Памі́р — высакагорная сістэма ў Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі, частка Паміра-Алая. Найвышэйшы пункт — гара Кангур (7719 м).

Памір
Даліна ракі Пяндж
Даліна ракі Пяндж
Краіны
Найвышэйшая вяршыняпік Кангур 
Найвышэйшы пункт7719 м 
Памір (Азія)
Памір
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія

правіць

Галоўная частка Паміра ляжыць у Таджыкістане, усходняя і паўднёвая частка ў Кітаі і Афганістане. На поўначы, на мяжы Кыргызстана, абмежаваны Заалайскім хрыбтом, на ўсходзе — Сарыкольскім і Кашгарскім хрыбтамі, на поўдні — ракой Памір і вярхоўямі ракі Пяндж, на захадзе — мерыдыянальным адрэзкам даліны ракі Пяндж. Пытанне аб прырожных межах дыскусійнае.

Найвышэйшыя пункты размешчаны ў Кашгарскіх гарах (гара Кангур, 7719 м; гара Музтагата, 7546; пік Ісмаіла Самані, 7495 м; пік Леніна). Паводле асаблівасцей рэльефу Памір падзяляюць на Заходні і Усходні.

Геалогія і рэльеф

правіць

Для Заходняга Паміра характэрна сістэма высокіх хрыбтоў амаль шыротнага распасцірання. Буйнейшыя антыклінорыі маюць крышталічныя ядры палеазойскага ўзросту, якія прарваны гранітоіднымі інтрузіямі. Схілы хрыбтоў расчлянёны глыбокімі цяснінамі рэк. Усходні Памір складзены з парод палеазою і мезазою, трапляюцца вулканагенна-асадкавыя адклады палеагену. Для рэльефу характэрны плоскія днішчы вялізных далін і катлавін, якія падняты на вышыню 3500—4500 м і запоўнены прадуктамі разбурэння гор, у грунтах трапляецца вечная мерзлата. Над імі ўзвышаюцца хрыбты вышынёй больш за 6000 м. Найвышэйшыя грабяні маюць горна-ледавіковыя формы, якія вылучаюцца на агульным фоне старажытнага рэльефу. Памір — моцна сейсмічная вобласць, землетрасенні дасягаюць 8—9 балаў. Радовішчы золата, малібдэну, вальфраму, горнага хрусталю, азбесту, слюды, лазурыту.

Клімат і гідраграфія

правіць

Клімат суровы, рэзка кантынентальны. У далінах Захдняга Паміра на вышыні каля 2100 м сярэднія тэмпературы студзеня −7,4 °C, ліп. 22,5 °C, гадавая колькасць ападкаў да 800 мм (на ледавіку Федчанкі). На Усходнім Паміры клімат больш суровы. На вышыні каля 4000 м сярэдняя тэмпература студзеня −20 °C, ліпеня +8 °C, ападкаў 100 мм за год. Снегавая мяжа ў Заходнім Паміры размешчана на вышыні 3600—3800 м, на ледавіку Федчанкі — на вышыні 4400 м, ва Усходнім Паміры — 5200—5240 м.

Плошча зледзянення ў межах Таджыкістана больш за 7500 км² (больш за 10 % паверхні Паміра), агульная колькасць ледавікоў каля 7110. Тыпы ледавікоў: каравыя, вісячыя, схілавыя, складаныя далінныя альпійскага і туркестанскага тыпаў. Найбольшыя ледавікі: Федчанкі (даўжыня 77 км) і Грум-Гржымайлы (37 км).

Рэкі адносяцца пераважна да басейна Амудар’і, якая ў верхнім цячэнні называецца Пяндж. Найбольшыя рэкі: Кызыл-Суу, Кызылсу, Сурхоб, Вахш. Рэкі Усходняга Паміра адносяцца да басейнаў Яркенда і Кашгара. Яны маюць бурнае цячэнне, ледавікова-снегавое жыўленне, летнія паводкі. Найбольшыя азёры: Каракуль, Рангкуль, Шаркуль, Заркуль, Яшылькуль, Сарэзскае.

Глебы, расліннасць, жывёльны свет

правіць

Глебы халодных высакагорных пустынь Паміра: саланцаватыя, шэразёмы, такырна-саланчаковыя, шкілетныя на камяністым і пясчаным субстраце; у месцах лепшага ўвільгатнення — бурыя пустынна-стэпавыя. На Усходнім Паміры — участкі камяністай горнай тундры з вечнай мерзлатой, выкапнёвым лёдам, камяністымі многавугольнікамі.

На Заходнім Паміры ў далінах расліннасць пустынная палыновая, на вышынях 2600—3200 м — дзярнова-злакавыя стэпы з калючымі падушкамі астрагалаў і аканталімонаў. На выш. 3200—3800 м кавыльныя стэпы, якія змяняюцца кабрэзіевымі лугамі. 3 выш. 4500 м пачынаецца субальпійскі пояс з марозаўстойлівай нізкатраўнай і паўхмызняковай расліннасцю. Па берагах рэк растуць таполі, бярозы, вербы, якія ўтвараюць невялікія гаі. На Усходнім Паміры днішчы далін і катлавіны заняты высакагорнай пустыняй з рэдкімі раслінамі падушкападобнай формы. На выш. 3500—4200 м найбольш характэрны паўхмызнячок тэраскен (адзіны від расліннага паліва). Ва ўмовах большай вільготнасці развіваюцца рэдкатраўныя высакагорныя стэпы з ціпчаку ўсходняга, кавылю, палыну. Вышэй за 4200 м пераважаюць падушачнікі з вастралодкі, аканталімону, сібальдыі. Каля рэк і ручаёў Усходняга Паміра сустракаюцца кабрэзіевыя і асаковыя лугі, нярэдка саланчакавыя і купінаватыя.

Жывёльны свет Паміра прадстаўлены горным баранам архарам, даўгахвостым сурком, чырвонай пішчухай; з птушак — тыбецкім уларам, серпадзюбам, тыбецкім крумкачом і жаваранкам, снегавым гімалайскім грыфам, горнай, або індыйскай гуссю.

Насельніцтва і гаспадарка

правіць

Асноўны занятак насельніцтва — жывёлагадоўля і горнае земляробства. Вырошчваюць ячмень, гарох, на паліўных землях — вінаград, шаўкоўніцу, грэцкі арэх, абрыкосы. Займаюцца гадоўляй якаў.

Сфаміравалася арэальная сукупнасць роднасных памірскіх моў.

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць