Гістарычны цэнтр Пінска
Гістарычны цэнтр Пінска — гістарычнае ядро г. Пінска (Беларусь). Комплексная гісторыка-культурная каштоўнасць, якая ўключае будынкі, збудаванні, планіровачную структуру, ландшафт і культурны пласт на тэрыторыі, абмежаванай з захаду вул. Чарняхоўскага, з поўначы — вул. Завальнай, па мяжы дваровых тэрыторый дамоў № 1, 7, 9, 11, 13, 19, 25, 27 па гэтай вуліцы, вул. Кірава, уключаючы дваровыя тэрыторыі дамоў № 1, 13 па вуліцы Кірава, з усходу — вул. Савецкай, у тым ліку дома № 5 па вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, дома № 2 па вул. Кулікова, дома № 3 на пл. Кастрычніка, па мяжы дваровых тэрыторый забудовы няцотнага боку дамоў № 1, 3 па вул. Кіеўскай, да перакрыжавання з вул. Альхоўскіх, ад перакрыжавання з вул. Дняпроўскай флатыліі, па вул. Дняпроўскай флатыліі, уключаючы дваровыя тэрыторыі дамоў № 39, 41 гэтай вуліцы, з поўдня — левым берагам р. Піна да перасячэння з вул. Чарняхоўскага.
Гісторыя
правіцьПачатак фарміраванню горада паклаў дзядзінец на беразе ракі Піна, у месцы зліцця яе з Прыпяццю. У XI—XIII стст. вакол яго склаўся ўмацаваны валам і ровам навакольны горад. Дзядзінец размяшчаўся ў межах сучасных вуліцы Чайкоўскага і заходняй часткі плошчы Леніна, навакольны горад — вуліцы Горкага і ўсходняга боку плошчы. У XIV ст. навакольны горад пашырыўся на ўсход, яго мяжа прайшла па сучаснай вуліцы В. Харужай. Тут у сістэме ўмацаванняў размясціўся францысканскі кляштар, заснаваны ў 1396 г. Археалагічныя раскопкі сведчаць пра радыяльна-паўкальцавую планіроўку вакольнага горада. Напрамкі вуліц XIII і XIV ст. захоўваліся да канца XVIII ст.
У XVI ст. у Пінску існавалі замак, 14 цэркваў, францысканскі і праваслаўны Варварынскі манастыры, уязныя брамы, Троіцкі мост цераз Піну і 25 вуліц. У замку знаходзіўся княжацкі, пасля старосцінскі палац, будынкі гарадской адміністрацыі, мураваны сабор Святога Дзмітрыя Данскога, царква Святога Фёдара, дамы гараджан. Побач з замкам сфарміравалася гандлёвая плошча, у забудову якой уваходзіла ратуша 1628 г., гандлёвыя рады, езуіцкі калегіум з касцёлам 1631—1635 гг., уніяцкая царква. Паблізу плошчы ў 1506 г. заснавана сінагога. У 1666 г. закладзены драўляны кляштар дамініканцаў, у 1770 г. узведзены мураваны. Да 1510 г. адносіцца закладка мураванага францысканскага касцёла, да 1712—1730 гг. — карэнная рэканструкцыя ўсяго кляштара, а да 1817 г. — будаўніцтва ў ім званіцы.
У XVI і XVII стст. Пінск меў тры паясы абарончых збудаванняў: замак, паўкальцо ўмацаванняў прыкладна па трасе сучасных вуліц Горкага і В. Харужай, паўкальцо ўмацаванняў па трасе вуліц Завальнай і Равецкай. Пінск гэтага часу апісаў у пачатку XX ст. вядомы гісторык А. С. Грушэўскі. Частка горада, што прымыкала да замка і была абмежавана другім поясам умацаванняў, называлася «паркан» і ўключала найбольш самавітую забудову. Тут знаходзіліся цэрквы: Мікалаеўская і Троіцкая мураваныя, Міхайлаўская і іншыя. Троіцкая царква стаяла ля Троіцкага моста і ўваходзіла ў агульную сістэму абароны. Відаць, тэрыторыя «паркана» адпавядала навакольнаму гораду XIII—XIV стст. Тэрыторыя паміж другім і трэцім паясамі ўмацаванняў называлася «мяста». Кварталы тут былі больш рэдкай забудовы, якая чаргавалася з сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.
У 1553—1555 і 1565 гг. праводзіліся так званыя памеры горада. Калі землі прыватных уласнікаў уразаліся ў тэрыторыю дзяржаўных маёнткаў, праводзілася спрашчэнне межаў, экспрапрыяцыя некаторых прыватнаўласніцкіх маёнткаў з надзяленнем зямлёй у іншым месцы. Пашырэнне адбывалася за кошт павелічэння колькасці ўчасткаў домаўладанняў і суправаджалася пракладкай новых вуліц і падаўжэннем старых. У той жа час рост насельніцтва выклікаў драбленне ўчасткаў, якія ў цэнтры зменшыліся ў 2-1,6 раза; на ўскраінах іх памеры павялічваліся. Пры гэтым новыя ўчасткі на перыферыі былі меншыя за старыя ў цэнтры, што прывяло да змяншэння ў сярэднім сядзібных надзелаў.
Як і многія гарады, у XVII—XVIII стст. Пінск неаднойчы разбураўся ў час ваенных дзеянняў. Замак спалены ў час антыфеадальнай вайны 1648—1651 гг. на Беларусі, моцна пацярпеў у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг., а таксама ў Паўночную вайну 1700—1721 гг., калі горад разрабавалі войскі Карла XII.
Уяўленне аб няправільнай радыяльна-паўкальцавой планіровачнай сетцы і размяшчэнні асноўных будынкаў дае «План Мінскай губерні павятовага горада Пінска» канца XVIII ст. Замак і гандлёвая плошча служылі месцам сыходжання вуліц. Аднак невялікі замак адыгрываў у плане горада меншую ролю, чым, напрыклад, у Полацку. Вылучаліся дзве асноўныя паўкальцавыя магістралі: адна разгаліноўвалася каля дамініканскага кляштара, другая, якая адпавядала сучаснай Завальнай вуліцы, абмяжоўвала горад на поўначы і захадзе. Пад канец XVIII ст. ужо не існаваў другі пояс абарончых збудаванняў, аднак замак і ўсю тэрыторыю Пінска яшчэ абкружалі равы. Гарадскія вуліцы былі пераменнай шырыні, кварталы разнастайных, няправільных абрысаў.
Усходнюю частку горада займала прадмесце Каралін, якое забудоўвалася з канца XVII ст. Яго кварталы мелі прамавугольную канфігурацыю (у межах сучасных вуліц Савецкай, Кірава, Насырава, Дняпроўскай Флатыліі). У 1701 г. князем Міхалам Сервацыем Вішнявецкім паблізу жылой забудовы прадмесця пачата ўзвядзенне палаца з землянымі ўмацаваннямі — чатырма вуглавымі бастыёнамі і курцінамі, аднак у 1706 г. пад час Паўночнай вайны ён быў разбураны дашчэнту.
Пад расійскай уладай
правіцьУ першай палове XIX ст. складзены праект рэгулярнай перапланіроўкі Пінска. Яго развіццё ў параўнанні з канцом XVIII ст. добра ілюструе план 1856 г. Пры значнай трансфармацыі вулічнай сеткі захавалася радыяльна-паўкальцавая схема. Узбуйненыя кварталы атрымалі правільныя абрысы, вуліцы — раўнамерную шырыню. Цалкам засталася траса галоўнай вуліцы, што выклікана наяўнасцю капітальнай забудовы (Вялікая Францысканская, у пачатку XX ст. — Вялікая Кіеўская, у 1920-1930-я гг. — Касцюшкі, пазней Леніна). Іншыя радыяльныя вуліцы — Брэсцкая, Ганчарская (З. Казьмадзям'янскай), Пецярбургская (Першамайская), Папярочная Школьная (Бялова) — замянілі няправільныя, свабодна сфарміраваныя радыяльныя напрамкі. Пераемнасць прасочвалася і ў рэканструкцыі Караліна, вуліцы якога толькі нязначна змянілі сваю канфігурацыю.
Сучасная вулічная сетка з'яўляецца вынікам рэгулярнай перапланіроўкі. Пры гэтым усе вуліцы можна падзяліць на тры тыпы. Да першага тыпу адносяцца тыя, сённяшнія абрысы якіх склаліся яшчэ да перапланіроўкі: вуліца Леніна і большасць трас прадмесця Каралін. Другі тып — вуліцы, якія ў працэсе рэканструкцыі змяніліся нязначна: выраўнаваны адзін альбо абодва іх бакі пры ранейшых напрамку і агульных абрысах. Трэці тып — вуліцы, пракладзеныя нанава, але з улікам напрамкаў вуліц і тупікоў, якія існавалі раней.
Пры перапланіроўцы пашырылася галоўная плошча, яе бакі сталі прамалінейнымі. Захаваліся асноўныя будынкі, за выключэннем ратушы, якая да сярэдзіны XIX ст. ужо не існавала. На месцы драўляных карпусоў гандлёвых радоў пабудаваны два мураваныя, якія ў плане прыкладна паўтарылі абрысы старых, што сведчыць аб прынцыпе традыцыйнасці ў фарміраванні плошчы. Для паляпшэння функцыянавання перад імі дадаткова былі створаны адкрытыя прасторы. Не ажыццявілася рэканструкцыя заняпалага замка, якая меркавалася ў праекце.
Сістэма вуліц эпохі класіцызму з'явілася асновай для далейшага развіцця горада і да пачатку XX ст. не змянілася. У цэнтры дазвалялася толькі мураванае будаўніцтва. Тэрыторыя рэгламентаванай забудовы цягнулася ўздоўж сучасных вуліц Брэсцкай, Першамайскай, плошчы Леніна, уключала кварталы паміж набярэжнай і вуліцамі Каржа (Папярочнай Школьнай), Заслонава (Плеўскай), Кірава (Купецкай, альбо Вялікай Альбрэхтаўскай) і Насырава (завулкам Папярочным Замкавым).
Пад польскай уладай
правіцьУ 1920-1930-я гг., калі Пінск уваходзіў у склад Польшчы, у вялікіх аб'ёмах ажыццяўлялася выбарачнае будаўніцтва, якое не ўнесла значных змен у прасторавую структуру цэнтральнай часткі горада. Новыя будынкі служылі гарманічнымі дапаўненнямі існуючай забудовы. Гэты кароткачасовы перыяд, як і папярэднія эпохі, вызначаецца архітэктурнай стылістыкай — самастойнай культурнай з'явай у гісторыі развіцця гарадскога асяроддзя.
БССР
правіцьУ адрозненне ад многіх іншых населеных месцаў, разбурэнні Пінска ў час Вялікай Айчыннай вайны былі невялікія. У першыя пасляваенныя гады пашкоджаныя жылыя і грамадскія старыя збудаванні рэканструяваліся, новыя будынкі дапаўнялі традыцыйную кампазіцыю горада.
У 1960-я гг. праявілася тэндэнцыя актыўнага ўварвання ў гістарычнае гарадское асяроддзе. Знішчаны былы езуіцкі касцёл, які ацалеў у час вайны. Страчаны цікавая двух'ярусная аркада, што прымыкала да галоўнага фасада храма, а таксама будынак езуіцкай аптэкі, манастырская агароджа з брамамі і інш. Дзеля расшырэння прасторы плошчы знесены карпусы гандлёвых радоў — традыцыйны і характэрны элемент ансамбля, не засталося і гістарычнай жылой і грамадскай забудовы паўночнага боку. Замест рэстаўрацыі знесены рэшткі манументальнай сінагогі, рэдкага па сваёй тыпалогіі помніка, закладзенага яшчэ ў пачатку XVI ст. Страчаны існаваўшы яшчэ ў 1950-я гг. на перакрыжаванні вуліц Горкага і Першамайскай дамініканскі касцёл (з 1857 г. — саборная Праабражэнская царква, з 1865 г. — Фёдараўскі сабор), які дамінаваў над большасцю збудаванняў горада. Разбураны таксама яго вялікі кляштарны корпус з унутраным дваром.
Шэраг горадабудаўнічых памылак і рэканструкцыйныя дзеянні 1970, 1980 і пачатку 1990-х гг. моцна парушылі цэласнасць старажытнага раёна.
Спасылкі
правіцьГістарычны цэнтр Пінска на Вікісховішчы |