Стары Дзедзін

вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці

Стары́ Дзе́дзін[1] (трансліт.: Stary Dziedzin, руск.: Старый Дедин) — вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Кісялёвабудскага сельсавета.

Вёска
Стары Дзедзін
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
каля 200 чалавек (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2244
Паштовыя індэксы
213625
Аўтамабільны код
6
Стары Дзедзін на карце Беларусі ±
Стары Дзедзін (Беларусь)
Стары Дзедзін
Стары Дзедзін (Магілёўская вобласць)
Стары Дзедзін

Знаходзіцца на правым беразе ракі Асцёр (прытока ракі Сож), на адлегласці ў пяць кіламетраў ад мяжы з Расійскай Федэрацыяй. У пяці кіламетрах на поўдзень ад вёскі пралягае шаша Р-43 (Івацэвічы — Бабруйск — Крычаў — мяжа РФ) і чыгунка Крычаў — Рослаў.

Паходжанне назвы правіць

Паводле народных легенд, першым жыхаром гэтай мясціны быў дзед, які пражыў 125 гадоў. Ад яго і паходзіць назва вёскі — «Дзедзін». Навукоўцы лічаць, што назва паходзіць ад слова «дзедзіна», якое выкарыстоўвалася ў сярэднявеччы і азначала тып феадальнага землекарыстання, паводле якога зямля пераходзіла ад дзеда да ўнука, ад прадзеда да праўнука. Першапачаткова гэта быў цэнтр дробнашляхецкага ўладання, якое ахоплівала некалькі суседніх паселішчаў: Пранічкі, Роськаў, Іванаўск, Куляшоўку. Пасля таго, як непадалёк з’явілася яшчэ адна вёска з такой жа назвай, для зручнасці іх пачалі вызначаць як Стары Дзедзін і Новы Дзедзін. Гэтыя назвы захавалася дагэтуль[2].

Гісторыя вёскі правіць

Археалагічныя раскопкі сведчаць, што ў гэтых мясцінах чалавек з’явіўся яшчэ ў часы палеаліту. Некалькі тысячагоддзяў таму гэтая тэрыторыя была населена прадстаўнікамі фіна-ўгорскіх плямёнаў, пра што сведчыць паходжанне назвы ракі Асцёр. Першыя індаеўрапейцы прыйшлі сюды прыкладна ў другім тысячагоддзі да н.э., верагодна з поўдня, падымаючыся ўверх па рэках Дняпро, Сож і іх прытоках. Гэта былі балтамоўныя плямёны. Першымі славянскімі насельнікамі гэтых мясцін сталі радзімічы, якія таксама прыйшлі з поўдня тым жа шляхам прыкладна ў VIII—IX стагоддзях. Зусім побач былі знойдзены і сляды крывічоў, якія жылі паўночней, што дазваляе разглядаць гэту тэрыторыю як змешаную этнічную зону. Раскопкі некалькіх курганоў побач з вёскай у 1926 годзе выявілі некалькі пахаванняў радзімічаў, што адносіліся да X—XIII стагоддзяў[3].

Старадзедзінскі скарб (глядзіце ніжэй), які быў схаваны пад канец X стагоддзя, магчыма, сведчыць пра існаванне на гэтым месцы паселішча ўжо ў тыя часы, але нельга з упэўнасцю сцвярджаць, што гэта была вёска з назвай Дзедзін ці яе прамы папярэднік. Тым не менш, 985 год быў прыняты ў якасці сімвалічнай даты заснавання паселішча, і летам 2010 года быў урачыста адзначаны 1025-гадовы юбілей вёскі[4]. Уласна паселішча пад назвай Дзедзін, паводле даследчыка М. Спірыдонава, упершыню згадваецца ў дакументах XVI стагоддзя. Археолагі выявілі рэшткі сядзіб, якія адносяцца да XIV—XVIII стагоддзяў[2].

 
Стары Дзедзін на палітычнай карце XVII—XVIII стагоддзяў

У XII—XIV стагоддзях гэтыя мясціны ўваходзілі ў склад Смаленскага княства, з XIV стагоддзя — у склад Вялікага Княства Літоўскага. Пасля таго, як пачаліся войны апошняга з Вялікім княствам Маскоўскім і ВКЛ панесла значныя тэрытарыяльныя страты, Дзедзін апынуўся побач з новай мяжой, з-за чаго пакутваў ад войнаў на працягу двух наступных стагоддзяў. У 1740—1744 гг. вёску закранула Крычаўскае сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы.

Стары Дзедзін увайшоў у склад Расійскай імперыі з першым падзелам Рэчы Паспалітай, у 1772 годзе. У Клімавіцкім павеце вёска адміністрацыйна ўваходзіла ў склад Хатовіжскай воласці[5]. Адначасова вёска адносілася да прыходу Куляшоўскай царквы.

Пад час першай сусветнай і польска-савецкай войнаў Стары Дзедзін не раз знаходзіўся ў прыфрантавым становішчы, аднак баявыя дзеянні яго не закранулі.

У 1924 годзе Стары Дзедзін увайшоў у склад БССР пасля першага ўзбуйнення яе тэрыторыі. Першапачаткова вёска адносілася да Клімавіцкага раёна Калінінскай акругі. Пасля ўсталявання сучаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў 1938 годзе яна апынулася ў складзе Магілёўскай вобласці.

Пад час Вялікай Айчыннай вайны Стары Дзедзін быў акупіраваны на пачатку жніўня 1941 года, вызвалены пад канец верасня 1943 года[6]. На франтах вайны загінулі 138 чалавек, выхадцаў з вёскі.

У наш час вёска адносіцца да Кісялёвабудскага сельсавета. Па стане на 1 студзеня 1994 года яе насельніцтва складала 251 чалавек[7]. На сённяшні момант пражывае каля 200.

Мясцовыя традыцыі правіць

Вяскоўцы захоўваюць народныя традыцыі, паводле якіх іх продкі жылі на працягу стагоддзяў. Пад кіраўніцтвам Галіны Брыкавай ужо сорак гадоў дзейнічае фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Астранка», што атрымаў назву ад ракі Асцёр. Яго спевакі збіраюць і выконваюць мясцовыя народныя песні. Некалькі разоў у вёску прыязджалі спецыялісты з Ленінградскага ўніверсітэта, каб праслухаць іх і запісаць[8]. Стары Дзедзін славіцца і сваімі традыцыямі ганчарства і ткацтва, якія падтрымлівае Вера Цярэнцьеўна Сталярова[9].

Стары Дзедзін таксама вядомы сваім старажытным абрадам выклікання дажджу. Сутнасць яго ў тым, што пад час моцнай засухі жанчыны «араюць» раку Асцёр плугам, спяваючы пры гэтым песні, якія, як мяркуюць вучоныя, у далёкія часы выкарыстоўваліся для заклікання духа дажджу. Гэты абрад з’яўляецца вельмі старажытным і мае глыбокія язычніцкія карані[10].

Старадзедзінскі скарб правіць

Вёска Стары Дзедзін стала добра вядомай пасля таго, як летам 1926 года тут быў знойдзены адзін з самых старажытных скарбаў у Беларусі.

Селянін Трафім Гудкоў араў свой участак зямлі і ўбачыў гліняны гаршок з незнаёмымі манетамі. Алесь і Павел Пруднікавы напісалі пра знаходку ў газету «Беларуская вёска». Ліст перадалі ў Акадэмію Навук БССР. Манеты даставілі ў Мінск. Пасля дэталёвага аналізу высветлілася, што скарб быў схаваны паміж 980 і 985 гадамі. Было знойдзена 204 старадаўнія манеты. У іх ліку: 201 куфічны дырхем, 2 дынарыя Германіі і візантыйскі міліарысій. Выяўленыя ў скарбе дырхемы чаканіліся ў Антыохіі, Багдадзе, Хамадане, Ісфахане, Балсе, Самаркандзе, Бухары і іншых месцах. Магчыма, скарб належаў нейкаму багатаму гандляру, які вырашыў схаваць манеты ў патаемным месцы, бо праз гэту тэрыторыю магло праходзіць адно з адгалінаванняў шляха з варагаў у грэкі[11][12].

Скарб знаходзіўся ў Беларускім дзяржаўным музеі. На вялікі жаль, ён быў згублены пад час Вялікай Айчыннай вайны.

Летам 2010 года пры ўездзе ў вёску быў устаноўлены камень-помнік з надпісам аб знакамітай знаходцы 1926 года.

Выбітныя постаці правіць

Старадзедзінская зямля дала Беларусі некалькі выбітных асоб. Сярод іх:

Паэт Павел Пруднікаў прысвяціў сваёй роднай вёсцы такія радкі:

Ты, як віцязь, стаіш на ўзбярэжжы Астра
З маладою, юнацкай усмешкай.
Пільна слухаеш гоман і хваляў, і траў,
І птушыны канцэрт на узлеску.
[15]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. а б Нестарэючая маладосць // Родная нива(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2012. Праверана 31 жніўня 2010.
  3. Памяць: Клімавіцкі раен: Гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раенаў Беларусі / Рэд.-уклад. Напрэеў Г. Л.; Рэдкал.: Баршчоў І. А. і інш — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 645,[1] с. : іл. ISBN 985-09-0068-7. — С. 24-25.
  4. “Ты, як віцязь, стаіш на ўзбярэжжы Астра…” // Родная нива(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2012. Праверана 31 жніўня 2010.
  5. Памяць: Клімавіцкі раен: Гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раенаў Беларусі / Рэд.-уклад. Напрэеў Г. Л.; Рэдкал.: Баршчоў І. А. і інш — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 645,[1] с. : іл. ISBN 985-09-0068-7. — С. 62.
  6. Памяць: Клімавіцкі раен: Гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раенаў Беларусі / Рэд.-уклад. Напрэеў Г. Л.; Рэдкал.: Баршчоў І. А. і інш — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 645,[1] с. : іл. ISBN 985-09-0068-7. — С. 261—263, 333.
  7. Памяць: Клімавіцкі раен: Гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раенаў Беларусі / Рэд.-уклад. Напрэеў Г. Л.; Рэдкал.: Баршчоў І. А. і інш — Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 645,[1] с. : іл. ISBN 985-09-0068-7. — С. 582.
  8. Жанчына, як песня // Родная нива(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2012. Праверана 31 жніўня 2010.
  9. Хранительница традиций // Родная нива(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2012. Праверана 31 жніўня 2010.
  10. Заклінальнікі дажджу // Родная нива(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2012. Праверана 31 жніўня 2010.
  11. Як знайшлі багаты скарб // Родная нива(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 ліпеня 2011. Праверана 31 жніўня 2010.
  12. Рябцевич, В. Н. О чём рассказывают монеты. — Мн., 1977.
  13. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 399.
  14. Знакамітыя землякі // Родная нива(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 мая 2012. Праверана 31 жніўня 2010.
  15. Пруднікаў, П. І. Крыніцы: Выбранае: Вершы і паэмы / Прадм. А. Марціновіча. — Мн., Маст. літ., 1991. — 334 с., іл. — С. 68-69

Спасылкі правіць