Альпійска-Гімалайскі пояс
Альпійска-Гімалайскі пояс, Альпійская геасінклінальная вобласць — тэктанічна актыўная вобласць зямной кары, выцягнутая ад Атласкіх гор на захадзе да Ціхага акіяна на ўсходзе. Ахоплівае горныя раёны Паўднёвай Еўропы, Міжземнае мора, Паўночна-Заходнюю Афрыку, Малую Азію, Каўказ, Іранскае нагор’е, Памір, Алай, Гіндукуш, Гімалаі, горы Індакітая і Інданезіі, якія ўтварыліся ў кайназойскай эры ў выніку альпійскай складкавасці. На ўсходзе злучаецца з Ціхаакіянскай геасінклінальнай вобласцю.
Геаграфія
правіцьПрацягваецца ў субшыротным напрамку на адлегласць каля 17 тыс. км. Падраздзяляецца на чатыры галіны покрыўна-складкавых горных збудаванняў. 1-я — Пірэнеі — Альпы — Карпаты — Балканіды — Пантыды — Малы Каўказ — Эльбурс — Туркмена-Харасанскія горы. 2-я — Паўночная Дабруджа — Горны Крым — Вялікі Каўказ — Капетдаг. 3-я — Апеніны — Калабрыды (поўдзень Апенінскага паўвострава) — структуры Паўночнай Сіцыліі — Тэль-Атлас — Эр-Рыф — Андалускія горы (Кардыльера-Бетыка) — структуры Балеарскіх астравоў Заходняга Міжземнамор’я. 4-я — Дынарыды — Элініды — структуры поўдня Эгейскага мора — Крытская дуга — Таўрыды Турцыі — Загрос — Мекран — Белуджыстанскія горы — Гімалаі — Інда-Бірманскі араген — Зондска-Бандская дуга Інданезіі[1].
Геалагічная гісторыя
правіцьУ мезазойскую эру вобласць уяўляла сабой вялікі марскі басейн (Тэтыс), акружаны плітамі старажытных платформаў — Афрыканскай і Індыйскай на поўдні, Рускай, Сібірскай і Кітайскай на поўначы. Геасінкліналь запаўнялася магутнымі асадкавымі тоўшчамі. У кайназоі адбылося сутыкненне паўночных і паўднёвых пліт і на месцы былога мора пачалася альпійская складкавасць. Утварыліся горныя сістэмы з найбольшымі на Зямлі абсалютнымі адзнакамі (больш за 7—8 км). Асобныя структуры не завяршылі свайго развіцця, аб чым сведчаць інтэнсіўныя землетрасенні і вулканізм.
Зноскі
- ↑ bre.mkrf.ru(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 верасня 2020. Праверана 2 студзеня 2021.
Літаратура
правіць- Альпійская геасінклінальная вобласць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).