Вялікая Траецкая вуліца (Гродна)
Вялі́кая Трае́цкая ву́ліца — вуліца ў гістарычным цэнтры Гродна, адна з самых старажытных у горадзе. Гістарычная назва вернутая ў пачатку 1990-х гадоў. Даўжыня — каля 700 м[3]. Па вуліцы ходзіць грамадскі транспарт — тралейбус.
Вялікая Траецкая Гродна | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Гродна |
Раён | Ленінскі |
Працягласць | 700 м |
Пакрыццё | Асфальтавае |
Рух | двухбаковы (адна паласа ў кожны бок) |
Каардынаты пачатку | 53° 40′ 58,62″ N 23° 49′ 51,55″ E |
Каардынаты канца | 53° 40′ 42,06″ N 23° 49′ 29,78″ E |
Тралейбусныя маршруты | 2, 3, 6, 7, 9, 11, 15, 17, 19 (у адзін бок — з Савецкай плошчы да Віленскай)[1] |
Ранейшыя назвы |
Ulica zydowska ad mogilak do Niemeckiego rynku (1680 г.), ulica u bok Troicy ad Wilenskiego traktu, Троецка, Школьный переулок + Рыбная площадь + Большая Троицкая, Sr. Dreitfaltickeltsstr., Wyzwolienia, Nochima + Pereca, Gerberweg, Кооперативная, Красина, Олега Кошевого. |
Архітэктурныя помнікі | Харальная сінагога |
Храмы | Харальная сінагога |
Дзяржаўныя ўстановы | інспекцыя МПЗ па Гродзенскай вобласці |
Навучальныя ўстановы | будынкі Гродзенскага ўніверсітэта |
Забудова | гістарычная забудова канца XIX — пачатку XX сіст. |
Камерцыя | будынкі Белзнешэканамбанка, банка Масква-Мінск, РРБ-Банк |
Паштовы індэкс | 230023[2] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Праходзіць ад вуліцы Давыда Гарадзенскага да Віленскай вуліцы праз месцы, якія ў мінулым складалі яўрэйскі квартал. Перпектыву вуліцы з боку Нёмана замыкае Стары замак. На вуліцы знаходзяцца прынамсі 2 будынкі сінагогі, адна з іх — Харальная, з’яўляецца адной з самых вялікіх у Беларусі.
Перасякаецца з вуліцамі Кастрычніцкая, Дамініканская, Найдуса. Рух транспарта ў два бакі, па адной паласе ў кожны бок.
Гісторыя
правіцьФарміраванне вуліцы адбывалася ў некалькі этапаў.
Частка вуліцы, якая знаходзіцца ля Харальнай сінагогі, была тэрыторыяй пасада XII—XIII стст. Вялікая сінагога і тэрыторыя вакол яе былі цэнтрам старога яўрэйскага квартала. Далей ішла Рыбная плошча (якая пазней стала Мясной), а ў міжваенны час яна называлася ў гонар рабі Нохума (Нохіма, які жыў у Гродне ў XIX ст.). Значную частку вуліцы займалі яўрэйскія могілкі, якія займалі тэрыторыю ад сінагогі да сённяшняй аўтастаянкі па Дамініканскай вуліцы ўздоўж Гараднічанкі. Лічыцца, што могілкі з’явіліся ўжо ў XIV ст., а ў крыніцах яны згадваюцца ў першай палове XVI ст. як «копішча іхняе, дзе хаваюць сваіх памерлых». Пахаванні былі зачынены ў пачатку XIX ст. У лісце ад 24 мая 1932 года яўрэйская рэлігійская суполка прасіла мясцовыя ўлады ўзяць могілкі пад ахову. Вядома, што на могілках знаходзілася камяніца. Падчас пракладкі вадаправоду ў 1931 годзе на тэрыторыі могілак была знойдзена сякера, якую перадалі ў мясцовы музей. Падчас Другой сусветнай вайны могілкі ўваходзілі ў склад гета № 1, і там хавалі памерлых вязняў. У жніўні 1944 года былыя могілкі былі перададзены вайсковым часткам для размяшчэння аўтатранспарту і паліўнага склада.
У канцы XVII ст. вуліца падоўжылася адрэзкам, які злучаў могілкі і Нямецкі рынак, гэты адрэзак называўся «вуліца яўрэйская ад могілак да Нямецкага рынку»[4]. Нямецкі рынак знаходзіўся каля яўрэйскіх могілак і меў прамавугольную форму (цяпер на месцы рынка знаходзіцца заасфальтаваная аўтастаянка па вул. Дамініканскай). Лічыцца, што Нямецкі рынак быў яшчэ да атрымання Гродна Магдэбургскага права (1496 год), бо ўжо ў крыніцах XVI ст. ён згадваецца як «старадаўні». У валочнай памеры Гародні 1560—1561 гг. адзначаецца заняпад рынку і што тут «ніякага гандлю не бывае». У пачатку XVIII ст. вакол рынка знаходзіліся двор Ваўкавыскіх («воўпенская» юрыдыка), пабудовы дамініканцаў і каля дваццаці іншых дамоў. Пасля плошча рынку называлася Шпітальная (Госпитальная) плошча (1882 г.), Казіны рынак (1830-я гг. і пачатак XX ст.), Рыбны рынак (1920—1930-я гг.). У 1928 годзе гарадская Рада разглядала пытанне пераносу рынка ў сувязі з плануемым будаўніцтвам моста ў Каложу, аднак справа скончылася будаўніцтвам новых навесаў і добраўпарадкаваннем тэрыторыі рынка[5].
Апошні адрэзак вуліцы — ад цяперашніх вуліц Дамініканскай да Віленскай складала «вуліца ў бок Троіцы ад Віленскага гасцінца». Пазней яна называлася — «вуліца з Нямецкага рынку ідучы да Гарадніцы». Існуюць меркаванні, што тут стаяў кляштар аўгусцінцаў з касцёлам Св. Троіцы, ад якога вуліца і атрымала сваю назву[6].
Забудова вуліцы да самага пачатку XX ст. была драўляная, толькі к канцу стагоддзя яна становіцца каменнай. Пасля пажару 1899 года тэрыторыя вуліцы была добраўпарадкавана і атрымала сучасную трасіроўку. Вуліца моцна пацярпела падчас Другой сусветнай вайны, знік шэраг суседніх з ёй вуліц і завулкаў: Крывая, 1-я і 2-я Вадавозныя, 1-я і 2-я Каменныя, Мясны рынак, Рыбны рынак і інш. У 1950—1960-я гг. у доме № 28 у трохпакаёвай кватэры жыў В. Быкаў[7].
Будынкі
правіцьНяцотны бок
правіць№ 1 — Шэраг двухпавярховых будынкаў, аб’яднаных паміж сабой. Рэканструкцыя — у пачатку XX ст. Увесь комплекс будынкаў займае банк Масква-Мінск.
№ 5 — Двухпавярховы будынак. Год пабудовы — 1880 год. Рэканструкцыя ў пачатку 2010-х.
№ 7 — Двухпавярховы будынак, пабудаваны ў 1900 годзе. Дом утварае кампазіцыю з адна-двухпавярховых камяніц. Дэкаратыўная аздоба будынка моцна зменена, засталіся прафіляваныя карнізы і рэшткі кутніх пілястраў[8].
№ 11 — Двухпавярховы будынак. Пабудаваны ў другой палове XIX ст., рэканструкцыя — 2009 год. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. На першым паверсе знаходзіцца крама кухняў, другі паверх — жылы.
№ 13 — Адна-двухпавярховы будынак, вядомы як малітоўная школа Хаем Адам (па іншых звестках — сінагога Хаеі Адам Хагадол ці Бейт Хакнесет Хагадоль). Пабудаваны ў 1875 годзе (па іншых звестках, яшчэ раней — да 1867 года) у стылі эклектыкі. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650.
Будынак атынкаваны. Карніз і дэкаратыўны падаконны пояс прафіляваны. На парадным фасадзе захаваліся рэшткі цагляных падаконных ліштваў, міжаконная прастора падзелена пілястрамі, якія трымаюць цягу — кампенсатар розніцы паміж вышынёй вокнаў і вышынёй столі малітоўнай залы. Дэкаратыўная аздоба моцна зменена падчас капітальных рамонтаў. У малітоўнай школе магло знаходзіцца некалькі сотняў вернікаў. У школе вучыліся вядомы паэт Найдус, фізік Старавольскі. У 1930-я гады адміністратарам школы быў Гірш Фарбер. У 1946 годзе ў будынку знаходзіліся інтэрнат школы ФЗА № 44 і спартыўны зал, у 1982 годзе — ДСА «Буревестник»[9].
Цяпер будынак знаходзіцца ва ўласнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у ім месціцца ўстанова «Гродзенская прафсаюзная цэнтральная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву адзінаборстваў».
№ 15 — Трохпавярховы будынак.
№ 17 — Двухпавярховы будынак. Прымыкае да будынкаў № 15 і 19. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. Захаваўся арачны праезд, які стаў уваходам у дом. У будынку знаходзіцца РРБ-банк.
№ 19 — Двухпавярховы будынак. Прымыкае да будынкаў № 17 і 21. У будынку знаходзіцца фірменная крама «Мінск Крышталь».
№ 21 — Двухпавярховы будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. у стылі эклектыкі. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. Дом атынкаваны. Карніз і дэкаратыўны падаконны пояс прафіляваны. Вокны другога паверха аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Знешні выгляд будынка моцна зменены падчас капітальных рамонтаў. У доме з боку Дамініканскай вуліцы знаходзіцца крама «Абухава».
№ 23 — Двухпавярховы Г-падобны будынак. Знаходзіцца на скрыжаванні з вуліцай Дамініканскай. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. Пабудаваны ў 1890 годзе ў цагляным стылі. Дом цагляны, доўгі, верагодна, спачатку не атынкаваны. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны з луковымі перамычкамі і падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Першапачаткова дом меў балконы, а таксама аздобу вузкага параднага фасада, які выходзіў на рынак. У будынку знаходзіцца турыстычнае агенцтва, жылыя памяшканні.
№ 29 — Двухпавярховы дом. Пабудаваны ў канцы XIX ст. Прыклад невыразнай эклектыкі.
№ 31 — Двухпавярховы дом. Час пабудовы — канец XIX ст. Будынак з жоўтай цэглы першапачаткова быў не атынкаваны. Дэкаратыўная аздоба сканцэнтравана на парадным фасадзе. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны з лучковымі перамычкамі. Першы паверх перароблены. У красавіку 1961 года ў доме размяшчалася камерцыйная крама гарпрамгандлю. Цяпер у будынку знаходзяцца выраб ключоў, рамонт гадзіннікаў, вырабы з каменю.
-
Дом № 23
-
Дом № 29
-
Дом № 31
-
Дом № 33
-
Дом № 37
-
Дом № 39
№ 33 — Двухпавярховы дом. Пабудаваны ў 1900 годзе ў стылі эклектыкі[10].
№ 37 — Аднапавярховы дом з чырвонай цэглы, знаходзіцца ў глыбіні вуліцы. Цалкам жылы дом.
№ 39 — Трохпавярховы будынак. Пабудаваны ў пасляваенны час. Увесь будынак займае інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Гродзенскай вобласці.
№ 47 — Двухпавярховы дом. Год пабудовы — 1918. Дом не атынкаваны, з жоўтай цэглы, яскравы прыклад цаглянага стылю. Дэкаратыўная аздоба сканцэнтравана на парадным фасадзе. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс прафіляваны. Вокны аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Лучковыя перамычкі вокнаў другога паверха маюць сандрыкавае завяршэнне з сухарыкамі. Фасад не мае роўнай лініі, а паўтарае канфігурацыю былога рынка, выгін падкрэсліваецца пілястрамі. Бачныя закладзеныя бакавы шырокі аркавы праезд і асіметрычны парадны ўваход[6]. Будынак знаходзіцца ў аварыйным стане пад пагрозай разбурэння.
№ 51 — Трохпавярховы будынак. Пабудаваны ў пасляваенны час, у сярэдзіне 2000-х перабудаваны. Увесь будынак займае Гродзенскае рэгіянальнае аддзяленне Белзнешэканамбанка.
№ 57 — Двухпавярховы будынак, вядомы як малітоўная школа «Кляуз», малітоўны дом Левінсона Хаім-Іцка, Талмуд Тора І. Пабудаваны да 1890 года, яскравы прыклад цаглянага стылю ў ансамблі. Будынак з жоўтай цэглы, не атынкаваны. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны з лучковымі перамычкамі і фігурнымі цаглянымі ліштвамі. Фасад аздоблены па баках і цэнтры імітацыяй рызалітаў, падкрэсленых фігурнымі атыкамі ў форме какошніка, а таксама руставанымі пілястрамі.
У 1920-я гг. тут працавалі прыватныя настаўніцкія курсы, сямікласная «Талмуд Тора І» (кіраўніком школы быў С. Бадалькес), рамесніцкая школа імя Брэгмана. У 1950 годзе ў будынку знаходзіліся кааператыўны тэхнікум і гандлёва-кааператыўная школа. З 1960 года — інтэрнат кааператыўнага тэхнікума. Цяпер будынак знаходзіцца ў стане рэканструкцыі.
У 2019 годзе пракуратура Гродзенскай вобласці выявіла, што будынак (уласнік — ТАА «Лайт-М Інвест Буд») на працягу трох гадоў так і не быў уведзены ў эксплуатацыю[11].
№ 59а — Трохпавярховы будынак Вялікай харальнай сінагогі. Таксама мае назву сінагога Хаем Адам. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000029. Пабудаваны каля 1575—1578 гг., перабудаваны ў першай палове XVII ст., 1880-х гг., 1902—1905 гг. Будынак квадратны ў плане пад двухсхільным дахам.
Сінагога была адлюстравана на малюнках Н. Орды. Закрыта Савецкай уладай у 1940 годзе. У Вялікую Айчыную вайну сінагога выкарыстоўвалася як перавалачны пункт дэпартуемых яўрэяў. У савецкі час у будынку месціліся розныя грамадскія ўстановы: Гродзенскі кааператыўны тэхнікум, тэхнікум Белкаапсаюза і інш. У 1992 годзе будынак перададзены яўрэйскай суполцы. У наш час вядзецца рэстаўрацыя будынка.
Цотны бок
правіць№ 2 — Двухпавярховы будынак, вядомы як дом яўрэйскай абшчыны-Талмуд Тора. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650 (Забудова вуліцы Вялікая Траецкая. Канец XIX — XX стагоддзі). Год пабудовы дома — 1888 год, паводле іншых даных — 1899 год. Спачатку дом быў, хутчэй за ўсё, неатынкаваным. Будынак — прыклад цаглянага стылю. Карніз і дэкаратыўны міжпавярховы пояс прафіляваныя. Вокны з лучковымі перамычкамі і падаконнымі ліштвамі[12].
Цяпер у будынку знаходзяцца хімчыстка, цэнтр запраўкі картрыджаў, турыстычнае агенцтва «Слетать.ru».
№ 4 — Трохпавярховы будынак, вядомы як рамеснае вучылішча імя Эліазара Бергмана. Дом быў спраектаваны і пабудаваны ў 1930-я гг. варшаўскім архітэктарам Н. Гарціцье ў стылі «ампірнага» канструктывізму. Будынак — высокі, мураваны, атынкаваны, са скатным дахам, першапачаткова прызначаўся пад установу адукацыі. Цэнтральная частка будынка была падвышана за кошт вялікай залы з вылучанымі вертыкальнымі вокнамі. Будынак вызначаецца па баках лесвічнымі маршамі з суцэльным ашкленнем. Архітэктар удала выкарыстаў рэльеф мясцовасці: будынак замыкаў на сабе перспектыву Віленскага завулка на мосце праз Гараднічанку.
Сама школа была заснавана ў 1902 годзе і першапачаткова размяшчалася ў будынку, які цяпер мае № 57 па вуліцы Вялікая Траецкая. Школа выпускала слесароў, кавалёў, механікаў, а з сярэдзіны 1920-х гг. дзейнічала аддзяленне краення і пашыву для дзяўчынак. У школе вучылася каля ста чалавек, дырэктарам быў М. Гажаньскі. У савецкі час у будынку працягвалі знаходзіцца розныя вучылішчы: рамеснае вучылішча № 14 (з 1944 года), з 1946 года рамеснае вучылішча металістаў, з 1955 года гродзенскае вучылішча № 7. У рэшце рэшт, будынак быў перададзены Медуніверсітэту, у чыёй уласнасці ён знаходзіцца і зараз.
На будынку ўсталяваныя памятныя дошкі заслужанаму дзеячу навукі БССР М. Караблёву; падпольшчыкам Шчаснаму і Роліку, якія вучыліся ў рамесным вучылішчы[13].
№ 8 — Двухпавярховы атынкавы цагляны дом. Пабудаваны ў 1880 годзе ў стылі эклектыкі. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650.
Дэкаратыўная аздоба дома сканцэнтравана на другім паверсе параднага фасада. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс прафіляваныя, вокны другога паверха аздоблены падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Па цэнтры фасада знаходзіцца каваны балкон.
Цяпер у будынку знаходзіцца крама гаспадарчых вырабаў (ТАА «Піліца»).
№ 8а — Двухпавярховы неатынкаваны будынак, пабудаваны з жоўтай цэглы ў глыбіні двара ў стылі эклектыкі. Пабудаваны ў 1880 годзе. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. Карніз дома аздоблены сухарыкамі. Вокны маюць лучковыя перамычкі[8]. У будынку знаходзіцца майстэрня па рамонце электрабрытваў.
№ 14 — Двухпавярховы будынак канца XIX ст. (моцна перабудаваная эклектыка). Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. Дом атынкаваны, карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс прафіляваныя. Вокны другога паверха аздоблены ліштвамі. Аздоба будынка моцна пацярпела падчас капітальнага рамонту; у 90-х гадах была зроблена прыбудова. Цалкам жылы дом.
№ 16 — Двухпавярховы будынак, які атрымаўся аб’яднаннем комплекса будынкаў 1880—1889 гг., адзін з якіх — дом гродзенскага вадавоза. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. Тры атынкаваныя камяніцы захавалі рэшткі прафіляваных карнізаў і міжпаверхавых паясоў, падаконных цагляных ліштваў і сандрыкаў, а таксама сляды аркавых праездаў. Будынак — прыклад эклектыкі ў ансамблі[9]. У доме знаходзіцца кветкавая крама, крама швейшых машын, другі паверх — жылыя памяшканні.
№ 28 — Будынак, пабудаваны ў канцы XIX ст. У 1946 годзе ў ім знаходзілася Гродзенская чыгуначная школа ФЗА № 44.
№ 32 — Двухпавярховы будынак. Пабудаваны ў 1925 годзе з жоўтай цэглы, першапачаткова не атынкаваны, цяпер моцна перароблены. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Вокны з луковымі перамычкамі, падаконнымі цаглянымі ліштвамі. Фасад аздоблены пілястрамі з рустам[10].
№ 38 — Трохпавярховы будынак, П-падобны ў плане. Знаходзіцца на скрыжаванні з вуліцай Кастрычніцкай. Пабудаваны ў пасляваенны час. Жылы дом.
-
Дом № 16
-
Дом № 32
-
Дом № 38
-
Дом № 40
-
Дом № 42
-
Дом № 44
№ 40 — Трохпавярховы будынак. Пабудаваны ў пасляваенны час. Жылы дом.
№ 42 — Двухпавярховы будынак. Перабудаваны ў 2006 годзе на месцы камяніцы 1889 г. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. У доме знаходзіцца арганізацыя Цеплахіммантажахова (Теплохиммонтажзащита).
№ 44 — Двухпавярховы будынак. Падчас будаўнічых прац у 2002 годзе тут быў знойдзены грашовы скарб — каля ста манет XVI—XVII стст. У доме знаходзіцца Цэнтр медыцынскай касметалогіі і фізіятэрапіі.
№ 46 — Двухпавярховы будынак. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Е000650. Пабудаваны ў 1900 годзе ў стылі эклектыкі. Пасля апошняй перабудовы ў пачатку XXI ст. захавалася толькі сцяна фасада. Дом неатынкаваны, з жоўтай цэглы, дэкаратыўная аздоба сканцэнтравана на парадным фасадзе будынка. Карніз і дэкаратыўны міжпаверхавы пояс аздоблены сухарыкамі. Лучковыя перамычкі вокнаў з замкамі, падаконнымі цаглянымі ліштвамі[6]. Цяпер у будынку знаходзіцца Авіда (Авидо), пастаўшчык светадыёднага асвятлення.
№ 48 — Двухпавярховы будынак з мансардай. Пабудаваны ў пачатку 2000-х. У будынку знаходзяцца цэнтр англійскай мовы Mr.English, медыцынскі цэнтр Медэліт, візавы цэнтр.
№ 50 — Двухпавярховы будынак. Цалкам жылы дом.
Цікавыя аб’екты
правіць- Сінагога (цяпер спартыўная зала);
- Харальная сінагога (дзеючая);
- Пляцоўка даўняга «нямецкага рынку»;
- Будынак дамініканскага кляштара.
Крыніцы
правіць- ↑ Расклад руху тралейбусаў
- ↑ Сайт Белпошты
- ↑ Гродно 1989, с. 243.
- ↑ Ад фартоў да Каложы 2012, с. 84—86.
- ↑ Ад фартоў да Каложы 2012, с. 86—87.
- ↑ а б в Ад фартоў да Каложы 2012, с. 87.
- ↑ Ад фартоў да Каложы 2012, с. 88—89.
- ↑ а б Ад фартоў да Каложы 2012, с. 84.
- ↑ а б Ад фартоў да Каложы 2012, с. 85.
- ↑ а б Ад фартоў да Каложы 2012, с. 86.
- ↑ Сохранить память для потомков: прокуратура Гродненской области потребовала устранить нарушения в сфере охраны историко-культурного наследия. 06.12.2019 Архівавана 7 снежня 2019.
- ↑ Ад фартоў да Каложы 2012, с. 83.
- ↑ Ад фартоў да Каложы 2012, с. 83—84.
Літаратура
правіць- Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 136—137. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
- Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.
- Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — 370 с. — (Гарадзенская бібліятэка). — ISBN 978-83-61617-85-3.
Спасылкі
правіць- Вялікая Траецкая вуліца (Гродна) на сайце «Архіварта»
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |