Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гайна)

(Пасля перасылкі з Гайненскі касцёл)

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — рымска-каталіцкі храм у вёсцы Гайна Лагойскага раёна. Знаходзіўся на ўзвышаным беразе ракі Гайна. Разбураны ў сярэдзіне XX стагоддзя.

Касцёл Найсв. Дзевы Марыі ў Гайне

Гісторыя правіць

Каля 1386 года Уладзіслаў Ягайла заснаваў у Айне драўляны касцёл. Лічыцца, што гайненская святыня належыць да першых фундацый Ягайлы і з'яўляецца адной з сямі, якія пабудаваў на Літве вялікі князь на месцы былых паганскіх капішчаў[1]. А каралева Ядзвіга адарыла касцёл дарагім убраннем і срэбрам. Вітаўт надаў касцёлу маёнтак Кацялі з 6 вёскамі, а Ягайла — фальварак побач з Гайнай у 6 валок. Пасля бітвы пад Оршай у 1514 годзе Жыгімонт Стары стаяў тут з войскам і адбываў набажэнства ў гонар перамогі. Пры гэтым ён адарыў храм каралеўскімі дарамі, новымі ўкладамі і прывілеем з абавязкам 2 разы на год праводзіць тут імшу ў гонар князя Вітаўта[2]. Гэтую падзею апісаў граф Яўстах Тышкевіч у сваёй кнізе «Апісанне Барысаўскага павета»:

  У 1514 годзе, пасля бітвы пад Оршай, Жыгімонт I прыбыў з Барысава ў Гайну да найбліжэйшага касцёла дзеля ўскладання Богу падзякавання — з войскам, са світай і з ваеннымі трафеямі. Знаходзіўся тут тры дні, адбываў жалобнае набажэнства і пахаваў дваіх слуг сваіх Станіслава Аарона і Станіслава Нізкоўскага, целы якіх былі прывезеныя з-пад Оршы; надаў плябаніі свае каралеўскія гарантыі, значна пашырыў землеўладанні касцёла дзеля таго, каб у знак памяці аб гэтай падзеі святары самі ці іх заступнікі ў кожны месяц адзін раз спявалі імшу аб Нараджэнні Найсвяцейшай Дзевы Марыі з упамінаннем двух Станіславаў, загінуўшых у бітве; нарэшце, пакінуўшы ў касцёле дары, кароль выехаў да Вільні. Той цікавы прывілей, пісаны на лаціне, датаваны Жыгімонтам у Гайне 1514 годам у першую нядзелю пасля свята Узнясення Святога Крыжа, яшчэ некалькі гадоў таму назад захоўваўся ў гаенскім архіве.
Як святкавалі Аршанскую бітву. «Віртуальны музей горада Лагойска». Праверана 25 студзеня 2011.
 

У 1522 годзе ў Гайне была адчыненая манастырская школа. Гэта была адна з першых школаў, адчыненых на беларускіх землях. У 1720 годзе граф Тышкевіч хацеў аднавіць састарэлы драўляны храм, але перашкодзіла смерць. І толькі ў 1781 годзе (паводле іншых звестак у 1796) князь Цыдзік (Цыдрык) пабудаваў новы мураваны храм, які быў асвячоны ў 1788 годзе біскупам (жмудзскім шуфраганам) Тадэвушам Букатым. У 1866 годзе скасаваны і ператвораны ў праваслаўную Свята-Успенскую царкву. Падчас Другой Сусветнай вайны муры касцёла былі моцна пашкоджаныя, а пасля вайны канчаткова быў узарваны сапёрамі[2].

Архітэктура правіць

 
Касцёл на малюнку Н. Орды (1876)

Белакаменны храм быў вырашаны ў стылі барока, уяўляў сабой 3-нефавую 2-вежавую базіліку з дзвюма пакрытымі бляхай купаламі. Унутраная прастора была падзелена 4 слупамі на 3 нефы. У інтэр'еры было ўстаноўлена 5 алтароў, у галоўным з якіх размяшчаўся абраз «Успенне», у бакавых — «Св. Казімір», «Св. Міхаіл» і іншыя. Вельмі шанаваўся абраз «Панна Марыя Гайнаўская». Срэбны крыж італьянскай работы пачатку XVI стагоддзя, падараваны касцёлу Жыгімонтам І Старым, захоўваўся ў зборы Тышкевічаў у Лагойскім палацы. Крыж прададзены прыватнай асобе тагачасным уладальнікам палаца Аскарам Тышкевічам (18371897)[2].

Цікавыя факты правіць

  • Вікарны біскуп жамойцкі Тадэвуш (Фадзей) Букаты, які асвячаў касцёл, надаваў гайненскай святыні вялікую ўвагу, і ў старых, складзеных ім кніжках знойдзены песні аб Гайне і аб любаванні гэтымі мясцінамі[1].
  • Мяркуецца, што менавіта са святкавання Жыгімонтам Аршанскай бітвы пайшла старадаўняя песня з Лагойшчыны: «Едзе-едзе Важымон!», і нават яшчэ ў мінулым стагоддзі існавала такая дзіцячая гульня[1].

Зноскі

  1. а б в Як святкавалі Аршанскую бітву. «Віртуальны музей горада Лагойска». Праверана 25 студзеня 2011.
  2. а б в Касцёльнае дойлідства // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 2-я. — Мн.: БелЭн, 2004. С. 386.

Літаратура правіць

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 2-я / Рэд. кал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 488 с.

Спасылкі правіць