Вячаслаў Шыдлоўскі

беларускі мемуарыст, геолаг, мастак, майстар шытарскай (пераплётнай) справы

Вячаслаў Аляксандравіч Шыдлоўскі (12.01.1913 в. Карзуны Ігуменскага павета Мінскай губерні, цяпер Чэрвеньскі раён — 23.08.1997 Мінск, пахаваны ў м. Смілавічы) — мемуарыст, геолаг, мастак, майстар шытарскай (пераплётнай) справы.

Вячаслаў Шыдлоўскі
Вячаслаў Шыдлоўскі ў 1936 годзе.
Вячаслаў Шыдлоўскі ў 1936 годзе.
Род дзейнасці пераплётчык, геолаг
Дата нараджэння 12 студзеня 1913(1913-01-12)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 жніўня 1997(1997-08-23) (84 гады)
Месца смерці
Бацькі — Наталля Станіславаўна Шыдлоўская з Віткоўскіх і Аляксандр Казіміравіч Шыдлоўскі.
Малюнак Вячаслава Шыдлоўскага. 1928 год.
Узоры шытарскай (пераплётнай) справы Вячаслава Шыдлоўскага

Біяграфія правіць

Вячаслаў Шыдлоўскі нарадзіўся 12 студзеня 1913 года ў вёсцы Карзуны ў сям’і настаўніка.

Бацька — Аляксандр Казіміравіч Шыдлоўскі, 1884 года нараджэння, да 1917 года працаваў вясковым настаўнікам і жыў на гаспадарцы, успадкаванай ім свайго бацькі Казіміра Аляксеевіча Шыдлоўскага (памёр не раней 1920 года).

Гаспадарка складалася з 2,5 гектараў ворнай зямлі, 1,5 гектараў сенакосу, гападарчых пабудоваў і ўласнага дома, у якім пражывалі 7 сямейнікаў: дзядуля і бабуля Вячаслава Шыдлоўскага, бацька, маці, ягоныя старэйшы брат Усевалад, малодшыя сёстры Глафіра, Фаціна і сам Вячаслаў.

Маці Вячаслава — Наталля Станіславаўна Шыдлоўская, 1889 года нараджэння (па нараджэнні — Віткоўская), паходзіла з сялянскай сям’і сярэдняй заможнасці Лагойскага раёна Мінскай вобласці, была хатняй гаспадыняй.

Пасля рэвалюцыі 1917 года бацька Вячаслава працаваў настаўнікам няпоўнай беларускай сярэдняй школы ў мястэчку Смілавічы Рудзенскага раёна Мінскай вобласці і жыў на сваёй гаспадарцы ў вёсцы Карзуны. У 1935 годе на 51-ым годзе жыцця памёр.

Маленства Вячаслава прайшло ў бацькоўскім доме. У пачатковую школу пайшоў у роднай вёсцы, дзе і правучыўся да 1924 года.

З 1924 па 1929 год вучыўся ў Смілавіцкай няпоўнай сярэдняй школе, у якой раскрылася асаблівая прыхільнасць Вячаслава да малявання, дзякуючы дабратворнаму ўплыву Івана Арыстархавіча Размысловіча — настаўніка гэтага прадмета. У тыя гады Вячаслаў шмат чытае, малюе, знаёміцца з маці Хаіма Суціна — на той час ужо вядомага мастака родам са Смілавіч. Захаваны малюнак смілавіцкай архітэктуры 1928 года сведчыць аб выдатным мастацкім таленце Вячаслава Шыдлоўскага, тады яшчэ 15-гадовага юнака.

Таму не дзіўна, што пасля завяршэння Смілавіцкай сямігодкі ў 1929 годзе Вячаслаў, паслухаўшы парады настаўніка малявання Івана Размысловіча, паспрабаваў паступіць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Паслаў туды дакументы і малюнкі. Іх прынялі, выклікалі на экзамен. Бацька на фурманцы адвёз яго на чыгуначную станцыю ў Смалявічы. Патрапіўшы ў Віцебск, Вячаслаў здае іспыты, наведвае майстэрню-кватэру аднаго з найвыдатнейшых мастакоў Беларусі таго часу Юдаля (Юрыя) Пэна. Аднак вучыцца ў тэхнікуме юнаку не давялося, бо перавагу аддавалі моладзі рабочага, альбо сялянскага паходжання. Пры такіх падыходах сын «настаўніка з царскіх часоў» амаль што не меў шанцаў.

 
Настаўнікі Смілавіцкай сямігодкі. Трэці ў апошнім шэрагу — Аляксандр Казіміравіч Шыдлоўскі; крайні справа ў першым шэрагу — настаўнік малявання Іван Арыстархавіч Размысловіч

Давялося паступаць у Смалянскую сельскагаспадарчую прафесійную школу Віцебскай вобласці. У 1931 годзе пасля рэарганізацыі гэтай навучальнай установы разам з курсам быў пераведзены ў сельскагаспадарчы тэхнікум у Барысаве.

Пасля завяршэння тэхнікума ў 1931 годзе паступіў на артылерыйскае аддзяленне Агульнавайсковай школы імя Калініна ў Мінску. Бурлівае жыццё ў сталіцы Савецкай Беларусі дорыць Вячаславу новыя ўражанні і сустрэчы. Нягледзячы на складанасці курсанцкага жыцця, Вячаслаў становіцца адданым чытачом новай беларускай літаратуры (тым больш, што старэйшы брат Усевалад працуе адказным сакратаром «Піянера Беларусі», займаецца перакладамі) і фарміруе сваю першую бібліятэку. У 1936 годзе разам з групай выдатнікаў Вячаслаў Шыдлоўскі быў пераведзены ў Маскоўскую артылерыйскую школу імя Красіна ў Краснадары, у якой і вучыўся на аддзяленні фотаграмаметрыі і гукаметрыі.

6 лістапада 1936 года па хлуслівым даносе (як пазней паказала бесстаронняе разбіральніцтва ў 1989 годзе Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР) быў арыштаваны НКВД і абвінавачаны ў «нацдэмаўшчыне» разам з Лухверчыкам Макарам Яфімавічам і Блецькам Іосіфам Дзям’янавічам (па роду заняткаў арыштаваныя былі: курсант артшколы, вайсковы фельчар і майстар зброі). Паводле абвінавачання, у задачу «контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай групы» ўваходзіла: «ознакомление и проработка „нацдемовской“ литературы».

Лёс першай бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага правіць

Уражвае спіс літаратуры, забранай у Вячаслава Шыдлоўскага пры вобшуку толькі ў роднай вёсцы Карзуны. Гэта ў тым ліку:

Агулам у спісе забранага было 87 пазіцый і 161 выданне.

Тады ж забралі і сшыткі, у якія былі перапісаныя фактычна забароненыя на той час вершы расійскага паэта Сяргея Ясеніна.

Шэраг кніжак быў забраны пры арышце ў Краснадары, у тым ліку двухтомавік Максіма Багдановіча, выдадзены Інбелкультам, кнігі Янкі Купалы.

Як пісаў Вячаслаў Шыдлоўскі ў сваёй кнізе ўспамінаў «Рысы майго пакалення»: «Сур’ёзным абвінавачваннем лічылася „захоўванне контррэвалюцыйнай літаратуры“, у разрад якой трапілі перыядычныя выданні мінулых гадоў, творы беларускіх пісьменнікаў, абвешчаных „ворагамі народа“, і шэраг кніг беларускіх класікаў».

Так знікла першая асабістая бібліятэка, збіраная Вячаславам Шыдлоўскім.

19 студзеня 1937 г. асуджаны ваенным трыбуналам 3-га артылерыйскага корпуса ў Мінску да 4 год пазбаўлення волі без наступнай паразы ў правох па артыкулах 72а (пропаганда или агитация, содержащие призыв к свержению, подрыву или ослаблению советской власти…) і 76 (звязаная з арт.72а арганізацыйная дзейнасць) Крымінальнага кодэкса БССР. Тэрмін зняволення Вячаслаў Шыдлоўскі адбываў у Расіі ў СВІТлагу (на Калыме ў лагеры «Камандзіроўка Чалюскін», які месціўся побач з турмой Серпанцінкай — апошнім прыстанкам для скіраваных на смерць).

Выжываць дапамагала маладосць, беларуская цягавітасць і …інтэлектуальны багаж начытанасці (як сведчыць кніга ўспамінаў Вячаслава Шыдлоўскага, у турмах і лагерах крымінальнікі дужа любілі слухаць пераказы белетрыстыкі, а тыя з іх, хто крыху вершаваў — нават пачуць пра асновы вершаскладання).

5 лістапада 1940 году Вячаслаў Шыдлоўскі з лагера вызвалены. З 18 снежня 1940 г. па 16 кастрычніка 1947 г. працаваў у геолага-разведачнай службе «Дальбуду» МУС СССР. У 1945 годзе завяршыў курсы старшых калектараў у г. Магадан.

Застаючыся верным сабе, нават у Магадане купляў тэматычна беларускія кніжкі, пра што сведчаць у іх адпаведныя запісы, знаходзіў радасць у маляванні падчас геалагічных экспедыцый.

Падчас Вялікай Ачыннай вайны ў армію не прызываўся, як работнік «Дальбуду». Але за добрую (і небяспечную!) работу геолага-выведніка быў узнагароджаны медалём «За адданую працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».

Як толькі з’явілася магчымасць, вярнуўся ў Беларусь.

16 лютага 1948 г. паступіў у Белгеолагаўпраўленне Міністэрства геалогіі СССР, дзе і працаваў у розных палявых выправах на розных пасадах па 10 лютага 1953 года. З 23 мая 1953 года працуе ў Геолага-гідрагеалагічнай экспедыцыі, а з лістападу 1963 года — у Беларускім геолага-гідрагеалагічным трэсце ўпраўлення геалогіі пры Савеце Міністраў БССР. Давялося аб’ездзіць усю Беларусь з экспедыцыямі ўздоўж і ўпоперак.

15 верасня 1967 году за доўгалетнюю беззаганную працу прадстаўляўся да ўзнагароды нагрудным знакам «Выдатнік разведкі нетраў Міністэрства геалогіі СССР».

Прафесіяналізм і адкрытасць душы Вячаслава Шыдлоўскага на дапамогу паспрялі многім добрым справам, звязаным з геалогіяй Беларусі. Адна з іх — задакументаваная ў ліставанні дапамога з падборам матэрыялу для выдатнай кнігі Эрнэста Ляўкова пра беларускія валуны «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны». У 1953 годзе судзімасць была знятая з Вячаслава Шыдлоўскага па амністыі. А ў 1989 годзе пасля бесстаронняга перагляду справы Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР пастанавіла: «Приговор венного трибунала 3 кавалерийского корпуса по обвинению Шидловского Вячеслава Александровича прекратить за отсутствием состава преступления».

Асабістае жыццё Вячаслава Шыдлоўскага склалася досыць шчасліва. У пачатку 1950-ых сыйшоўся з калегай-геолагам Ядзвігай Скакун, з якой пазней пабраўся шлюбам і ў сям’і нарадзіліся сын Аляксандр (1959 г.н.) і дачка Ганна (1964 г.н.).

Ядзвіга Шыдлоўская з пашанай ставілася да мужа і яго бібліяфільства, а пасля смерці Вячаслава Шыдлоўскага зрабіла вопіс сабранай мужам новай бібліятэкі.

Новая бібліятэка Вячаслава Шыдлоўскага правіць

Сваю новую асабістую бібліятэку Вячаслаў Шыдлоўскі пачаў збіраць адразу ж пасля вызвалення з лагера ў 1940 годзе.

У пачатку 1990-ых гадоў бібліятэка налічвала каля пяці-сямі тысяч адзінак захавання: кніг, а таксама часопісаў і газет, якія захоўваліся гадавікамі (апошнія — у самаробных кардонных тубусах, альбо падшыўках).

Прыблізна палова тысячы кніг былі ўзятыя Вячаславам Шыдлоўскім у свой фірменны пераплёт «з сакрэтам» (на схаваны пад карэньчыкам і прашыты блок кожнай кнігі наклейвалася стужка паперы з пазначаным аўтарствам і годам пераплёту).

Бібліятэка займала два пакоі, вітальню ды камору і мела тры галоўныя тэматычныя кірункі:

  • літаратура беларускай тэматыкі (у тым ліку па беларускім мастацтве);
  • сусветная класіка;
  • геалагічная літаратура.

Найбольш шырока была прадстаўленая беларуская тэматыка, для якой характэрныя чатыры асаблівасці.

Першая - невялікі аб’ём (каля пяці дзясяткаў) даваенных выданняў. Відаць, з прычыны іх пераходу пасля пераплёту ў рукі іншых беларускіх бібліяфілаў. Пры гэтым Вячаслаў Шыдлоўскі відавочна пакідаў у сябе выданні, якія «перагукаюцца» з канфіскаванымі ў 1936 годзе (гадавік часопіса «Маладняк» за 1928 год, кнігі Платона Галавача, Кузьмы Чорнага, Янкі Маўра, Міхася Чарота, Змітрака Бядулі, Міхася Лынькова). Таксама ў сваю новую асабістую бібліятэку Вячаслаў Аляксандравіч быў адшукаў і двухтомае інбелкультаўскае выданне выбранага Максіма Багдановіча (пазней гэтыя тамы разам з ліставаннем з Зоськай Верас былі падараваныя музею Максіма Багдановіча ў Мінску).

Другая асаблівасць - шырокая падборка паэтычных кніг, у тым ліку першых кніг беларускіх паэтаў, дэбютаваўшых у 1960-1970-ых гадах. Вялікая частка з гэтых кніг па-мастацку апраўленая ў індывідуальныя вокладкі, альбо падрыхтаваная для такой аправы. У некаторых пераплётах пакінутае дадатковае месца для запісаў, якое паэты ўласнаручна запоўнілі новымі вершамі.

Трэцяя - наяўнасць бібліяфільскіх выданняў, адметнасць якіх вядомая толькі вузкаму колу абазнаных чытачоў (напрыклад, першы і адзіны том збору твораў Янкі Купалы 1951 года ў афармленні Анатоля Тычыны, анталогія перакладаў верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», у якой пераклады на мовы свету змешчаныя у алфавітным парадку).

І апошняя важная адметнасць бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага - імкненне дапоўніць кнігу, узбагаціць дадатковым бібліяфільскім матэрыялам (лістом ці фотаздымкам пісьменніка, успамінамі пра яго, перапіскай з выдавецтвам, альбо проста кніжнай закладкай пазнавальнага зместу).

Яшчэ адной адметнасцю бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага з’яўлялася наяўнасць вялікай падборкі кніг з аўтографамі рэпрэсаваных пісьменнікаў і навукоўцаў, сярод якіх:

  • Рыгор Хацкевіч: «Вячаславу Шыдлоўскаму, з якім калісьці мы шукалі скарбы на Калыме, дару гэты сціплы скарб маёй душы. 6-IV-77г.»;
  • Гаўрыла Гарэцкі: «Вельмішаноўнаму Вячаславу Аляксандравічу Шыдлоўскаму ад аўтара. V.83»;
  • Сяргей Грахоўскі: «Брату майго інстытуцкага брата — Вячаславу Аляксандравічу Шыдлоўскаму жадаю толькі дабра на доўгія гады! Сяргей Грахоўскі 28/XII.79г.»;
  • расійскі паэт Анатоль Жыгулін (захаваліся дзясятак кніг з аўтографамі і ліставанне).

Шытарская (пераплётная) справа правіць

Нерэалізаваная мастацкая прага (з прычыны благіх жыццёвых абставінаў) скіравала творчыя высілкі Вячаслава Шыдлоўскага на ўнікальнае захапленне шытарскай (пераплётнай) справай.

Стыль кніжнага аздаблення Вячаслава Шыдлоўскага характарызуюць гарманічнае спалучэнне з выдавецкім афармленнем і зместам кнігі, выкарыстанне шырокай (але цёплай, прыемнай воку) колеравай гамы і матэрыялу для пераплёту, прымяненне пад прэсам літарных і малюнкавых адбіткаў для абазначэння аўтара, назвы і зместу кнігі.

Кнігі з асабістай бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага часта пазначаны мастацкімі экслібрысамі, суперэкслібрысамі, у некаторых выпадках — унікальнымі малюнкамі-экслібрысамі ў адзінкавым асобніку (напрыклад, аўтарства мастака Арлена Кашкурэвіча).

Дзякуючы свайму захапленню шытарствам, а таксама трапяткой любові да беларускай кнігі Вячаслаў Шыдлоўскі меў сяброўскія, альбо прыязныя адносіны з пісьменнікамі і бібліяфіламі Барысам Сачанкам і Максімам Лужаніным, а таксама Сяргеем Грахоўскім (былым аднагрупнікам Усевалада — брата Вячаслава), Алегам Лойкам, Яўгеніяй Янішчыц, Адамам Мальдзісам, Зоськай Верас.

Выдатныя беларускія пісьменнікі былі рады такой пашане да сваіх кніг, пра што сведчаць аўтографы, адрасаваныя Вячаславу Шыдлоўскаму:

  • «Пра такую ўвагу да кнігі можна толькі марыць! Алег Лойка»;
  • «Паважаны Вячаслаў Аляксандравіч, дзякую за ўвагу, за гэты пераплёт! Спадзяюся, што пазнаёмімся з Вамі асабіста! А.Вярцінскі 23 сакавіка 72г.»;
  • «Паважанаму Вячаславу Аляксандравічу Шыдлоўскаму з удзячнасцю за прыемна спраўленую кніжачку „Каласкі“ і за добры аб ёй водклік. З.Верас. 16/XII.1986 Вільня».

Пра маштаб розгаласу шытарскай працы Вячаслава Шыдлоўскага таксама сведчыць тое, што ў 1980-ыя гады беларускае тэлебачанне прысяціла цэлую перадачу гэтаму яго захапленню.

Сёння кнігі ў мастацкай аправе Вячаслава Шыдлоўскага можна ўбачыць на пачэсным месцы ў літаратурных музеях і найлепшых прыватных калекцыях беларусікі.

У 1979 годзе Вячаслаў Шыдлоўскі зрабіў аправу для ўсяго накладу легендарнага канвалюта «Пытанні гісторыі Беларусі», які ўтрымліваў восем пазіцыяў:

  • артыкул Уладзіміра Пічэты «Очередные вопросы белорусской историографии», адкапіяваны з «Вестника Наркомпроса С. С. Р. Б.» (выпуск 11-12, 1922 год);
  • палемічны артыкул Міколы Алексютовіча «А дзе ж ісціна аб’ектыўная?», адкапіяваны з часопіса «Полымя» за май 1966 года;
  • друкапіс гістарычнага даследавання Міколы Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа»;
  • артыкул Георгія Штыхава «Ад старажытных плямёнаў да з’яўлення беларусаў», адкапіяваны з часопіса «Полымя» за жнівень 1971 года;
  • артыкул Язэпа Юхо «Уніі Вялікага княства Літоўскага з Польшчай», адкапіяваны з часопіса «Полымя» за студзень 1972 года;
  • артыкул Язэпа Юхо «Статуты Вялікага княства Літоўскага», адкапіяваны з часопіса «Полымя» за лістапад 1966 года;
  • артыкул Міколы Улашчыка "История с … «историей», адкапіяваны з часопіса «Нёман» за сакавік 1983 года;
  • копію па-мастацку аформленага спіса Вялікіх князёў літоўскіх, рускіх і жамойцкіх у XIII—XVI стагоддзях.

Кінатэка правіць

Яшчэ адным захапленнем Вячаслава Шыдлоўскага можна назваць кіна/фотаздымку.

Займаючыся гэтым з прафесійных абавязкаў геолага, Вячаслаў Шыдлоўскі знаходзіў час, каб пакінуць для наступнікаў на кінастужцы і важныя падзеі беларускай культуры:

Бібліяграфія правіць

  • Шыдлоўскі Вячаслаў. Рысы майго пакалення. — Мінск: Бел-франс, 2001. — 215с.
  • Карлюкевіч А.М. Сцежкамі Ігуменшчыны. - Мінск: Беларусь, 2008 (с 39-42 "Лёс Вячаслава Шыдлоўскага").
  • Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 5. - Мінск: СтройМедиаПроект, 2022. - 176с. (с.96-104 лісты Людвікі Антонаўны Сівіцкай-Войцік да Вячаслава Аляксандравіча Шыдлоўскага).
  • Бушэнка Аляксандр. Праклятыя гады// Раённы веснік (Чэрвень). 12.10.2012.
  • Владимир Шуляковский. Узник Колымы. Документальный очерк // Вечерний Минск. 2008 год. Нумары 126, 127, 128, 131, 132, 137, 138.