Беларуска-югаслаўскія адносіны

Беларуска-югаслаўскія адносіны — двухбаковыя дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Югаславіяй. Афіцыйна ўстаноўлены 15 лістапада 1994 года. Сувязі паміж краінамі зарадзіліся яшчэ пры Беларускай ССР, якая пасля Другой сусветнай атрымала права на вядзенне міжнародных спраў.

Візіт А. Лукашэнкі ў Югаславію, 14 красавіка 1999 года.

Па меры распаду Югаславіі фармат адносін пераўтвараўся: з 2003 года Беларусь працавала з дзяржавай Сербія і Чарнагорыя, а з 2006 — з Чарнагорыяй і Сербіяй паасобку.

Савецкая Беларусь

правіць

Беларусы ў НВАЮ

правіць

У гады Другой сусветнай у Народна-вызваленчай арміі Югаславіі змагалася звыш 6 тыс. савецкіх грамадзян. У асноўным гэта былі ваеннапалонныя і сагнаныя на катаргу, а таксама ўцекачы з канцэнтрацыйных лагераў. У 1-й Рускай брыгадзе змагаліся 15 беларусаў, у савецкім батальёне 7-й Ваяводзінскай брыгады — 5, у рускай роце 2-га батальёна 2-й Славенскай брыгады — 15[1], у 10-й Македонскай брыгадзе — 1[2].

Гандлёвыя сувязі

правіць

Сярэднегадавыя тэмпы росту тавараабароту ў 1960—1975 гг. склалі 20,5%. Штогадовы аб’ём гандлю ў натуральным выражэнні вырас у 16 разоў. Гандлёва-эканамічныя сувязі Мінска і Бялграда характарызаваліся пастаянна нарастаючай дынамікай. Аднак адміністрацыйна-камандная сістэма і поўная залежнасць БССР ад агульнасаюзнага кіраўніцтва істотна зніжалі эфектыўнасць двухбаковага гандлю[3].

Станам на 1962 г. больш за 20 беларускіх прадпрыемстваў пастаўлялі ў Югаславію сваю прадукцыю, у 1963 г. — ужо больш за 305. Бялград размяшчаў свае заказы на выраб станочнага абсталявання, аўтамашын, будаўнічых механізмаў, прыбораў, падшыпнікаў і іншых відаў прамысловай прадукцыі[4].

Югаславія прадавала БССР сельскагаспадарчую тэхніку, сродкі транспарту, медыцынскае абсталяванне, прамысловыя і харчовыя тавары, сыравіну для лёгкай і харчовай прамысловасці, станкі, тэлефонныя апараты, лакі, фарбы, эмалі, тытунёвую сыравіну, вінаградныя віны, а таксама шырокі асартымент тавараў народнага спажывання[4].

Рэспубліка Беларусь

правіць

Развіццё кантактаў

правіць

Трывалыя палітычныя ўмовы для паспяховага развіцця двухбаковых адносін ствараў Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, заключаны ў сакавіку 1996 г. падчас візіту ў Рэспубліку Беларусь афіцыйнай дэлегацыі СРЮ на чале з яе прэзідэнтам З. Лілічам[5].

Важным крокам стаў візіт у Югаславію ў студзені 1998 г. беларускага лідара А. Лукашэнка. Падчас перамоў былі дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні сумеснай беларуска-югаслаўскай вытворчасці ў Гомельскім аб’яднанні «Карал» і зборачнага цэха Мінскага трактарнага завода на югаслаўскай тэрыторыі. 19 студзеня быў падпісаны Дагавор аб стварэнні кансорцыума, які ажыццяўляў каардынацыю дзелавога супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь. У склад кансорцыума ўвайшлі 46 вядучых вытворцаў, экспарцёраў і імпарцёраў. У сакавіку ўстаноўлены кантакты паміж банкам «Белградска банка» і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь. У маі сумеснымі намаганнямі бакоў была створана асацыяцыя югаслаўска-беларускага супрацоўніцтва «Беларусь—Югаславія ХХІ стагоддзе», у якую ўвайшлі буйныя югаслаўскія прадпрымальнікі, дырэктары фірмаў і заводаў, журналісты, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і Сербскай Праваслаўнай Царквы. 28 кастрычніка падпісана Пагадненне аб фінансава-банкаўскім супрацоўніцтве паміж «Белградска банка» і «Белзнешэканомбанкам»[6].

У пачатку 2000-х адносіны развіваліся на аснове цэлай сістэмы дэталёва прапрацаваных нарматыўна-прававых актаў. У двухбаковым супрацоўніцтве істотна ўзрасла роля эканамічнага складніка. Аднак пасля сыходу С. Мілошавіча ў беларуска-югаслаўскіх адносінах узнікла пэўная паўза, назіралася зніжэнне дынамікі палітычных кантактаў[7]. У гэты перыяд не было падпісана ніводнага двухбаковага пагаднення[8].

Гандлёвыя сувязі

правіць

У першай палове 1990-х гандлёвыя адносіны знаходзіліся ў крызісе з-за сур’ёзных эканамічных і палітычных цяжкасцяў у абедзвюх краінах і, у асаблівасці, міжнародных санкцый супраць Бялграда. У другой палове 1990-х сітуацыя змянілася[9].

Тавараабарот па гадах (млн USD)
Катэгорыя 1992 1993 1994 1995 1996 1997 1998 1999 2000
Тавараабарот 8,2 5,7 11,8 3,3 9,5 8,1 14,8 13,8 18,6
з Беларусі 4,0 1,3 3,8 3,1 6,1 4,2 7,8 7,1 11,3
з Югаславіі 4,2 4,4 8,0 0,2 3,1 3,9 7,0 6,7 7,3

Навуковыя сувязі

правіць

У першай палове 1990-х гг. беларуска-югаслаўскія навуковыя кантакты насілі эпізадычны характар. Сітуацыя значна палепшылася ў другой палове дзесяцігоддзя, калі ў верасні 1995 г. па запрашэнні дырэктара Бялградскай астранамічнай абсерваторыі прафесара М. Дзімітрыевіча адбыўся візіт у Югаславію А. Вайтовіча – дырэктара Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі (ІМАФ) НАН Беларусі і Л. Мінько – старшыні навуковага савета па праблеме «Фізіка плазмы». Беларускія навукоўцы прынялі ўдзел у першай югаслаўскай канферэнцыі па контурах спектральных ліній і выступілі з дакладамі. У выніку візіту быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж ІМАФ НАНБ і навукова-даследчым інстытутам прыкладных фізічных праблем БДУ, з аднаго боку, і Бялградскай астранамічнай абсерваторыяй, фізічным факультэтам Бялградскага ўніверсітэта і Інстытутам фізікі ў горадзе Земун, з другога боку[10].

У сакавіку наступнага года ўрады дзвюх краін падпісалі Пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. У ліпені адбыўся I беларуска-югаслаўскі сімпозіум па фізіцы і дыягностыцы лабараторнай і астрафізічнай плазмы. У верасні на XVIII Міжнародным сімпозіуме па фізіцы іянізаваных газаў быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж ІМАФ АНБ і Інстытутам ядзерных навук «Вінча». У 1998 г. была створана сумесная беларуска-югаслаўская камісія па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. 25 лістапада таго ж года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі заключыла дагавор аб навуковым супрацоўніцтве з Сербскай акадэміяй навук і мастацтваў. У пачатку 2001 г. Інстытут Міхаіла Пупіна выпусціў брашуру «Беларусь» на сербскай мове, у якой асвятляліся пытанні развіцця навуковых, тэхналагічных і інавацыйных сістэм Беларусі, абазначаліся прыярытэты бягучай навукова-тэхнічнай палітыкі. У верасні 2002 г. падчас візіту ў Беларусь дэлегацыі сербскіх навукоўцаў на чале з акадэмікам Сербскай акадэміі навук і мастацтваў Н. Каневічам адбылася іх сустрэча са Старшынёй Камітэта па навуцы і тэхналогіях А. Русецкім[11].

Югаслаўскія войны

правіць

Да абрання першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь афіцыйны Мінск не фармуляваў выразную пазіцыю ў дачыненні да югаслаўскіх падзей[12]. Гісторык і палітолаг Павел Малашук вылучыў два этапы ў развіцці пазіцыі краіны. Першы этап (1991—1994 гг.) адзначаны адсутнасцю канкрэтнай пазіцыі. На другім этапе (1994—1998 гг.) ясна абазначылася пазіцыя беларускага кіраўніцтва па пытанні аб шляхах мірнага ўрэгулявання канфлікту[13].

Ужо ў рамках Косаўскага крызісу Беларусь, арыентуючыся на Крэмль, выступіла на баку афіцыйнага Белграда[14]. Пачатак аперацыі НАТА супраць СРЮ дзяржава не ўхваліла. Яшчэ задоўга да бамбардзіровак, у кастрычніку 1998 года, МЗС Рэспублікі Беларусь заклікаў альянс адмовіцца ад ваеннага ўмяшання, так як «ужыванне сілы ў дачыненні да суверэннай дзяржавы без санкцыі Савета Бяспекі ААН з’яўляецца грубым парушэннем Статута ААН». Адзначалася, што інтэрвенцыя не толькі не ліквідуе канфлікт, але і наогул пагоршыць сітуацыю[15]. Па косаўскай праблеме краіна выступала за максімальнае выкарыстанне магчымасцяў ААН. Афіцыйны Мінск быў задаволены тым, што вайну супраць Югаславіі ўдалося спыніць, а канфлікт паставіць на аснову палітычнага ўрэгулявання[16].

Сербія і Чарнагорыя

правіць

З лютага 2003 года назіраецца далейшае зніжэнне ўзроўню двухбаковых палітычных адносін. Гэтая тэндэнцыя была абумоўлена празаходняй знешнепалітычнай арыентацыяй кіраўніцтва Бялграда і выбарам курсу на ўступленне ў ЕС. Важнай падзеяй у гісторыі двухбаковых адносін таго перыяду стала падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі (29 верасня). Гэта быў першы дагавор, падпісаны пасля Бульдозернай рэвалюцыі 2000 года[8]. У 2003—2005 гадах назіралася актывізацыя двухбаковых сустрэч і кантактаў. Больш за тое, беларускія дыпламаты сталі наўпрост працаваць са знешнепалітычным ведамствам Чарнагорыі[17].

Заўвагі

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць
  • Візіт у Югаславію / Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 14 красавіка 1999.