Валянціна Браніславаўна Караткевіч
Валянціна Браніславаўна Караткевіч (у дзявоцтве Ватковіч, у першым шлюбе Нікіціна; 28 чэрвеня 1934, с. Белаводскае, Кіргізія — 28 лютага 1983) — беларускі археолаг, гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1965). Жонка беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
Валянціна Браніславаўна Караткевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 чэрвеня 1934 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 лютага 1983 (48 гадоў) |
Грамадзянства | |
Муж | Уладзімір Караткевіч |
Род дзейнасці | археолаг, гісторык |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук (1965) |
Альма-матар |
|
Біяграфія
правіцьВалянціна з маці і братам Генадзем пераехалі ў 1946—1947 гадах у Радашковічы. Пайшла ў пяты клас мясцовай школы. Маці Валянціны спачатку працавала ў пракуратуры. У адным доме знаходзіліся рэстаран, пракуратура і аднапакаёвая кватэра Ватковічаў. Аднойчы ноччу ў рэстаране выбухнулі газавыя балоны, і ўвесь будынак згарэў. Пасля ім далі новую кватэру. Маці хутка стала загадчыцай клуба. У дзявятым і першай палове дзясятага класа беларускую мову і літаратуру ў школе выкладаў Фёдар Янкоўскі, будучы вядомы вучоны, мовазнаўца. Дзякуючы яму Валянціна і іншыя вучні добра падцягнуліся[1].
Скончыла гістарычны факультэт БДУ у 1956 годзе. Працавала ў Ашмянскім краязнаўчым і Брэсцкім гісторыка-краязнаўчым музеях, Брэсцкім педагагічным інстытуце[2]. У тыя гады яна ўзяла шлюб, неўзабаве развялася, але прозвішча Нікіціна захавала[1]. Паступіла ў аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Археолаг Міхась Чарняўскі, які вучыўся там разам з Валянцінай, згадваў, што над сваім даследаваннем яна працавала ў Маскве:
Яна там была два гады, пісала дысертацыю, ну і стала адчуваць сябе трошкі масквічкай. Ну, а мы тут такія, правінцыя. І гэта ў яе трошачкі так праслізгвала ў размовах, адносінах. І наша начальства яе тут незалюбіла. Хаця яна дысертацыю ўжо зрабіла амаль што, назад яе не ўзялі — не трэба нам тут такая ганарыстая. Хай едзе, дзе была. І яна страшэнна забітая гэтым, што трэба ехаць у Брэст. |
Пасля знаёмства з Уладзімірам Караткевічам Валянціна вырашыла перабрацца ў Мінск. Спярша паспрабавала ўладкавацца ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук, але туды яе не ўзялі. Тады Караткевіч парушыў свой прынцып «ні за каго не прасіць» і дапамог уладкаваць яе летам[1] 1969 года ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора Акадэміі навук Беларусі[2]. Валянціна абмяняла сваю двухпакаёвую кватэру ў Брэсце на пакой у Мінску. Праз два гады гэты пакой разам з двухпакаёвай кватэрай Караткевіча па вуліцы Веры Харужай, 48 абмянялі на трохпакаёвую кватэру ў доме па вуліцы Карла Маркса, 36. Там Валянціна, Уладзімір і маці пісьменніка жылі да сваіх апошніх дзён[1].
Навуковая дзейнасць
правіцьДаследавала старажытнасці паморскай культуры, займалася вывучэннем гісторыі гарадоў, краязнаўствам. Член рэдкалегіі і адзін з аўтараў «Збора помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—1988, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1990)[2]. Як пісаў Адам Мальдзіс, тое, што зрабіла Валянціна Браніславаўна для падрыхтоўкі «Збора…», для таго, каб «ён ішоў „без купюр“, можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю. Яна бясконца ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры, пісала сама артыкулы і брашуры і рэдагавала чужыя»[1].
Сям’я
правіцьПаводле тэатразнаўца Ізабелы Гатоўчыц, якая грунтавалася на ўспамінах Валянціны, першая яе сустрэча з Уладзімірам Караткевічам адбылася ў цягніку Берлін — Масква, калі яны ехалі ў адным купэ да Брэста. Неўзабаве пасля знаёмства пісьменніка запрасілі на сустрэчу ў Брэст. 2 лістапада 1967 года Караткевіч выступіў на чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» у Брэсце, на якой прысутнічала і Валянціна[1].
Пасля яны разам паехалі на вяселле літаратуразнаўцаў Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай, што цэлы тыдзень праходзіла ў Ракаве на лістападаўскія святы (адзначалася 50-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі). Першая рэакцыя некаторых знаёмых была не надта тактоўнай. Некаторыя «максімалісты» сказалі Валянціне за сталом прама ў вочы: «Раз дрэнна гаворыш па-беларуску, то ты яму не пара». Неўзабаве Валянціна Нікіціна вывучыла беларускую мову, прычым, паводле слоў А. Мальдзіса, стала размаўляць на ёй лепш за сваіх нядаўніх крытыкаў[1].
19 лютага 1971 года Валянціна і Уладзімір ажаніліся[3]. Па ўспамінах ягоных сяброў, была яму «і жонкай, і ахоўніцай, і нянькай, і медсястрой, і лекарам»[4]. Дзяцей у пары не было. Пісьменнік цяжка перажываў хваробу жонкі. 8 ліпеня 1982 года, калі стан здароўя Валянціны Браніславаўны пагоршыўся і яе забралі ў шпіталь, Караткевіч напісаў верш «Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць…»[1].
Творы
правіць- Памятники истории Витебска. Мн. 1975;
- Памятники истории и культуры. Мн. 1978;
- Помнікі Слоніма. Мн., 1983 (сумесна з А. Кулагіным)
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж Дзяніс Марціновіч. Валянціна. Раздзел з кнігі «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча»
- ↑ а б в Короткевич Валентина Брониславовна // Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 4.: Картография — Миноговые / редкол. Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2007. — 768 с. — ISBN 978-985-11-0385-6
- ↑ Верабей 2005, с. 14.
- ↑ TUT.BY ПРА ПРЭЗЕНТАЦЫЮ МАЁЙ КНІГІ Ў ВІЦЕБСКУ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2020. Праверана 29 ліпеня 2020.
Літаратура
правіць- Короткевич Валентина Брониславовна // Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 4.: Картография — Миноговые / редкол. Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2007. — 768 с. — ISBN 978-985-11-0385-6
- Верабей А. Л. Уладзімір Караткевіч. Жыццё і творчасць / Пад рэд. Гарбачэўскай Т. А.. — 2-е. — Мн.: Беларуская навука, 2005. — 271 с. — ISBN 985-08-0666-4. Архівавана 29 сакавіка 2017.