Аперацыя «Рэйкавая вайна»

Аперацыя «Рэйкавая вайна» — кодавае найменне аперацыі савецкіх партызан, якая праводзілася з 3 жніўня па 15 верасня 1943 года на акупаванай тэрыторыі РСФСР, БССР і часткі УССР у рамках рэйкавай вайны. Мэта — аказаць дапамогу Савецкай Арміі ў завяршэнні разгрому нямецкіх войск пад Курскам і развіцці агульнага наступлення, праз цяжкасць дастаўкі грузаў для ўмацавання абароны праціўніка і адцягненне сіл для аховы чыгуначных шляхоў.

Аперацыя «Рэйкавая вайна»
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна
Дата 3 жніўня15 верасня 1943
Месца БССР, УССР, асобныя рэгіёны РСФСР (Ленінградская, Калінінская, Смаленская, Арлоўская вобласці)
Вынік савецкія партызаны дасягнулі сваёй мэты
Праціўнікі
 СССР  Трэці рэйх

Цэнтральны штаб партызанскага руху прыцягнуў да выканання аперацыі беларускіх, ленінградскіх, калінінскіх, смаленскіх, арлоўскіх і частку ўкраінскіх партызан (усяго 167 брыгад і асобных атрадаў). Кіраўніцтва памылкова меркавала, што праціўнік адчувае недахоп рэек, хоць у рэальнасці ў немцаў быў іх лішак[1].

14 ліпеня 1943 года Стаўкай ВГК быў аддадзены загад на правядзенне аперацыі. Мясцовыя штабы партызанскіх рухаў і іх прадстаўніцтвы на франтах вызначылі ўчасткі і аб’екты дзеянняў кожнаму фарміраванню. Байцы забяспечваліся выбухоўкай і мінна-падрыўной тэхнікай, да іх былі пасланыя інструктары-падрыўнікі. Толькі ў чэрвені 1943 года на партызанскія базы закінута 150 тон талавых шашак спецыяльнага профілю, 156 тысяч метраў вогнеправоднага шнура, 28 тысяч метраў пяньковага кнота, 595 тысяч капсуляў-дэтанатараў, а таксама зброя і боепрыпасы. Актыўна вялася разведка чыгуначных камунікацый.

За першую ноч аперацыі было падарвана 42 тысячы рэек. Усяго прыцягнута каля 100 тысяч партызан. Дыверсіі разгарнуліся ў тылавых раёнах груп армій «Цэнтр» і «Поўнач» (працягласць па фронце каля 1000 кіламетраў, у глыбіню 750 кіламетраў). Адначасова вялі актыўныя баявыя дзеянні ўкраінскія партызаны ў тыле групы армій «Поўдзень». Нямецкае камандаванне на працягу некаторага часу не магло арганізаваць процідзеяння праціўніку.

У ходзе дыверсій было падарвана каля 215 тысяч рэек, знішчана значная колькасць эшалонаў (толькі беларускімі партызанамі — 836 эшалонаў і 3 бронецягнікі), узарваны масты і станцыйныя збудаванні. Асабліва значныя разбурэнні зроблены на ўчастках Полацк — Маладзечна, Мінск — Бабруйск, Лунінец — Калінкавічы і Магілёў — Жлобін. Да восені аператыўныя перавозкі праціўніка скараціліся на 40 адсоткаў. На некаторых чыгунках рух быў затрыманы на 3-15 сутак, а магістралі Магілёў — Крычаў, Полацк — Дзвінск, Магілёў — Жлобін не працавалі ўвесь жнівень. Для аднаўлення разбураных чыгуначных шляхоў немцы былі вымушаны ператварыць двухшляховыя ўчасткі ў аднашляховыя, зварыць падарваныя рэйкі, разабраць асобныя ўчасткі, даставіць з Польшчы і Германіі новыя рэйкі, што яшчэ больш павялічыла напружанасць перавозак. Германскае камандаванне для падвозу рэек прыцягнула 5000 платформаў і сотні лакаматываў. Да аховы чыгунак вылучаны дадатковыя сілы.

Аперацыя значна абцяжарыла перагрупоўку і забеспячэнне нямецкіх войск.

Заўвагі правіць

  1. И. Г. Старинов. Ошибки партизанской войны. / Малая война. Организация и тактика боевых действий малых подразделений. — Мн.: Харвест, 2003. — С. 173.

Літаратура правіць