Анатоль Мікалаевіч Тычына
Анато́ль Мікала́евіч Тычы́на (11 мая 1897, Груджай, цяпер Літва — 12 снежня 1986, Мінск) — беларускі мастак-графік, адзін з заснавальнікаў беларускай кніжнай графікі[1].
Анатоль Мікалаевіч Тычына | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 11 мая 1897 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 снежня 1986 (89 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Род дзейнасці | мастак, экслібрысіст |
Вучоба |
Біяграфія Правіць
Вучыўся ў Пензенскім мастацкім вучылішчы (1915—1917), на курсах пры «Таварыстве мастакоў і аматараў прыгожых мастацтваў Стэпавага краю», у Омскай мастацкай школе імя М. Урубеля (1918—1920).
Памёр у Мінску, пахаваны на мінскіх Чыжоўскіх могілках[2].
Творчасць Правіць
У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1919 года. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, у розных графічных тэхніках, пераважна ў каляровай лінагравюры, а таксама ў алейным жывапісе. Лепшым яго творам ўласцівы паэтычнасць, тонкі лірызм, дакладны малюнак, багацце тэхнічных прыёмаў. Анатоль Тычына — адзін са стваральнікаў беларускай графікі ХХ ст., з яго імем звязана станаўленне такіх відаў графікі, як кніжная, станковая, газетна-часопісная, экслібрыс. Сярод графічных твораў Анатоля Тычыны, прысвечаных Мінску — значныя творы беларускай графікі.
У пошуках нацыянальнага стылю афармлення звяртаўся да традыцый народнага мастацтва (вокладкі кніг «Каталог 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі», 1925; «Магіла льва» Янкі Купалы і «Чалавек ідзе» Янкі Маўра, 1927). Адна з асноўных у творчасці Тычыны — тэма Мінска («Стары Менск», 1922; «Пад Ратушай», 1926; «Плошча Свабоды», 1931; «Мінск. Савецкая вуліца», 1940; «Разбураны Мінск», 1945; «Адраджэнне Мінска», 1948; «Новыя дамы на Прывакзальнай плошчы», 1952; «Плошча Перамогі», 1956; «Ля сквера Я. Купалы», 1957; «900 гадоў Мінску», 1967; «Палац Прафсаюзаў», 1971; «Усход I і Усход II», 1973; «Дырыжор вуліцы», 1976; «На дзіцячай чыгунцы», 1984; і інш.). Узвышаным матывам для вобразнага вырашэння тэмы стала панарама горада, убачанага з новага моста над Свіслаччу — «Над ракой Свіслач» (1954). Мінск у творах Тычыны — горад для чалавека актыўнага, сучаснага, творчага. Шмат работ Тычына прысвяціў савецкай тэматыцы стваральнай працы («На электрастанцыі», 1925; «Творчая нарада», 1936; «У аэрадоку», 1976; трыпціх «Над ракой Арэсай», 1980), дзеячам беларускай культуры («Я. Купала ў камунараў Палесся», 1981; «М. Багдановіч у Ялце» 1982; і інш.), спорту («Жакеі на размінцы», 1970; і інш.), прыгажосці беларускіх вадаёмаў («На рацэ Сажы», 1960; «На возеры», 1976; і інш.).
Анатоль Тычына — майстар экслібрыса (з 1920 па 1940-я гады ім было створана больш за 20 экслібрысаў, у тым ліку экслібрысы мастацтвазнаўца Мікалая Шчакаціхіна, краязнаўца Мікалая Каспяровіча, пісьменнікаў Янкі Маўра, Віталя Вольскага; пазней — пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, даследчыка беларускай культуры Адама Мальдзіса, паэта Пятра Глебкі, скульптара Заіра Азгура, мастацтвазнаўца Міхаіла Кацара і інш.).
Крыніцы Правіць
- ↑ БелЭн, 2003, с. 84
- ↑ Чыжоўскiя могiлкi. Нечаканыя сустрэчы . Наша Ніва. Праверана 15 верасня 2023.
Літаратура Правіць
- Гісторыя беларускага мастацтва. — Т. 1-6. — Мн., 1987—1994.
- Шматаў В. Тычына Анатоль Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 114. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).