Лугвен Альгердавіч
Лугвен-Сымон Альгердавіч, Лонгвін-Сямён, Лангвен, Лугвень (~1355 — 1431) — чацвёрты сын Альгерда ад другога шлюбу з Ульянай Цвярской (агульным лікам дзявяты), князь мсціслаўскі (1392—1431).
Лугвен Альгердавіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
![]() Пячатка Лугвена Альгердавіча | |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 1356 ці 1355 | ||||||
Смерць | 19 чэрвеня 1431 | ||||||
Род | Гедзімінавічы | ||||||
Бацька | Альгерд | ||||||
Маці | Ульяна Аляксандраўна | ||||||
Жонка | 2 жонкі, Марыя Дзмітрыеўна | ||||||
Дзеці | Юрый, Яраслаў-Фёдар | ||||||
Бітвы | |||||||
![]() |
У гістарычных крыніцах выступае з 1379, калі ў ліку іншых літоўскіх князёў падпісаў у Троках мір з Ордэнам (29.9). Разам з братам Ягайлам і трыма іншымі князямі 14 жніўня 1385 года падпісаў Крэўскую унію. Удзельнічаў у разгроме вял. кн. смаленскага Святаслава, які падтрымаў выступленне Андрэя Полацкага супраць Ягайлы, пад Мсціславам (29.4.1386).
У 1389-1392 — князь у Вялікім Ноўгарадзе, атрымаў у кармленне Ладагу, Арэшак, Карэлу і палову Капор’я. Склаў васальную прысягу Ягайлу як сюзерэну Ноўгарада (у тайне ад саміх наўгародцаў). У 1390 спрабаваў далучыць да Ноўгарада Пскоў, у 1391 разбіў ганзейскіх піратаў-вітальераў пад Арэшкам. З’ехаў з Ноўгарада пад уціскам Масквы, атрымаў ад Ягайлы Мсціслаўскае княства, якім да яго валодаў іх брат Карыгайла.
У кан. 1396 пасрэднічаў ва ўзнаўленні гандлёвага дагавора паміж Полацкам і Рыгай, у тым жа годзе разбіў войска вял. кн. разанскага Алега, які дапамагаў вял. кн. смаленскаму Юрыю Святаславічу ў абароне незалежнасці Смаленскага княства ад ВКЛ. У 1402 пад Любуцкам ізноў разбіў разанцаў, захапіў у палон князя Радаслава Алегавіча. У 1403 пры падтрымцы Вітаўта захапіў Вязьму і спрабаваў авалодаць Смаленскам, які нарэшце захапіў і далучыў да ВКЛ у 1404. У 1407 удала дзейнічаў у Вярхоўскіх княствах, далучыў да ВКЛ Варатынск. У тым жа годзе зноў запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў да 1412. Браў удзел разам з наўгародскімі атрадамі ў Вялікай вайне (1409—1411), у крытычны момант Грунвальдскай бітвы мужнасць смаленскіх харугваў ВКЛ на чале з Лугвенам выратавала саюзныя арміі ад разгрому. Падпісаў Торуньскі мір (1411). Імаверна, у 1408—1411 быў вялікакняскім намеснікам у Смаленску. У 1411 кіраваў адбіццём шведскай агрэсіі ад Ноўгарада, знішчыў прадмесныя ўмацаванні Выбарга (26.3). У тым жа годзе заключыў ад імя Ноўгарада дагавор з Ягайлам супраць крыжакоў, але ў 1412 з-за маскоўскіх інтрыгаў выехаў з Ноўгарада ў Мсціслаў, разам з Вітаўтам і Ягайлам накіраваў наўгародцам разметную грамату. У 1421 прымаў у Мсціславе мітрапаліта Фоція.
Заснаваў каля Мсціслава манастыр св. Ануфрыя над ракой Чорная Натапа (1407), які славіўся перапісчыкамі кніг і рукапісаў.
Ад першай жонкі Марыі (пам. 1399), дачкі вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча (шлюб заключаны ў Маскве 14.6.1394), меў сына Юрыя. Ад другой (з восені 1406/1407, імя і паходжанне невядомыя) сына Яраслава-Фёдара.
Вядомая пячатка Лугвена (1389) з выявай «Пагоні», якая захоўваецца ў Львоўскім гістарычным музеі.
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Белы А. Лугвен // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 218-219. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Stadnicki K. Bracia Władysława Jagiełły. Lwów, 1867.
- Экземплярский А. В. Великие и удельные князья Северной Руси в татарский период с 1238 по 1505 г. ТТ. 1—2. СПб., 1889—1891.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
- Kuczyński S.M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy. Warszawa, 1936.
- Бернадский В. Н. Новгород и Новгородская земля в XV в. М., 1961.
- Цітоў А. К. Пячаткі старажытнай Беларусі. Мн., 1993. с. 36.