Анатоль Мікалаевіч Тычына

беларускі мастак-графік (1897—1986)
(Пасля перасылкі з А. М. Тычына)

Анато́ль Мікала́евіч Тычы́на (11 мая 1897, Груджай, цяпер Літва 12 снежня 1986, Мінск) — беларускі мастак-графік, адзін з заснавальнікаў беларускай кніжнай графікі[1].

Анатоль Мікалаевіч Тычына
Фатаграфія
Дата нараджэння 11 мая 1897(1897-05-11)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 снежня 1986(1986-12-12) (89 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, экслібрысіст
Месца працы
Вучоба
Член у

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў вёсцы Груджай Ковенскай губерні ў сям’і служачага валасной управы. У 1898 годзе памёр бацька, маці пераехала ў Коўна, потым у Шаўлі. У Шаўлях Анатоль Тычына паступіў у двухкласнае гарадское вучылішча, дзе атрымаў першыя ўрокі малюнка ў мастака І. Севасцьянава. У 1911 годзе ўдзельнічаў у сельскагаспадарчай выстаўцы Паўночна-Заходняга краю ў Шаўлях, дзе прадставіў натурныя эцюды, гарадскія пейзажы і копіі работ прызнаных расійскіх мастакоў[2].

Вучыўся ў Пензенскім мастацкім вучылішчы (1915—1917), на курсах пры «Таварыстве мастакоў і аматараў прыгожых мастацтваў Стэпавага краю», у Омскай мастацкай школе імя М. Урубеля (1918—1920).

У 1922 годзе пераехаў у Менск, дзе ўключыўся ў культурнае і творчае жыццё БССР эпохі беларусізацыі. Працаваў мастаком пры ўпраўленні Заходняй чыгункі, рабіў дэкарацыі для драматычнага гуртка, працаваў выкладчыкам малявання ў менскай чыгуначнай школе. З сярэдзіны 1920-х гадоў быў супрацоўнікам Музея рэвалюцыі БССР. У 1926—1927 гадах уваходзіў у камісію гісторыі мастацтва Інстытута беларускай культуры, быў абраны захавальнікам фонду экслібрыса Беларускага таварыства бібліяфілаў (1926—1929). Удзельнічаў у экспедыцыях для збору каштоўнасцей мастацтва, стварэнні ўзораў набіванкі для выкарыстання ў сучаснай вытворчасці, абнаўленні традыцыйных матываў беларускага экслібрыса[2]. Удзельнік IV Усебеларускай мастацкай выстаўкі (1931, Менск).

У 1932 годзе і пазней (1938—1941) працаваў у афармленні беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. З 1936 па 1941 год працаваў на мастацка-афарміцельскіх работах паводле дагавораў з Упраўленнем па справах мастацтваў пры ЦВК БССР, Менскім гарадскім камітэтам, выдавецтвамі, Белдзяржэстрадай, Белдзяржкіно і іншымі ўстановамі[2].

У лютым 1942 года прыняў удзел у I-й выстаўцы беларускіх мастакоў, якія апынуліся ў акупаваным нямецкімі войскамі Мінску. У зале Беларускага народнага дома на вуліцы Рагнеды (савецк. Рэвалюцыйная), 2 экспанаваліся 124 работы, у большасці створаныя да ліпеня 1941 года. Агулам удзел прымалі 17 мастакоў: Анатоль Тычына, Генрых Бржазоўскі, Мікалай Дучыц, Б. Казлоўскі, Міхась Станюта, Яўген Ціхановіч і іншыя[3].

Памёр у Мінску, пахаваны на мінскіх Чыжоўскіх могілках[4].

Творчасць правіць

У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1919 года. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, у розных графічных тэхніках, пераважна ў каляровай лінагравюры, а таксама ў алейным жывапісе. Лепшым яго творам ўласцівы паэтычнасць, тонкі лірызм, дакладны малюнак, багацце тэхнічных прыёмаў. Анатоль Тычына — адзін са стваральнікаў беларускай графікі ХХ ст., з яго імем звязана станаўленне такіх відаў графікі, як кніжная, станковая, газетна-часопісная, экслібрыс. Сярод графічных твораў Анатоля Тычыны, прысвечаных Мінску — значныя творы беларускай графікі.

У пошуках нацыянальнага стылю афармлення звяртаўся да традыцый народнага мастацтва (вокладкі кніг «Каталог 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі», 1925; «Магіла льва» Янкі Купалы і «Чалавек ідзе» Янкі Маўра, 1927). Адна з асноўных у творчасці Тычыны — тэма Мінска («Стары Менск», 1922; «Пад Ратушай», 1926; «Плошча Свабоды», 1931; «Мінск. Савецкая вуліца», 1940; «Разбураны Мінск», 1945; «Адраджэнне Мінска», 1948; «Новыя дамы на Прывакзальнай плошчы», 1952; «Плошча Перамогі», 1956; «Ля сквера Я. Купалы», 1957; «900 гадоў Мінску», 1967; «Палац Прафсаюзаў», 1971; «Усход I і Усход II», 1973; «Дырыжор вуліцы», 1976; «На дзіцячай чыгунцы», 1984; і інш.). Узвышаным матывам для вобразнага вырашэння тэмы стала панарама горада, убачанага з новага моста над Свіслаччу — «Над ракой Свіслач» (1954). Мінск у творах Тычыны — горад для чалавека актыўнага, сучаснага, творчага. Шмат работ Тычына прысвяціў савецкай тэматыцы стваральнай працы («На электрастанцыі», 1925; «Творчая нарада», 1936; «У аэрадоку», 1976; трыпціх «Над ракой Арэсай», 1980), дзеячам беларускай культуры («Я. Купала ў камунараў Палесся», 1981; «М. Багдановіч у Ялце» 1982; і інш.), спорту («Жакеі на размінцы», 1970; і інш.), прыгажосці беларускіх вадаёмаў («На рацэ Сажы», 1960; «На возеры», 1976; і інш.).

Анатоль Тычына — майстар экслібрыса (з 1920 па 1940-я гады ім было створана больш за 20 экслібрысаў, у тым ліку экслібрысы мастацтвазнаўца Мікалая Шчакаціхіна, краязнаўца Мікалая Каспяровіча, пісьменнікаў Янкі Маўра, Віталя Вольскага; пазней — пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, даследчыка беларускай культуры Адама Мальдзіса, паэта Пятра Глебкі, скульптара Заіра Азгура, мастацтвазнаўца Міхаіла Кацара і інш.).

Крыніцы правіць

  1. БелЭн 2003, с. 84.
  2. а б в Тычына Анатоль Мікалаевіч - Беларусь у асобах i падзеях. bis.nlb.by. Праверана 27 верасня 2023.
  3. Корбут В. Выставачная дзейнасць у Генеральнай акрузе «Беларусь» (1942 – 1944) // Спадчына. — 2003. — № 4-5. — С. 77-79.
  4. Чыжоўскiя могiлкi. Нечаканыя сустрэчы . Наша Ніва. Праверана 15 верасня 2023.(недаступная спасылка)

Літаратура правіць