Аляксандр Уладзіміравіч Тамашэвіч

Аляксандр Уладзіміравіч Тамашэ́віч — беларускі вучоны ў галіне эканомікі прыродакарыстання, геолаг. Доктар эканамічных навук (1985), прафесар (1988).

Аляксандр Уладзіміравіч Тамашэвіч
Дата нараджэння 13 жніўня 1930(1930-08-13)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 студзеня 2024(2024-01-08)[1] (93 гады)
Грамадзянства
Род дзейнасці эканаміст
Навуковая сфера геаграфія, эканамічная геаграфія і гідрагеалогія
Месца працы
Навуковая ступень доктар эканамічных навук і доктар геаграфічных навук
Альма-матар

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў Мінску. Сын У. А. Тамашэвіча, рэктара БДУ (1946—1949).

Ваенныя гады прайшлі ў Сібіры, затым у Маскве, а ў ліпені 1944 года вярнуўся ў вызвалены Мінск. У 1949—1954 гг. — вучоба на геафаку Белдзяржуніверсітэта. Па прызнанні Аляксандра Уладзіміравіча, вучоба на геаграфічным факультэце незабыўная. М. Т. Раманоўскі, А. Х. Шкляр, В. А. Дзяменцьеў, В. А. Навіцкі, В. П. Якушка і іншыя выкладчыкі заклалі не толькі пашану да геаграфіі, але і любоў да факультэта, дзе панавала добразычлівая і творчая, патрабавальная абстаноўка, якая згуртоўвала студэнтаў і выкладчыкаў не толькі ў вучэбнай аўдыторыі або на практыцы, але і ў паездках у калгасы на збор ураджаю, на ўборцы будаўнічага смецця на вуліцах Мінска, які адраджаўся.

Пасля заканчэння універсітэта са жніўня 1954 года да лютага 1960 года працаваў у сістэме Белгалоўгеалогіі на пасадах ад прараба-геолага да начальніка партыі геолага-гідрагеалагічнай экспедыцыі. Затым два гады ў Дзяржплане БССР займаўся планаваннем геолагаразведачных работ на нафту і цвёрдыя карысныя выкапні, рэгіянальных здымачных і пошукавых работ. З 1962 года — аспірант Інстытута эканомікі АН БССР, дзе ў 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Далейшая яго праца доўгія гады была звязана з Беларускім навукова-даследчым геолагаразведачным інстытутам. У 1979 годзе прызначаны намеснікам дырэктара па навуковай рабоце. У 1984 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па праблемах эфектыўнасці падрыхтоўкі і гаспадарчага выкарыстання мінеральных рэсурсаў Беларусі.

У 1987 годзе абраны па конкурсе на пасаду загадчыка кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін геафака БДУ. У 1988 годзе зацверджаны ў вучоным званні прафесара.

Памёр 8 студзеня 2024 года.

Навуковая дзейнасць правіць

Праводзіў тэарэтычныя і прыкладныя даследаванні ў галіне эканамічнай геалогіі і эканамічнай геаграфіі як навуковай асновы тэрытарыяльнай арганізацыі грамадскай вытворчасці.

Удзельнічаў ў распрацоўцы праграм і планаў для паскарэння геолагаразведачных работ у Беларусі.

Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук.

На працягу пяці гадоў кіраваў спецыялізаваным Саветам па абароне доктарскіх дысертацый пры БДУ, з’яўляўся членам шэрагу навукоўцаў саветаў, працаваў ў рэдакцыйных калегіях часопісаў. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, знакам «Выдатнік разведкі нетраў», нагрудным значком «Выдатнік адукацыі РБ», Граматай і сярэбраным знакам XXVII Міжнароднага геалагічнага кангрэса, ганаровымі граматамі.

Навуковыя працы правіць

Вынікі яго навуковых прац, інфармацыйна-аналітычных і метадычных распрацовак, агульным аб’ёмам больш за 100 друкаваных лістоў, выкладзены ў асабістых і калектыўных манаграфічных выданнях, артыкулах, тэзісах дакладаў на розных навуковых канферэнцыях, у тым ліку замежных. Сярод іх асноўнае месца займаюць наступныя аўтарскія і калектыўныя манаграфіі: манаграфічныя даведнікі па мінеральнай сыравіне мясцовых будаўнічых матэрыялаў па Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях (1960); «Стратыграфія, літалогія і карысныя выкапні БССР» (1966); «Мінеральна-сыравінная база прамысловасці будаўнічых матэрыялаў БССР (геолага-эканамічная ацэнка)» (1968); «Цвёрдыя карысныя выкапні БССР» (1970); «Развіццё мінеральна-сыравіннай базы Беларускай ССР» (1971); «Карта геолага-эканамічнай ацэнкі рэсурсаў каменных будаўнічых матэрыялаў СССР М 1:4000000» (1974); «Геалогія СССР» том 3 (1977); «Эканамічная ацэнка мінеральных рэсурсаў Беларусі» (1978); «Гісторыя геалагічных навук у БССР» (1978); «Развіццё прадукцыйных сіл і ахова прыроды» (1981); «Спалучэнне галіновага і тэрытарыяльнага кіравання эканомікай саюзнай рэспублікі» (1991); «Рацыянальнае прыродакарыстанне Беларускага Паазер’я» (1993) і інш.

А. У. Тамашэвіч падрыхтаваў навучальныя дапаможнікі для студэнтаў-географаў: «Асновы эканамічнай ацэнкі прыродных рэсурсаў» (1988), «Прыродныя ўмовы і рэсурсы Рэспублікі Беларусь» (1993), «Геаграфія сусветнай гаспадаркі» (2001), распрацаваў тыпавыя навучальныя праграмы.

Зноскі

Літаратура правіць