Братоша
Братоша (Братош, Братша) Кайлутавіч (упам. з 1370-х — да 1414) — набліжаны баярын вялікага князя Вітаўта.
Братоша | |
---|---|
Род дзейнасці | арыстакрат |
Дата нараджэння | не пазней за 1360 |
Дата смерці | не пазней за 1414 |
Родапачынальнік Зяновічаў. Паводле генеалагічнага падання XVI ст., Зяновічы выводзілі сябе ад сербскага ці малдаўскага дэспата, т.б. намесніка правінцыі, які з'ехаў у Вялікае княства Літоўскае, на службу да вялікага князя Вітаўта. Паводле Рымвідаса Пятраўскаса, паданне магло мець гістарычную аснову, бо імя Братоша і праўда было характэрна для сербаў, а княжацкае паходжанне тлумачыць далучэнне Братошы да вялікалітоўскай эліты. Праўда, імя Братоша не сустракаецца сярод сербскай арыстакратыі, толькі ў простанароддзі, і арыстакраты пры неабходнасці эмігравалі звычайна на Захад, у Венгрыю або Венецыю.
У 1370-я гады быў радцам кн. Андрэя Альгердавіча, у т.л. у 1370—1377 гадах выступаў сведкам яго граматы на сяло Семянцова баярам Фёдару і Дзмітрыю, родапачынальнікам Корсакаў[1]. Снежнем 1388 года разам з панам Мінігайлам і князем Юрыем Кажушнам ездзіў у Маладзечна каб засведчыць прысягу князя Дзмітрыя Альгердавіча польскаму каралю Уладзіславу Ягайле[2]. Напэўна на пачатку 1389 года, ездзіў разам з кн. Альгімонтам[3] паслом князя Лугвена Альгердавіча ў Ноўгарад Вялікі[2].
У 1387-1392 годзе сярод іншых баяраў паручыўся князю Скіргайлу за Грыдку Канстанцінавіча[2], тады ж Братоша атрымаў ад караля Ягайлы Глыбокае. Браў удзел у падрыхтоўцы і падпісанні Салінскага дагавора (1398)[2]. Пасля прыходу да ўлады вялікага князя Вітаўта, да 1404 года быў у яго радзе. У 1399 годзе па даручэнні вялікага князя Вітаўта суправаджаў пасланнікаў з Рыгі ў Полацк[2]. Напэўна, у часы вялакага князя Вітаўта ўладанні Братошы перайшлі са складу Полацкай зямлі ў склад Віленскага ваяводства.
Не згадваецца сярод літоўскіх баяраў, у 1413 годзе прынялых польскія гербы ў Гарадле, што можа сведчыць пра праваслаўнае веравызнанне, але магчыма Братоша памёр да гэтага часу, бо ў 1414 годзе яго сын Зяновій атрымаў ад вялікага князя Вітаўта пацвярджэнне правоў на бацькоўскія маёнткі.
Валодаў Мышшу, Паставамі з вялікім абшарам да ракі Дзісны і мяжы тагачаснай Полацкай зямлі, а таксама Глыбокім. Меў сыноў Івашку і Зяновія (вядомыя з 1396).
Магчыма, служыў яшчэ вялікаму князю Альгерду і ездзіў яго паслом у Арду. Прынамсі ў Шырокай рэдакцыі «Сказання пра Мамаева пабоішча», наўгародскае паходжанне якой паказаў С. М. Азбелеў, згадваецца літоўскі пасол Барцяш, чэх паходжаннем, які напярэдадні Кулікоўскай бітвы ездзіў да беклярбека Мамая і потым адгаворваў Альгерда ад саюзу з ім, за што Альгерд хацеў забіць яго. Аднак, Альгерд памёр у 1377 годзе, за некалькі гадоў да бітвы, хоць і праўда падтрымліваў сувязі з Ардой.
Зноскі
- ↑ Кузьмин, 2007
- ↑ а б в г д Лицкевич, 2014, с. 53.
- ↑ Polechow, Butyrski, 2018, p. 452
ЛітаратураПравіць
- Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII-начала XV в. (окончание) // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — 2007. — № 4 (40). — С. 50-68.
- Лицкевич О. В. Поручительство литовско-русской знати за нобиля Братошу Койлутовича (1387—1394 гг.) // Беларуская даўніна. — 2014. — В. 1. — С. 29-58.
- Насевіч В. Зяновічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 660. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Polechow S., Butyrski M. Pieczęć kniazia Iwana Olgimuntowicza Holszańskiego // Inter Regnum et Ducatum. Studia ofiarowane Profesorowi Janowi Tęgowskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. — Białystok: 2018.
- Хорошкевич А. Л. Комментарии // Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. — Т. III. — М., 1980. — С. 140—152.