітэна Уладзіміра Набежкі.

Ход падзей правіць

У першы ж дзень забастоўкі да будынка дэпо пад’ехалі 4 грузавікі АМАПа; начальнік службы кантролю адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Васіль Далгалёў пагражаў бастаўнікам лакаўтам, а падбітнікам — крымінальнай адказнасцю. Бастаўнікоў прымушалі пісаць заявы пра тое, як у забастоўцы яны не ўдзельнічаюць. Многіх супрацоўнікаў выклікалі да кіраўніцтва сам-насам, затым звальнялі.

У суботу 19 жніўня будынак Свабодных прафсаюзаў, дзе сабраліся бастаўнікі, быў абкружаны міліцыяй і АМАПам. Каб не спакушаць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, бастаўнікі накіраваліся да мэрыі. Спробы ўступіць у перамовы са старшынёй Мінгарвыканкама аказаліся беспаспяховымі. Уладзімір Ярмошын стаяў на адным: пачынайце работу, а потым будзем размаўляць (бастаўнікі ў якасці ўмовы для ўступлення ў перамовы прапаноўвалі аднавіць на працы 16 звольненых у дні забастоўкі машыністаў). Таксама Уладзімір Ярмошын прапанаваў адправіць Уладзіміра Набежку ў адпачынак, што не задаволіла бастаўнікоў, бо яны патрабавалі ўжо менавіта ягонай адстаўкі. Старшыня Мінгарвыканкама заявіў, што разбярэцца са звольненымі, паводле свайго меркавання, дадаўшы, што праблема выхаду бастаўнікоў на працу яго «ўжо не моцна хвалюе»: маўляў, па маршруце, які дублюе метро, будуць пушчаныя завезеныя з іншых гарадоў аўтобусы.

Задавальняць патрабаванні працаўнікоў улада не стала. Афіцыйная прапаганда развярнула кампанію супраць бастаўнікоў на бачынах газет і экранах тэлевізараў. Дэманстраваліся абураныя жыхары Мінска, паведамлялася, што заплата машыністаў складаецца з каля 4 мільёнаў (пры рэчаісных 2 мільёнах).

На наступны дзень, 20 жніўня, высветлілася, што ўлады знайшлі выхад. Паводле сведчання машыністаў, у ноч з суботы на нядзелю кіраўніцтва метро разам з міліцыяй абыходзіла кватэры бастаўнікоў, патрабуючы, каб яны выйшлі на працу. Са 150 машыністаў мінскага метро знайшлося толькі 6 згодных працягваць працу. Акрамя таго ўлады, паводле газеты «Коммерсантъ», выклікалі з адпачынку кіроўцаў прыгарадных электрычак і, пагражаючы звальненнем, патрабавалі ад іх пачаць абкатваць цягнікі метро. Паводле газеты «Свабода», збольшага прыцягваліся штрэйкбрэхеры з Аршанскага і Баранавіцкага дэпо. Таксама былі запрошаныя інструктары з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Выступаючы перад імі Аляксандр Лукашэнка заявіў:

Гэтыя сілы хочуць зрабіць так, як у Польшчы, дзе «Салідарнасць» скінула партыйныя структуры і прыйшла да ўлады

Паводле інструкцыі, да выхаду на лінію машыніст метро павінны абкаціць цягнік у пустым тунэлі 160—180 гадзін, з-за чаго машыністы метро, якія баставалі, не разумелі: іх вучылі па 9 месяцаў, а чыгуначных машыністаў дапусцілі да працы ў метрапалітэне пасля трохгадзіннай інструкцыі.

21 жніўня бастаўнікі зноў сабраліся а сёмай гадзіне раніцы каля будынка Свабодных профсаюзаў. Сабралося каля 150 чалавек, якія праз 20 хвілінаў з патрабавання міліцыі перанеслі мітынг на адзін з закуткоў горада. Але а 8:30 на плошчу Свабоды падцягнуліся сілы міліцыі і АМАПа (толькі грузавікоў з АМАПам журналісты налічылі каля 20). Працаўнікоў хапалі прама на вуліцы і адпраўлялі ў аўтамабілі. Усяго было затрымана 24 пратэстоўцы, паведаміла газета «Звязда». Слесар Сяргей Раманчык распавядаў газеце «Свабодзе»: «спецназаўцы крычалі „ляжаць, трымаць рукі за галавой“, стралялі ў паветра. Затрыманых адвязлі ў воінскую часць, выклікалі па адным на допыт, трымалі пад вартай. Позна вечарам большую частку працаўнікоў адпусцілі, патрабаваўшы з іх роспісы, што прэтэнзій яны не маюць».

Той жа раніцай людзі ў чорных масках затрымалі прама на вуліцы прафсаюзных лідараў метрапалітэна Уладзіміра Макарчука (атрымаў 15 сутак) і Мікалая Канаха. Паводле непацверджаных звестак, маскі хавалі байцоў спецпадраздзялення ўнутраных войскаў. Быў таксама схоплены лідар Свабоднага прафсаюза Беларусі Генадзь Быкаў (атрымаў 10 сутак).

Палепшыць арганізацыю страйку спрабаваў дэпутат Вярхоўнага Савета, сябра БНФ, адзін з лідараў працоўнага руху пачатку 90-х Сяргей Антончык. Аднак у той жа дзень 21 жніўня каля 16-й гадзіны яго ў парушэнне закона аб статусе дэпутата затрымалі. Да раніцы 23 жніўня яго трымалі пад вартай на базах МУС і ўнутраных войскаў. Калі падняўся палітычны скандал, Антончыка даставілі ў будынак КДБ, паведамілі, што датычна яго будзе праведзенае раследаванне, і адпусцілі.

Вынікі правіць

  • Указам Прэзідэнта ад 21 жніўня 1995 года за ўдзел у забастоўцы на Мінскім метрапалітэне дзейнасць Свабоднага прафсаюза Беларусі была прыпынена да 19 снежня 1997 года. Гэты Указ быў двойчы прызнаны Канстытуцыйным судом не адпаведным Канстытуцыі.
  • Паводле розных даных, было звольнена 56-58 машыністаў, слесараў і электрамеханікаў метрапалітэна.
  • Задушэнне на нейкі час працоўнага руху. На другі дзень забастоўкі лідар Свабоднага прафсаюза Беларусі Генадзь Быкаў казаў:
Лукашэнка не жадае ісці ні на якія кампрамісы, хоча сілком задушыць працоўны рух. Калі «бацька» пераможа метрапалітэнаўцаў, ён наогул ашалее — адчуе, што яму ўсё дазволена, аж да свінцу.

Рэакцыя правіць

  • У нядзелю 20 жніўня ў тэлепраграме «Рэзананс» выступіў Аляксандр Лукашэнка з заявай, што забастоўка метро — работа нацыяналістычных сіл на чале з Беларускім народным фронтам, якія пацярпелі сакрушальнае паражэнне на выбарах і не правялі ў парламент ніводнага чалавека. З таго часу, паводле Прэзідэнта, адбывалася многае, што было схавана ад усіх, але пра што яго інфармавалі. Сярод іншага, ён заявіў, што Свабодны прафсаюз Беларусі супрацоўнічаў з польскімі прафсаюзамі і праводзіў кансультацыі з амерыканскімі прафсаюзамі. Лукашэнка заявіў, што ў канцы леташняга года і летась было праведзена з амерыканцамі і палякамі, мяркуючы па ўсім, 3 семінары для прафсаюзаў. Паводле словаў Прэзідэнта, прыязджалі эмісары з-за мяжы і натасківалі Свабодны прафсаюз работаць у новых умовах. Прэзідэнт паведаміў таксама, што, паводле яго звестак, каля дэпо метрапалітэна стаяць пікеты, якія не пускаюць на працу тых, хто хоча выйсці на працу. Ён заявіў, што будуць затрыманыя ўсе, хто будзе перашкаджаць працы транспарту ў Мінску. «Метро ў панядзелак павіннае працаваць», — заявіў Лукашэнка, звярнуўшыся да супрацоўнікаў метро. — «У вас ёсць моц, каб прыняць рашэнне». У панядзелак пасля 9-й гадзіны раніцы ён заявіў, што метрапалітэнаўцы могуць не звяртацца да яго з просьбамі аднаўлення на высокааплачанай працы. Прэзідэнт таксама абяцаў навесці парадак у сталіцы самымі жорсткімі захадамі.
  • Кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года Уладзімір Ганчарык 24 жніўня 2001 года паабяцаў у выпадку сваёй перамогі рэабілітаваць удзельнікаў забастоўкі 1995 года.[1]

Зноскі

  1. Белпан навіны(недаступная спасылка)

Спасылкі правіць