Беларусь і югаслаўскія войны

Рэспубліка Беларусь прымала ўдзел у шматбаковым і двухбаковым узаемадзеянні на прадмет выхаду з югаслаўскага крызісу. У першыя гады канкрэтная пазіцыя краіны па гэтым пытанні адсутнічала. У наступным сітуацыя змянілася: дзяржава выступіла за мірнае ўрэгуляванне канфлікту. Ужо ў рамках Косаўскага пытання канца 1990-х Беларусь стала на бок афіцыйнага Бялграда.

     Беларусь
     краіны былой Югаславіі

Войны ў Босніі і Харватыі

правіць

Афіцыйная пазіцыя

правіць

Гісторык і палітолаг Павел Малашук вылучыў два этапы ў развіцці беларускай пазіцыі па Югаславіі:

  1. 1991—1994: адсутнасць канкрэтнай пазіцыі;
  2. 1994—1998: курс на мірнае ўрэгуляванне.

У 1992 годзе Рэспубліка Беларусь стала ўдзельнікам Хельсінкскага працэсу. Гэта падзея супала з уключэннем СБСЕ (АБСЕ) у мірны працэс па Югаславіі. У той момант афіцыйны Мінск мог падключыцца да ўрэгулявання канфлікту, але беларускія ўлады бяздзейнічалі і не выкарыстоўвалі гэты спрыяльны шанец. У сувязі з гэтым, краіна не сфармулявала выразную пазіцыю ў дачыненні да Міжнароднай канферэнцыі па былой Югаславіі і Міжнароднай кантактнай групы па Босніі і Герцагавіне[1]. Мінск адстойваў тэзіс аб тым, што прымяненне сілы ў югаслаўскім канфлікце не з’яўляецца залогам яго паспяховага вырашэння, выступаў за яго мірнае рашэнне, аднаўленне членства СРЮ ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях. Пазіцыя па рашэнні міждзяржаўных і ўнутрыдзяржаўных канфліктаў была адназначная: войны павінны вырашацца не сілавымі метадамі, а шляхам пераканання і сумеснымі дзеяннямі сусветнай супольнасці[2]. Краіна выказвалася супраць узброенага ўдзелу ў канфлікце трэціх сіл[3].

У студзені 1995 года група дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі і Федэральнага сходу Расіі па запрашэнні кіраўніка Рэспублікі Сербскай Радавана Караджыча наведала Югаславію. Адбыліся сустрэчы з дзяржаўнымі і палітычнымі лідарамі краіны, дэпутаты пабывалі на лініі размежавання супрацьлеглых бакоў у размяшчэнні расійскага батальёна міратворчых сіл ААН у г. Сараева, правялі шэраг перамоў і кансультацый. У афіцыйным заключэнні па выніках паездкі, накіраваным прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку і старшыні Вярхоўнага Савета Мечыславу Грыбу, яны адзначалі, што «ўсе санкцыі, пачынаючы з тых, якія былі ўведзеныя на аснове рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН № 820, прынятай 17 красавіка 1993 года, павінны быць неадкладна скасаваны», і прапаноўвалі актывізаваць намаганні Мінска ў Савеце Бяспекі ААН па ліквідацыі гэтых санкцый. Таксама гаварылася, што «развіццё падзей на Балканах паказала заўчаснасць дыпламатычнага прызнання з боку міжнароднай супольнасці незалежнасці Босніі і Герцагавіны». Прычым беларускія дэпутаты лічылі, што выправіць памылку можна толькі прызнаўшы права баснійскіх сербаў на стварэнне самастойнай дзяржавы альбо дзяржаўнага ўтварэння ў рамках канфедэрацыі або федэрацыі з Югаславіяй[4].

Выступаючы 2 кастрычніка 1997 года ў агульнапалітычнай дыскусіі на 52-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Іван Антонавіч заявіў[2]:

  Мы перакананы, што трывалы мір у былой Югаславіі магчымы толькі пры ўмове адмовы ад гвалту, урэгулявання супрацьлеглымі бакамі сваіх супярэчнасцяў мірнымі сродкамі шляхам перамоваў. Рэспубліка Беларусь прапануе Генеральнай Асамблеі ААН даць Саюзнай Рэспубліцы Югаславіі як адной з дзяржаў-заснавальніц магчымасць аднавіць свой удзел у рабоце Генеральнай Асамблеі і іншых органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.  

Пастаўкі зброі

правіць

У 1995 годзе ў Адрыятычным моры перахоплены карабель са стралковай зброяй і боепрыпасамі, які накіроўваўся да зоны баявых дзеянняў. Тады дзейнічала забарона ААН на пастаўку зброі ўдзельнікам канфлікту, а сілы НАТА правяралі ўвесь падазроны транспарт. Паводле дакументаў, зброю набылі камерсанты-пасярэднікі, але крыніцу паставак вызначылі аператыўна — Беларусь. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што краіна легальна прадала ўзбраенне, але яе пакупнікі затым перапрадалі яго[5].

Косаўскі крызіс

правіць

Афіцыйная пазіцыя

правіць

Па косаўскім пытанні Беларусь заняла бок СРЮ. Сваю палітыку ў адносінах да падзей краіна каардынавала з Расіяй[2]. 29 верасня ў г. Нью-Ёрк Антановіч сустрэўся з міністрам замежных спраў СРЮ Жывадзінам Ёванавічам, абмеркаваўшы косаўскую сітуацыю. Югаслаўскі бок высока ацаніў падтрымку Беларусі[3]. 6 кастрычніка 1998 года беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы аказаць Бялграду «ўсялякую дапамогу»[6].

Дзяржава выступала супраць любых ваенных аперацый супраць Югаславіі. Упершыню пра гэта было заяўлена 8 кастрычніка Нацыянальным сходам. У заяве ад 14 кастрычніка беларускі МЗС заклікаў НАТА адмовіцца ад планаў сілавога ўмяшання, паколькі «ўжыванне сілы ў дачыненні да суверэннай дзяржавы без санкцыі Савета Бяспекі ААН з’яўляецца грубым парушэннем Статута ААН, супярэчыць асноватворным прававым прынцыпам міжнародных адносін і падрывае сістэму бяспекі і даверу на еўрапейскім кантыненце. Ваеннае ўмяшанне НАТА ва ўнутрыдзяржаўны канфлікт не толькі не ліквідуе яго прычыны, а наадварот, паглыбляе супрацьстаянне бакоў у Косаве». 20 лютага 1999 года прэзідэнт краіны заявіў, што галоўнае ў дадзенай сітуацыі — захаваць перамоўны працэс. Лукашэнка таксама паўтарыў тэзіс аб захаванні тэрытарыяльнай цэласнасці Югаславіі і недапушчальнасці ваеннай інтэрвенцыі[3].

24 сакавіка, калі альянс НАТА ўсё ж разгарнуў вайну супраць Бялграда, ён назваў дзеянні Захаду «крайнімі і найбольш контрпрадуктыўнымі мерамі». Малашук адзначаў, што заява беларускага прэзідэнта ў сувязі з пачаткам бамбардзіровак была размешчана на першых старонках усіх цэнтральных югаслаўскіх газет і перадавалася па ўсіх каналах нацыянальнага тэлебачання СРЮ. У Югаславіі дадзенае выступленне было ўспрынята як магутны псіхалагічны фактар маральнай падтрымкі[7].

З асуджэннем аперацыі таксама выступілі Палата прадстаўнікоў і пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь у ААН Аляксандр Сычоў. На фоне ваеннай аперацыі Мінск замарозіў адносіны з НАТА. 26 сакавіка краіна разам з Расіяй і Індыяй унесла на разгляд СБ ААН праект рэзалюцыі, у якой асуджалася ваеннае ўмяшанне краін альянсу[7].

Экспертныя групы

правіць

Са снежня 1998 года ў Косаве дзейнічала спецыяльная група медыцынскіх экспертаў-патолагаанатамаў з мэтай расследавання злачынстваў супраць мірнага насельніцтва. У яе склад ад Беларусі ўвайшлі намеснік галоўнага дзяржаўнага судова-медыцынскага эксперта Кузмічаў і загадчык Цэнтральнай медыка-крыміналістычнай лабараторыі галоўнага бюро Дзяржаўнай службы судова-медыцынскай экспертызы Ляўковіч. Паралельна беларускія спецыялісты (10 чалавек) працавалі і ў якасці назіральнікаў місіі АБСЕ[3].

Гуманітарная дапамога

правіць

13 красавіка 1999 года ў прадмесці Бялграда прыбыла калона аўтамашын з гуманітарнай дапамогай з Расіі і Беларусі. Гэтаму папярэднічалі амаль тры дні цяжбы на венгерскай мяжы. Улады Венгрыі адмаўляліся прапусціць канвой на сваю тэрыторыю. Канфлікт быў вырашаны толькі пасля перамоваў у Будапешце, якія правёў міністр па надзвычайных сітуацыях РФ Сяргей Шайгу[8].

Візіт Лукашэнкі

правіць
Візіт А. Лукашэнкі ў Югаславію, 14 красавіка 1999 года.

14 красавіка 1999 года, у разгар паветранай кампаніі НАТА, у Бялград з візітам прыбыў Аляксандр Лукашэнка. У сталічным аэрапорце яго сустрэў асабіста прэзідэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч. На працягу шасці гадзін лідары абедзвюх краін абмеркавалі многія двухбаковыя і міжнародныя пытанні, у тым ліку па ўрэгуляванні крызісу на Балканах. На праведзенай прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў было выказана, што югаслаўскі бок гатовы размясціць у Косаве міжнародных назіральнікаў, акрамя прадстаўнікоў тых краін, якія ўдзельнічаюць у агрэсіі супраць Югаславіі. Бялград таксама афіцыйна заявіў пра сваё жаданне далучыцца да Саюзу Расіі і Беларусі[9].

Газета «Правда» адзначыла, што Лукашэнка стаў першым лідарам, які наведаў Бялград пасля пачатку заходніх бамбардзіровак. Камандаванне НАТА з неахвотай, але ўсё ж дало паветраны калідор для прэзідэнцкага самалёта[9]. Аднак альянс так і не гарантаваў бяспеку палёту. Больш за тое, падчас знаходжання Лукашэнкі ў Югаславіі на Бялград ажыццёўлены авіяналёты (падчас перамоваў паветраныя сірэны гучалі двойчы)[10].

Карэспандэнт газеты «Независимая газета» Антон Хадасевіч пісаў пра гэты візіт, што Лукашэнка ў рамках паездкі ў Бялград прадстаўляў інтарэсы не столькі Мінска, колькі Масквы. Больш за тое, перад гэтым кіраўнік дзяржавы нібыта атрымаў адабрэнне прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына[11]. Выданне «Свободная пресса» адзначала, што за кошт гэтага Лукашэнка заваяваў аўтарытэт у Сербіі[12].

Беларускі палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на фоне візіту Лукашэнкі ў Сербію ў 2019 годзе ўзгадаў паездку 20-гадовай даўніны[11].

  На наступны дзень, 4 снежня, прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч сустракаецца ў Сочы з Пуціным. Дык вось цяперашні шырока разрэкламаваны беларускімі дзяржаўнымі СМІ візіт Лукашэнкі ў Бялград – гэта ў пэўным сэнсе спосаб, умоўна кажучы, выцерці нос прэзідэнту Расіі. Кім быў Пуцін у красавіку 1999 года, калі Лукашэнка ўжо здзяйсняў «гераічныя ўчынкі»? Ды нікім. Хай задумаецца над гэтым перад 7 снежня [дзень сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі па пытаннях інтэграцыі дзвюх краін].  

Пасляваенныя падзеі

правіць

У 2000 годзе быў скінуты Слабадан Мілошавіч. У афіцыйным Мінску дастаткова спакойна паставіліся да змены ўлады[13].

Пазіцыі Беларусі і новых югаслаўскіх уладаў па пытанні пра лёс экс-лідара разыходзіліся. Апошнія фактычна пагадзіліся з арыштам Мілошавіча і выдачай яго Гаазе. Арышт былога прэзідэнта, які адбыўся 1 красавіка 2001 года, быў рэзка адмоўна ўспрыняты беларускім кіраўніцтвам. Аляксандр Лукашэнка назваў яго «абуральным і недэмакратычным фактам». Кіраўніцтва краіны падтрымала ў гэтым пытанні традыцыйна апазіцыйная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада)[13].

Старшыня партыі Мікалай Статкевіч у інтэрв’ю карэспандэнту «Савецкай Беларусі», якое было дадзена незадоўга да арышту экс-кіраўніка Югаславіі, адзначыў, што «сама наяўнасць патрабаванняў аб выдачы Слабадана Мілошавіча ў Гаагу выглядае, прынамсі, некарэктна». Да таго ж, на думку палітыка, югаслаўскія ўлады цалкам па сілах маглі самастойна вызначыць ступень адказнасці зрынутага лідара. Кіраўнік БСДП (НГ) лічыў таксама, што ў выпадку калі «цяперашняя ўлада ў Югаславіі ўсё ж вырашыцца на выдачу Мілошавіча, то немінуча страціць свой твар і частку свайго аўтарытэту, паколькі гэта ёсць яшчэ і пытанне самадастатковасці і суверэннасці дзяржавы»[14].

15 снежня 2016 года ў царкве Святой Тройцы ў Бялградзе была асвечана мемарыяльная дошка са спісам рускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ў войнах у былой Югаславіі. На цырымоніі прысутнічаў таксама пасол Беларусі ў Сербіі Уладзімір Чушаў[15].

Гл. таксама

правіць

Заўвагі

правіць
  1. Малашук 2012, pp. 103–104.
  2. а б в Малашук 2012, p. 105.
  3. а б в г Малашук 2012, p. 106.
  4. Малашук 2012, p. 104.
  5. Оружейный бизнес Беларуси – легальный и "теневой"
  6. Хорошко, В. Беларусь поможет Югославии / В. Хорошко // Нар. газета. – 1998 – 7 кастр. – С. 1
  7. а б Малашук 2012, pp. 106–107.
  8. Гуманитарный конвой прибыл в Югославию
  9. а б Михаил Третьяков. Александр Лукашенко в Белграде // Правда : газета. — №42 (28004). — 16—19 апреля 1999 года.
  10. Визит в Югославию // Официальный интернет-портал Президента Республики Беларусь, 14 апреля 1999.
  11. а б Антон Ходасевич. Как Лукашенко опередил Путина // Независимая газета. — 4 декабря 2019.
  12. Вера Жердева. Сербия и Беларусь: стрельба по своим // Свободная пресса : интернет-издание. — 23 июня 2021.
  13. а б П. В. Малашук. Развитие отношений между Республикой Беларусь и Союзной Республикой Югославия (Сербией и Черногорией) в 2000—2006 годах // Вестник Полоцкого государственного университета. — 2012. — № 9. — С. 97-98.
  14. Живолович, К. Белград вновь атакуют / К. Живолович // Сов. Белоруссия. – 2001. – 3 апр.
  15. У Београду освештана спомен-плоча руским добровољцима (серб.). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2016. Праверана 21 снежня 2016.

Літаратура

правіць