Бэрэжаны
Бэрэжаны[1] (укр.: Бережани) — горад у Цярнопальскім раёне Цярнопальскай вобласці Украіны, былы раённы цэнтр, цэнтр тэрытарыяльнай грамады, чыгуначная станцыя на лініі Цярнопаль — Ходарыў.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Горад вядомы сваімі шматлікімі архітэктурнымі помнікамі, якія захаваліся ў першапачатковым выглядзе. Сярод самых значных — гарадская забудова XVII ст., замак, Троіцкая царква, Армянская царква і інш. На тэрыторыі горада дзейнічае Бэрэжанскі дзяржаўны гісторыка-архітэктурны запаведнік.
Гісторыя
правіцьПа дадзеных Караля Шайнохі, Бэрэжаны былі перададзеныя каралём Ягайлам ва ўласнасць баярыну Ваську Цептуховічу, сыну Ваські Цептуха з Тысменіцы. Па адной з версій першае пісьмовае згадванне аб горадзе адносіцца да 1445 г., калі тагачасны ўласнік Бэрэжан Пётр Цэброўскі сведчыў у Львоўскім судзе падчас слуханняў справы адносна злачынства, здзейсненага ягонымі сялянамі з сёлаў Бэрэжаны, Лісныкы, Лапшын.
23 студзеня 1464 г. у «Актах гродскіх і земскіх» згаданы высакародны Якуб з Бэрэжан. 4 чэрвеня 1464 г. паселішча згаданае як уласнасць Ядвігі з Бэрэжан, на той момант удавы Яна Бучацкага — старасты церабаўлянскага, згаданыя іх сыны Ян і Жыгімонт. У 1469 г. Бэрэжаны сталі ўласнасцю караля. Магдэбургскае права Бэрэжаны атрымалі ў 1530 г. Тады кароль Жыгімонт I Стары перадае Бэрэжаны ва ўласнасць рускаму ваяводзе Мікалаю Сяняўскаму.
У XVI—XVIII ст. горадам валодалі магнаты Сяняўскія. За час валодання горадам сям’і Сяняўскіх Бэрэжаны славіліся сваім абаронным комплексам, а таксама архітэктурным уздымам. Пасля смерці апошняга прадстаўніка сям’і Сяняўскіх — Адама-Мікалая — замак пераходзіць ва ўласнасць яго дачкі Марыі-Сафіі і яе мужа — князя Аўгуста-Аляксандра Чартарыйскага. Так замак з 1726 г. трапляе ў сям’ю Чартарыйскіх. З другой паловы XVIII ст. ён аказваецца ў руках Любамірскіх пасля замужжа дачкі А.-А. Чарторыйскага Ізабэллы з князем Станіславам Любамірскім. Іх дачка Аляксандра ў 1776 г. выйшла замж за Станіслава Костка Патоцкага. З 1816 г. горад пераходзіць да вядомай сям’і Патоцкіх.
Ад 1772 г. Бэрэжаны належалі Аўстрыі. У 1781 г. яны сталі павятовым горадам. Ад 1789 г. у горадзе дзейнічала гімназія, у якой у 1899—1901 гг. вучыўся Мірон Зарыцкі, пасля выбітны ўкраінскі матэматык, прафесар Львоўскага універсітэта. У 1895 г. заснаваны філіял таварыства «Прасвіта». 24 верасня 1909 г. была адкрыта чыгуначная камунікацыя паміж Бэрэжанамі і Львовам (праз Пэрэмышляны).
У жніўні-верасні 1916 г. у баях на гары Лысоня паблізу Бэрэжан легіён Украінскіх сечавых стральцоў гераічна стрымліваў націск расійскай арміі. Падчас Першай сусветнай вайны горад падвергнуўся значным разбурэнням.
3 сакавіка 1918 г. у горадзе адбылося «Свята дзяржаўнасці і міру» (веча) у падтрымку дзеянняў урада Украінскай Народнай Рэспублікі, на якім прысутнічала каля 12 тыс. чалавек. У 1919—1939 гг. горад уваходзіў у склад міжваеннай Польшчы. У 1939 г. далучаны да УССР.
Вядомыя асобы
правіць- Віталь Уладзіміравіч Скакун (1996—2022) — украінскі ваенны, сапёр. Герой Украіны.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»